У нядзелю 3 чэрвеня а 18.00 у менскай царкве «Боская ласка» адбудзецца агульнагарадзкая малітва эвангельскіх хрысьціянаў.

Вернікі будуць маліцца за магчымасьць правядзеньня багаслужбаў зарэгістраванымі суполкамі ў жылых ды іншых памяшканьнях, а таксама за тое, каб жылыя памяшканьні можна было пераводзіць у культавыя.

Апроч малітвы, вернікі маюць прыняць зварот да кіраўніка Беларусі.

Гэтая малітва станецца рэакцыяй эвангельскіх хрысьціянаў на арышт пастара пяцідзясятніцкай царквы Антонія Бакуна 27 траўня ў часе сьвяточнай багаслужбы, якога абвінавацілі ў «правядзеньні рэлігійнага сходу без спэцыяльнага дазволу».

29 траўня біскуп Аб’яднанай царквы ХВЭ ў Беларусі Сяргей Хоміч у адкрытым звароце ў ГУУС Менгарвыканкаму адзначыў, што «гэтыя падзеі паказваюць неабходнасьць перагляду рэлігійнага заканадаўства дзеля прывядзеньня яго ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?