Урад Расіі ўхваліў будаўніцтва другой веткі Балтыйскай трубаправоднай сістэмы (БТС‑2) у абыход Беларусі. Адпаведнае распараджэнне падпісаў прэм’ер‑міністр Расіі Міхаіл Фрадкоў, паведаміла прэс‑служба расійскага ўраду.

Такім чынам, урад прыняў прапанову Мінпрамэнерга Расіі і адкрытага акцыянернага таварыства «Акцыянерная кампанія па транспарце нафты «Транснефць» аб праектаванні другой веткі Балтыйскай трубаправоднай сістэмы. Нагадаем, што гэты праект двойчы адпраўляўся ўрадам Расіі на дапрацоўку.

Як паведамлялася раней, па ініцыятыве расійскай кампаніі «Транснефць» плануецца пабудаваць ветку нафтаправода «Унеча (Бранская вобласць) — Прыморск (Ленінградская вобласць)». Раней прэзідэнт «Транснефці» Сямён Вайншток заяўляў, што будаўніцтва нафтаправода ў абыход Беларусі можа пачацца ў красавіку. Тэрмін будаўніцтва — паўтара гады. Магутнасць нафтаправода — 50 млн. тон нафты за год.

Нагадаем, 8 студзеня 2007 года ў выніку канфлікту Расіі і Беларусі па пытанні пошлін на транзіт нафты былі прыпыненыя пастаўкі вуглевадароднай сыравіны па нафтаправодзе «Дружба», што праходзіць цераз беларускую тэрыторыю. Пасля адмены Мінскам пошліны прапампоўванне нафты аднавілася. Заходнія спажыўцы заявілі аб недапушчальнасці падобных крокаў, а прэзідэнт Расіі даручыў паскорыць распрацоўку альтэрнатыўных маршрутаў паставак нафты ў Еўропу. Віцэ‑прэзідэнт «Транснефці» Сяргей Грыгор’еў 12 красавіка паведаміў расійскаму выданню «Коммерсантъ», што праект, які кампанія накіравала ў Мінпрамэнерга, быў з самага пачатку разлічаны на прапампоўванне 50 млн. тон нафты за год. Праўда, затым прэзідэнт «Транснефці» Сямен Вайншток заявіў, што аб’ём прапампоўвання можа быць павялічаны да 80 млн. тон нафты за год. Цяпер цераз Унечу прапампоўваецца каля 100 млн. тон нафты за год: 80 млн. тон ідзе ў Еўропу, 20 млн. — экспартуецца на заводы Беларусі. Будаўніцтва БТС‑2 дазволіць Расіі павялічыць прапускную здольнасць порта Прыморск да 150 млн. тон нафты за год і цалкам адмовіцца ад транзіту нафты па тэрыторыі Беларусі і Польшчы ў ЕС.

Белапан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0