Galileo — спутнікавая сыстэма навігацыі, што дазваляе вызначыць дакладнае месцазнаходжаньне карыстальнікаў наземнага, воднага ці паветранага транспарту. Пасьля запуску сыстэмы любы карыстальнік зможа вызначыць сваё месцазнаходжаньне з дакладнасьцю да аднаго мэтра (амэрыканская сыстэма GPS, даступная на сёньняшні дзень, вызначае лякалізацыю з дакладнасьцю да пяці‑дзесяці мэтраў).
На думку Эўракамісіі, рэалізацыя пляну поўнамаштабнага запуску праекта Galileo адбываецца цяпер больш павольна, чым чакалася. Асноўнай прычынай Камісія лічыць адсутнасьць прагрэсу ў перамовах з нагоды канцэсійнай дамовы пра распрацоўку і запуск тэхналёгіі, якую ЭЗ павінен заключыць з кансорцыюмам прыватных кампаніяў.
У студзені 2006 году былі атрыманыя сыгналы зь першага экспэрымэнтальнага спадарожніка сыстэмы, разьмешчанага на арбіце напрыканцы 2005 году.
Сыстэма Galileo, што складаецца з 30‑ці спадарожнікаў, павінна пачаць сваю працу ў 2012 годзе. Гэта найбуйнейшы агульнаэўрапейскі прамысловы праект.