Дзiвосныя пэрспэктывы

На працягу доўгага часу не магу ня думаць: «Чаму пасьля столькiх гадоў пакутаў i жаху працягвае бяларус любiць чужую Радзiму?» Адкуль гэткая любоў i зьневажаньне сваёй Айчыны? Чаму да гэтага часу баiцца ён страцiць сваю слабасьць ды падняцца з каленяў? Чаму зараз яшчэ практыкуюцца мэтады, што зноў уводзяць яго ў стан рабалепства?

Жудасна, што праводзяцца лекцыi пад назвай «Iдэi сацыялiзму i адраджэньне беларускай нацыi». Паспрабаваўшы знайсьцi адказ на ўсе пытаньнi i прыйшоўшы на гэтую лекцыю, я адчуў вялiкi боль... Адразу лектар павiншаваў усiх зь «вялiкiм сьвятам слаўнай кастрычнiцкай рэвалюцыi» i распавёў пра «гiстарычны вопыт i ўрокi Вялiкага кастрычнiка».

Балюча чуць, што пра Беларусь кажуць, як пра частку Расеi, што спрыяла распаўсюджваньню расейскага сацыялiзму.

Я прыгадаў «адраджэньне беларускай нацыi» праз iдэi сацыялiзму й тысячы ахвяраў гэтага «адраджэньня»: калi расстрэльвалi больш за дзесяць тысячаў бязьвiнных людзей на месяц; калi грузiлi ў вагоны ды вывозiлi ў сiбiрскiя канцэнтрацыйныя абозы па дваццаць тысячаў у адну ноч толькi за тое, што яны — беларусы; i ў гэты ж час шмат казалi пра ўзрост самасьвядомасьцi беларускай нацыi.

(Няўжо так прыемна поўзаць у брудзе перад сваiмi ўласнымi забойцамi ды быць удзячнымi iм за гэта?!)

Напрыканцы лектар пахвалiў i цяперашняга беларускага прэзыдэнта за працягваньне iм «сьвятой справы рэвалюцыi». Калi зараз уладай сапраўды ўспрымаюцца «ўрокi вялiкага кастрычнiка», дык, прымаючы на ўвагу мiльёны ахвяраў тых гадоў, нас чакаюць дзiвосныя пэрспэктывы...

Аляксей Панаеў, 14 гадоў, Менск

 

Паважаны спадар рэдактар!

Зь дзяцiнства я наведваю царкву, зьбiраю разнастайную iнфармацыю, што тычыцца праваслаўя. Добра, што пачалося адраджэньне менавiта БЕЛАРУСКАГА праваслаўя i што да гэтае справы спрычынiлася публiкацыямi «Наша Нiва». У №31 за 20 кастрычнiка газэта надрукавала гутарку карэспандэнта зь Пятром Гушчам, наконт якой маю выказаць свае думкi. Мяркую, яны будуць цiкавыя чытачам «НН».

Пачну крыху зь iншага. Неяк, гартаючы старыя пэрыёдыкi беларускай эмiграцыi, я натрапiў на выданьнi «Беларускай Хрысьцiянскай Артадаксальна-Каталiцкай Субожнi, насьледнiцы «Лiтоўскае Ядноты», за 1960-я гады. Мне, сьвядомаму праваслаўнаму беларусу, было цiкава, што гэта за невядомае новаўтварэньне з помесi ўсiх хрысьцiянскiх веравызнаньняў? У часопiсе «Беларуская Царква» з Чыкага (№33, сьнежань 1961 г.) знайшоў артыкул «Блазны гуляюць у субожню», у якiм распавядалася пра нейкага Рыжага-Рыскага, вельмi актыўнага ў колах беларускае эмiграцыi. Сваёй грамадзкай дзейнасьцю ён дамагаўся духоўнага сану ў... розных веравызнаньнях (?!). Спрабаваў вучыцца на ксяндза ў Ватыкане, потым у Лювэнскiм Каталiцкiм Унiвэрсытэце (Бэльгiя). Зрокся каталiцтва, быў у гiшпанскiх пратэстантаў-мэтадыстаў, амэрыканскiх кальвiнiстаў, у нейкiх сэктах i нарэшце стварыў уласную «Праўдзiва-Каталiцкую, Артадаксальную, Беларускую, Хрысьцiянскую, Кальвiнскую, Прэзьбiтэрыяльную Субожню, насьледнiцу «Лiтоўскае Ядноты», а сабе надаў тытул «Ксёндз Др. Уладыслаў Рыжы-Рыскi, Тытулярны Пастар Слуцкага Рэфармаванага Каталiцкага (Кальвiнскага) касьцёлу». Прадстаўнiкi каталiцкiх i праваслаўных суполак эмiграцыi засьцерагалi вернiкаў ад кантактаў з гэтаю цьмянаю сэктай. Праз 30 гадоў, у газэце «Беларускi Голас» (№363 за лiпень 1991 г.) зьявiлася нататка Я.Галейкi пра «Беларускую Стара-Каталiцкую Артадаксальную Субожню», якая «... закладзеная ў ЗША ў 1960 г. Уладыславам Рыжым-Рыскiм, рукапаложаным у бiскупы старакаталiкамi ў 1965 г.» У той жа год быў абвешчаны «патрыярхат», дзе першым «патрыярхам» быў Пётра Журавецкi — паплечнiк Рыжага-Рыскага па «субожнi», а потым «патрыярхам» стаў сам Рыжы-Рыскi...

