24 траўня

Прыхільнікаў захаваньня льготаў аштрафавалі

Актывістам моладзевага дэмакратычнага руху Яну Міхайлаву і Міколу Коршунаву суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў штраф па 10 базавых велічыняў (310 тыс. рублёў). Маладзёнаў затрымалі спэцназаўцы 23 траўня пасьля акцыі пратэсту супраць скасаваньня льготаў на плошчы Незалежнасьці.

Затрымалі Людмілу Атакулаву

Міліцыянты затрымалі актывістку незарэгістраванага «Маладога фронту» Людмілу Атакулаву у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце, дзе яна вучыцца. Людміле патлумачылі, што яна зьдзейсьніла правапарушэньне і адвезьлі ў суд Савецкага раёну. Судзьдзя Аксана Рэлява разгледзела два адміністрацыйныя пратаколы (за «Чарнобыльскі Шлях» 26 красавіка і акцыю супраць скасаваньня льготаў 20 траўня) і пакарала яе штрафам у 25 б.в. (775 тыс. руб.).

Узяліся за ЗБС

З раніцы семярым моладзевым актывістам тэлефанавала супрацоўніца менскай пракуратуры Вікторыя Кухта. Ім было прапанавана зьявіцца ў пракуратуру для размовы пра дзейнасьць студэнцкай арганізацыі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» (ЗБС). Пры гэтым спн.Кухта не паведаміла, у якасьці каго яны запрашаюцца. Маладыя людзі вырашылі, што пойдуць у пракуратуру, толькі калі будуць мець афіцыйныя позвы.

Абаронцаў Горадні папярэдзілі

Каля дзясятка маладзёнаў пратэставалі супраць разбурэньня будынку паравога млыну ў Горадні. Калі пратэстоўцы ўварваліся ва ўнутраны двор будынку, міліцыянты затрымалі 13 чалавек, у тым ліку 4 непаўналетніх. Пяцёх адпусьцілі без суду. Судзьдзя Мацяюк аштрафаваў актывіста Партыі БНФ Максіма Губарэвіча на 10 б.а. (310 тыс.руб.), астатнім вынес папярэджаньні. Моладзь зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыяванага пікету.

Забіты сябра Партыі БНФ

У Жлобіне на тэрыторыі складоў мясцовага прадпрыемства «Аграгандаль» знайшлі цела сябра Партыі БНФ Аркадзя Ліскаўца. У яго быў моцна пабіты твар і праламаны чэрап. Сп.Ліскаўцу было 53 гады. Ён быў жанаты, меў дваіх дзяцей і ўнука. Сьледчы мяркуе, што А.Ліскавец зваліўся і забіўся сам. Сябры ж лічаць, што яго маглі забіць рабаўнікі.

25 траўня

Кацярына Садоўская на волі

З гомельскай жаночай турмы на волю выйшла праваабаронца Кацярына Садоўская, якую пакаралі двума гадамі зьняволеньня за абразу А.Лукашэнкі.

«МФ» не зарэгістравалі

Упраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі «Маладому фронту», спаслаўшыся на неадпаведнасьці ў Статуце. Мін’юст спаслаўся на тое, што, згодна са Статутам, пададзеным на рэгістрацыю, кіраўнічым органам руху зьяўляецца Цэнтральная рада. Тым часам 7 траўня адбывалася паседжаньне Ўстаноўчага сходу (як гэта патрабуе заканадаўства), а не Цэнтральнай рады (фармальна яшчэ ня створанай арганізацыі).

27 траўня

Сьвятар на Акрэсьціна

Ноч з 27 на 28 траўня пастар Антоні Бокун правёў у спэцпрыёмніку‑разьмеркавальніку на Акрэсьціна. Прычына затрыманьня — правядзеньне рэлігійнага сходу без дазволу ўладаў. Богаслужэньне адбывалася ў прыватным доме. Пратакол быў складзены і на служыцеля царквы Яраслава Лукасіка, грамадзяніна Польшчы. Падтрымаць пратэстанцкага пастара прыйшлі каля 100 чалавек — веруючыя эвангельскіх цэркваў Менску. Каля будынку суду знаходзіліся жонка А.Бокуна Натальля і іх пяцігадовы сын Адам.

Судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Леанід Ясіновіч абавязаў пастара выплаціць штраф у памеры 20 б.а. (620 тыс. руб.).

29 траўня

Памежнікаў зацікавілі паперы з Кангрэсу

Студэнта праграмы Каліноўскага Яўгена Скрабутана затрымалі на чыгуначным вакзале ў Горадні — памежнікаў зацікавілі паперы, якія студэнт, дэлегат Кангрэсу дэмсілаў, вёз з сабою ў Польшчу.

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0