Абвінаваўца запатрабаваў пакараць Хведарука, Гарэцкага, Корбана, Янушэўскага штрафам у 500 базавых велічыняў. Насту Палажанку -- выхаваўчымі працамі. Прычына — МФ не ўяўляе сабой значнае небясьпекі.

З самае раніцы ля будынку суду Савецкага р‑ну Менска (Лагойскі тракт, 3) дзяжурылі людзі ў цывільным з рацыямі. Яны нікога не пускалі да будынку, дзе а 10‑й павінен быў пачацца суд. Людзі ў цывільным мелі загад пускаць толькі тых, хто мае позвы. Журналісты позваў ня мелі. Калі Зьміцер Хведарук запатрабаваў, каб людзі ў цывільным паказалі дакумэнты -- адзін зь іх прадэманстраваў пасьведчаньне байца ПМСП. Спробы пераканаць, што суд адкрыты і на ім можа прысутнічаць кожны ахвотны, плёну не далі.

Урэшце дамоўленасьць была дасягнута, і міліцыянты дазволілі, каб у залю ўвайшлі родныя, прадстаўнікі дыпмісіяў, палітыкі і журналісты. У залю суду прайшлі Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей, Станіслаў Шушкевіч, Валер Шчукін, Оке Пэтэрсан, Карэн Ст’юарт, Гары Паганяйла ды інш.

Зьміцер Хведарук, Алег Корбан, Аляксей Янушэўскі і Барыс Гарэцкі ў 10:40 занялі месца на лаве падсудных. Празь дзесяць хвілін судзьдзя Руслан Аніскевіч распачаў працэс.

Прыкладна ў гэты час пад вокнамі моладзь пачала скандаваць «Свабоду палітвязьнем», «Жыве Беларусь!», «Ганьба», «Моладзь за Беларусь», «За свабоду». Галасы былі добра чуваць у залі паседжаньня. Гэта нэрвавала судзьдзю і дзяржабвінаваўцу. Сп.Аніскевіч нават неяк зазначыў: «Я прашу захоўваць цішыню, ці вам недастаткова размоваў, якія вядуцца на вуліцы?». Людзі ж пад вокнамі выконвалі «Магутны Божа», «Паветраны шар», «Тры чарапахі». Пазьней Павал Севярынец сказаў, што прысутных каля суду пералічыў: было 372 чалавекі.

Напачатку судзьдзя сказаў: «Я ведаю, што ўсе вы паслугоўваецеся беларускай мовай, ці патрэбен вам перакладчык»? Усе, апроч Гарэцкага, запатрабавалі перакладчыка. Пасьля судзьдзя паставіў пытаньне: ці магчымы разгляд справы Аляксея Янушэўскага безь ягонай прысутнасьці ў залі? Адказ быў станоўчы.

Пасьля гэтага ў «маладафронтаўцаў» пачалі браць паказаньні. Пракурора Міхонскую цікавіла, ці прымалі яны ўдзел у сходах МФ, ці трэба заява, каб уступіць у арганізацыю, якія мэты ў «Маладога фронту», колькасны склад, хто кіраўнік, хто за што ў МФ адказвае, ці патрэбныя сяброўскія ўнёскі, ці ведалі што сябры арганізацыі, што яна незарэгістраваная. На большасьць пытаньняў абвінавачаныя адказваць адмаўляліся.

Абвінавачваньне грунтавалася на канфіскаваных падчас ператрусаў на кватэрах «маладафронтаўцаў» друкаваных матэрыялах, а таксама на раздрукоўках тэлефонных размоваў і аўдыёзапісе сходаў 29 верасьня 2006 г., 25‑га, 29 студзеня, 1, 4 лютага 2007 году. З.Хведарука, абвінавачвалі ў тым, што ён кіраваў Першамайскай радай МФ, А. Корбана — Партызанскай, А. Янушэўскага — Заводзкай. Б. Гарэцкага — у тым, што ён быў прэс‑сакратаром арганізацыі, Насту Палажанку, што яна ачольвала арганізацыйны аддзел МФ.

