ЧУЖЫЯ непатрэбныя нiкому

 

Калi глядзiш апошнiм часам навiны ў тэлебачаньнi робiцца нiякавата ад таго, як сыходзiць гэты год — катастрофы, выбухi, аварыi на шахтах, у небе, на дарогах. На тэлеэкранах агонь, клубы дыму, разбураныя будынкi...

Недзе гэтыя катастрофы сягаюць межаў нацыянальных бедзтваў i тады прыспускаюцца нацыянальныя сьцягi, людзi становяцца сур’ёзнымi, закасваюцца рукавы i пачынаецца аднаўленьне. Людзi, зараджаныя станоўчай iдэяй, здольныя на немагчымае. Галоўнае хацець i верыць.

Тое, што мы бачым у тэлевізіi адбываецца, дзякуй Богу, па-за нашымi межамi. У нас цiха. Нашая нацыянальная катастрофа адбылася ўвесну 1995 году. На даху былога ЦК.

Цяжка прыгадаць краiну, якая б перажыла падобны шок. Нацыянальны сьцяг не прыспусьцiлi. Яго дралi... На кавалкi... Дралi не акупанты, не захопнiкi, не чужыя... Яго дралi свае... Але чужыя...

З таго самага часу яны перасталi быць для нас сваімі. Рукi, якiя дралi наш сьцяг, верагодна, прагнулi стаць сваiмi для кагосьцi iншага, але ня сталi. Яны сталi чужымі... Для ўсiх. Iншага не магло быць. Такi лёс здрады.

Тады, у траўнi 1995 мы сягнулi дна. Дна адчаю, разгубленасьцi, абыякавасьцi. Але — вугал падзеньня роўны вуглу адлюстраваньня. Гэта закон. З тае хвiлiны нашае грамадзтва трапiла ў сфэру дзейнасьцi гэтага закону.

Рукам, якiя дралi наш сьцяг, здавалася, што яны ў стане зьнiшчыць сымбаль.

Колькi фарбы пераводзiцца на тое, каб замазаць наш сымбаль на нашых платах, а колькi яшчэ перавядзецца. Ён праяўляецца. Ён будзе праяўляцца заўжды i паўсюль, пакуль зноў ня зойме сваё належнае месца.

Можна кiдаць за краты дзяцей, якiя фарбуюць беларускiя сьцены ў беларускiя колеры, можна прымушаць iншых дзяцей хадзiць пад ня нашымi сьцягамi, гэта нiчога ня зьменiць. Рукапiсы не гараць, ня рвуцца, не замазваюцца, ня кiдаюцца за краты.

Гэта аксiёма, якая дзейнiчае нават больш надзейна, чым закон.

Мы падымаемся цяжка. Так, як падалi. Падымаемся пакутлiва, хiстаючыся. Зьбiваючы зь сябе ўсё нявартае, штучнае, недасканалае. З нас зьлятае акалiна. Мы набываем форму.

Мы падымаемся. Гэта вiдаць зь няўдалага леташняга рэфэрэндуму. Гэта вiдаць з букету забаронных указаў, якiя неўзабаве будуць прынятыя. Гэта вiдаць праз забарону «Свабоды». Гэта вiдаць зь няўдалага прарыву да суседзяў. Чужыя нiкому не патрэбныя.

Мы падымаемся — гэта напiсана на твары сваіх беларускіх палкоўнiкаў з улётак у абарону свабоды.

Наступны год ня спынiць нашага пад’ёму, ён можа толькi яго прысьпешыць. Нiякiя ўраганы, бедзтвы, мафii, указы ня ў стане нам замiнаць. Таму што мы аднаўляем сваё. Таму што гэта прырода. Таму што гэта не залежыць нават ад нас.

 

Чужым застаецца адно — пакаяньне, калi яны на гэта здольныя. Не дзеля таго, каб стаць для нас сваімі, гэта наўрад цi магчыма. Дзеля таго, каб не застацца чужымі. Для ўсiх. Бо чужыя не патрэбныя нiкому, нават самiм сабе.

Алег Дашкевiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0