Генадзь Сагановiч

Эўрапейскае рэха полацкай трагедыi

 

Помню, у асьпiранцкiя гады ўразiла тэза патрыярха нашай гiстарыяграфii Мiтрафана Даўнара-Запольскага, якi пiсаў, што сярэднявечная Беларусь была краiнай эўрапейскай. I вось цяпер заўважаю, што новавыяўленыя сьведчаньнi пра гэта зусiм не зьдзiўляюць, а ўспрымаюцца хутчэй як нешта тыповае. Факты трывала ўпiсваюць Беларусь у эўрапейскi кантэкст. Варта толькi ўгледзецца.

Пра вайну маскоўскага цара Iвана Жахлiвага ў Iнфлянтах, захоп Полацка i акупацыю Паўночнай Беларусi пiшуць нарэшце нават у школьных падручнiках. Аднак новыя крынiцы адкрываюць новыя, надзвычай цiкавыя аспэкты гэтых, здавалася б, хрэстаматыйных падзеяў. Рэч у тым, што з усёй той гісторыі менавiта лёс Полацка выклiкаў найбольшы рэзананс у Эўропе.

Так, увагу Сьвятой Рымскай iмпэрыi нямецкай нацыi прыкаваў не напад вялiзнай армii маскоўскага цара на Iнфлянты, i нават ня поўны разгром Iнфлянцкага ордэна. Нямецкую публiцыстыку тых часоў па-сапраўднаму ажывiлi зьвесткi пра зьнiшчэньне Полацка. Трагедыi найстарэйшага беларускага горада прысьвечана дзесяць асобных iнфармацыйных лiсткоў, што пабачылi сьвет у тым жа 1563 годзе ў Нюрнбэргу, Аўгсбургу, Любэку ды iншых гарадох, у тым лiку дзьве рукапiсныя «газэты». Дзякуючы ласкавай дапамозе прафэсара Андрэаса Капэлера (Кёльн) i Монiкi Банькоўскай-Цюлiх (Цюрых), мне ўдалося сабраць копii амаль усiх гэтых старадрукаў, што i дазваляе пазнаёмiць зь iмi чытачоў «НН».

З усiх датычных Полацка «лятучых лiсткоў» бадай першым па часе стала аўгсбурскае выданьне з тытулам «Праўдзiвая i страшная газэта пра жудаснага ворага Маскавiта». Яно выйшла пасьля 15 лютага 1563 году, недзе адразу пасьля захопу Полацка, i друкавалася ў некалькiх варыянтах. Вось пачатак лiстка: «Некалькi тыдняў таму Маскавiт уварваўся ў зямлю польскага караля i вялiкай сiлай за шостым штурмам заваяваў цьвярдыню, званую Полацак, або Плескi (Pleski), што знаходзiцца ў Лiтве, 16 мiляў ад Вiльнi. Увесь горад i нават зямля былi выпаленыя, а больш за дваццаць тысячаў чалавек... загадаў пасекчы i падушыць. Нельга i расказаць усяго пра тое тыранства, якое ён распарадзiўся чынiць над жанчынамi, дзяўчатамi i дзеткамi. Шэсьцьдзесят тысячаў чалавек з гэтых i прылеглых месцаў павёў на Маскву, загадаў гнаць жанчын i дзяўчат зусiм распранутых, павязаных i палоненых голымi... У гэтай краiне цяпер такi жах, што князь Лiтвы пан Мiкалай Радзiвiл ўцёк са свайго княства, зусiм выракшыся яго».

Эўропу моцна ўражвала апiсаньне нечуванай жорсткасьцi заваёўнiкаў у Полацку i зьвесткi пра масавую дэпартацыю яго жыхароў. Невыпадкова гэты лiсток стаў асновай шэрагу iншых падобных друкаў, у прыватнасьцi яшчэ трох нямецкiх, лацiнскага, францускага i чэскага. Зь iм жа генэтычна зьвязаная i гiстарычная нямецкая песьня, выдадзеная ў Любэку ў тым жа 1563 годзе — «Новая песьня пра тыранiчнага ворага Маскавiта, як ён напаў на польскага караля i яго зямлю, горад Полацак забраў, разбурыў, пабiў i папалiў усё, што яму сустрэлася». Гэта даволi вялiкi паэтычны твор (26 слупкоў), у якiм цар Iван Жахлiвы называецца «ворагам хрысьцiянаў» i вершавана апавядаецца пра трагедыю Полацка — дзясяткi тысячаў забiтых, дэпартаваных, зьдзекi з палонных, ганьбаваньне жанчын i дзяўчат, пра гетмана Радзiвiла ды iнш.

