Аўстрыйскі славіст пра лёс мовы

Знаны аўстрыйскi славiст, найбольш аўтарытэтны беларусiст на прасторах нямецкае мовы, прафэсар Зальцбурскага ўнiвэрсытэту Герман Бiдар быў адным зь нешматлiкiх замежных удзельнiкаў нядаўняй мiжнароднай навуковай канфэрэнцыi «Беларуская мова ў другой палове ХХ стагодзьдзя», якая адбылася ў Менску. Выпускнiк Венскага ўнiвэрсытэту, Бiдар, працуючы асыстэнтам iнстытуту славiстыкi ў Зальцбургу i займаючыся русiстыкай i палянiстыкай, заўважыў, што нiхто з аўстрыйскiх спэцыялiстаў прафэсiйна не цiкавiцца беларусiстыкай. Тады, на пачатку сямiдзясятых, як сам прызнаецца, ён пастанавiў зьмянiць сытуацыю дыскрымiнацыi беларушчыны ў славiстычным сьвеце i саматугам авалодаў беларускаю мовай. Цяпер аўстрыйскi славiст працуе ў галiне ўнутрыславянскiх i нямецка-славянскiх моўных кантактаў, дасьледуе гiсторыю славянскiх лiтаратурных моваў i соцыялiнгвiстычныя праблемы ўсходнеславянскiх моваў. У прыкметным выступе на менскай канфэрэнцыi Бiдар прадставiў свае пагляды што да распрацоўкi канцэпцыi разьвiцьця лексычнай сыстэмы сучаснай беларускай лiтаратурнай мовы, даючы востра нэгатыўную ацэнку тэндэнцыям моўнага гвалту. У гутарцы зь Юрасём Бушляковым Герман Бiдар матываў свае навуковыя падыходы.

— Ёсьць тры галоўныя спосабы папаўненьня лексычнага складу беларускай лiтаратурнай мовы: выкарыстаньне дыялектызмаў, словаўтварэньне (утварэньне нэалягiзмаў) i тады запазычаньне. У новай гiсторыi беларускай лiтаратурнай мовы чаргавалiся, як ведама, нацыянальна-моўныя тэндэнцыi з тэндэнцыямi моўнага гвалту, гэта значыць русiфiкацыi. У нацыянальна-моўныя пэрыяды iнтэграцыя дыялектызмаў, спрыяньне наватворам, талерантнасьць што да палянiзмаў i адхiленьне русiзмаў былi звычайнымi зьявамi. I наадварот, у часы русiфiкацыi ў беларускую лiтаратурную мову актыўна ўкаранялiся русiзмы i рэзка абмяжоўвалася ўжываньне дыялектызмаў, нэалягiзмаў i палянiзмаў. У той час як у нацыянальна-моўныя пэрыяды выкарыстоўвалiся ўсе магчымасьцi пабагачэньня лексыкi, найперш iнтэграцыя дыялектавых словаў, стварэньне нэалягiзмаў i перайманьне запазычаньняў, у часы русiфiкацыi беларуская лексыка пашыралася пераважна запазычаньнямi з расейскай мовы.

З 1930-ых да 1980-ых гадоў лексыка маладой беларускай лiтаратурнай мовы пабагацiлася галоўным чынам запазычаньнямi з расейскай мовы, у нязначнай меры дыялектызмамi i словаўтваральнымi нэалягiзмамi. У кансалiдаваных мовах, як нямецкая цi расейская, згаданыя кампанэнты лексыкi маюць цалкам iншае разьмеркаваньне. Паводле зьвестак мовазнаўцы Аляксандра Дулiчэнкi, у 1960-ыя гады нэалягiзмы расейскай мовы складалiся на 85% са словаўтваральных адзiнак, на 7% з запазычаньняў i на 8% з сэмантычных нэалягiзмаў. Дыялектызмы, вiдавочна, тады ўжо не адыгрывалi вялiкай ролi пры пабагачэньнi расейскай лiтаратурнай лексыкi. На маю думку, разьвiцьцё лексыкi i стылiстыкi беларускай лiтаратурнай мовы, якой трэба пазьбягаць аднабаковых шляхоў свайго папаўненьня, павiнна выходзiць з iнтэграцыi ў першую чаргу характарыстычных дыялектызмаў, у другую чаргу аўтарскiх словаўтваральных нэалягiзмаў i толькi ў трэцюю чаргу запазычаньняў зь iншых моваў.

 

— Працэс абнаўленьня лексычнай сыстэмы нашае мовы, якi назначыўся ў другой палове васьмiдзясятых, дагэтуль сутыкаецца з крытыкаю антырэфарматарскiх сiлаў. Як вы ацэньваеце спробы паасобных прадстаўнiкоў акадэмiчнага беларускага мовазнаўства па-ранейшаму трымаць лексычнае разьвiцьцё мовы ў строга вызначаных рамках?

