Балёнскі працэс выходзіць на глябальны ўзровень — Камісар Фігель разьмяшчае рэформу вышэйшай адукацыі ў глябальны кантэкст

У Лёндане прайшла нарада міністраў, адказных за вышэйшую адукацыю, з 45 краінаў Эўропы. Яны абмяркуюць ход Балёнскага працэсу, мэта якога — стварыць агульнаэўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі да 2010 г. Міністры таксама прымуць стратэгію ахопу іншых кантынэнтаў і ўхваляць стварэньне Рэестру агенцыяў па забесьпячэньні якасьці вышэйшай адукацыі ў Эўропе.

Балёнскі працэс ахоплівае ўсё больш краінаў: у 1999 г. іх было 29, цяпер — 45, а ў нарадзе міністраў у Лёндане будзе ўдзельнічаць яшчэ адна краіна — Чарнагорыя. У Лёндане міністрам будзе прадстаўленая найноўшая выніковая справаздача па Балёнскім працэсе, дзе ўтрымліваецца выснова, што Балёнскія рэформы «ажыцьцяўляюцца пасьпяхова». Гэтая станоўчая выснова пацьвярджаецца ўва ўласнай справаздачы Камісіі, падрыхтаванай пры дапамозе эўрапейскай інфармацыйнай сеткі ў сфэры адукацыі — Eurydice.

Асноўныя Балёнскія рэформы накіраваныя на выкананьне наступных задачаў:

трохузроўневая структура вышэйшай адукацыі (бакаляўрыят, магістратура, дактарантура),

забеспячэньне якасьці вышэйшай адукацыі і

прызнаньне кваліфікацыяў і пэрыядаў навучаньня.

Усе гэтыя намаганьні па рэфармаваньні стварылі новыя магчымасьці для ўнівэрсытэтаў і студэнтаў. Стварэньне новага Рэестру агенцыяў па забеспячэньні якасьці вышэйшай адукацыі ў Эўропе дапаможа лепш інфармаваць грамадзкасьць пра эўрапейскую вышэйшую адукацыю і павысіць давер да навучальных установаў і праграмаў у Эўропе і па ўсім сьвеце.

Камісар Эўракамісіі па пытаньнях адукацыі, навучаньня, культуры і моладзі Ян Фігель такім чынам пракамэнтаваў будучую нараду міністраў у Лёндане: «Балёнскія рэформы важныя, аднак цяпер Эўропа павінна выйсьці за іх рамкі, так як унівэрсытэты таксама павінны мадэрнізаваць зьмест навучальных плянаў, ствараць віртуальныя ўнівэрсытэцкія гарадкі і рэфармаваць сваё кіраваньне. Ім таксама неабходна павышаць прафэсыяналізм кіраўніцтва, разнастаіць крыніцы фінансаваньня і прымаць новыя тыпы студэнтаў, наладжваць узаемадзеяньне з кампаніямі і з грамадзтвам у цэлым — як у Эўропе, так і за яе межамі. Краіны павінны мадэрнізаваць свае сыстэмы вышэйшай адукацыі ўва ўсіх яе накірунках — адукацыі, дасьледваньнях і наватарстве, каб гэтыя сыстэмы пачалі працаваць больш узгоднена і лепш рэагавалі на патрэбы грамадзтва. Гэта дапамагло б значна прасунуцца да дасягненьня мэтаў агульнаэўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і агульнаэўрапейскай дасьледчыцкай прасторы».

