Невядомыя кнiгi Скарыны набытыя на аўкцыёне ў Лёндане

 

5 сьнежня а другой гадзiне дня ў галоўным памяшканьнi аўкцыёну «Christie’s» дырэктар бiблiятэкi iмя Скарыны ў Лёндане айцец Аляксандар Надсан зрабiў незвычайную пакупку — сабраныя ў адным пераплёце пяць кнiг Францiшка Скарыны праскага выданьня. Унiкальнасьць знаходкi ў тым, што яна дагэтуль знаходзiлася ў прыватнай калекцыi i была невядомая навукоўцам. Непасрэднае дачыненьне да гэтай падзеi меў Сяргей Шупа.

 

С.Шупа: Напачатку кастрычнiка я натыкнуўся ў Інтэрнэце на абсалютна неверагодную навiну. 26 лiстапада 1996 году на аўкцыёне «Christie’s» у Лёндане выстаўляўся на продаж гэты Скарынаў зборнiк. Што я зрабiў адразу, як толькi пабачыў гэтую iнфармацыю? Я затэлефанаваў у «Christie’s». Яны даслалi мне старонку са свайго службовага каталёгу, дзе было напiсана, што кнiга ацэньваецца ад чатырох да шасьцi тысячаў фунтаў i што яна не прададзеная. Ад такой навiны ў мяне проста вырасьлi крылы. Найбольш дзiўным было тое, што дагэтуль кнiжка заставалася ня купленай. Бо iснавалi i ёсьць iнстытуцыi, якiм паводле службовых абавязкаў трэба было штосьцi такое высочваць i скупляць. Хоць бы тая самая Брытанская бiблiятэка i ейны славянскi аддзел, якi заўсёды ўважлiва сочыць за гэткiмi падзеямi. Але сталася так, што яны гэтую кнiгу прагледзелi i на тым менавiта аўкцыёне не прысутнiчалi.

Сумневы ў аўтэнтычнасьцi кнiгi разьвейвалiся даволi падрабязным апiсаньнем у каталёгу. Наўрад цi нехта стаў бы падрабляць нешта нагэтулькi маргiнальнае для эўрапейскiх аматараў кнiгi i, тым больш, выстаўляць за такую цану, якая, па прызнаньнях шмат каго са спэцыялiстаў, да якiх я пасьля зьвярнуўся, была не такая ўжо й вялiкая.

У склад зборнiка паводле каталёгу ўваходзiлi першая, другая, трэцяя, чацьвертая i шостая кнiгi, якiя выйшлi пасьля першай, пасьля Псалтыра. Гэта кнiгi Iова, Прытчаў Саламонавых, Iсуса Сiрахава, Эклезiяста i Прамудрасьцi Божай. Пабачыўшы гэты склад, я адразу зьвязаўся з дасьведчаным спэцыялiстам доктарам Немiроўскiм з Масквы i папрасiў яго ідэнтыфiкаваць такi зборнiк. Ён паведамiў, што гэты зборнiк дагэтуль навуцы быў няведамы, не апiсаны i адкуль ён узяўся — невядома.

Цяпер першае, што трэба было зрабiць, гэта, не задумваючыся аб наступствах, падаць заяўку на аўкцыён «Christie's», маўляў, я гатовы набыць гэтую кнiгу. Я гэта зрабiў, думаючы, што пасьля неяк разьбярэмся.

Наступны крок. Прыпамiнаючы нядаўнюю праскую Скарынаўскую канфэрэнцыю, дзе загадчыца аддзелу старадрукаў Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi Тацяна Рошчына прасiла дапамагчы ў адшуканьнi i спрыяньнi набыцьцю новых Скарынавых асобнiкаў, я адразу паведамiў ёй. Тым часам прыйшоў факс з аўкцыёну, што яны скантактавалiся з прадаўцом i ён згадзiўся на прапанаваную суму, што апошнi раз стукнуў аўкцыённы малаток i кнiга прададзеная, яе заставалася толькi выкупiць. Працэс выкупу трэба было прысьпешыць, бо тэрмiны i ўмовы дыктаваў аўкцыён. Тады я паведамiў дырэктару Нацыянальнае бiблiятэкi ў Менску Галiне Алейнiк, каб яна знайшла ўсе магчымыя шляхi як найхутчэйшай перадачы грошай, каб можна было выехаць у Лёндан i кнiгу выкупiць.