— Крытыка русiфiкацыi адхiляецца антырэфарматарамi з дапамогаю больш палiтычных, чым навуковых аргумэнтаў. Яны проста ўсё палiтызуюць. Яны проста ня ведаюць практыкi iншых славянскiх рухаў нацыянальна-культурнага адраджэньня. Гэта адно. А па-другое, тут, у Беларусi, няма агульнаславiстычнай традыцыi, тут iснавалi толькi русiстыка i беларусiстыка, iншых субдысцыплiнаў славiстыкi — палянiстыкi, багемiстыкi, баўгарыстыкi i г.д. — за малым выняткам, не было. Толькi за апошнiя гады гэта зрабiлi, паявiлiся адпаведныя аддзяленьнi ў БДУ стараньнямi былога дэкана факультэту фiлялёгii прафэсара Лойкi. Мне здаецца, антырэфарматарскiя колы вельмi iзаляваныя, але зацята бароняць старыя пазыцыi. Я маю на думцы спадароў Жураўскага i Баханькова, яны актыўна працуюць супраць патрэбных рэформаў. I ўсё ж, гэты старэйшы лягер, мяркую, ужо прайграў, бо абапiраецца толькi на палiтычныя моды.

 

— Якiя практычныя захады, на Вашую думку, варта ўжыць для павышэньня жыцьцяздольнасьцi беларускай лiтаратурнай мовы?

— Прафэсар Падлужны, кiраўнiк Iнстытуту мовазнаўства Акадэмii навук, на пачатку 1990-ых гаварыў пра блiзкую рэвiзiю тлумачальнага слоўнiка беларускай мовы. Я памятаю вялiкую дыскусiю вакол гэтага слоўнiка ў васьмiдзясятыя гады. Садоўскi, Бугаёў, Цыхун — усе крытыкавалi аўтараў-лексыкографаў. Мне здаецца, трэба абавязкова перапрацаваць усё ў духу самастойнага разьвiцьця беларускай мовы i стварыць яе новы лексычны фонд. Нельга паўтараць хiбаў першага выданьня. Але для гэтага патрэбная карпатлiвая лексыкаграфiчная праца. Такi слоўнiк ня хутка робiцца. Я ня ведаю, цi iснуе яшчэ такая грамадзкая воля, грамадзкая думка, цi ёсьць iмкненьне да другога выданьня. Ужо тут, пад час канфэрэнцыi, мне сказалi, што, праўдападобна, ня будзе перавыданьня... У кожным разе, задача лексыкографаў — будучых аўтараў новага тлумачальнага слоўнiка беларускай мовы — гэта проста апiсаньне моўнага узусу, безь нiякiх нарматыўных рэстрыкцыяў, бязь нейкай дыскрымiнацыi беларускiх дыялектавых i рэгiянальных словаў, беларускiх словаўтваральных нэалягiзмаў. Тут мае быць, я лiчу, проста апiсаньне стану мовы, а ня строгае нармаваньне, дыктаваньне нормы, як гэта было дагэтуль.

 

— Палiтычная сытуацыя ў Беларусi прадвызначае характар працэсу моўнага ўпарадкаваньня. Мы ўспомнiлi антырэфарматарскi лягер, людзей старой загартоўкi, старога часу. Яны адчуваюць вяртаньне тае атмасфэры, пры якой заўсёды ўпэўнена прадстаўлялi свае пазыцыi, будучы iсьцiнай у апошняй iнстанцыi. I цяпер напару яны нат не аргумэнтуюць, яны проста ўстанаўляюць: правiльна так, а ня йначай...

— Я ўсё ж хачу сказаць, што частка беларускiх мовазнаўцаў актыўна ангажуецца ў працэс удасканаленьня сучаснай мовы. Гэта патрыятычна настроеная частка, пераважна маладыя людзi. Тут я б назваў Сяргея Запрудзкага, Аляксандра Лукашанца, тут, у БДУ, сярод старэйшых прафэсар Плотнiкаў i прафэсар Мячкоўская, маладзейшыя Лiдзiя Сямешка, Iрына Шкраба, у Акадэмii навук, мне здаецца, прафэсар Цыхун, магчыма, прафэсар Булыка... Але, ясна, ёсьць падзел, я б сказаў, памiж патрыётамi i антыпатрыётамi. А тым часам аўстрыйскiя славiсты скептычныя ў ацэнках будучынi беларускай мовы. Яны гавораць, што гэтая мова пад пагрозаю зьнiкненьня. Гэта трагiчна. З аднаго боку, ва ўсiх аўстрыйскiх, i не адно аўстрыйскiх — у многiх нямецкiх — унiвэрсытэтах назiраецца даволi вялiкая зацiкаўленасьць беларусiстыкай. А з другога боку, палiтычнае кiраўнiцтва Беларусi сыстэматычна абмяжоўвае беларускую, гэта значыць краёвую мову, мову карэннага жыхарства краiны. Таму аўстрыйская асацыяцыя славiстаў пратэставала i будзе пратэставаць супраць такой сытуацыi.

Сёньня Бiдар працягвае папулярызацыю беларускага матэрыялу ў нямецкамоўным сьвеце. Найблiжэйшым часам у Мюнхене мае выйсьцi ў сьвет падручнiк для нямецкамоўных славiстаў «Уводзiны ў славянскiя мовы». Герман Бiдар падрыхтаваў для гэтага выданьня разьдзел «Беларуская мова». У Цюбiнгене рыхтуецца да друку нямецка-беларуская манаграфiя — падручнiк гiсторыi Беларусi. Аўстрыйскi славiст падрыхтаваў тут разьдзел «Разьвiцьцё беларускай лiтаратурнай мовы цягам ХХ стагодзьдзя». Раз на год Бiдар абавязкова прыяжджае ў Беларусь. Ён разумее, што ягоны голас тут зусiм ня лiшнi.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0