Славамiр Адамовiч

Res publica Femina*

У Беларусi катастрафiчна не хапае Мужчынаў. Мужчынаў зь вялiкай лiтары, сапраўдных. Таму, вiдаць, няма i сапраўднай Свабоды. Таму i гаварыць я буду пра нашых беларускiх жанчын, самых розных, але якiя вельмi часта аказваюцца мацнейшымi за тутэйшых мужычкоў.

 

Mater familias**

Яна — i нам нiкуды ад гэтай праўды ня дзецца, ды й ня хочам мы гэтага, — яна ёсьць вытокам i грунтам, справай i сэнсам усяго нашага iснаваньня. I як бы цяжка ёй нi прыходзiлася — яна выстойвае. I колькi б мужчынскае племя нi гаварыла пра яе brutto, яна застаецца netto. Баюся толькi, што страцiўшы Матку нашу адзiную Беларусь, мы страцiм i матак нашых у сем’ях, i сёстраў нашых родных i названых, i жонак нашых у шлюбе богапрызнаным... Страцiм, як многiя ўжо дагэтуль.

 

 

Нюта

Нiколi не забуду момант, калi мне выпала быць сьведкам таго, як мацi чакае сына. Я маю на ўвазе маю сястру, маю траюрадную сястру Нюту Кратовiч (прозьвiшча, вядома, дзявочае). А гiсторыя здарылася наступная. У сярэдзiне сямiдзясятых дзьве сястрычкi, дзьве прыгожыя беларускi, Аня i Тамара, як i тысячы iхных равесьнiц, зьехалi ў Менск шукаць сваё шчасьцейка. Абедзьве выйшлi замуж, у абедзьвюх па двое дзяцей: у старэйшай дачкi, у Нюты — дачка й сын. Дзесяць гадоў адпрацавала сястрыца ў лiцейным цэху менскага трактарнага — адрабляла трохпакаёвую кватэру, набытую разам з мужам, дарэчы, патомным менчуком. Праца ў лiцейцы падарвала здароўе, хоць ёй няма яшчэ й сарака. А муж аказаўся тым банальным мужычком, якi сьпiўся i перастаў з гэтае прычыны быць, хоць, што праўда, яшчэ дзесь iснуе. Гады два таму трактарны прастойваў асаблiва часта, паколькi прэзыдэнт, як i абяцаў, заводы «запусьцiў». Я тады час ад часу наяжджаў да сястры, каб неяк падтрымаць яе ў змаганьнi зь лёсам, а заадно — што тут казаць — i лiшнi раз палюбавацца незьнiшчальнай прыгажосьцю маёй кузыны.

Нюта — адно зь першых маiх, яшчэ дзяцiных, захапленьняў. Ня цяжка здагадацца, што мне асаблiва балюча было назiраць крах ейнага замуства. Але, на шчасьце, зь Нютай засталiся яе цудоўныя дзецi. Хутка яны стануць паўналетнiмi. Дачка выйдзе замуж, а сын будзе пры ёй, адзiны й самы верны. Таму, калi неяк надвечар я заехаў да Нюты, то не сустрэў асаблiвай радасьцi ў ейных вачах. Я прыехаў раней за яе сына. Тады мне пашчасьцiла ўбачыць адну з самых кранальных сцэнаў у нашым тэатры жыцьця: я бачыў, ЯК Мацi чакае Сына. Паэты сапраўды ня хлусяць, калi пiшуць пра Мацi-птушку, якая iмкне насустрач свайму дзiцяцi, Мацi-iльвiцу, Мацi-патрыётку...

Седзячы за сталом на кухнi i назiраючы, як Нюта выглядае за шыбаю — цi ня йдзе ўжо яе сын з трэнiровак пасьля заняткаў у вучэльнi, я думаў, што гэтае чаканьне й называецца «прагледзець вочы».

 

 

Валя

Не магу не напiсаць пра яе. Адна з сапраўдных захавальнiц беларускай традыцыi. Родам з аднаго ваяўнiчага i вольналюбiвага мястэчка, са Случчыны. Яшчэ ў 70-х у мястэчку тым iснаваў непiсаны закон: выходзiць замуж толькi за свайго местачковага хлопца, жанiцца толькi са сваёй местачковай дзяўчынай. Валя так i зрабiла — выйшла за аднаклясьнiка, нарадзiла дачку, скончыла мэдiнстытут, усё жыцьцё ходзiць на службу, летам выхаднымi прападае на лецiшчы. Шые, вышывае, абмывае мужа, якi ходзiць на старану.

