Толькі што меў гутарку зь Міколам Статкевічам. Ён прыйшоў у офіс кампаніі БелаПАН, каб узяць удзел у анлайнавай канфэрэнцыі, зладжанай інтэрнэт-газэтай "Беларускія навіны".

У палітызаванай публікі зараз на языку, канешне, кангрэс, што распачнецца заўтра. І я пачаў з пытаньня:

— Які са сцэнароў кангрэсу вы палічылі б аптымістычным?

— Самым аптымістычным быў бы варыянт, каб мяне выпусьцілі на тыдзень пазьней, — смеючыся, адказаў Статкевіч. Патлумачыў: бо зараз і праігнараваць тое мерапрыемства не выпадае, і там — місія няўдзячная, паколькі 85-90% ягоных удзельнікаў — "публіка ангажаваная".

Зараз партыйныя лідэры, бадай, маракуюць, як нэўтралізаваць двух былых "хімікаў" — Статкевіча і Севярынца. Гэтыя двое пэўна ж унясуць долю экстрыму ў хаду мерапрыемства, на якім меркавалася праштампаваць безальтэрнатыўныя праекты стратэгіі, малой канстытуцыі ды эканамічнае плятформы.

Але Статкевіч, як вядома, распрацаваў альтэрнатыўную стратэгію. "Зрабіў хутка, тыдні за два, бо ўсё было ў галаве", — кажа ён мне. Паведаміў таксама, што ягоныя прыхільнікі спрабавалі прасунуць дакумэнт ад імя Эўрапейскай кааліцыі на рэгіянальных канфэрэнцыях, але ўсё было як гарохам аб сьцяну.

На кангрэсе спадар Мікола мае намер пазмагацца за сваю стратэгію. "Галоўнае — дамагчыся пастаноўкі на галасаваньне, — кажа ён. — Цікава пабачыць, як Лябедзька зь Вячоркам (камуністаў тут у разьлік не бярэм) будуць галасаваць супраць эўрапейскага выбару".

На думку Статкевіча, тытульная апазыцыя "стомленая". Парадаксальна, але яна, як і ўлада, прагне стабільнасьці, "найперш рэсурсавай". І на кангрэсе "дасьведчаныя бюракраты" паспрабуюць зацьвердзіць камфортныя для стомленых апазыцыйных вярхоў рашэньні. Варта чакаць "наезду" на Мілінкевіча, прыхільнікі якога ня маюць бальшыні, прагназуе Статкевіч.

Разам з тым, ён перакананы: улада можа эвалюцыянаваць хіба ў бок закручваньня шрубак. Таму апазыцыі трэба ўзбройвацца моцнай стратэгіяй, а не чакаць з мора пагоды: вось наверсе ўсьвядомяць, што "так жыць нельга", ды паклічуць нас за круглы стол...

Што да супрацы зь Мілінкевічам, то спадар Мікола сказаў так: у рух "За свабоду!" Эўрапэйская кааліцыя ўваходзіць ня будзе, але аб'яднаць намаганьні цалкам можна ў рэчышчы меркаванай шырокай кампаніі пад працоўнай назвай "Мы — эўрапейцы!".

Увогуле ж, са слоў Статкевіча, кааліцыя пасьля кангрэсу фармальна, бадай, не распадзецца. Аднак могуць сфармавацца два выразныя цэнтры: умоўна кажучы, прарасейскі і праэўрапейскі. А далей ужо — хто мацней спрацуе.

P.S. Калі пішуцца гэтыя радкі, анлайнавая канфэрэнцыя яшчэ доўжыцца. Сёньня да 15-й гадзіны вы яшчэ можаце задаць пытаньне вось адсюль.

А вось тут ляжыць тэкст самой канфэрэнцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?