Сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя


Помнiк Ленiну ў Менску

(Мацьвей Манізер)

 

... Яшчэ не пасьпеўшы апанаваць усю былую iмпэрыю, у разгары грамадзянскае вайны, бальшавiкi выдалi адзiн са сваiх галоўных дэкрэтаў — пра зьнiшчэньне помнiкаў. 11 красавiка 1918 году Ленiн падпiсаў дэкрэт «Аб зьнiшчэньнi помнiкаў, пабудаваных у гонар цароў i iхных служкаў, якiя ня маюць мастацкай вартасьцi, i распрацоўцы праектаў помнiкаў Расейскае сацыялiстычнае рэвалюцыi». Гэты красамоўны дакумэнт заклаў падвалiны ўсёй чырвонай культурнай рэвалюцыi...

... На падставе бальшавiцкага дэкрэту ўсе помнiкi часоў Расейскае iмпэрыi ў Беларусi, за выключэньнем некалькiх вайсковых мэмарыялаў, былi зьнiшчаныя на працягу двух гадоў. Хто мог быць экспэртам «мастацкай вартасьцi» ў часе вайны? Выконваўся дух дэкрэту, а не ягоная фарысэйская лiтара. У адначасьсе, адпаведна з плянам манумэнтальнае прапаганды, у 1919 годзе быў распрацаваны плян узьвядзеньня новых помнiкаў у гарадах эфэмэрнае Лiтоўска-Беларускае Рэспублiкi. Ужо тут было прадугледжанае будаўнiцтва помнiка «самаму чалавечнаму чалавеку». Лiхаманкава па ўсёй Беларусi ставiлiся помнiкi змагарам за Савецкую ўладу. Гэтыя «агiткi» былi бутафорскiя, з дрэва, гiпсу, альбо цэмэнту. Ленiн сам вызначыў патрабаваньнi да помнiкаў свайму рэжыму: «Аб вечнасьцi або працягласьцi я пакуль што ня думаю. Важна, каб помнiкi былi даступнымi для масаў, каб яны кiдалiся ў вочы». Каб кiдалiся...

... У 1917 г. у гарадзкiм сквэры на Губэрнатарскiм пляцы Менску быў зьнесены помнiк Аляксандру II. Зараз жа на ягоным месцы быў пастаўлены кубiстычны помнiк рэвалюцыйнаму салдату Краснапольскаму. А ў 1919-м — помнiк чырвонаармейцам. Абодва паводле праектаў скульптара-наватара Цэханоўскага. Польскiя жаўнеры, калi занялi Менск, нядоўга валтузiлiся з гэтымi манумэнтамi. Яны паразьбiвалi iх прыкладамi стрэльбаў. Вайна з помнiкамi i вайна помнiкаў — асобная старонка ў гiсторыi Беларусi. Часам можа падацца, што дзеля гэтых сьведчаньняў свае веры i вялася вайна памiж людзьмi...

Радзiмаю першай скульптуры Ленiна ў Беларусi стала Краснапольле. Сюды, да бацькоў, зь Пецярбургу прыехаў Аляксандар Грубэ, якi стаў адным з заснавальнiкаў новае школы беларускае скульптуры. У Краснапольлi, у 1922 годзе ён стварыў кампазыцыю «Ленiн на трыбуне», створаную, бадай, на падставе асабiстых уражаньняў. Гэткiм чынам была запачаткаваная традыцыя «ленiнiяны» ў Беларусi. Менавiта ад Грубэ пайшоў вобраз «правадыра» на трыбуне, у гратэскавай дынамiцы, натуралiстычны, але пазбаўлены эмоцыяў. У 1925 годзе Грубэ перавез сваю глiняную скульптуру ў Менск. У Менску зьявiўся свой Ленiн. У тым жа годзе Грубэ было даручана выканаць вялiкую статую Ленiна перад менскiм Камунiстычным унiвэрсытэтам.

