У нямецкім Ростаку падчас вулічных сутыкненьняў пацярпела болей за 400 паліцыянтаў. Як і чакалася, далі дыхту антыглябалісты. На саміты "вялікай восемкі" яны зьлятаюцца бы мухі на мёд.
Для Беларусі антыглябалізм ёсьць зьявай даволі экзатычнай — у немалой ступені праз нашу сытуацыю напаўізаляцыі. Даводзіцца тлумачыць шырокай публіцы сутнасьць зьявы. Вось, дарэчы, грунтоўны артыкул Віталя Сіліцкага з разглядам усіх нюансаў. Напісаны ў 2003-м, але добра чытаецца і сёньня.
Разам з тым цікава назіраць, як матляе ў асьвятленьні антыглябалізму айчынную прапаганду. У штатных ідэолягаў здараецца калізія крытэраў. Адна рэч — камэнтаваць масавыя акцыі айчыннай апазыцыі. Тут усё зразумела: "Шалудзівыя людзі!". А вось антыглябалісты — нібыта ідэйна блізкія. Услаўляюць Чавэса (а то і Лукашэнку!), ганяць нахабных янкі зь іхным агрэсіўным лібэралізмам. Так што выступы антыглябалістаў беларуская прапаганда раз-пораз скарыстоўвала дзеля антыімпэрыялістычнай рыторыкі, крытыкі гегеманізму ды несправядлівасьці аднапалярнага сьвету.
Акрамя ўсяго іншага, калі тамтэйшая паліцыя мусіць разганяць антыглябалістаў дручкамі ды слезацечным газам, дык і дзеяньні айчыннага АМОНу выглядаюць не такімі ўжо брутальнымі. Няма чаго, маўляў, закідаць нам здушэньне палітычных пратэстаў! У сваім воку бервяна ня бачыце!
Іронія ж гістарычнага лёсу палягае ў тым, што чым далей, тым болей беларуская ўлада мусіць лічыцца менавіта з тэндэнцыяй глябалізацыі. Страта расейскіх датацыяў хоцькі-няхоцькі штурхае да пошуку паразуменьня з краінамі "залатога мільярду". Як ні круціся, а менавіта там крэдыты і сучасныя тэхналёгіі. Мяняецца рыторыка ў дачыненьні да МВФ. Нікуды не падзецца і ад Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. Дый лёзунгам сацыяльнай дзяржавы ў піку іхняму бяздушнаму лібэралізму ўжо надта не памахаеш, пасьля таго як мусілі адабраць ільготы ў студэнтаў ды інвалідаў.
Дый увогуле, халера іх разьбярэ, гэных антыглябалістаў! Могуць выйсьці і з лёзунгам "Свабоду палітвязьням!". Гэта вам не пікет БРСМ. Ненадзейная публіка!
Карацей, цяжка стала жыць афіцыёзнаму прапагандысту. Трэба чухаць патыліцу і гадаць, які з падвойных стандартаў ужыць для чарговага камэнтару. Яшчэ хваліць тых антыглябалістаў ці ўжо бэсьціць, як пачалі бэсьціць Крэмль па сканчэньні эры танных энэрганосьбітаў? :-)