У красавіку попыт на прыватнае жыльлё ў найбліжэйшым прыгарадзе сталіцы вырас на 25%. Спэцыялісты тлумачаць гэта ростам коштаў на менскія кватэры і агучанымі ў сакавіку плянамі далучэньня Менскага раёну да Менска

Менская рыэлтарская фірма «Твая сталіца‑кансалт» распачала маніторынг прыватнага жыльлёвага рынку Менскага раёну. Для паўнавартаснай ацэнкі структуры прапановы, дынамікі попыту і коштаў былі вылучаныя тры ўмоўныя зоны раёну. Першая зона сягае 15 км ад менскай кальцавой дарогі, другая — ад 15 да 30 і трэцяя — далей за 30 км ад рысаў гораду. Кошт прапановы аднаго квадратнага мэтру ў вызначаных зонах адрозьніваецца прыкладна на $200: у другой зоне ён на $200 таньней за кошт 1 кв.м. у першай і даражэй на гэтую ж суму, чым у трэцяй зоне.

У 15‑ці кілямэтровай зоне былі вызначаныя 7 кантрольных паселішчаў, найбольш папулярных сярод патэнцыйных пакупнікоў. Гэта Бараўляны, Валяр’янава, Драздова, Ждановічы, Калодзішчы, Мар’яліва, Тарасава. У гэтых паселішчах сканцэнтраваныя 47‑55% аб’ектаў, выстаўленых на продаж у першым квартале бягучага году. Лідэрамі сярод гэтай сямёркі зьяўляюцца Бараўляны, Ждановічы і Калодзішчы, што тлумачыцца іх месцазнаходжаньнем і ступеньню разьвіцьця транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры. На іх долу прыходзіцца каля 60% усяго аб’ёму аналізаванай прапановы.

Экспэрты адзначаюць таксама залежнасьць кошту прапановы ад напрамку ў прыгарадзе Менску: найбольш дынамічна расьце кошт індывідуальнага жыльля ў Маскоўскім кірунку — тут кошт квадратнага мэтру вырас на 43% ($939), другім ідзе Маладзечанскі напрамак — на 23% ($660), далей Ракаўскі — на 16% ($726) і наймарудней даражэе жыльлё ў кірунку Лагойску — усяго на 0,6% ($722).

Паводле прагнозу экспэртаў бліжэйшыя тры‑чатыры месяцы найбольш актыўны рост коштаў будзе назірацца менавіта ў 15‑ці кілямэтровай зоне. Потым, па меры насычэньня рынку, рост коштаў а прыватнае жыльлё распаўсюдзіцца на 30‑ці кілямэтровую зону.

Сямён Печанко паводле «Белорусы и рынок»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0