У Беларусi былi спробы асэнсаваць вобраз Ленiна i па-iншаму. У 1924 годзе скульптары Вiцебскага мастацкага тэхнiкуму стварылi помнiк Ленiну, якi плянавалася паставiць на плошчы Свабоды ў Вiцебску. Манумэнт ствараўся i пры дапамозе архiтэктонаў: квадрата, кола, зоркi, усечанай пiрамiды з глёбусам. Гэтая архтэктурная сюiта павiнна была ўлучаць таксама i рэльефы з маскаронамi мысьляроў, тэарэтыкамi камунiзму... Вiцебск на тое i Вiцебск... На жаль, гэты манумэнт, якi бачыўся аўтарам, як помнiк той эпосе, ня быў зрэалiзаваны. Стварэньне ленiнiяны пайшло сваiм шляхам — шляхам кананiзацыi стэрэатыпных натуралiстычных шаблёнаў.

У 1929 годзе быў праведзены ўсесаюзны конкурс на праект Дому ўраду ў Менску. Упершыню бальшавiкi паставiлi задачу стварэньня новага, сацыялiстычнага тыпу ўрадавай установы. Па сутнасьцi, Менск стаў калыскаю савецкае архiтэктуры. У конкурсе ўзялi ўдзел дзясяткi вядучых архiтэктараў. Але перамог Лянгбард. Паводле ягонае далёкасяжнае задумы, Дом ураду ў Менску мусiў раскрывацца на найбуйнейшую ў Эўропе плошчу (па вайне гэтак i сталася). У 1930-м прыступiлi да будаўнiцтва. Ужо тады гэта быў найбуйнейшы ў Беларусi архiтэктурны комплекс. Цэнтральны аб’ём дзевяцiпавярховага гмаху паглыблены ад пляца на 50 мэтраў i флянкаваны бакавымi карпусамi, якiя хвалiстым iмпэтным рытмам зьнiжаюцца да пяцi паверхаў. Памiж бакавымi карпусамi ўтвараецца двор —курданёр шырынёю 100 мэтраў. Першапачаткова Лянгбард плянаваў замкнуць яго галерэяй i, як чысты канструктывiст, паставiць пасярэдзiне сьцiплую абстрактную стэлу. Але ў 1931 годзе, з iнiцыятывы ўраду БССР быў праведзены яшчэ адзiн усесаюзны конкурс, на гэты раз на помнiк Ленiну. Перамог... Лянгбард са сваiм сябрам, скульптарам Манiзерам.

Архiтэктар Лянгбард, родам з усходняе Польшчы, якi абагаўляў нямецкага дойлiда Пiтэра Бэрэнса, будаваў ня проста Дом ураду, i нават ня проста новыя дамы, а новыя вымярэньнi новае эпохi. Як канструктывiст, ён ня мысьлiў катэгорыямi фiгуратыўнага мастацтва. Папросту скульптар Манiзер быў яму добрым сябруком. I таму замест гранёнае стэлы паўстаў iншы архiтэктурна-кампазыцыйны элемэнт — сямiмэтровы манумэнт, якi арганiчна ўвайшоў у структуру ансамбля Дому ўраду. Каб ня Ленiн, дык што-небудзь там мусiла стаяць, дзеля стварэньня большага эфэкту пэрспэктывы, для нагляднасьцi кампазыцыйнага ядра.

