Не вылучацца Аляксандру Мілінкевічу ў сустаршыні Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сіл і падтрымаць ўтварэнне на маючым адбыцца Кангрэсе дэмсілаў фракцыі «Рэгіёны За Свабоду» вырашылі 23 траўня ўдзельнікі паседжання Рады Руху «За Свабоду».

На паседжанні таксама разглядаліся стратэгія і кампаніі Руху «За Свабоду».

Прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча з розных рэгіёнаў Беларусі вырашылі стварыць на Кангрэсе фракцыю «Рэгіёны за Свабоду», каб засведчыць сваю падтрымку лідэру дэмакратычных сіл. Кіраўніком фракцыі быў абраны Віктар Карняенка, намеснікам Аляксей Кавалец і сакратаром Галіна Скараход.

— Фракцыя «Рэгіёны За Свабоду» — гэта людзі, якія падтрымліваюць Рух «За Свабоду» і А. Мілінкевіча, — кажа Віктар Карніенка. Мы здольныя паказаць, што мы аб’яднаная сіла.

Удзельнікі сходу адзінагалосна прагаласавалі за не вылучэнне Аляксандра Мілінкевіча ў сустаршыні Палітрады дэмсілаў.

— Сённяшні шлях аб’яднаных дэмакратычных сілаў, гэта не шлях, які можа дапамагчы змяніць сітуацыю ў краіне, — падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч. — Праз падзелы і расколы на Кангрэсе апазіцыя яшчэ больш зойдзе у тупік. Круглымі сталамі арганізаваць працу немагчыма. Я іду на Кангрэс, каб засведчыць усім, што тая форма, якую яны абіраюць слабая і недзеяздольная. Мы ідзем, каб паказаць, таксама што мы не разбуральнікі, але мы крытычна ставімся да сённяшняй сітуацыі ўнутры дэмакратычных сілаў і гатовыя гэта змяняць.

Паводле milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0