Паводле дадзеных апытаньня, нядаўна праведзенага службай «Эўрабаромэтар», сярод прафэсіяналаў у сфэры вышэйшай адукацыі, пераважная большасьць выкладчыкаў згодныя з тым, што іх установы павінны прымаць студэнтаў зь ліку дарослых. Апытаньне таксама выявіла шырокую падтрымку рэформаў у вышэйшай адукацыі: большасьць выкладчыкаў унівэрсытэтаў лічаць, што іх установы маюць патрэбу ў большай незалежнасьці і паляпшэньні ўнутранага кіраваньня. Яны перакананыя, што супрацоўніцтва зь дзелавымі прадпрыемствамі і канкурэнцыя паміж установамі ўмацуе ўнівэрсытэты, а фінансаваньне прыватнымі асобамі і плата студэнтаў за навучаньне — прымальныя крыніцы дадатковага даходу. Пераважная большасьць апытаных прызнала, што існуе неабходнасьць у эўрапейскіх стандартах і абазначэньнях якасьці. У асноўным рэспандэнты таксама перакананыя, што мабільнасьць студэнтаў павінна стаць абавязковым патрабаваньнем праграмаў навучаньня.

Аднак над прымяненьнем прынцыпу «бесперапыннай адукацыі» у паўсядзённай практыцы ўнівэрсытэтаў трэба працаваць і далей. Камісія супрацоўнічае з краінамі‑членамі ЭЗ і сэктарам вышэйшай адукацыі для дасягненьня мэтаў мадэрнізацыі ўнівэрсытэтаў у межах Лісабонскай стратэгіі росту і занятасьці. Падтрымка ў выглядзе грантаў забясьпечваецца з дапамогай новай праграмы бесперапыннай адукацыі (дзейнасьць па праграме Erasmus), сёмай рамачнай дасьледчыцкай праграмы ЭЗ і праграмы па канкурэнтаздольнасьці і інавацыях, а таксама структурных фондаў і пазыкаў Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку. Важнай задачай стане ажыцьцяўленьне «Эўрапейскай структуры кваліфікацыяў для бесперапыннай адукацыі», якая адпавядае структуры кваліфікацыяў для агульнаэўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (Балёнскі працэс).

На нарадзе ў Лёндане міністры прымуць стратэгію, накіраваную на пазыцыянаваньне эўрапейскай вышэйшай адукацыі ў глябальным кантэксьце. Міжнародны дыялёг, параўнаньне і канкурэнцыя — магутныя стымулы павышэньня якасьці ў сфэры вышэйшай адукацыі. Будуць зробленыя наступныя крокі: палепшанае забесьпячэньне інфармацыяй; павышэньне прывабнасьці і канкурэнтаздольнасьці эўрапейскіх вышэйшых навучальных установаў; умацаваньне супрацоўніцтва; актывізацыя дыялёгу ў сфэры адпаведнай палітыкі; паляпшэньне дамоўленасьцяў пра прызнаньне кваліфікацыяў.

Камісія падтрымлівае глябальную стратэгію канкрэтнымі дзеяньнямі і праграмамі. Напрыклад, краіны, што мяжуць з ЭЗ, могуць скарыстацца з дапамогі ў правядзеньні рэформаў вышэйшай адукацыі ў выглядзе разнастайных праграмаў, у прыватнасьці, праграмы Tempus. Адносіны зь іншымі кантынэнтамі падтрымліваюцца пры дапамозе сэрыі двухбаковых ці шматбаковых праграмаў супрацоўніцтва: EU‑USA/Canada, Asia‑Link, Edu‑Link, ALFA и ALBAN для Лацінскай Амэрыкі і новай праграмы Nyerere для Афрыкі. Нарэшце, існуе таксама праграма Erasmus Mundus, у межах якой студэнтам з усяго сьвету даюцца стыпэндыі для навучаньня па інтэграваных праграмах узроўню магістратуры ў розных эўрапейскіх краінах. Акрамя таго, Камісія аказвае падтрымку дасьледчыцкай дзейнасьці вышэйшых навучальных установаў пры дапамозе Сёмай рамачнай праграмы дасьледаваньняў ЭЗ, надаючы павышаную ўвагу супрацоўніцтву з неэўрапейскімі ўстановамі.

Дадатковая інфармацыя: http://ec.europa.eu/education/policies/educ/bologna/bologna_en.html

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?