— Чуеш, Паша, калі ўжо возьмеш у сваю партыю? — пытаюцца вяскоўцы. — Як там яна, кажаш, хрысьціянска‑дэмакратычная? Ну, «дэмакратычная» — ясна, а «хрысьціянская» — што, у царкву хадзіць трэба?

Тлумачу: калі хочаш мяняць краіну — трэба пачынаць мяняцца самому. Разьвітвацца з п’янствам, блудам, крадзяжом, хлусьнёй, верыць у Бога і любіць блізкага. Хрысьціянская дэмакратыя — гэта палітыка сумленьня.

— Палітыка… сумленьня?!.. — суразмоўнікам відавочна падаецца абсурдным само спалучэньне словаў. — Хто ж тады да вас пойдзе? Ва ўласьці ж задача — хапнуць. Гэтыя нахапаліся, а тыя яшчэ хочуць, ну і тэ дэ. А абяшчаюць усе, дурыць мастакі. Якое там, у вярхах, сумленьне?..

Сіценскае пытаньне — у самую кропку.

Ці магчымая ў Беларусі палітыка сумленьня? Маральная дэмакратыя?

Роўна 90 гадоў таму, 25 траўня 1917 г. 30 маладых каталіцкіх сьвятароў у Менскім катэдральным касьцёле абвесьцілі: магчымая. І заснавалі Хрысьціянскую Дэмакратычную Злучнасьць — першую беларускую хрысьціянска‑дэмакратычныю партыю.

Разгортваньне нацыянальнага руху ў эпоху войнаў і рэвалюцыяў вымагала ад беларусаў кшталтаваньня палітычнай ідэалёгіі, здольнай супрацьстаяць і камунізму, і анархізму, і фашызму. Гэта кіраўнікі ХДЗ сталіся сумленьнем эпохі ў міжчасьсі ўсясьветных войнаў: ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, правадыр незалежніцкага падпольля, расстраляны гестапаўцамі ў Трасьцянцы на Раство 1942‑га; архімандрыт Фабіян Абрантовіч, закатаваны бальшавікамі ў Бутырцы ў 1946‑м; рэпрэсаваныя энкавэдыстамі ксёндз Адам Станкевіч, рэдактар «Беларускай Крыніцы» і кіраўнік ТБШ у Заходняй Беларусі; старшыня Беларускага Народнага Аб’яднаньня і дзед лідэра БНФ Ян Пазьняк.

Менавіта хадэцыя, пераняўшы эстафэту ад БНР, адстойвала каштоўнасьці, якія пазьней уздымуць на сьцяг БНФ і Рух «За Свабоду!» — незалежнасьць, свабоду, праўду, справядлівасьць і духовае Адраджэньне.

Насамрэч, хрысьціянская дэмакратыя — ідэя для Беларусі глыбока гістарычная. Яшчэ з часоў Ізяслава й Эўфрасіньні сьветапоглядным падмуркам для беларускага народаўладзьдзя (веча, шляхецкае дэмакратыі, магдэбурскага права) было хрысьціянства. Дастаткова працытаваць Скарыну й Каліноўскага, каб уявіць, наколькі па‑хрысьціянску лідэры беларускай гісторыі разумелі правасьвядомасьць: «У Бібліі ўсе законы й правы, якімі людзі на зямлі кіраваца маюць, напісаныя… Тут справа ўсякага збору людзкога і ўсякага гораду выкладаецца, каб вераю, яднаньнем ласкі й згоды паспалітае памножана была». (Ф.Скарына) «Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаў з вольнасьці справядлівай» (К.Каліноўскі).

Хрысьціянская дэмакратыя — прыўнясеньне хрысьціянскіх маральных прынцыпаў у палітыку, эканоміку, сацыяльную галіну, культуру, адукацыю — любую сфэру жыцьця. Стрыжань сыстэмы хадэцыі — трыяда паняцьцяў: Бог, чалавек, Бацькаўшчына. Асноўныя прынцыпы — маральнасьць, адказнасьць, салідарнасьць, пэрсаналізм (асобасная раўнавага паміж індывідуалізмам і калектывізмам) і субсыдыярнасьць (імкненьне прымаць рашэньні на тым узроўні, на якім яны найбольш эфэктыўна выконваюцца).

