«Беларускі рэжым адкручвае гайкі» – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары польскай «Gazety Wyborczej», прысьвечаны працэсу над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі «Маладога фронту.

«Gazetа Wyborczа» піша, што за прыналежнасьць да незарэгістраванай арганізацыі «беларускі рэжым заўсёды без ваганьняў садзіў у турмы». А гэтым разам «пракурор запатрабаваў толькі штрафу».

«Гэтым разам міліцыянты таксама ня зьбілі і не разагналі некалькі сотняў маніфэстантаў, якія перад будынкам суду дамагаліся вызваленьня сваіх паплечнікаў. Рэжым апынуўся ў цяжкай сытуацыі і таму становіцца больш мяккім», – падае штодзёньнік меркаваньні экспэртаў.

«Wyborczа» называе таксама «абсурдным» абвінавачаньне на адрас актывістаў Маладога Фронту, бо арганізацыю «неаднаразова спрабавалі афіцыйна зарэгістраваць».

«Пасьля таго, як у вязьніцы апынуліся Севярынец, Дашкевіч і Фінькевіч, назіральнікі мелі ўсе падставы меркаваць, што ўчорашні працэс будзе «канчатковай расправай над апазыцыйнай групай, якую ненавідзіць Лукашэнка. Калі стала вядома, што актывістам пагражае толькі штраф, прысутныя былі шакаваныя », – піша газэта.

Паводле «Wyborczej», гэта можа азначаць «пачатак гандлю з Захадам».

«Сталае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі пасьля таго, як Расея падвысіла цэны на энэрганосьбіты, пазбаўляе Лукашэнку самаўпэўненасьці», – піша газэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?