Mарш, марш левай

Што такое тэрор? Што такое тэрарызм? Якая iхная прырода? Дзе, у якiх умовах яны найлепш рэалiзуюцца? Увогуле, якое дачыненьне ўсё гэта мае да нашае краiны сёньня? Падобна, што самае непасрэднае. Беларусь ушчыльную наблiзiлася да гэтае мяжы.

Тэрор i тэрарызм — зьявы аднаго парадку, адрозьненьне iхнае толькi ў маштабах. Тэрарызм — справа слабейшага, звычайна справа падпольная. Тэрор — справа мацнейшага, звычайна справа ўлады, нярэдка дзяржавы. I тэрор, i тэрарызм выяўляюцца часта ў часе рэвалюцыяў, грамадзянскiх войнаў, мiждзяржаўных канфлiктаў, перад iмi i пасьля iх.

Нярэдка тэрарызм правакуецца ўладай, каб апраўдаць усталяваньне рэжыму дзяржаўнага тэрору. Прыкладаў можна прывесьцi процьму. Найбольш яскравыя iнсцэнiроўкi — замах на Гiтлера ў перадваеннай Нямеччыне, альбо забойства Кiрава, як пачатак чарговай хвалi дзяржаўнага тэрору ў СССР трыццатых гадоў.

Тэрор i тэрарызм, як правiла, левыя па сваёй сутнасьцi. Стыхiя левых ультра — хаос, нестабiльнасьць, напружанасьць. Падмена агульначалавечых, традыцыйных каштоўнасьцяў рознымi прывабнымi для маргiнальных слаёў тэорыямi — цi то раю на зямлi, цi то ўсеагульнай роўнасьцi, цi расавай выключнасьцi, часта пераплеценымi памiж сабой. Яднае iх тое, што традыцыйныя каштоўнасьцi, такiя, як Бог, сумленьне, закон, яны падмяняюць мэтазгоднасьцю. Цi то рэвалюцыйнай, цi расавай, цi дзяржаўнай. Там, дзе пануе такая жыцьцёвая ўстаноўка, чалавечае жыцьцё i чалавек як асоба страчвае сваю каштоўнасьць, а гэта — адкрыты шлях да тэрору. Такi гiстарычны вынiк прыходу маргiналаў да ўлады. Тут няма розьнiцы памiж савецкiмi камунiстамi, нямецкiмi фашыстамi, францускiмi рэвалюцыянэрамi, рэжымамi Пол Пота ў рэвалюцыйнай Кампучыi цi Дзювалье на Гаiцi.

Рабэсп’ер, Сэн-Жуст, Дантон з дапамогай плебсу выразалi францускую арыстакратыю. Пасьля Рабэсп’ер i Сэн-Жуст адправiлi на гiльятыну Дантона. Пасьля з дапамогай разьятранага плебсу адправiлiся на яе самi.

Усё пачынаецца з малога, працякае па рознаму, але сканчаецца адным i тым жа — самазьнiшчэньнем.

Захапiўшы ўладу, лiдэры плебсу прымаюцца за сваiх паплечнiкаў. Трымаць у страху блiжэйшае атачэньне — клясычная праява лявацкiх правадыроў. У асяродзьдзi, дзе няма месца годнасьцi, на высакародзтва разьлiчваць марна.

З тых, хто ўсталёўваў уладу чырвоных, мала хто памёр сваёй сьмерцю. Фанатыкаў-рамантыкаў зжэрлi фанатыкi-практыкi. Спачатку, цiха — тых, хто быў больш уплывовы, блiзкi i небясьпечны, кшталту Дзяржынскага, Фрунзэ. Пасьля, шляхам плянавай дыскрэдытацыi — розных бухарыных, радэкаў i iншых.

Не адставаў у гэтым i фюрэр, прыбраўшы сваiх паплечнiкаў на чале са стваральнiкам штурмавых атрадаў СА Рэмам.

