Раман Джорджа Оруэла «1984» найлепш з усіх кніг перадае сутнасьць XX стагодзьдзя, лічыць брытанская газэта «The Guardian». Адпаведнае дасьледаваньне было арганізаванае з нагоды летняга мастацкага фэстывалю ва Ўэльсе.
Экспэрты мелі на выбар 50 кніжак. У першай дзясятцы апынуліся таксама «Сэрца цемры» Джозэфа Конрада, «Гронкі гневу» Джона Стэйнбэка, «Над прорваю ў жыце» Джэрома Сэлінджэра, «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіса Фіцджэральда, «Дзіўны новы сьвет» Олдаса Хаксьлі.
Прафэсар англістыкі Джон Малэн зь Лёндану ў гутарцы з BBC палічыў выбар чытачоў слушным, а кнігу Оруэла назваў «дыяграмай сучаснай тыраніі».
— Гэта выдатная кніжка, аднак чытаць яе — ніякага задавальненьня, — сказаў Малэн.
Антыўтопію «1984» Оруэл напісаў у 1949 г., незадоўга да сьмерці. Аўтар прааналізаваў прынцыпы функцыянаваньня камуністычнай сыстэмы, выяўляючы перадусім мэханізмы разбэшчваньня мысьленьня і мовы. Шмат прыдуманых Оруэлам выразаў — такіх, як «Вялікі Брат», «навамова», «падвойнае мысьленьне» — увайшлі ў гутарковую мову.