Прайшоў час, «субожнi» зь «яднотамi» перабралiся ў Беларусь, але не ў аблiччы каталiцкiм, а ў строях праваслаўных. П.Гушча кажа пра «Беларускую Народную (Аўтакефальную) Праваслаўную Царкву», якая «... зьяўляецца япiскапствам Сусьветнага Амэрыканскага Патрыярхату, утворанага архiяпiскапам Уладзiславам Рыжым-Рыскiм у 1949 г. у Амэрыцы». Мiжволi паўстае пытаньне: колькi ж за сваё бурлiвае жыцьцё У.Рыжы-Рыскi заснаваў гэтых «патрыярхацiкаў»?! Далей, чытаючы гутарку карэспандэнта «НН» з Гушчам, хочацца паставiць тлустыя пытальнiкi амаль пасьля кожнага слова. I каб ня быць галаслоўным, дадаю колькi прыкладаў з цытаваньнямi:

1. Сваё ўтварэньне Рыжы з Гушчам лiчаць за «сусьветны АМЭРЫКАНСКI патрыярхат», вiдаць, ня ведаючы, што «сусьветным» ужо не адно стагодзьдзе ў праваслаўным сьвеце лiчыцца выключна КАНСТАНТЫНОПАЛЬСКI патрыярхат. НАРОДНАЙ можа быць партыя, а не Царква: яна i ёсьць — Дом Божы для НАРОДУ! Пра гэта ведаюць нават малыя дзецi ў нядзельных школках! АЎТАКЕФАЛЬНЫМ, г. зн. «незалежным» ад iншае Царквы ня можа быць «япiскапства» АМЭРЫКАНСКАГА патрыярхату — бо гэта толькi ЧАСТКА згаданага патрыярхату. Вядомыя ў сьвеце патрыярхаты заснаваныя Апосталамi (вучнямi Хрыста), альбо Патрыярхамi, а АРХIЯПIСКАП можа заснаваць хiба што фiрму пры царкве, каб гандляваць гарэлкай!

2. П.Гушча кажа пра ўтвораны АРХIЯПIСКАПАМ у 1949 г. «патрыярхат» i праз радок супярэчыць сам сабе: «... беларускi сьвятар Уладзiслаў Рыжы-Рыскi быў АСЬВЕЧАНЫ ў сан ЯПIСКАПА ярэем Вальтэрам М.Прэфэтам у 1965 г.» Як можа АРХIЯПIСКАП заснаваць нечага ў 1949 г., калi яго толькi на ЯПIСКАПА высьвяцiлi ў 1965-м?!.. Няма ў праваслаўi пасадаў кшталту «апостальскi вiзытатар, адмiнiстратар», «дэкан», «дыяцэзiя» — гэта каталiцкiя назовы.

3. Праваслаўе грунтуецца на сваёй кананiчнасьцi. КАНАНIЧНАСЬЦЬ — гэта перш за ўсё КАНОН, то бок ПРАВIЛЫ, якiя рэгулююць адносiны памiж япiскапам, сьвятаром i вернiкамi, складзеныя яшчэ сьв. Апосталамi, Сусьветнымi й Краёвымi саборамi, ды сьв. Айцамi Царквы. Зь цягам часу сёе-тое зьмяняе жыцьцё, але асноўнае — зьяўляецца падмуркам узаемадачыненьняў у Царкве. Гэта, так бы мовiць, царкоўнае «заканадаўства», якое павiнен выконваць кожны, хто лiчыць сябе ПРАВАСЛАЎНЫМ. А ў Гушчы: «Кананiчнасьць — гэта тое, што склалася гiстарычна». Гадоў 40 таму выдумалi «гiстарычна» нейкi «сьметнiк зь веравызнаньняў» — «субожню», i вось цяпер гэта будзе «кананiчна»?!.. Першае ж правiла сьв. Апосталаў кажа: «Япiскапа павiнны пастаўляць два або тры япiскапы». А згодна словаў Гушчы, «... Уладзiслаў Рыжы-Рыскi быў асьвечаны ў сан япiскапа ЯРЭЯМ Вальтэрам М.Прэфэтам». Як сьвятар высьвячае... япiскапа? Цi iнакш — як шараговец можа «высьвячаць» у генэралы?! I далей чытаем у гутарцы: «... япiскап Уладзiслаў быў уведзены ў сан архiяпiскапа АРХIЯПIСКАПАМ... Журавецкiм». Здаецца, яны сабралiся недзе на кухнi й «высьвяцiлi» адзiн аднога на «архiяпiскапаў»? Баючыся АШУКАНСТВА i трымаючы ДЫСЦЫПЛIНУ ў Цэрквах, Апосталы загадалi за правiла, каб пры пераходзе пад iншую юрысдыкцыю, да iншага япiскапа, сьвятары й вернiкi мелi прадстаўнiчую ГРАМАТУ. А ў Рыжага з Гушчам «структура дэмакратычная»: можна ад япiскапа да япiскапа швэндацца як па крамах!..

