Прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон прапанаваў увесьці абмежаваньні ў арганізацыю вясельляў і пахаваньняў — з мэтай, каб таджыкі скарацілі свае выдаткі і такім чынам «палепшылі ўзровень жыцьця» ўсяго народу.

З праекту закону, пададзенага прэзыдэнтам, вынікае, што вясельлі мусяць доўжыцца ня больш за адзін дзень, а колькасьць гасьцей не павінна перавышаць 200 чалавек.

Традыцыйна ў Таджыкістане запрашаецца ад 500 да 1000 гасьцей, а сьвяткаваньне доўжыцца да трох дзён.

У праекце прэзыдэнт не абмежаваў колькасьць асобаў, якія прымаюць удзел у саміх хаўтурах, але затое на саракавіны пасьля сьмерці сям’я памерлага можа запрасіць максымальна 100 чалавек i падаваць на стол толькі адну страву. Праект забараняе арганізоўваць адзначаць другі, шосты, сёмы і дваццаты дні пасьля сьмерці.

Парушэньне забароны будзе пагражаць штрафам нават да 1500 даляраў.

На думку прэзыдэнта гэтай найбяднейшай постсавецкай краіны, абмежаваньні павінны схіліць таджыкаў да ашчаднасьці i «палепшыць узровень жыцьця» ўсяго таджыкскага народу.

Найбольш верагодна, што закон гэтым летам зацьвердзіць парлямэнт, большасьць у якім складае прапрэзыдэнцкая Народна‑дэмакратычная партыя Таджыкістану.

Паводле афіцыйных дадзеных, таджыкі выдаткоўваюць штогод каля мільярда даляраў на арганізаваньне зь вялікай помпай вясельляў і хаўтураў. Летась дзеля гэтага былі забітыя каля паўмільёна кароў і баранаў.

***

53‑гадовы Эмамалі Рахмон, былы дырэктар саўгасу, кіруе Таджыкістанам з 1992 г. Пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў чэрвені 2003 г., са згоды 93 адсоткаў выбарцаў, Рахмон атрымаў магчымасьць кіраваць краінай да 2020 г.

Вольга Данішэвіч паводле onet.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0