Далей я мушу адгарнуць сумную старонку гэтай гiсторыi. На жаль, сама бюракратычная працэдура атрыманьня бiблiятэкай грошай даволi складаная, заблытаная i ў нашай сытуацыi амаль не пакiдала нiякiх шанцаў на посьпех. У той дзень, калi паводле ўмоваў аўкцыёну мне трэба было канчаткова вырашаць (а я, ясная справа, дзеля падстрахоўкi зьвязаўся зь яшчэ некаторымi ўстановамi, якiя былi б гатовыя выкупiць гэтую кнiгу), грошы, якiя мiнiстэрства выдзелiла, толькi мелiся паступiць на рахунак бiблiятэкi ў выглядзе беларускiх рублёў. I гэтак былi перакрытыя ўсе шляхi гэтай кнiгi ў Менск. Абставiны прымусiлi мяне прыняць запасное рашэньне, а менавiта прапанаваць гэтую кнiгу для набыцьця беларускай бiблiятэцы ў Лёндане, дзе дырэктарам айцец Аляксандар Надсан.

5 сьнежня ўсё адбылося даволi будзённа. Мы з айцом Надсанам зайшлi ў памяшканьне аўкцыёну. Кнiга аказалася цудоўна захаваным фалiянтам у драўлянай вокладцы, абцягнутай валовай скурай. Мы скiравалi да касы, айцец Аляксандар выпiсаў чэк i такiм чынам акт пакупкi на аўкцыёне «Christie’s» адбыўся.

Што да ўладальнiка кнiгi, аўкцыён ня мае права паведамiць, хто быў той прадавец. Адзiнае, што нам паабяцалi (мы пакiнулi свае каардынаты), што паспрабуюць зь iм зьвязацца. Нам сказалi, што гэта чалавек, якi часта бывае ў разьездах і што калi яны яго знойдуць i калi ён згодзiцца даць нам iнфармацыю, яны нам паведамяць. Так што гэта наступны разьдзел гiсторыi, разьвязкi якога трэба яшчэ дачакацца.

(Гэты матэрыял падрыхтаваны пры спрыяньнi Алены Цiхановiч i Беларускай рэдакцыi радыё Свабода.)

Гадоў 10 таму, калi мы зь сябрамi набiралi тэксты першых незалежных газэт на кампутары, нельга было нават уявiць сабе, якая рэвалюцыя тэхналёгiяў адбудзецца неўзабаве. Тая кампутарная прыстаўка да тэлевiзара, зь якой файлы перапiсвалiся на магнiтафон, выглядала больш на забаўку, чым на заўтрашнi дзень выдавецкае справы. Тады, 10 гадоў назад, паўсюль яшчэ стаялi лiнатыпы i кожны газэтны i кнiжны радок адлiваўся ў мэтал. Друкарнi мала чым зьмянiлiся ад Скарынавых часоў. Хiба што болей стала грукату i смуроду.

I вось сёньня, праз 10 гадоў, ужо цяжка ўявiць сабе газэту або кнiгу, якая набiраецца ў мэтале, або выдавецтва, не аснашчанае кампутарамi. Найноўшыя праграмы вёрсткi, прыёмы сканаваньня здымкаў, найусялякiя шрыфты... Магчымасьцяў столькi, што не пераспрабуеш за жыцьцё. Гэтак на тэрыторыi разваленага сэсэсэру непрыкметна адбылася амаль нiкiм не заўважаная сапраўдная рэвалюцыя тэхналёгii, iнфармацыi i культуры. Яна стала часткай усеагульнай рэвалюцыi, iмя якой Iнтэрнэт.

Сусьветная кампутарная сетка заўтра заменiць тэлевiзар, радыё, а магчыма i газэты зь бiблiятэкамi. Праблема выбару iнфармацыi набывае тут зусiм iншую якасьць. Вы прыходзiце дадому, сядаеце ў фатэль i выбiраеце не адзiн зь пяцi або пяцiдзесяцi тэлеканалаў, а тое, што вам хочацца глядзець i слухаць: апошнiя навiны зь любой сфэры жыцьця на любой мове, або кiнафiльм — адзiн з усiх калi-небудзь зьнятых, або нават размову зь сябрам, якi пяць гадоў назад эмiграваў у Аўстралiю i хоча паказаць вам сваiх авец. Iншая якасьць выбару безумоўна паўплывае на характар i сутнасьць чалавека, зьменiць яго так, як у свой час зьмянiла урбанiзацыя. Для беларускай культуры гэтыя зьмены азначаюць новы этап — пасьля Скарынавай друкаванай кнiгi. Усё гэта адбываецца сёньня, у канцы ХХ стагодзьдзя, але зьменены культурны ляндшафт мы пабачым, бадай, ужо ў наступным тысячагодзьдзi.