У гэтым жа шэрагу i Мао, i Пол Пот, i драбнейшыя прыхiльнiкi сьветлай будучынi. Тэрор заўжды пачынаецца з хлусьнi i правакацыi, i грунтуецца на самых нiзкiх якасьцях натоўпу. Звычайна, калi ўлады распачынаюць палiтыку адкрытых рэпрэсiяў, пад яе з большым цi меншым посьпехам спрабуюць падвесьцi законную базу, раскручваючы iстэрыю ў грамадзтве i прымаючы адпаведныя законы, паступова перакрываючы доступ да грамадзтва альтэрнатыўнай iнфармацыi i абмяжоўваючы кантакты свайго грамадзтва з суседнiмi. Клясычны прыклад — СССР да адлiгi.

Што тычыцца тэрарызму, то ён з-за спэцыфiчных падпольных умоваў свайго iснаваньня часта набывае адмецiну гераiзму, асаблiва для моладзi, i часам — небеспадстаўна. Змаганьне за вызваленьне свайго грамадзтва ад дыктатуры альбо Бацькаўшчыны ад акупантаў, ад тэрору чужой, больш моцнай дзяржавы — сьвятая справа.

Таму барацьба курдаў, змаганьне IРА ў Iрляндыi, а ЭТА ў Басконii выклiкаюць спачуваньнi ня толькi ў моладзi. Таму Шамiль Басаеў, зьдзейсьнiўшы тэрарыстычны акт, стаў нацыянальным героем Каўказа. Ня кожны здольны сваiм учынкам спынiць вынiшчэньне свайго народа. Таму мела вялiкую папулярнасьць беларуская партызанка. Таму перажывае чарговую хвалю сваёй папулярнасьцi Чэ Гевара.

Але, прыйшоўшы да ўлады, далёка ня ўсе былыя змагары за свабоду прымаюць новыя мiрныя ўмовы iснаваньня.

Сама праява тэрарызму, калi яна сьвядома не iнсьпiруецца дыктатарскiм рэжымам, сьведчыць пра тое, што ў грамадзтве нешта ня так, нешта зламалася. На першым этапе — гэта крык адчаю пэўнай часткi грамадзтва. Нармальная ўлада мусiць задумацца i зрабiць пэўныя намаганьнi, каб вырашыць праблему мiрным шляхам. Але такiя выпадкi хутчэй выключэньнi, а ня правiла. Зазвычай барацьба iдзе на паражэньне, да пераможнага канца. Структуры тэрарыстаў набываюць прафэсiяналiзм i моц, ствараецца сыстэма здабыцьця i адмываньня грошай, усё гэта мацуецца пралiтай крывёю i ўсё большай нянавiсьцю, урэшце ўтвараецца нават свая бюракратыя, якой невыгодна спыненьне, а тым болей зьнiшчэньне разьвiтай структуры. Адпаведна дзяржава спараджае новыя сiлавыя сруктуры, якiм таксама невыгодна, з тых самых прычынаў, спыняць сваё iснаваньне. Атрымлiваецца замкнёнае кола, а ў вынiку церпiць грамадзтва, якое дазволiла сабе не задумвацца i не аналiзаваць сытуацыю.

Сёньня наша краiна знаходзiцца ў стане дыскамфорту. Сталыя скандалы з выкрыцьцём карупцыянэраў, дэпрэсiя ў эканомiцы, мiжнародная палiтычная iзаляцыя, палiтычныя дывэрсii, дэманстрацыi, перасьлед па палiтычных матывах. Мы маем рэвалюцыйныя ўмовы, хоць быццам нiякiх рэвалюцыяў не было. Насамрэч рэвалюцыю мы ўжо перажылi. Электаральную. Пад назовам — прэзыдэнцкiя выбары 1994 году. У вынiку перамагла левая маргiнальная частка грамадзтва на чале са сваiм лiдэрам.

Беларусь напалоханая мiнулай вайной. У сьвядомасьцi грамадзтва гэты спалох такi моцны, што людзi ўпарта ня хочуць прагназаваць i задумвацца над канфлiктнымi сытуацыямi, якiя штучна ствараюцца ў краiне.

Грамадзтва не заўважыла, як ушчыльную наблiзiлася да мяжы, за якой пачынаецца тэрор i тэрарызм. Прыкметы i першага, i другога ўжо больш чым заўважныя. Рысу пад сытуацыяй якасна iншага, новага парадку падвёў нядаўна прыняты закон аб барацьбе з тэрарызмам. База пад яго падводзiлася плянава, пакрысе. Грамадзтва да яго старанна падрыхтоўвалася. Вiдаць, рыхтавалiся аргумэнты i для мiжнароднай грамадзкай думкi.

