За мінулыя 10 дзён былі вызваленыя тры палітвязьні, спыненыя некалькі палітычна матываваных крымінальных справаў, вынесеныя мяккія прысуды маладафронтаўцам і ніводзін чалавек ня быў пакараны арыштам за палітыку. Гэтыя рашэньні выносяць тыя самыя судзьдзі, якія яшчэ месяц таму бязьлітасна садзілі за тры ўлёткі. Камэнтар рэдакцыі.

За мінулыя 10 дзён былі вызваленыя тры палітвязьні, спыненыя некалькі палітычна матываваных крымінальных справаў, вынесеныя мяккія прысуды маладафронтаўцам і ніводзін чалавек ня быў пакараны арыштам за палітыку. Гэтыя рашэньні выносяць тыя самыя судзьдзі, якія яшчэ месяц таму бязьлітасна садзілі за тры ўлёткі. Ходзяць чуткі пра ўгоду Пяткевіч‑Крэмэра, паводле якой беларускія ўлады маюць вызваліць усіх палітвязьняў да 10 чэрвеня, а ў якасьці кроку ў адказ некалькі эўрапейскіх саюзьнікаў ЗША заблякуюць зьняцьцё гандлёвых прэфэрэнцый для Беларусі. Рашэньне аб прэфэрэнцыях мае быць прынятае 21 чэрвеня. Нядоўга засталося чакаць, каб пабачыць, як далёка зойдзе гэтая гульня.

Ня будзем падманвацца. Палітвязьняў вызваляюць не таму, што за грамадзянамі раптоўна прызналі права на выказваньне незалежных палітычных поглядаў ці захаваньне нацыянальнай культуры. Не таму, што адмовіліся ад манаполіі на ўладу. Гаворка ідзе пра звычайны розыгрыш у абмен за фінансавыя выгады, за шчасьце спажыўцоў — каб эканамічная стабільнасьць умацавала рэпрэсіўную сыстэму. Больш за тое, прапаганда выкарыстоўвае сытуацыю, каб яшчэ раз абылгаць дысыдэнтаў, выдаўшы іх за агентаў Захаду. Прыгадваецца, як ГДР дазваляла Заходняй Германіі выкупаць палітвязьняў. Дзеля прапагандысцкага эфэкту Хонэкер на кожнага палітычнага ў нагрузку яшчэ даваў два крымінальнікі.

Адначасова з вызваленьнем палітвязьняў працэсы на месцах працягваюцца ў звычайным парадку. Выдатніка Юрася Алейніка ідэолягі выганяюць з Акадэміі кіраваньня за палітычныя погляды і не саромеюцца гэта прызнаваць). Ніякага праўдзівага раўнапраўя ў краіне ня будзе, пакуль ня будзе дэмантаваны рэпрэсіўны і прапагандысцкі апарат ідэалягічнай вэртыкалі.

Гледзячы на радасныя твары юнакоў і юначак з Маладога фронту, міжволі параўноўваеш іх зь дзеячамі мінулага. Такімі як Расьціслаў Лапіцкі, чый нацыянальны подзьвіг адкрыў гісторык Міхась Чарняўскі. Якое шчасьце, што яны жывуць у лепшы час, чым Расьціслаў. Гутаркай з Чарняўскім адкрываецца чарговы Гістарычны сшытак «НН». У сшытку таксама знойдзеце інтрыгоўны археалягічны артыкул сп.Крывальцэвіча, рэцэнзію на новую кнігу Алега Латышонка, успаміны пра рух хіпі ў падсавецкі час.

Вялікую тэму складаюць матэрыялы пра Кангрэс дэмакратычных сілаў. Як піша Пётра Рудкоўскі, ад самага пачатку цёмнымі былі мэты і матывы гэтага мерапрыемства. Многія камэнтатары зь непакоем заўважалі расейскія ніткі, што віліся вакол форуму. Аднак у самім падзеле на многапартыйную кааліцыю і Рух за Свабоду трагедыі няма, у гэтым сыходзяцца і Рудкоўскі, і Аляксандар Класкоўскі. Палітыкам цяжэй будзе звальваць адказнасьць з адной галавы на другую, а канкурэнцыя стане больш выяўнаю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0