Марыя і правакатар

О Мацi Божая, што ў слаўнай Вострай Браме,

Як зорка ясная, нам сьвецiш заўсягды...

Цудадзейны абраз Мацi Божае Вострабрамскае, апеты беларускiмi творцамi ўсiх веравызнаньняў, у вершах савецкага часу i савецкае прасторы ня згадваецца. Галоўны сьвяты абраз беларусаў у Беларусi на доўгiя гады трапiў пад цэнзуру. Яму на зьмену прыйшоў iншы галоўны абраз — вобраз Ленiна. Гучыць, вядома, па-блюзьнерску: Мацi Божая i Ленiн. Але сказаць пра гэта па-iншаму яшчэ не атрымлiваецца. Як апiсаць сатанiнскую эпоху без сатанiзму? Праблема! Так часам у тэксьце аўтара, якi выкрывае злачынствы КГБ раптам вычуваеш гэбiсцкiя ноткi. Дастаткова iнтанацыi. Або — як шмат камунiзму ў сучасных антыкамунiстычных лёзунгах i дзеяньнях, у характарах i поглядах дэмакратаў i незалежнiкаў.

Паступова пачынаеш разумець, што «перастройка» ў Беларусi не дайшла да глыбiннага ўзроўню, а адбылася толькi фармальна. На словах. Таму так пасьпяхова iдзе сёньня рэсаветызацыя. Iндыкатарам пераменаў можа стаць толькi праўда пра Ленiна, прамоўленая безь ленiнiзму ў голасе i пачутая бязь Ленiна ў сэрцы.

 

... Мы зь сябрамi разглядаем архiўныя здымкi Ленiна перад скананьнем. Здымкi нагадваюць iлюстрацыi з падручнiка судовае мэдыцыны. Я шукаю ў слоўнiках беларускi адпаведнiк дыягназу «невменяемость» i не знаходжу. Шырока расплюшчаныя пустыя вочы з матавым бляскам зрэнак. Погляд, якi пакiнула думка. Погляд немаўляцi. Адтапыраная нiжняя губа, галава нахiленая ўправа. Вось-вось з вуснаў сарвецца штосьцi дадаiстычнае...

Сузiраньне здымка выклiкае адначасова гiдлiвасьць i боль, даўкую вусьцiш ад адчуваньня несапраўднасьцi ўсяго твайго ранейшага жыцьця. Напэўна штосьцi падобнае адчуваюць самагубцы, стоячы на краi прорвы.

«Ленiн думае пра Беларусь», — жартуе адзiн мой сябра, але яму не ўдаецца схаваць хваляваньня. Падпiшам «Ленiн думае пра Беларусь» i паставiм у газэту на першую старонку —да 80-й гадавiны Кастрычнiцкай рэвалюцыi. Я перахоплiваю позiрк другога сябра: «Нi ў якiм разе нельга гэтага рабiць. Гэта брыдка».

Колькi мы нi пiсалi пра Ленiна, колькi нi пераконвалi сябе ды iншых у антычалавечнасьцi самага чалавечнага чалавека, а ён, бачыш, па-ранейшаму глыбока хвалюе нас. Сядзiць у нас усярэдзiне як доказ таго, што несапраўднае мiнулае жыцьцё не прысьнiлася нам, i што сапраўды па сутнасьцi сваёй было несапраўдным. Сапраўднае — вось яно, без знакамiтага ленiнскага прышчуру i ўвогуле хоць якой радасьцi або чалавечынкi.

Згадайце, якiя ўсё ж вясёлыя былi анэкдоты пра Ленiна савецкае пары. «Уладзiмiр Iльлiч, сяляне галадаюць. — Няхай салому ядуць. — Дык замычаць жа! — Не замычаць. Я вось слоiчак мёду навярнуў i не жужжу».

Побач — афiцыйная прапаганда пачынала свой пажыцьцёвы гiпнатычны сэанс яшчэ ў дзiцячым садку:

Мы прыйшлi ў дзiцячы сад,

Бачым Ленiна пагляд,

Добры дзень, дзядуля Ленiн,

Прывiтацца кожны рад.