Так бы мовiць, «напхаў» мазгi людзям рознымi тытуляцыямi i пустаслоўем ды задаволена робiць выснову: «... Мяркую, весьцi размову аб некананiчнасьцi нашае царквы абсурдна». Канечне, абсурдна, калi гэтая «царква» — кананiчны АБСУРД! Няўжо БЕЛАРУС Гушча ня бачыць, што рые ямiну БЕЛАРУСКАМУ праваслаўю, ствараючы «пацешную» iлжэцаркву?!

Вось што выказаў у адным са сваiх iнтэрвiю на гэты конт Сакратар Кансысторыi сапраўднае БАПЦ сп. Б.Данiлюк: «На жаль, нашыя iнтэлiгенты мабыць не даволi iнтэлiгентныя, каб зразумець, што як палiтычнай зарукай дзяржаўнае незалежнасьцi Беларусi можа быць толькi ейнае месца ў суполцы эўрапейскiх народаў, гэтак i неабходнай духовай падмуроўкай гэтае незалежнасьцi можа быць толькi нацыянальная Праваслаўная Царква, якая мае падставы ўвайсьцi ў лiк i почасьць аўтакефальных цэркваў 250-мiльённага праваслаўнага супольнiцтва сьвету. Усялякiя ж трызьнi пра беларускае англiканства, цi падтрымка якога-колечы жульнiцтва ў рэлiгiйных справах дзеля таго, што яно карыстаецца беларускай мовай i патрыятычнымi лёзунгамi, будзь яно рыжанства цi гушчанства, цi яшчэ што iншае — нiшто iншае, як вада на маскоўскi млын». I сп. Данiлюк мае рацыю: пройдзе час, i людзi зразумеюць ня гушчава «англiканства», а ашуканства, якое толькi на карысьць аддзелам Маскоўскае Патрыярхii ў Беларусi! Цi не таму «Наша Нiва», як надрукавала Вiтаньне мiтрапалiта Iзяслава, хуценька атрымала «прывiтаньне» з пракуратуры, вырабленае не без дапамогi Фiларэта, а Гушча й дагэтуль агiтуе на мiтынгах, стварае без «рэгiстрацыi», «адбiваючы» ў Фiларэта свае прыходы — i нiчога?!..

На заканчэньне раю ўсiм шчырым, вельмi паважаным мною БЕЛАРУСАМ, але крыху недасьведчаным у рэлiгiйных справах, паразважаць i зрабiць высновы з вышэйнапiсанага...

Н.К.

P.S. Падпiсваюся псэўданiмам, бо не хачу займець непрыемнасьцяў як з боку прыхiльнiкў Гушчы, так i асьцерагаючыся непрыемнасьцяў з боку «сапраўднай» БПЦ Маскоўскага Патрыярхату на чале зь Фiларэтам.

 

Памылка казачнiка Шарля Пэро

У №8 «Нашай Нiвы» за 1992 год на 13 старонцы былi надрукаваныя «некандыцыйныя» матэрыялы «Шарль Пэро: дарослыя сэнсы дзiцячых казак» у перакладзе з францускае З.К. Гэтыя вершаваныя пераказы засталiся ў маёй памяцi, а найбольш — стрэмкай у галаве «засела» гэтая Папялушка з сваiм крышталёвым пантофлiкам, або туфлiкам. Праўда, аб iм у паэтычных радках анi слова не казалася.

Я вырашыў пераправерыць Шарля Пэро i самога сябе — цi магла быць такая зьява, як крышталёвы пантофлiк, цi туфлiк. Не, не магло такое адбыцца, бо як беларускi, так i францускi народ нават у самых незвычайных фантазiях быў заўсёды практычным, акрамя таго, пра сам крышталь у днi «нараджэньня» казкi пра Папялушку ня ведаў i не здагадваўся...

Але вернемся да самой казкi. Пра няшчаснае жыцьцё i шчасьлiвы шлюб гаротнай Папялушкi дзецi i дарослыя ведаюць амаль ва ўсiм сьвеце. Асаблiва ўсiм нам западае ў душу эпiзод, як прынц прымярае Папялушцы шкляны цi крышталёвы туфлiк або пантофлiк.