Чым мацнейшыя катастрофы скаланалі чалавецтва за апошнія два стагодзьдзі — крызісы капіталізму, марксісцкія рэвалюцыі, таталітарныя рэжымы, усясьветныя войны — тым больш запатрабаванай ды папулярнай рабілася хрысьціянская дэмакратыя. Нарэшце, пасьля 1945 г. пачаўся сапраўдны бум: хадэкі прыйшлі да ўлады ў Нямеччыне, Аўстрыі, Італіі, Швайцарыі, Лацінскай Амэрыцы, распачалі эўрапейскую інтэграцыю й істотна ўдасканалілі саму мадэль дэмакратыі.

І ў цяперашняй Беларусі ўмовы дзяржаўнай залежнасьці, задушэньня дэмакратыі й грамадзкага заняпаду вымагаюць моцнае ідэйнае праграмы Адраджэньня. Перамагчы рэжым і прычыны, што яго спарадзілі, магчыма толькі аднаўляючы разбураныя законнасьць і незалежнасьць, культывуючы любоў да Радзімы і бліжняга, супрацьстаючы разгулу алькагалізму, крыміналу, разбэшчанасьці, гвалту, падтрымліваючы ўцісканыя цяпер цэрквы ды сем’і. Агульнанацыянальнае пакаяньне, магутная вера як рухавік пераменаў, крышталёвая маральная чысьціня — вось першачарговыя задачы палітычнага лідэрства ў сучаснае Беларусі.

Ва ўсім сьвеце з падобнымі задачамі найлепш спраўлялася якраз хрысьціянская дэмакратыя.

Больш таго, масавая хадэцыя пакліканая стаць сапраўдным прарывам нацыянальнага адраджэньня. Тысячагадовая моўная й культурная традыцыя, сьвядомасьць беларусаў узгадаваныя й высьпелі на Эвангельлі й веры ў Бога — і беларусізацыя касьцёлу, пратэстанцтва й праваслаўя, асабліва сярод моладзі, яўна апярэджвае падобныя працэсы ў астатнім грамадзтве.

Невыпадкова якраз новае пакаленьне беларускага руху зноў падымае сьцяг хрысьціянскай дэмакратыі. У аргкамітэт БХД, створаны ў Менску, увайшлі перадусім маладыя вернікі й сьвятары: маладафронтаўскія лідэры Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Хведарук, Барыс Гарэцкі, прадпрымальнікі Георгі Зьмітрук і юрыст Мікалай Арцюхоў, бард Андрэй Мельнікаў і актор Павал Харланчук, гісторык Алесь Белы, а таксама легендарны вязень ГУЛАГу, пастар Беларускай Эвангельскай Царквы Эрнэст Сабіла. Хадэкі рыхтуюць устаноўчы зьезд у трыццаці гарадах Беларусі, разам з эвангельскімі цэрквамі зьбіраюць подпісы за зьмену «Закону аб свабодзе сумленьня» (якраз за ўдзел у гэтай кампаніі, дзе падпісаліся ўжо больш як дванаццаць тысяч беларусаў, мітрапаліт Філарэт адлучыў ад сьвятарства айца Аляксандра Шрамка), праводзяць акцыі супраць гістарычнага бяспамяцтва, распусты ды парушэньня правоў вернікаў…

Тое, што адбылося ў менскім катэдральным касьцёле ў траўні 1917‑га, было толькі пачаткам.

Палітыка — брудная справа толькі для тых, хто робіць яе бруднымі рукамі ды з бруднымі намерамі. Сёньня нацыянальны рух ня мае права дзейнічаць пад лёзунгам «Мэта апраўдвае сродкі». Хрысьціянскія дэмакраты абвяшчаюць палітыку сумленьня, бо маюць мэтаю нацыянальнае абуджэньне.

Павал Севярынец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0