Ужо ў пачатку васьмiдзясятых такiя трындушкi не маглi не выклiкаць iронiю. Але побач з гэтым на поўным сур’ёзе распрацоўвалася «дарослая» ленiнiяна. Гэтак у 82-м годзе ў сваiх дзёньнiках, г.зн. — для сябе, Iван Шамякiн пiсаў:

«Думаю, што многiя з нас, савецкiх лiтаратараў, людзей партыйных, мараць калi-небудзь напiсаць вобраз Уладзiмiра Iльлiча Ленiна, кожны ў сваiм жанры».

У 86-м выйшаў у сьвет трэцi том Энцыкляпэдыi Лiтаратуры i Мастацiтва Беларусi з аграмадным артыкулам «Ленiнiяна».

«Вобраз Ленiна — самы ўзвышаны i яркi ў народнай творчасьцi. Усенародная любоў i павага да правадыра адлюстраваная ў шматлiкiх i разнастайных формах i жанрах фальклёру: казках, лiрычных песьнях, паданьнях, сказах, прыказках, прымаўках, легендах. Найбольш вядомыя творы беларускага фальклёру пра Ленiна — казкi «Ленiнская праўда», «Вялiкi багатыр»... Галоўная iдэя «Ленiнскай праўды» — пашырэньне ленiнскага вучэньня ва ўсiм сьвеце...»

Праўда, памятаю, у тыя часы, на такiя рэчы мы ўжо не зьвярталi ўвагi, як на артыкулы з часопiса «Корея сегодня», дзе «iдэi Чучхе жылi i перамагалi» i над якiмi мы адсьмяялiся яшчэ ў канцы 70-х. Iншая рэч, што творы лiтаратурнай Ленiнiяны ў той час маглi стаць адпраўным пунктам нацыянальнага пачуцьця, як адзiная даступная для гэтага крынiца. Напрыклад, паэма «Ленiн думае пра Беларусь».

На беларускiм журфаку чытаўся курс «Ленiн — рэдактар», мы сыходзiлiся ў палемiцы над ленiнскай ацэнкай Беларускай Сацыялiстычнай Грамады, цытавалi правадыра ў артыкулах, калi трэба было давесьцi нешта неартадаксальнае. Словам, як нi круцi, а Ленiн жыў, замiнаў i дапамагаў, станавiўся нагодаю для сьмеху i расчараваньня. Прысутнiчаў. Узьведзены ў ранг камунiстычнага бога, Ленiн стаў увасобленай спакусаю — правакацыяй блюзьнерства. Зь яго сьмяялiся, але разумелi, што гэта — сьмяротны грэх.

Аднак вось, зрабiўшы сваё трыюмфальнае шэсьце, цудатворны абраз галоўнага бальшавiцкага сьвятога ператварыўся ў дакумэнтальныя здымкi — у тую праўду, якая гучыць як блюзьнерства. Да той, вядома, ступенi, пакуль мы хоць трохi вычуваем у «невменяемым» правадыры — сьвятога.

Мацi Божай з Вострае Брамы нiколi ня зьведаць такiх мэтамарфозаў. Яна сёньня вяртаецца —ажываюць радкi колiшнiх вершаў, ствараюцца новыя. Адрозьненьне ад яе галоўнага савецкага сьвятога — у тым, што для яго непазьбежная пэрспэктыва разьвянчаньня.

«Мама, а хто такi Ленiн?» — пытаецца часам сёньняшняе дзiця ў матулi, якая адчувае пры гэтым у глыбiнi душы вусьцiшны халадок ад раптоўнага разуменьня несапраўднасьцi ўсяго свайго ТАГО жыцьця.

Гэтае дзiця, калi вырасьце, ужо наўрад цi стане абараняць свае погляды цытатамi зь Ленiна або сьмяяцца з нашых анэкдотаў пра самага чалавечнага чалавека. Яно будзе ведаць не правадыра, а пачвару з дакумэнтальных здымкаў. Разам з тым гэтае дзiця застрахаванае ад блюзьнерства. Яно не рызыкуе абразiць бога. Бо праўду пра Ленiна яно будзе вымаўляць без ленiнiзму ў голасе i слухаць бязь Ленiна ў сэрцы.

Сяргей Паўлоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0