Мэтай жа дзейнасьці «Маладога фронту», на думку абвінавачваньня, ёсьць захоп беларускай улады шляхам масавых вулічных акцыяў.

Алег Корбан заявіў, што ён ужо не зьяўляецца сябрам арганізацыі — калі ўступіў у сілу артыкул 193, ён напісаў заяву аб выхадзе з МФ. Алег Корбан заявіў, што зьяўляецца старшынёй Партызанскай рады АГП.

Былі заслуханыя паказаньні сьведкаў. На суд зьявілася ўсяго сямёра зь 19 выкліканых. Авацыі прысутных сарваў 13‑гадовы Мікіта Броўка, які адразу адмовіўся даваць якія‑небудзь паказаньні.

Пасьля таго, як былі выслуханыя сьведкі, па хадайніцтве З.Хведарука, суд абвесьціў перапынак на абед. На ганку суду са словам выступіў А.Мілінкевіч, які сказаў, што ў знак салідарнасьці ўступае ў Малады Фронт і заклікаў усіх прысутных зрабіць тое ж самае.

Пасьля перапынку судзьдзя Аніскевіч прызнаў, што разгляд аўдыёзапісаў сходаў немагчымы, бо на іх не было адпаведных санкцый і экспэртызы. Адвакаты адразу ж падалі хадайніцтва аб спыненьні справы, аднак судзьдзя сказаў, што пакуль немагчыма разглядаць гэтае хадайніцтва.

Былі зачытаныя паказаньні трох сьведкаў, якія не змаглі зьявіцца на суд. Былі зачытаныя сьведчаньні былога намесьніка П. Севярынца Сержука Лісічонка, у якіх было напісана, што ён «сышоў з Маладога Фронту, бо не хацеў больш займацца фантомнымі глупствамі».

Далей пачаліся судовыя спрэчкі. Адвакаты абвінавачаных настойвалі на тым, каб спрэчкі праходзілі заўтра, але судзьдзя адхіліў гэтую прапанову. Падалося, што ён хоча скончыць працэс за адзін дзень.

Урэшце, пракурор Міхонская ў сувязі з тым, што «Малады фронт» не ўяўляе сабой вялікай небясьпекі грамадзтву», запатрабавала аштрафаваць Хведарука, Гарэцкага, Янушэўскага і Корбана на 500 базавых велічынь (7 200 даляраў). Для Насты Палажанкі як непаўналетняй выкарастаць «прымусовыя меры выхаваўчага характару». Заля з палёгкай уздыхнула.

У апошнім слове Зьміцер Хведарук сказаў, што ў гэты момант да справы «Маладога фронту» прыкаваная цікавасьць усяго сьвету, таму залікаў судзьдзю яшчэ раз падумаць перад тым, як выносіць прысуд.

Амаль усе былі перакананыя, што працэс скончыцца ў адзін дзень, і судзьдзя зачытае прысуд ужо ў панядзелак, аднак у справе быў абвешчаны перапынак. На ганку суду юнакоў сустракалі як сапраўдных герояў.

Прысуды аб’явяць заўтра а 15:00.

Зьміцер Панкавец

***

З раніцы на сайце "НН" вёўся онлайн з залы суда.

17.25 Судовы панядзелак скончаны. Выступілі адвакаты, якія заклікалі апраўдаць абвінавачаных. Выступілі З. Хведарук, А. Корбан, Н. Палажанка, Б. Гарэцкі.

Судзьдзя заявіў, што прысуд будзе абвешчаны заўтра ў аўторак, а 15-й гадзіне.

Маладафронтаўцаў сустракаюць як герояў на ганку суду.

16.38

Абвінаваўца Міхонская патрабуе пакараць Хведарука, Гарэцкага, Корбана, Янушэўскага штрафам у 500 базавых велічыняў (15 млн 500 тыс. рублёў, або 7 225 даляраў кожнаму. Насту Палажанку -- выхаваўчымі працамі. Прычына -- МФ не ўяўляе сабой значнае небясьпекі.

Пачалі выступаць адвакаты.