Як гэта атрымалася, што замест туфлiка (пантофлiка) са скуры цi футра, або хоць дрэва, зьявiўся шкляны (крышталёвы)?

Аказваецца, шкло па-француску пiшацца «verre», а для абазначэньня футра ў старафранцускай мове было слова «vair», але абодва яны вымаўлялiся аднолькава — «вэр». Слухаючы старыя казкi, Шарль Пэро (1628-1703) не зьвярнуў увагi на гэтыя адценьнi, i ў 1697 пры выданьнi кнiгi «Казкi маёй мамы гусынi, альбо Гiсторыi i казкi мiнулых часоў з маральнымi павучаньнямi» зрабiў для Папялушкi замест футравага шкляны (крышталёвы) туфлiк (пантофлiк)... Першым зьвярнуў увагу на гэтую недарэчнасьць дасьледчык Том Барнэм, якi ў Злучаных Штатах Амэрыкi выдаў энцыкляпэдычны «Слоўнiк несапраўдных зьвестак», дзе расказаў пра памылку Шарля Пэро.

У «Нашай Нiве» у «папялушцы, або Крышталёвым пантофлiку» былi толькi дзьве маралi, а трэцяя — будзе нашае ўдакладненьне, бо, як кажа мудрасьць: «Нiкому ня вер, нiхто не падмане»...

Мiхась Малiноўскi, Баранавiчы

 

Паштовая скрынка

А.М. зь Вiцебску. Рэцэнзiя атрымалася «перадузятая», з-за чаго аргумэнты не разьвiваюцца i не спрацоўваюць, а пагразаюць у агульнай хвалi адмоўнага настрою. У такiх выпадках крытыка мусiць быць бесстароньняю i ляпiдарнаю.

 

В.Г. зь Менску. Навошта зьбiраць подпiсы i «падымаць грамадзкасьць на абарону зборнiка Васiля Быкава «Сьцяна», калi можна замовiць гэтую кнiгу сабе, сябрам i знаёмцам i праз тое спрычынiцца да яе выхаду? Iнакш можна чарговы раз «нашумець», застаўшыся безь нiякага плёну. На нашу думку, адраджэньне нацыi адбываецца не праз выбiтыя ў палiтычнага рэжыму падачкi, а праз грамадзкiя iнiцыятывы. Калi, напрыклад, з-за матэрыяльных праблемаў вы ня можаце замовiць такую кнiгу самi, яе можа замовiць ваша рэгiянальная бiблiятэка або школа, дзе вучыцца вашае дзiця. Паведамце iм пра такую магчымасьць. Наш беларускi Дом будуецца па цаглiнцы, прырашчэньнем, а не галёканьнем, зборам падпiсак, а ня подпiсаў. Калi кожны сьведамы беларус заагiтуе на гэтую кнiгу сваiх суседзяў ды блiзкiх, то мы выдадзiм сапраўды народную кнiгу для кожнае сям’i. А «Сьцяна», паверце, таго вартая.

 

П.С. зь Менску. Апавяданьне нас зацiкавiла. Адно не хацелася б яго падпiсваць iнiцыяламi.

 

А.У. з Гомеля. Мы маглi б абмяркоўваць справу выданьня, калi б быў гатовы рукапiс. Пачынаць жа Вам варта з кансультацыяў з германiстамi. Напрыклад, з мэтрамi перакладу Васiлём Сёмухам i Лявонам Баршчэўскiм, зь людзьмi, якiя займаюцца гэтай справай у Лiнгвiстычным унiвэрсытэце, магчыма — у Iнстытуце Гётэ. Акрамя гэтага, варта, як кажуць, «вывучыць пытаньне», сабраць лiтаратуру, пазнаёмiцца зь бiблiяграфiяй. Што-нiшто ў Вашым накiрунку ўжо рабiлася i робiцца, але заўсёды, як Вы кажаце, па-скарынаўску, нiбыта зьнiадкуль. Беларусы — нацыя ня толькi паэтаў, але й саматужных гiсторыкаў ды слоўнiкароў, якiя сядзяць па гарадах i вёсках ды робяць адно й тое кожны сабе. Маеце рацыю: «нiякага адраджэньня «ў адзiночку» ў нас не атрымаецца». Таму, магчыма, i пачынаць усё трэба з аб’яднаньня высiлкаў. Цi ўзялiся б Вы за такую працу ў Вашым канкрэтным накiрунку? Цi змаглi б са сваёй iдэi зрабiць нацыянальны праект? Цi кiнулi б клiч: «Германiсты ўсёй Беларусi, яднайцеся!»? А можа яны ўжо дзе-небудзь цiхенька i аб’ядналiся?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0