Што да творчасьцi Манiзера, то гэтаму вялiкаму скульптару было наканавана стаць увасабленьнем духу сацыялiстычнага рэалiзму. Калi яму было даручана паставiць помнiк Ленiну ў Менску, самы вялiкi ў СССР, ён адчуў, што гэта — ягонае... Пакуль справа дайшла да ўсталяваньня калоса перад Домам ураду, Манiзер уступiў у кампартыю. Адзiн з найлепшых твораў сацрэалiзму (можа таму, што адзiн з найпершых) нес у сабе ўсе рысы клясычнага рэалiзму старое Пецярбурскае акадэмii. Бяз штучнага патасу высакародзтва постацi, якая ўзiраецца ў калёны шчасьлiвых рабоў — вось што iмпанавала эпосе, якая надыходзiла ў 30-я гады. Фiлiграннае выкананьне бакавых гарэльефаў: «Кастрычнiцкая рэвалюцыя», «Абарона Радзiмы», «Iндустрыялiзацыя краiны», «Калектывiзацыя сельскае гаспадаркi», несла ў сабе ўжо амаль рэлiгiйны зьмест. Як у старажытных саборах, паднятыя на недасяжную вышыню творы жывапiсу, альбо плястыкi, гэтыя гарэльефы прызначалiся не для разгляду чалавечкам зьнiзу. Яны прызначалiся для Яго, бронзавага стодзiва, якое, можа i праўда, «жывейшае за ўсiх жывых». Разгледзець плястыку на чорным лябрадоравым пастамэнце маглi таксама i жрацы культу, калi падымалiся да iх па трыбунах, падчас «сьвяшчэнных» датаў... Руплiва выкананыя майстрам старое школы, гэтыя рэльефы — прыклад дасканалага веданьня клясычнае кампазыцыi, анатомii й пэрспэктывы. Нiякiх адступленьняў ад канону — даступная для разуменьня жрацоў стылiстыка.

Адпрацаваўшы ў Менску, сябры Манiзер зь Лянгбардам, паехалi далей, ставiлi помнiкi Чапаеву, Шаўчэнку, Касмадзям’янскай i шмат Ленiнаў на неабсяжных прасторах шостае часткi сьвету.

Падчас ужо нямецкае акупацыi бронзавую статую i рэльефы пусьцiлi на пераплаўку (цiкава, колькi выйшла патронаў?). Але першае, што зрабiлi сапраўдныя камунiсты ў 1945 годзе —тэрмiнова аднавiлi манумэнт Ленiну. Безь яго iм было няўтульна. Скульптуру i гарэльефы былi адлiтыя па мадэлях, якiя зьберагалiся ў майстэрнi Манiзера ў Маскве (якая абачлiвасьць!). Бронзавая навюткая постаць спакойна ўзiралася на паруйнаваны, спалены Менск...

Калiсьцi на залiках па гiсторыi ў менскiх ВНУ было такое пытаньне «на засыпку»: якая рука ў Ленiна перад Домам ураду паднятая? I пакаленьне за пакаленьнем студэнтаў «завальвалася» на гэтым пытаньнi. Сьведама цi не, настаўнiкi ставiлi сур’ёзны экспэрымэнт, назiраючы з году ў год растучую несур’ёзнасьць стаўленьня да гэтага пытаньня маладое генэрацыi. Бо помнiк, нават калi да яго кладуць кветкi вясельныя картэжы, жыве роўна столькi, колькi захоўвае сiлу магiя ягонага культу. А мастацтва — гэта толькi спосаб спасьцiжэньня сьвету, напрыклад, законаў кампазыцыi й пэрспэктывы.

Лёс гэтага помнiка гады тры таму быў перадвырашаны, калi Беларусь паволi пачала была разьвiтвацца з чужымi культамi й мiтамi. Было прапанавана вярнуцца да першапачатковае задумы Лянгбарда: замкнуць курданёр галерэяй, а замест Ленiна паставiць стэлу... Але не пасьпелi. Таму да сёньня ў Менску стаiць найстарэйшы ў сьвеце помнiк «правадыру сусьветнага пралетарыяту». Як сотнi маленькiх i вялiкiх Ленiнаў па ўсёй Беларусi.

Сяргей Харэўскi


Мацьвей Манiзер (1891, Пецярбург — 1978, Масква) скульптар, пэдагог. Скончыў у 1914 г. маатэматычны факультэт Пецярбурскага ўнiвэрсытэту. У 1916 — Акадэмiю мастацтваў. Ляўрэат Сталiнскае прэмii. З 1947 — вiцэ-прэзыдэнт АМ СССР. Аўтар 10 помнiкаў Ленiну i 5 — Сталiну. Заслужаны дзяяч мастацтваў БССР i УССР.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна