Гэта ўсяго толькі перадгісторыя. Гісторыя пачнецца праз два‑тры гады, калі на даляглядзе зьявяцца выбары‑2010.

Яшчэ калі Кангрэс‑07 быў на этапе выношваньня і ніхто ня ведаў ні дня, ні нават месяца яго народзінаў, многім было ясна, што «тут справа цёмная». Цёмнай была ідэя Кангрэсу (навошта ён, якая яго мэта), цёмнай была мэтадалёгія выбару дэлегатаў (многія спэктакулярныя рашэньні адносна дэлегатаў прымаліся «наверсе» ледзь не напярэдадні зьезду), цёмнай была палітычная, геапалітычная, ідэйная арыентацыя «айцоў Кангрэсу» (інтэграцыя з Расеяй ці з Эўропай, разьлік на «эвалюцыю» Лукашэнкі ці ўсё ж імкненьне да больш радыкальных трансфармацыяў?), цёмным было таксама пытаньне, якая роля ўва ўсім гэтым расейскіх палітычных (і фінансавых) сілаў. Над Кангрэсам ад пачатку павіс цень трох змрочных дэманаў — Расколу, Інтрыгі і Акедыі. Двух першых дэманаў прадстаўляць, думаю, ня трэба, а вось пра трэцяга, які хаваецца пад мянушкай «Акедыі», пару слоў сказаць трэба. Словам «акедыя» ў старажытнасьці ўсходнія філёзафы акрэсьлівалі стан своеасаблівага духоўнага паралюшу, калі ёсьць высокая сьвядомасьць нейкага важнага абавязку і нізкая здольнасьць выканаць гэты абавязак. Чалавек тады трывае ў стане бязьдзейнасьці і сам пакутуе ад яе.

Тое, што над Кангрэсам вісеў не адзін, а цэлых тры дэманы, абцяжарвала справу тым, хто хацеў ад Кангрэсу прагрэсу. Заатакаваць адначасова трох дэманаў было цяжка, амаль немагчыма. Бо калі ты змагаесься з Расколам — рызыкуеш трапіць у абдымкі Акедыі, калі атакуеш Акедыю — ствараеш небясьпеку паглыбіць Раскол, а калі хочаш без паглыбленьня Расколу супрацьстаяць Акедыі, дык можаш неўпрыкмет ублытацца ў нейкую Інтрыгу. Вось дзе засада...

Драматургія Кангрэсу разыгралася ўсё ж паводле больш рызыкоўнага і адважнага сцэнару. На сцэну выскачылі два энэргічныя коні — Мікола Статкевіч і Павал Севярынец, — якія толькі‑толькі вызваліліся ад казённых кілзаў, і з усёй моцай і рашучасьцю заатакавалі левых афіцэраў, якія тут сядзяць і плятуць няправую інтрыгу і нават правых сланоў здолелі ўцягнуць у сваё левае дзела. Левыя афіцэры перайшлі адразу ж у контратаку. Яны актывізавалі тры аргумэнты: правыя коні парушаюць рэглямэнт і тым самым выражаюць непавагу да Кангрэсу, а гэта грэх; левыя афіцэры любяць белы колер ня менш, чым чырвоны, і нават ня маюць нічога супраць іхняга спалучэньня, так што правыя коні беспадстаўна сумняваюцца ў іхняй любові да бел‑чырвона‑белай Беларусі; сярод левых афіцэраў таксама ёсьць былыя палітвязьні, так што казыраць хвалебнай мінуўшчынай Статкевічу і Севярынцу не выпадае. Вось такія аргумэнты былі актывізаваны, дарма што палымяныя маладафронтаўцы раз‑пораз перарывалі выступы афіцэраў ня дужа культурным сьвістам і неадпаведнымі да сытуацыі выклікамі «Ганьба!»

Задуманага эфэкту энэргічным коням зьдзейсьніць не ўдалося, але іхні ход усё ж меў немалаважнае значэньне для «правага дзела». Севярынец і Статкевіч у нейкім сэнсе засланілі ад шаху свайго караля — Мілінкевіча. Мілінкевіч пасьля гэтых «высакаградусных» выступаў мог паўстаць як ураўнаважаная фігура і тым самым яшчэ раз пацьвердзіць сваю рэпутацыю як палітыка эўрапейскага кшталту. З гэтае нагоды ўсплыла аблуда некаторых айцоў Кангрэсу, якія ў якасьці аргумэнту супраць лідэрства Мілінкевіча называлі «ўвядзеньне падзелаў» гэтым апошнім. Узважанасьць, стрыманасьць і тактоўнасьць, якія праяўляліся ў словах і паводзінах Мілінкевіча падчас Кангрэсу (што было пад канец ацэнена і левымі афіцэрамі), наглядна паказвалі, што калі хтосьці на беларускай палітычнай сцэне і здольны яднаць, дык гэта, відаць, толькі Мілінкевіч.

