Застацца ў Вiльнi

8 лiстапада я вярнуўся ў Менск зь Вiльнi. У гэты дзень у касьцёле сьв. Роха ладзiўся канцэрт «Ян Голянд у Вiльнi». Як можна было не патрапiць на гэты канцэрт?

Творчае аб’яднаньне «Беларуская капэля» з’арганiзавала ўжо сёмы свой фэст. За гэтыя сем гадоў усё ж нешта зьмянiлася ў нашых ведах пра старажытныя музычныя традыцыi Беларусi —пачуцьцё першага захапленьня ад знаёмства з зусiм новымi для сябе музыкай i iмёнамi перайшло ў стадыю больш паглыбленага засваеньня цэлых культурных пластоў.

Менавiта так манаграфiчна цяпер працуе й «Беларуская капэля». Гэтым разам цэлы фэстываль быў прысьвечаны творчасьцi аднаго кампазытара — Яна Давiда Голянда. Гэты немец, спакусiўшыся на прапановы Караля Радзiвiла, у 1782 годзе перабраўся ў Вялiкае Княства.

Фэстывальныя канцэрты, што старонкi кнiгi: «Голянд у Гамбургу», «Голянд у Нясьвiжы», «Голянд у Вiльнi». Да фэстывалю выйшла невялiкая манаграфiя Вольгi Дадзiёмавай «Ян Давiд Голянд». Калi такi фундамэнтальны ўзровень «Беларуская капэля» здолее вытрымаць i надалей, дык гэтае творчае аб’яднаньне стане ня проста заўважнаю культурную зьяваю, але здолее надалей уплываць на нашыя музычныя густы.

Ян Голянд заставаўся прыхiльнiкам эўрапейскага клясыцызму. Але асацыятыўная музычная сымболiка зьнiтоўвала яго з традыцыямi барока, такога багатага ў Вялiкiм Княстве. Ян Голянд так i памёр у Вiльнi.

A.Dz.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0