Рэвалюцыя адбываецца непрыкметна, але пры гэтым яна татальна руйнуе ўсе ранейшыя ўяўленьнi i нават iдэалёгii. Уявiце сабе гома саветыкуса, якi пралiчвае мэгабайты свайго харддыска або шукае аднадумцаў у Iнтэрнэце. Я не ўяўляю. Рэвалюцыя не заўважаецца, таму што для нас яна ўсё яшчэ чужая. Яна ня стала тэмай дыскусiяў у друку. Усе дыскусii i пазнавальныя матэрыялы нiбы з маўклiвае згоды аддадзеныя на водкуп Захаду, дзе, зрэшты i ствараюцца новыя тэхналёгii. Але пра тое, якiя зьмены гэтыя тэхналёгii прыўносяць у беларушчыну, у нас не гавораць. Хоць, магчыма, гаварыць пра гэта нашмат важней, чым абмяркоўваць антыбеларускiя дэструкцыi сёньняшняга рэжыму. Прынамсi, гэта стваральная тэма, якая абяцае беларушчыне вялiкую будучыню.

Уявiце сабе, што праз тры-пяць гадоў Iнтэрнэт будзе ў кожнай школе, у кожнай бiблiятэцы, у кватэрах. I канкурэнцыйнасьць нашае культуры ў кiбэрпрасторы запатрабуе ад нас зусiм iншага погляду, iншага мысьленьня, iншых хуткасьцяў. Напрыклад, поўны збор твораў Купалы вы набудзеце на адным кампакт-дыску, дзе акрамя тэкстаў будуць i жывы голас песьняра, i, скажам, вiдэазапiс ягонай п’есы «Тутэйшыя» ў Купалаўскiм тэатры, i ўся пэрсанальная энцыкляпэдыя «Янка Купала». Прычым выраб такога дыска зойме некалькi месяцаў, тады як традыцыйны Збор твораў патрабуе доўгiх гадоў выданьня.

Ведаю, што нашы пiсьменьнiкi старэйшага пакаленьня адхрышчваюцца ад кампутара як ад чорта. Але, на жаль, публiчныя дыскусii пра мастацкае слова ў Iнтэрнэце вядуцца ня ў нас, а ў Амэрыцы, дзе ўжо выказаная ўся магчымая аргумэнтацыя як за так i супраць. Беларусь не навалiлася талакою на кiбэрпрастору. У нас зусiм няма беларусiзаваных праграмаў, мы карыстаемся расейскiмi, польскiмi або ангельскiмi. Створаны некалi Вiктарам Аўтушкам кампутарны перакладчык з кiрылiцы на лацiнку — цi не адзiная беларуская праграма за гэтыя 10 гадоў.

Тым ня менш, беларускае слова пашыраецца ў Iнтэрнэце. Мы таксама апаноўваем гэтую прастору. Некалькi газэт, падштурхнутых да кiбэрпрасторы небясьпекаю быць закрытымi ва ўласна газэтным выглядзе, кнiгi, даведнiкi. Паказальна, што найбольшая беларуская культурная падзея, зьвязаная з Iнтэрнэтам, злучыла сёньняшнюю тэхналягiчную рэвалюцыю з папярэдняй, з iмем Скарыны. Сяргей Шупа адшукаў у кампутары выстаўленую на продаж ягоную кнiгу.

Гэтая падзея нацыянальнага маштабу наштурхоўвае на процiлеглыя думкi. Па-першае, пра маральны бок справы, калi асобныя людзi набываюць кнiгу, якая б зрабiла гонар нацыянальнай бiблiятэцы ды i ўсёй краiне, галоўны праспэкт якой носiць iмя першадрукара. Набываюць таму, што дзяржаўныя органы гэтай краiны тое мала абыходзiць. Па-другое, думаецца пра будучыню беларушчыны ў кiбэрпрасторы. Другая тэма, безумоўна, цiкавейшая, бо дазваляе казаць пра рэальныя справы i самыя неверагодныя фантазii, якiя пры новых тэхналёгiях можна ўвасобiць у жыцьцё. Мабыць, у наступным стагодзьдзi гэтая тэма стане галоўнай тэмай культуры ў Беларусi. А першая думка, наадварот, можа завесьцi ў прыгноблены стан, чарговы раз прымусiць казаць пра пагiбель беларушчыны, мовы, культуры. Калi ж дзьве гэтыя думкi зьвесьцi разам, мы атрымаем яшчэ адзiн доказ часовасьцi сёньняшняга антыбеларускага рэжыму, якi не знайшоў у сабе анi сродкаў, анi цiкавасьцi, анi элемэнтарнага разуменьня, каб прыдбаць для нашчадкаў вечную кнiгу.

Бадай, галоўная асаблiвасьць Iнтэрнэту — гэта ягоная ўсеагульнасьць. У гэтай прасторы беларуская культура сапраўды адкрытая сьвету. Яе творы могуць уваходзiць у Iнтэрнэт у любой кропцы Зямлi i ў любой iншай кропцы прымацца. Яе будучыня тут залежыць толькi ад яе самой. Яшчэ трохi, i гэтая гiганцкая хваля зьнясе на сваiм шляху ўсё, што прыносiць нам сёньня так шмат засмучэньняў і праблем.

Сяргей Паўлоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0