Што да самога заваяваньня Полацка, дык пра гэта, бадай, найпадрабязьней апавядаецца ў нюрнбэргскiм «лiстку» друкара Мiкалая Кнора «Праўдзiвае апiсаньне таго, як быў заваяваны i забраны Маскавiтам вялiкi купецкi горад Полацак, што ў Лiтве». Яго асновай стаў лiст зь Вiльнi, датаваны 9 сакавiка 1563, г.зн. пiсаны тады, калi нечакана заатакаваны край ужо прыходзiў у сябе. Добра iнфармаваны невядомы нам аўтар апiсвае ўсе сем груповак войска, прыведзенага царом у Беларусь, дэтальна характарызуе яго артылерыю, а потым апавядае пра аблогу горада, яго капiтуляцыю i тое, як пераможцы абышлiся з насельнiцтвам Полацка. Вось фрагмэнт гэтага «лятучага лiстка»:

«Такiм чынам 15 лютага быў захоплены вялiкi горад Полацак, забраная багатая здабыча ў грошах, срэбры i таварах, у што, аднак, мала верыцца. Кажуць таксама, што ён загадаў абезгаловiць некаторых засьпетых там манахаў, а юдэяў усiх утапiць. Але што далей з русiнамi, якiх ён выгнаў з горада, — цi дазволiў iм вярнуцца ў горад, цi не — нашыя ведаць ня могуць. Андрэю Гесэ, якому было даручана з дваццацю стральцамi ахоўваць арсэнал, адстрэлiла па локцi абедзьве рукi, да таго ж кавалкам дрэва выбiла вока i адарвала паўбарады. Яго разам з жонкаю i зь дзецьмi Маскавiт распарадзiўся таксама адвезьцi ў Маскву, дзе хоча вылячыць i ўтрымлiваць да сьмерцi. Усе нашыя гарматы — нешта каля сарака вялiкiх i малых — загадаў адправiць на Маскву, а горад Полацак заняў сваiм людам. Адносна ягонай артылерыi афiцэры i пушкары кажуць, што за жыцьцё ў паноў сваiх такiх гармат ня бачылi. Гэтых ён меў сто пяцьдзясят з трыццацю шасьцю вогнекiдальнымi, якiмi страляў i кiдаў у горад i замак, ды такiя незвычайныя рэчы выстрэльваў i агонь выкiдваў, што i верыць цяжка».

Гэты самы лiст невядомага вiленчука выкарыстаны i як аснова «Дакладнага апiсаньня вялiкага i магутнага паходу Маскавiта на Полацак», надрукаванага зноў жа ў Нюрнбэргу. Яго асаблiвай каштоўнасьцю зьяўляецца выява верагоднага Полацка — гравюра на тытульным аркушы, на якой бачым вялiкi эўрапейскi горад, у адкрытую браму якога ўваходзiць коннае войска. Мастак паказаў момант здачы Полацка пасьля прыняцьця ўмоваў капiтуляцыi. Беларускую цьвердзь тут не пазнаць: высокiя магутныя муры, зусiм незнаёмыя сылюэты храмаў i вежаў... Проста аўтар фiксаваў так званую суб’ектыўную рэальнасьць — тое, што ўяўлялася пра наш Полацак у тагачаснай Эўропе. Невыпадкова i ўсе iншыя «лятучыя лiсткi» называюць яго «знатным купецкiм горадам i крэпасьцю», «самым высакародным замкам i горадам пасьля Вiльнi». Згадваючы вайну Iвана Жахлiвага, пазьнейшыя заходнiя аўтары гэтаксама характарызавалi Полацак, паказваючы яго вялiкiм, абнесеным мурамi эўрапейскiм горадам.

Асаблiва арыгiнальным помнiкам, прысьвечаным тым падзеям, зьяўляецца «Вельмi страшная новая газэта пра Маскавiта, якi некалькi дзён таму зь дзiкiм тыранствам захапiў i падавiў Полацак — высакародны горад i крэпасьць Лiтоўскай зямлi ў Польскай Кароне». Гэта вершаванае апавяданьне пра полацкую трагедыю, напiсанае iнфлянцкiм немцам Ёганам Райнгардам i двойчы друкаванае асобнай брашурай на варштатах таго ж Мiкалая Кнора. У падназьве аўтар дакладна вызначыў тэму свайго твора — «Жаласны плач горада Полацка». Рэальныя полацкiя падзеi ён увязаў у рэлiгiйны кантэкст i старэйшы беларускi горад паўстаў у пэрсанiфiкаванай iпастасi, а перажытая iм бяда трактаваная як справядлiвая Божая кара за грахi жыхароў.