16.26 Пачаліся судовыя спрэчкі. Выступае дзяржабвінаваўца.

16.01 А 16-й пачалі зачытваць паказаньні трох сьведкаў, якія не прыйшлі на суд. Ня выключана, што прысуд будзе вынесены ўжо сёньня

15.55 Адвакаты падалі хадайніцтва аб спыненьні справы, аднак судзьдзя сказаў, што пакуль немагчыма разглядаць гэтае хадайніцтва.

15.19 Праходзіць разгляд матэрыялаў справы юнакоў. Судзьдзя прызнаў, што разгляд аўдыёзапісаў сходаў немагчымы, бо не было адпаведных санкцый і экспэртызы.

14.33 Судовае паседжаньне працягваецца.

14.05

Дзяржаўны абвінаваўца заявіла падчас выступу, што "Малады фронт" хоча ўзяць палітычную ўладу ў краіне шляхам масавых вулічных акцый. Доказам гэтага ёсьць раздрукоўкі тэлефонных размоваў, а таксама аўдыёзапісы сходаў МФ, што адбыліся 29 верасьня 2006 г., 25 студзеня, 29 студзеня, 1 лютага, 4 лютага 2007 г.

Зьмітра Хведарука, у прыватнасьці абвінавачваюць, у тым, што ён кіраваў Першамайскай радай МФ, А. Корбана - Партызанскай, А. Янушэўскага - Заводзкай. Б. Гарэцкага ў тым, што ён быў прэс-сакратаром арганізацыі, Насту Палажанку ў тым, што яна ачольвала арганізацыйны аддзел. Алег Корбан заявіў, што ён ужо не зьяўляецца сябрам МФ, што калі ўступіў усілу арт. 193, ён напісаў заяву аб выхадзе з МФ. Алег Корбан заявіў, што зьяўляецца старшынёй Партызанскай рады Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Усе абвінавачваньні грунтуюцца на канфіскаваных падчас друкаваных матэрыялах або сканфіскаваных носьбітах інфармацыі, у прыватнасьці сыстэмных блёках і вінчэстарах.

Маладафронтаўцам задавалі пытаньні: ці прымалі яны ўдзел у сходах у тых днях, раздрукоўкі размоваў зь якіх прыкладаюцца, ці трэба заява, каб уступіць у МФ, якія мэты арганізацыі, колькасны склад, хто кіраўнік, хто за што ў МФ адказвае, ці патрэбныя сяброўскія ўнёскі, ці ведалі што сябры арганізацыі, што яна незарэгістраваная.

З 19 сьведкаў зьявіліся 7. 13-цігадовы Мікіта Броўка адмовіўся даваць сьведчаньні, заявіўшы, што ня будзе рабіць гэта у адсутнасьць бацькоў

Давалі паказаньні Уладзімер Сяргееў, Кірыла Шымановіч, Ягор Баброў, Аляксей Бабіцкі ды інш.

У судзе добра чуваць усё, што адбываецца на вуліцы. Песьні, што сьпяваюць людзі на вуліцы, падбадзёрваючыя слоганы і г.д.

Нават суддзьдзя заявіў, калі пачуў размовы ў залі, што "ў залі павінна быць цішыня, хопіць таго, што тут чуваць, што адбываецца на вуліцы"

13:30 . Мілінкевіч каля суду падпісаў сымбалічную заяву на ўступленьне ў Малады Фронт і заклікаў усіх прысутных зрабіць тое самае.

13:25 . Хведарук заявіў хадайніцтва аб перапынку на абед. Суд перапынены да 14.15. З 19 сьведкаў, якія мусілі зьявіцца сёньня, прыйшлі толькі 7. Яны ў большасьці адмаўляліся даваць паказаньні.

13:10 . У залі суду слаба чуваць судзьдзя і сьведкі. Іх заглушаюць пратэстоўцы, якія скандуюць лозунгі ў падтрымку маладафронтаўцаў. На многіх людзях, што сабраліся каля суду, надзетыя майкі з надпісамі "Я маладафронтавец", "Я кіраўнік незарэгістраванай арганізацыі", "Я Малады Фронт".