Вынікам Кангрэсу — як і было задумана — сталася фармальнае пазбаўленьне Мілінкевіча лідэрства і ўсталяваньне калектыўнага лідэрства. Ясна, што з пункту гледжаньня эфэктыўнасьці дзеяньня такі тып лідэрства зусім не падыходзіць. Але ці для айцоў Кангрэсу эфэктыўнасьць наагул была прыярытэтам? Па‑мойму, тактыка і стратэгія, прынятая на Кангрэсе, была прынятая пад непасрэдным уплывам згаданага вышэй дэмана Акедыі. Замучаныя адказнасьцю за лёс Бацькаўшчыны і паралізаваныя хранічнай няздольнасьцю яе ўратаваць, паважаныя кангрэсмэны абралі «стратэгію чаканьня». А чакаць можна — як Віталь Сіліцкі, здаецца, прыкмеціў — і разам, і паасобку.

Якое значэньне мае ўсё гэта для беларускага грамадзтва, для пэрспэктывы дэмакратызацыі і эўрапеізацыі? Па‑мойму, ёсьць, прынамсі, адзін станоўчы вынік Кангрэсу. Кангрэс «вызваліў» Мілінкевіча, зрабіў яго больш свабодным, у пэўным сэнсе «разьвязаў яму рукі». Тое, што кангрэсмэны фармальна пазбавілі Мілінкевіча лідэрства, рэальна не паўплывае на ягоны статус як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Заходнія палітыкі не перастануць яго запрашаць да сябе і прыслухоўвацца да яго меркаваньня толькі па той прычыне, што некаторым афіцэрам на шахматнай дошцы беларускай палітыкі захацелася зьняць яму карону. У самой Беларусі прыхільнікаў Мілінкевіча не паменее, а, можа, іх колькасьць павялічыцца ў выніку расчараваньня бязьдзейнасьцю калектыўнага лідэра ў выглядзе квартэту з Калякіна, Вячоркі, Лябедзькі і казулінскага субстытуту Ляўковіча. Сам Мілінкевіч ужо ня будзе скаваны паліткарэктнасьцю і неабходнасьцю балянсаваць паміж такімі рознымі сіламі, як ПКБ і БНФ.

Калі хтось хоць крыху іграў у шахматы, то ведае, што кароль у шахматах — самая галоўная і адначасна самая залежная фігура. Кароль цалкам залежыць ад дзеяздольнасьці іншых фігур. Ну і што рабіць, калі гэтыя «іншыя фігуры» ня хочуць ці ня могуць быць дзеяздольнымі? Тады хіба найлепей адмовіцца ад каралеўскай годнасьці і самому стаць незалежнай дзеяздольнай фігурай. Напрыклад, ферзем. І ў выпадку Мілінкевіча такая трансфармацыя, думаю, магчымая. Перастае быць каралём, каб здалець стаць ферзем. Гэта хоць і не ідэальны варыянт, бо ідэальна было б усё ж мець адзінага караля і дзеяздольныя фігуры вакол яго, але хіба ідэальна‑рэальны, ідэальны ў дадзенай рэальнасьці.

Варта памятаць, што тое, што сёньня дзеецца — гэта ўсяго толькі перадгісторыя. Гісторыя пачнецца дзесьці праз два‑тры гады, калі на даляглядзе зьявяцца выбары‑2010. А ад перадгісторыі ня варта патрабаваць звышарганізаванасьці. Двухгадовы пэрыяд канкурэнцыі паміж Мілінкевічам з аднаго боку і квартэтам Калякін‑Вячорка‑Лябедзька‑Ляўковіч з другога — гэта дастатковы час, каб грамадзянская супольнасьць змагла ацаніць палітычную патэнцыю першага і патэнцыю другіх. Дзякуючы сёлетняму Расколу лягчэй будзе сканструяваць Адзінства ў 2010 годзе.

Так што сьмялей, наперад!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?