Сьвята чужога жыцьця

Неяк седзячы ў адной сьвяточнай кампанii, я быў вымушаны сысьцi. Растлумачыўшы свой неадкладны сыход тым, што мне тэрмiнова трэба заехаць да адной знаёмай жанчыны, муж якой знаходзiўся пад аховаю. Здаецца, маё тлумачэньне ўсiх задаволiла й, здаецца, нiкога не зьдзiвiла. Прыемная бяседа працягвалася безь мяне, прыгожая гаспадыня падкладвала саляту, а вясёлы гаспадар не забываўся падлiваць каньяк. Мая нагода сысьцi не адцягнула iхнай увагi ад нагоды «хоць у коi векi» пасядзець. Было сёмага лiстапада.

Яшчэ год таму гэтая празьмерна круглая дата выклiкала лёгкую напругу. У маёй памяцi добра захавалiся 50-я ўгодкi Перамогi, усьлед за якiмi пасьледвала вялiкая параза. Сёлетнi лiстапад наўрад цi захаваецца нават у памяцi ягоных удзельнiкаў, што так старанна рыхтавалiся да яго. Здаецца, у Менску, як нiдзе, ён павiнен быў стаць калi не Падзеяй, то Сьвятам усiх убогiх i пакрыўджаных. Гучным, размашыстым i абавязкова з «таким молодым впереди». I раптам такi Правал. Не дапамагло нават добрае надвор’е. На нечаканым у гэткi дзень сонцы раптам стала вiдавочнаю ўся наша недатычнасьць да чужога юбiлею. На вулiцы выйшлi ня дзецi, i нават ня ўнукi юбiляркi. Выйшлi яе «бедные родственники», чыя беднасьць нават не захiналася выцьвiлымi харугвамi. I якiм недарэчным на менскiх вулiцах выглядалi нашы хлопцы, пераапранутыя ў рэвалюцыйных жаўнераў. Вясёлы тэатар магчымы толькi ў Петраградзе, дзе Мiцькi суправаджвалi «галоўнага вiноўнiка» назад у Фiнляндыю. Цi ў Маскве, дзе на ленiнскiх нашчадкаў з пачуцьцём удзячнага гледача пайшоў бы падзiвiцца й я. Глядзець жа на нашых правiнцыйных камэдыянтаў... Вось i засталася адно нагода выпiць «за посьпех белага руху». Ды й гэта ўжо ня сьмешна, калi нехта сёньня можа выпiць толькi вады.

Юбiлей прамiнуў. Але пахаваньне юбiляркi ўсё адкладаецца. I менавiта тут, дзе не прымалi яе родаў. I дзе яна з апошнiх сiлаў чапляецца за жыцьцё, калечачы жыцьцi знаёмых i незнаёмых людзей. Ёй тут недастаткова шоў. Яна яшчэ верыць у сваю магчымасьць пладзiцца. Але яна мусiць памерцi. Занадта шмат людзей ёй гэтага зычаць. Жывых, маладых, моцных людзей. Ужо здольных адрозьнiваць сваё ад чужога. У якiх яшчэ будзе не адна нагода сабрацца. Зiма мiнае. Наш Юбiлей наперадзе.

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0