У Валi дачка ад мужчыны, за якога яна выйшла па традыцыi, паводле «закону», не зь вялiкай любовi, але й ня зь нехацi. Яна цiха i ўпарта цягне свой вазок, сваю каламажку лёсу памiж працай i двухпакаёўкай у Серабранцы-менскай. Адзiнокая пры жывым мужы, прыгожая, гордая, раўнiвая, мужная, цiхая нацыяналiстка, работнiца.

Даруй, што мы разьмiнулiся ў часе i не змаглi парушыць традыцыю!..

 

 

Гэля

Гэлена Дзiсько, аўтарка «Нашай Нiвы». Родная сястра Вiтольда Дзiсько, закатаванага гэбiстамi ў 64-м, пра што ўжо пiсалася.

Гэля мае дачку (працуе разам з мацi на фэрме) i сына (служыць у войску). У свой час яна зь дзецьмi вярнулася на Бацькаўшчыну з-пад Сьвянцянаў, якiя цяпер пад сучаснай Лiтвой. Ведае акрамя лiтаратурнай беларускай польскую i лiтоўскую мовы. Пасьля школы вельмi хацела пайсьцi вучыцца, ды лёс распарадзiўся iначай. Любiць i чакае з войска сына. Даўно забылася, што такое мужчынская пяшчота. Нармальныя мужчыны ў правiнцыi занятыя, а свой сьпiўся i адпаў, як счарнелы асiнавы лiст-трапятун.

У чарговым лiсьце на маё iмя Гэля пiша: «... Яшчэ перадай маю падзяку за перавод, якi прыйшоў якраз дарэчы. Грошы заўсёды бываюць дарэчы, асаблiва ў нас. Я за iх выпiсала газэты на наступны год... Самая галоўная падзея: Вiця быў дома ажно тры днi. Ён там добра змайстраваў плот i яшчэ нешта рабiў, таму яго адпусьцiлi на трое сутак... Вiця думаў, што ў нас што-небудзь зьмянiлася. Але ўсё па-старому: п’янства, дэбiлiзм i поўная абыякавасьць да ўсяго ў сьвеце.

Вiця марыць зрабiць рамонт i тады паехаць да цябе ў Менск, бо, кажа, тут ён атупее i сап’ецца.

Сёньня ў нас у калгасе было сьвята. Давалi прэмiю амаль што ўсiм, хто добра працаваў. Людзi ў нас амаль усе добра працуюць, i старшыня ў нас цяпер нiшто чалавек, не бальшавiк, як быў той. Зоська мая атрымала 700 тысячаў... Я заняла 2-е месца па малацэ, далi двох парасят.

Што з тымi хлопцамi, што сядзяць у турме? Гэты зараза ўжо, як i Сталiн, дзяцей у турму садзiць. Перадай ад мяне словы падтрымкi i спачуваньня для мацi Вадзiма Лабковiча...»

А яшчэ Гэлена Дзiсько разам з дачкою падпiсалася пад «Хартыяй-97». I лiсты яна пiша паводле «тарашкевiцы» з таго часу, як стала чытаць «НН».

 

 

Марыя

Марыя Ўладзiмераўна. Дзетдомаўка. Яшчэ пяцiдзесяцi няма. Любiмага мужа пахавала. Адыход ягоны перажывала так моцна, што й сама захварэла — зашчапiла нэрв у пазваночнiку. Кажа, нетрадыцыйная мэдыцына дапамагла. Але працуе цяпер на спакойнай i лёгкай рабоце.

Знайшоўся быў чалавек, зь якiм думала век давекаваць, ды не атрымалася. Чалавек гэты пачаў пiць i хутка дапiўся да белай гарачкi. Урэшце пад час чарговага прыступу ўсадзiў сабе нож у сэрца. А нажом-ткi ён любiў размахваць. Зрэшты, як кажа Марыя, дзецi таксама маглi дапамагчы бацьку пайсьцi на той сьвет. Часта яны яго таўклi, часта ён прыходзiў да сваёй Марыi зьбiты, у крывi. Але не для Марыi ён быў...