Гэты ўказ выйшаў апошнiм у шэрагу забаронных. Яму папярэднiчалi ўказы аб мiтынгах i дэманстрацыях, аб дзейнасьцi прафсаюзаў, аб умацаваньнi працоўнай дысцыплiны, урэшце аб прэсе.

Адначасова праз уцiск усяго нацыянальнага i пагарду да прававых нормаў правакавалiся дзеяньнi ў адказ. З падрывам газаправоду i суда такiя дзеяньнi зьявiлiся ў нашым кантэксьце. Няважна, хто за гэтым стаiць i цi адсочваецца сытуацыя ўладамi, галоўнае, што яны маюць месца. За iх узялi адказнасьць.

У грамадзтве нагнятаецца iстэрыя. За краты кiдаюцца нават школьнiкi за малюнкi на плоце з аднаго боку, з другога —заслужаныя старыя. Зноў раскручваецца тэма карупцыi. Скандал iдзе за скандалам. Трымаецца ў напрузе блiжэйшае атачэньне прэзыдэнта электарату. Там проста пануе страх.

Калi ў краiне няма буйнога прыватнага капiталу, а ўвесь эканамiчны патэнцыял забраны ў рукi дзяржавы, то i мафiя, гэты заўсёдны спадарожнiк вялiкiх грошай, таксама засяроджаная ўнутры дзяржапарату. Тым болей, калi iснуюць два бюджэты. Тым болей, краiна займае надзвычай выгоднае геаграфiчнае становiшча i, дзякуючы палiтыцы рэжыму, мае выдатную магчымасьць паралельна з законнай эканамiчнай дзейнасьцю зарабляць вялiкiя грошы на кантрабандзе. Скандалаў з гэтае нагоды было дастаткова. Торгэкспо, фонд Эсамбаева... Атрымлiваецца, што чынавенства зраслося з мафiяй i ўтварае мафiёзную дзяржаву, дзе палiтыкi дзейнiчаюць паводле мафiёзных законаў.

Прэзыдэнцкi кантралёр Мiкалуцкi, быў надзвычай уплывовай асобай у рэгiёне паблiзу няiснай, але стратэгiчнай для ценевай эканомiкi мяжы з Расеяй i ведаў, вiдаць, небясьпечна шмат. Адказнасьць за гэты тэракт нiхто на сябе ня ўзяў, але цяжка не пагадзiцца з прэзыдэнтам, якi заявiў у Магiлёве, што гэта палiтычнае забойства i што забойца знаходзiцца побач.

Формула «няма чалавека — няма праблемы» не перастае быць клясычнай формулай тэрору. Дзiўна, але Мiкалуцкi быў забiты менавiта ў той момант, калi значна пагоршылiся адносiны з Расеяй, калi тая прыватным чынам ставiць пасты на мяжы на шляху асноўных грузапатокаў, калi сталi вiдаць вынiкi прайграных баёў з прэсай, калi ня зьдзейсьнiлiся захады да прарыву палiтычнай блякады ў сьвеце, урэшце, калi зьявiлася патрэба ў апраўданьнi ўказу аб барацьбе з тэрарызмам. Словам, калi прыйшоў час пераводу грамадзтва ў якасна iншы рэжым iснаваньня.

Краiна заўзята сьвяткуе васьмiдзясятыя ўгодкi рэвалюцыi. Краiна мае мiлiцыi болей, чым армii. Улада абвясьцiла аб стварэньнi дружынаў са сваiх камсамольцаў. Прэса папярэджаная, маўляў, ва ўлады ёсьць кулакi. З расейскiх тэлеканалаў выразаюцца праўдзiвыя перадачы пра Ленiна.

Краiна крочыць левым маршам. Маршам тэрору i тэрарызму. Але нават, калi нас чакае найгоршы сюжэт, якi ўжо меў месца ў гэтым стагодзьдзi, тых, хто яго рыхтуе, гэта ня выратуе. Першыя вынiкi ўжо вiдаць. Бо фiлязофiя тэрору — самагубства. Iлюзiяў няма.

Алег Дашкевiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0