Балтыйска-Чарнаморскi калектар

У верасьнёўскiм нумары «НН» былi надрукаваныя матэрыялы, прысьвечаныя спатканьню дэпутатаў краiнаў Балтыi, Беларусi i Ўкраiны, якое адбылося ў Менску ў лiстападзе 1990 году, i дзе разглядалiся пытаньнi стварэньня БЧС. Сёньня мы працягваем гэтую тэму.

Парлямэнцкая апазыцыя на плятформе БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склiканьня ўвесь час працавала ў накiрунку рэальнага стварэньня БЧС. Адным з момантаў гэтай працы было правядзеньне канфэрэнцыi ў Менску ў справе будаўнiцтва Балтыйска-Чарнаморскага нафтавага калектару. Адна з галоўных мэтаў праекту — зьменшыць сыравiнавую залежнасьць Беларусi ад расейскае нафты. Па вынiках канфэрэнцыi мною быў зроблены дэпутацкi запыт на 11-ай пазачарговай сэсii ВС з мэтай высьветлiць думку на гэты конт ураду Вячаслава Кебiча. 30 верасьня 1993 году з Саўмiну Беларусi паступiў афiцыйны адказ, якi я цалкам прапаную чытачам «Нашай Нiвы». Лiчу, што факты й лiчбы, пададзеныя ў гэтым службовым допiсе, не згубiлi сваёй актуальнасьцi й зараз.

Алег Трусаў,

намесьнiк старшынi парлямэнцкай апазыцыi ў Вярхоўным Савеце 12-га склiканьня

 

 

Камiтэт па нафце i хiмii пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь

30 верасьня 1993 г. № 03-01-09/2915

 

Вярхоўны Савет

Рэспублiкi Беларусь

Народнаму дэпутату

Рэспублiкi Беларусь

А.А.Трусаву

 

На Ваш запыт на 11-ай пазачарговай сэсii Вярхоўнага Савету Рэспублiкi Беларусь аб неабходнасьцi правядзеньня тэрмiновых перамоваў зь iншымi краiнамi па будаўнiцтву Балтыйска-Чарнаморскага нафтавага калектару й дзеля выкананьня пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 24 траўня 1993 г. №340 Камiтэт па нафце i хiмii паведамляе.

Нафтаправод Полацак-Вэнтспiлс працягласьцю 516,7 км, дыямэтар трубы 720 мм, быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1968 годзе. На нафтаправодзе пабудаваныя чатыры помпаперакачныя станцыi (ППС): «Полацак» — галоўная станцыя з рэзэрвуарным паркам 180 тыс. м. куб., «Скрудалiена», «Бiржай» i «Джукетэ». Прыймова-здавальны пункт знаходзiцца на канцавым пункце нафтаправоду ў г.Вэнтспiлсе. Кiраваньне перакачкай нафты ажыцьцяўляецца з дыспэтчарскага пункту ў г.Наваполацку праз сыстэмы лiнейнай тэлемэханiкi.

Працягласьць нафтаправоду складае:

Рэспублiка Беларусь 0-112 км -112 км

Латвiйская Рэспублiка 112,55-169,95 км -57,4 км

221,28-248,76 км -27,46 км

284,80-516,82 км -232,02 км

387,00-403,5 км -16,5км (лупiнг)

 

РАЗАМ: -323,387 км

Лiтоўская Рэспублiка 169,95-221,28 км -51,33 км

248,76-284,80 км -36,05 км

 

РАЗАМ: -87,384 км

Прадукцыйнасьць нафтаправоду паводле праекту складае 16,55 млн. тонаў на год. Меркаваная прадукцыйнасьць пры зваротнай перакачцы з Вэнтспiлсу ў Полацак складзе 6 млн. тонаў на год. Дзеля павелiчэньня прадукцыйнасьцi нафтаправоду Вэнтспiлс — Полацак (безь перавышэньня дапушчальнага цiску) неабходна пабудаваць лупiнгi на нагнятаньне ППС. Агульная працягласьць лупiнгаў згодна са зробленымi ТЭР (тэхнiка-эканамiчнымi разьлiкамi — Рэд.) складае 131 км. Пасьля ўводу ў эксплуатацыю лупiнгаў прадукцыйнасьць можа быць даведзеная да 12 млн. тонаў на год.