У свае сорак сем яна зусiм сiвая. Носiць кароткую стрыжку, але не фарбуецца. Есьць часнык i ўжо не спадзяецца спаткаць свайго мужчыну. Мае, мiж iншым, нямецкiя каранi ў родзе, муж быў расейцам. А вось з замужняй дачкой у яе ня склалiся адносiны, настолькi, што яна думае адпiсаць сваю трохпакаёвую кватэру зусiм староньняму чалавеку. Марыя верыць свайму новаму знаёмаму, вяжа яму швэдар i пiша ў падараваным яму ж нататнiку: «Желаю счастья очень много и все невзгоды избежать, ещё любви тебе желаю, хорошей, чистой как слеза...»

Нi другой дачкi, нi сына ў Марыi няма. У цэлым сьвеце iншай раднi яна ня мае.

 

 

Багуслава

Ужо даўно адна. У сваю двухпакаёўку пасьля мужа так нiкога й не прывяла. Не, у яе няма праблемаў, што да мужчынскае ўвагi. Проста другое каханьне так i не прыйшло. Затое ёсьць любы сын, якi ад яе далёка, у Расеi, займаецца бiзнэсам. А вось унука яшчэ не падарыў.

Багуслава таксама кажа, што мае кроплю нямецкае крывi. Але найперш яна беларуска, нават нацыяналiстка. Зь вялiкае сям’i яна адна змагла выбрацца ў горад i атрымаць адукацыю. I гэта дзякуючы старэйшай сятры, якая была для меншай i за бацьку, i за матку.

Багуслава працуе пэдагогам, сьпявае ў фольк-гурце i не губляе жыцьцёвага аптымiзму. Але, як i ўсе жанчыны, яна не цураецца нi сьлёзаў жалю да самой сябе, нi пачуцьцяў рэўнасьцi, нi гатоўнасьцi паверыць любiмаму чалавеку безаглядна, беспаваротна.

 

 

Чатыры Iрыны

Iрына Мiкалаеўна

Мае 34 гады. Выглядае на свой узрост. Працуе ў мэдычнай установе, да нядаўняга часу брала дадатковую работу ў «хуткай дапамозе»... Любiмаму сыну Сяргею, народжанаму ад любiмага некалi першага мужа, споўнiлася трынаццаць. Iрына Мiкалаеўна з захапленьнем расказвае, як лёгка яна вынасiла свайго першынца, як хацела нарадзiць яго. «Жывата» не было вiдаць настолькi, што, калi цяжарная заявiлася ў раддом i сказала: «Я прыйшла нараджаць», дактары ёй не паверылi. Прыйшлося паказаць дакумэнты.

Сын Сяргей — гэта ўсё, што засталося ад першага ў жыцьцi Iрыны Мiкалаеўны мужчыны й мужа. Яна ўспамiнае, як дружна, у якой любовi жылi яны свае першыя пяць гадоў. У доме заўсёды было весела, частымi гасьцямi ў iм былi сябры i знаёмыя. Муж быў заўзятым паляўнiчым i рыбаловам, разводзiў кактусы i акварыюмных рыбак, а аднойчы падабраў у тралейбусе бадзяжнага ката. Iрына Мiкалаеўна мусiла потым выхаджваць тое божае стварэньне. А вось другога дзiця ейны мужчына так i не захацеў. I цi ня з гэтай нехацi пачалося потым тое, што пачалося: муж пачаў пiць, нешта ў iм надламiлася. Нiбы чалавек датэрмiнова выканаў сваю чалавечую праграму на зямлi. А тое, што яшчэ перамяшчаецца па паверхнi фiзычная абалонка былога мужа Iрыны, дык цяпер гэта проста фармальнасьць, бо ЧАЛАВЕК ейны зьнiк, прапаў назаўсёды. I нават лёс уласнага сына яго не цiкавiць.

А сын, сын сапраўды прыгожы, вiдаць, што народжаны ў любовi. Сяргей займаецца бальнымi танцамi, вядзе свой юначы дыярыюш i захоўвае ў сваiм спальным пакоi фатаграфiю, на якой ён маленькi, а побач мама i тата. Час ад часу Сяргей дастае фота i глядзiць на такое добрае, маладое i вусатае аблiчча бацькi. У дзёньнiку Сяргей некалi запiсаў: «Когда мама приходит с работы, я старюсь её развеселить. Папа опять пьяный. Я его ненавижу...»