13:08 . Павал Севярынец правёў "перапіс" удзельнікаў стыхійнага мітынгу каля суду. Налічылася на гэты момант 372 асобы.

13:05 . Гаворыць Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ: "Працэс незаконны, ганебны і нават антыгуманістычны. Дзікасьць, калі моладзь судзяць не за злачынства і не за акцыі, а проста за належнасьць да дэмакратычнай арганізацыі. Дзеяньні судзьдзі, сьледчых, пракуратуры ня маюць апраўданьня". У часе калі Аляксей гэта паведамляў, ціхары спрабавалі схапіць юнака зь бел-чырвона-белым сьцягам, але моладзь яго адбіла.

13:00 . Спэцназаўцы і ціхары ў цывільным спрабуюць запалохаць людзей, якія сабраліся. Была спроба вырваць з рук у моладзі адну з расьцяжак. Разам з моладзьдзю ў пратэсьце ўдзельнічаюць Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Янукевіч.

12:55 . У судзе працягваецца допыт сьведкаў. Яны ў большасьці адмаўляюцца даваць паказаньні.

12:00 . Каля чатырохсот чалавек на чале з Паўлам Севярынцам бяруць удзел у акцыі салідарнасьці ля Савецкага суду. Ля будынку жанчыны паставілі столік і крэслы, раздаюць людзям ваду.

11:15 У працэсе аб'яўлены перапынак. Судзьдзя Аніскевіч разглядае магчымасьць разгляду справы А. Янушэўскага ў ягоную адсутнасьць. Астатнія абвінавачаныя, адвакат Янушэўскага і дзяржаўны абвінаваўца ня супраць. Таксама судзьдзя спытаўся ў абвінавачаных, ці патрабуюць яны перакладчыка. Усе, акрамя Гарэцкага, папрасілі перакладчыка. Таксама абвінавачаным былі зададзеныя некаторыя фармальныя пытаньні.

11:00 Каля ста пяцідзесяці чалавек бяруць удзел у акцыі салідарнасьці з маладафронтаўцамі каля суду на Лагойскім тракце. Суд ацэплены спэцназаўцамі.

10:54 Пад воклічы з вуліцы «Свабоду палітвязьням» распачаўся працэс пяці маладафронтаўцаў.

10:50 Суд яшчэ не пачаўся. У залю запусьцілі каля 50 чалавек. У памяшканьні чуваць з вуліцы воклічы падтрымкі ад людзей, што не змаглі трапіць на паседжаньне.

10:04 У залю суду пусьцілі каля 20 чалавек. Сярод іх дыпляматы, палітыкі, некалькі журналістаў, у тым ліку кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Оке Пэтэрсан, амбасадарка ЗША Карын Ст’юарт, Аляксандар Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Валер Шчукін і інш. Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін засталіся за дзьвярыма.

9:59 Падсудныя маладафронтаўцы адмаўляцца праходзіць у залю суду, пакуль не прапусьцяць тых, хто прыйшоў іх падтрымаць. Каля будынку суду стаяць каля ста чалавек.

9:50 Тым, хто прыйшоў падтрымаць маладафронтаўцаў, не даюць падысьці да суду. Міліцыянты спасылаюцца на тое, што масавыя акцыі нельга праводзіць паблізу ад дзяржаўных устаноў. Аднак некаторых вядомых асобаў прапускаюць у суд. Так, паводле нашага карэспандэнта, да будынку прапусьцілі амбасадарку ЗША Карын Ст’юарт, пісьменьніка Уладзімера Арлова.

9:30 Ля суду людзі ў супрацоўнікі праваахоўчых структур у цывільным перагарадзілі ходнік і прапускаюць да будынку толькі тых, хто мае павесткі. На аргумэнт, што паседжаньне суду мае быць адкрытым, яны кажуць, што ўсе месцы ў залі ўжо занятыя. Журналістаў таксама не прапускаюць за кардон.

На падыходах да суду сабралося каля 30 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць маладафронтаўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0