З мэтай зьдзяйсьненьня зваротнай перакачкi на Наваполацак неабходна таксама пабудаваць ГППС у Вэнтспiлсе й зрабiць пераабвязваньне трубаправодаў на дзейных ППС. Кошт рэканструкцыi нафтаправоду складзе арыентацыйна 80 млрд. рублёў у дзейных цэнах.

Паводле папярэднiх зьвестак, Рэспублiка Латвiя, якая ня мае свайго нафтаперапрацоўчага заводу (НПЗ), зацiкаўленая ў зваротнай перакачцы нафты на Наваполацкi НПЗ замест нафтапрадуктаў, якiя пастаўляюцца з Рэспублiкi Беларусь.

Рэспублiка Лiтва ў сучасны момант распачала праектаваньне тэрмiналу паблiзу г.Клайпеда i нафтаправоду працягласьцю прыкладна 100 км да НПЗ «Мажэйкяй». Кошт будаўнiцтва будзе вызначаны праектам. Гэты варыянт пры дасягненьнi дамоўленасьцi зь Лiтвой i Латвiяй па вынiках перамоваў i долевага ўдзелу Беларусi ў будаўнiцтве дазволiць ажыцьцяўляць перакачку нафты на Новаполацкi НПЗ з Клайпеды.

Дзеля перакачкi нафты з портаў Чорнага мора спатрэбiцца пракласьцi па тэрыторыi Ўкраiны болей за 400 км нафтаправоду коштам каля 200 млрд. рублёў у дзейных коштах без улiку вартасьцi земляў, па якiх пройдзе траса нафтаправоду, а таксама кошту 4-х ППС. Апроч таго, пры гэтым неабходны долевы ўдзел рэспублiкi ў будаўнiцтве тэрмiналу i рэканструкцыi порту ў г.Адэса. Усе аб’ёмы працаў запатрабуюць велiзарных капiтальных укладаньняў (дакладны кошт можа быць вызначаны толькi пасьля распрацоўкi ТЭА (тэхнiка-эканамiчнае абгрунтаваньне — Рэд.)) пры тэрмiнах праектаваньня й будаўнiцтва ня менш за 5-7 гадоў.

Такiм чынам, патэнцыйная тэхнiчная магчымасьць перакачкi нафты з портаў Латвii i Лiтвы маецца. Аднак пры гэтым неабходна ўлiчыць, што кошт паставак нафты са Скандынавii праз гэтыя порты ў параўнаньнi з коштам паставак з Расеi ў сусьветных коштах будзе вышэйшы ня менш чым на 20 даляраў ЗША за 1 тону з прычыны кошту танкерных транспартовак i выгрузак у тэрмiналы.

У сувязi з выкладзеным, Камiтэт па нафце i хiмii лiчыць мэтазгодным на гэтым этапе правесьцi перамовы з Латвiяй, Лiтвой i Расеяй па пытаньнях забесьпячэньня дадатковых паставак нафты ў тым лiку праз порты Вэнтспiлс i Клайпеда.

Што датычыць удзелу Рэспублiкi Беларусь у будаўнiцтве нафтапроваду па тэрыторыi Ўкраiны, Белнафтахiм лiчыць магчымым вярнуцца да разгляду гэтага пытаньня пасьля прыняцьця рашэньня па Балтыйскiм кiрунку. Вышэйназваныя прапановы падтрымлiваюць Дзяржэканомплян i Дзяржзьнешэканомсувязi.

Намесьнiк Старшынi А.М.Мазанiк

Пераклад дакумэнта зроблены з расейскай мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0