У даўнiм архiве Цюрыха дасюль зьберагаецца рукапiсная газэтка, датычная нашай гiсторыi — «Пасланьне зь Пётркава ад 3 сакавiка 1563 году пра тое, як справы ў Польшчы». У ёй аўтар паведамляе, як «мiнулага месяца лютага... жахлiвы вораг Маскавiт зь сiлай блiзу 200 тысячаў чалавек уварваўся ў Княства Лiтоўскае польскага караля. Апрача iншых, ён прыцёг з сабою 120 вялiзных гарматаў. З жудаснымi забойствамi i пажарамi ён прасунуўся прыкладна на 80 мiляў да ракi Вяльлi. Тут ён падышоў да высакароднага горада Полацка i падпарадкаваў яго штурмамi ды вогнекiданьнем. Так, пасьля вялiкiх шкодаў ён захапiў горад i замак, дзе жудасным чынам пабiў шмат нашых; многiх ён паланiў, спалiў, утапiў, выслаў i зьдзекаваўся зь iх зусiм не па-хрысьцiянску. Але апiсваць усё гэта было б страшна i складана». I ўсяго на дзень пазьней у Базэлi быў створаны яшчэ адзiн рукапiсны помнiк пра разьню на Дзьвiне, зьберажоны таксама ў Цюрыху. Гэта «Новая газэта... пра тое, як, баранi Божа, вялiкi князь маскоўскi з 150 000 чалавек аблажыў Полацак, горад i замак у Лiтве».

Страшныя весткi пра вайну ў Беларусi зь нюрнбэрскiх лiсткоў Мiкалая Кнора хутка разыходзiлiся па Эўропе, тыражавалiся на розных мовах. Па-чэску яны пераказвалiся ў надрукаваных у Празе ў 1563 годзе «Навiнах грозных, страшных i жаласных...», па-француску ў выданьнi зь Лiёна, па-лацiнску ў пэрыёдыку з Дуацы. Ёсьць iнфармацыя, быццам iснаваў i мясцовы, беларускi варыянт выданьня гэтых «навiнаў»: «Новiны грозные а жалостлiвые о нападе княжатi Московского Iвана на землю рускую, которi то князь паленьем, тыранством, мордованем мест, замков добываньнем велiку i знаменiту шкоду вчыняет... З доданьнем реляцый Его Мiлостi Гетмана В.К.Л. княжатi Радзiвiла о поражцы места Полоцкого, 1562». На жаль, сам помнiк дасюль ня выяўлены, таму пра беларускiя «навiны» нiчога пэўнага пакуль ня скажаш.

Як бачым, беларускiя падзеi тады адразу сталi справай эўрапейскай. Полацкая трагедыя амаль iмгненна апынулiся ў цэнтры ўвагi цэлай хвалi эўрапейскiх пэрыёдыкаў, геаграфiя паходжаньня якiх надзвычай шырокая — ад Любэка да Лiёна. Гэтыя газэты i лiсткi сталi важнай крынiцай гiстарычнай iнфармацыi ня толькi для тых колаў, якiм прызначалiся, але i для гiстарыёграфаў. Iх сьведчаньнi хранiсты ўключалi ў свае творы, часам нават нiчым не дапаўняючы.

I вось што прыкметна. Пасьля 1563 году ў Эўропе таксама друкавалiся «лятучыя лiсткi», прысьвечаныя падзеям у ВКЛ. Прыкладам, тую ж кампанiю караля i вялiкага князя Баторага асьвятляла амаль дваццаць пэрыёдыкаў. Аднак Полацак больш не трапляў у цэнтар увагi такой колькасьцi эўрапейскiх выданьняў, як да яго зьнiшчэньня, i ўжо больш нiколi яны не называлi яго «вялiкiм» ды «высакародным». Полацак больш ня ўзьняўся.

Адно маскоўскiя паслы пра ўчыненае на Дзьвiне гаварылi «правiльна», выдаючы чорнае за белае і цьвердзячы паўсюль: «И государь наш как есть государь христианский, взяв вотчину свою мечом, над народом милость показал, побити не велел и никоторого нападения на них людем своим учинити не дал».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0