Другi раз Iрына Мiкалаеўна выйшла замуж за мужчыну, маладзейшага за яе гадоў на пяць. Зь iм яна пражыла яшчэ менш, чым зь першым. Гэтым летам яны зьбiралiся разьвесьцiся. Але здарылася так, што другi мужчына выехаў за мяжу, як ён казаў, на заробкi. А потым прыйшла позва зь мiлiцыi. Iрыну Мiкалаеўну дапытваюць, дзе i пры якiх абставiнах яна апошнi раз бачыла мужа, якi праваахоўнымi органамi падазраецца ў злачынстве.

Iрэна

Сорак гадоў. Калi яна затрымлiваецца ў сяброўкi Iрыны Мiкалаеўны, сын Зьмiцер тэлефануе сыну Сяргею i просiць паклiкаць маму.

Дзiма ўжо амаль дарослы i вучыцца ў вучылiшчы. 23 лiстапада ён разам з мамай i цёцяй Iрынай быў на апазыцыйным мiтынгу i ад душы выкрыкваў антырэжымныя лёзунгi.

Мама Iрэна шукае новую работу i мужа. Першы ейны мужчына, якога яна так кахала яшчэ са школы, таксама сьпiўся, сьпiўся i памёр у няпоўныя сорак. Сьпiўся ён пасьля таго, як стаў займацца гарэлачным бiзнэсам. А да гэтай пары яны ўдваiх служылi ў савецкiм ВМФ, у горадзе Балтыйску. Потым распаўся СССР, муж, жонка i сын вярнулiся на Бацькаўшчыну... Цяпер Iрэна працуе домаўпарадчыцай трохпавярховай будынiны, якая належыць «новаму беларускаму». «Новы» сплочвае спадарынi Iрэне за прыборку трох паверхаў два з паловай мiльёны й тым самым падтрымлiвае ў Краiне сытуацыю «а-ля 1917»...

Iра-сабачнiца

Сабачнiца, бо любiць сабак. А яшчэ — свайго сына, якi застаўся ад мужа. Гора-тата зрабiў дзьве ходкi на турму i дзе цяпер знаходзiцца — сказаць цяжка. Iра больш не перажывае: яна мае працу ў краме, сына, сабаку, якога трэба кожны дзень выгульваць, i гэткiх жа адзiнокiх сябровак, зь якiмi можна сустрэцца i разам дружна паплакаць над сваёй бабскай доляй.

Iруся

Iруся мэдык, хiрург. Гадкоў трыццацi пяцi. Яна ўвогуле не была замужам. Не сказаць, што ня бралi, хутчэй сама ня йшла, усё хацелася «пагуляць». Дужа панiкавала, калi даведалася, што стала цяжарнаю. Але Iрына Мiкалаеўна адназначна парадзiла: нараджай, сяброўка, калi ня хочаш застацца векавухай.

Нарадзiлася дачка. Бацька дзяўчынкi даў ёй сваё прозьвiшча, хоць маму замуж яшчэ ня ўзяў. Аднойчы да Iрусi вярнулiся панiчныя настроi, пачала папракаць сяброўку тым, што тая дала ёй дрэнную параду. Iрына Мiкалаеўна падумала тады, цi не забраць нованароджаную сабе...

Пакуль што гадавалая Люба застаецца з роднаю мамай. Дачку Iруся назвала ў гонар сваёй мацi, якой даўно ўжо няма побач.

 

 

Ядзя

Ядвiга Язэпаўна Лабковiч, мацi Вадзiма Лабковiча (гл. №31 «НН» за 20 кастрычнiка 1997 г.).

 

 

Ex toto***

Можна было б яшчэ доўга распавядаць пра нашых жанчын, сярод якiх ёсьць ня толькi захавальнiцы сямейнага агменю, але й таленавiтыя гетэры, банальныя распусьнiцы, iстэрычныя дурнiцы... Аднак сказана дастаткова, каб задумацца над праблемаю, якiм чынам Беларуская Нацыя дваццаць першага стагодзьдзя зможа арганiзаваць супрацiў уласнаму фiзычнаму й духоўнаму вымiраньню. I запомнiць наступнае: Quod non licet feminis, aeque non licet viris****.

 

* Рэспублiка Жанчына (лац.).

** Мацi сямейства (лац.).

*** Цалкам, поўнасьцю, бяз рэшты (лац.).

**** Што не дазваляецца жанчынам, тое самае не дазваляецца i мужчынам (лац.).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0