Сабрына

Нябесны капітан і Сьвет будучыні

Лад, 18.15

posterСабрына (Sabrina)

ЗША, 1954, чорна-белы, 113 хв.

Рэжысэр: Білі Ўайлдэр

Ролі выконваюць: Гэмфры Богард, Одры Гэпбэрн, Ўільям Голдэн, Ўолтэр Гэмпдэн, Джон Ўільямз, Марта Гайер, Джоан Вос

Жанр: Камэдыйная мэлядрама

Прызы: “Оскар” за найлепшы дызайн касьцюмаў (Эдзіт Гэд), намінацыі найлепшай актрысе (Одры Гэпбэрн), за найлепшую працу мастакоў (Гэл Пэрэйра, Ўолтэр Тайлер), найлепшую апэратарскую працу (Чарльз Лэнг), найлепшую рэжысуру (Білі Ўайлдэр), найлепшы сцэнар (Эрнст Леман, Білі Ўайлдэр, Сэмюэл Тэйлар). “Залаты глёбус” за найлепшы сцэнар. Усяго 4 узнагароды й 7 намінацый.

Сям’я мільянэраўна заходнім беразе Лонг-Айлэнда: бацька, маці, два сыны. Дачка шафёра, Сабрына, закаханая ў малодшага сына – Дэйвіда. Каб вылечыць яе ад каханьня, бацька адсылае яе ў Парыж у школу кухараў. Празь некалькі гадоў з Парыжу вяртаецца выкшталцоная прыгажуня, якая не забыла нічога. І цяпер ужо Дэйвід зачараваны ёю. Выгодны шлюб у сям’і мільянэраў пад пагрозаю – і старэйшы браты вырашае пазаляцацца да Сабрыны, каб адвесьці “пагрозу” ад малодшага брата…

Клясычная гісторыя Папялушкі, пастаўленая знаным Білі Ўайлдэрам (“У джазе толькі дзяўчынкі). У рамантычнае ролі – герой суворых чорных фільмаў Гэмфры Богард.

АНТ, 00.05

posterНябесны капітан і Сьвет будучыні (Sky Captain and the World of Tomorrow)

ЗША—Вялікабрытанія—Італія, 2004, каляровы, 107 хв.

Рэжысэр: Кэры Конран

Ролі выконваюць: Гвінэт Пэлтраў, Джуд Лоў, Джавані Рыбізі, Анджэліна Джолі, Майкл Гэмбан, Лоўрэнс Аліўе (пасьмяротна)

Жанр: Комікс-рэтрафантастыка

Адзнака: 7 (з 10)

Прыгоды няўрымсьлівай журналісткі Полі (Гвінэт Пэлтроў) і авіятара Джо (Джуд Лоў), якія шукаюць злобнага доктара Татэнкопфа, здымаліся ў адным павільёне, на блакітным фоне, а горныя пэйзажы, нябесныя караблі і зграі паветраных робатаў (!) былі зроблены на кампутары.

Сьвет будучыні ў гэтым коміксе — гэта рэтра 40-х з адпаведнымі прычоскамі, машынамі, дыялёгамі і сьцертым кінаколерам. А гераічныя трэш-шэдэўры эпохі халоднай вайны, зь іх падводнымі бойкамі і навуковымі лябараторыямі, набываюць у карціне XXI ст. новую плоць, падмацаваныя сынэфільскаю настальгіяй і ганаровымі цытатамі з «Мэтропалісу» і «Кінг Конга».

Жывыя акторы арганічна ўлучаныя ў кампутарную карцінку, але некаторыя крытыкі зьедліва заўважылі, што іхнія ролі магла бы разыграць і машына. Галоўнага нягодніка ў фільме грае знаны Лоўрэнс Аліўе. Цымус у тым, што Аліўе даўно памёр, а пасьмяротнае выкананьне ролі даручылі кампутару, які і прымусіў актора блюзьнерыць і марыць пра зьнішчэньне чалавецтва.

"Нябесны капітан і Сьвет прышлага" – гэта трыюмф ужо ня толькі тэхналёгій, але й стылю. Новы Вялікі стыль – гэта асучаснены фантазійны трэш, дзе ўсё магчыма, "аднавокая" Анджэліна Джолі ў прыкідзе, скрадзеным у мадэльераў SS, і пасьмяротнае існаваньне ў якасьці кампутарных іміджаў.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?