Сяргей Харэўскi

Дзьве зоркi

Да сьмерцi Аляксандра Кiшчанкi i дзясятых угодкаў сьмерцi Эндзi Ўорхала

 

Яны нарадзiлiся ў розных краiнах i ў розных абставiнах. Андрэй Варгола нарадзiўся ў 1928 годзе ў амэрыканскiм Пiцбургу. Ягоныя бацькi, праўда, родам з русiнскае горнае вёскi Мiкова, што ў Славакii, на сумежжы Ўкраiны i Польшчы. Бацька дванаццаць гадоў працаваў у Штатах перад тым, як выклiкаць жонку з роднае вёскi ў вольны сьвет.

Аляксандар Кiшчанка нарадзiўся ў вёсцы Белы Калодзеж, што ў Варонескай вобласьцi, на сумежжы з Украiнай, у 1933 годзе. Ягоныя бацькi нiкуды не зьяжджалi. Яны былi савецкiмi калгасьнiкамi.

Андрэй Варгола зь цягам часу перабраўся ў багемны квартал Нью-Ёрку, Соха. Тут ён стаў Эндзi Ўорхалам. А Кiшчанка перабраўся ў Менск. Праўда, ён застаўся Кiшчанкам.

Ўорхал быў паўальбiносам, пакутаваў на хваробу Паркiнсана. Праз гарманальныя праблемы яшчэ падлеткам ён згубiў валасы. Затое пазьней насiў шыкоўны парык — славутую плацiнавую шавялюру. Кiшчанка таксама насiў сваю прыкметную шавялюру, праўда, натуральную. З узростам i ў яго валасы набылi плацiнавы адлiў.

Эндзi Ўорхала называюць першасьвятаром поп-арту. Паспалiты амэрыканец гадоў дзесяць таму мог ня ведаць Рэмбранта, але Ўорхала ён ведаў абавязкова. У сукнях у кветачкi, намаляваных Эндзi, ходзяць мiльёны жанчын. Зробленыя iм партрэты Мэрылiн Манро, Элвiса Прэсьлi, Ленiна i Мао Цзэ Дуна можна сёньня пабачыць у рэстарацыях i кавярнях ад Мэхiка да Вiльнi. Ягоныя iнсталяцыi з кансароўкамi таматнага супу «Кэмпбэл’з» сталi абразом для пастiдустрыйнага сьвету. Ён здымаў фiльмы, рабiў сцэнiчны iмiдж i вокладкi альбомаў для «Ролiнг Стоўнз», быў мэнэджэрам рок-гурта «Вэлвэт Андэграўнд». Ягоныя падзелкi ў выглядзе амэрыканскiх зорачак, сьцягоў, арлоў, джынсаў, «Кока-Колы», можна было пабачыць у вiтрынах крамаў. Як напiсалi пазьней, ён зрабiў амэрыканскую мару трывiяльнай.

Навязьлiвасьць славы Ўорхала стала настолькi адыёзнай, што ён заслужыў тэрарыстычнага замаху. Паталягiчная фэмiнiстка Саланас, якая засадзiла ў яго колькi куляў, матывавала гэта тым, што Ўорхал эксплюатуе сьвет. Ягоны ўласны твар ператварыўся ў гэткi ж самы сымбаль, што i партрэты супэрзорак, якiя ён рабiў за шалёныя грошы для музэяў i прыватных калекцыяў. Вяршыняю ягонага снабiзму стаў лэнч у парыскай рэстарацыi «Рыц» разам з Сальвадорам Далi i Джонам Ленанам...

З кiм мог папалуднаваць Кiшчанка? Пэўна ж з Савiцкiм i, бадай, з Вуячычам. Можа дзе-небудзь у Кiеве, на днях культуры БССР. На яго нiхто не рабiў нiякiх замахаў. Хоць недабразычлiўцаў у яго хапала. Ягоная слава ў БССР таксама пераходзiла ўсялякiя межы савецкага ўяўленьня. Росьпiсы санаторыя «Беларусь» у Крыме, гiганцкiя мазаiкi на Юбiлейнай плошчы i на гатэлi «Беларусь» у Менску, велiзарныя, у 10 паверхаў, пано на дамах у мiкрараёне «Ўсход-1». Сотнi жывапiсных працаў адметнага, пазнавальнага «аплiкатыўнага» стылю, вывешаных у розных музэях СССР i растыражаваных у маскоўскiх i менскiх альбомах.

Зусiм асобнае гутаркi заслугоўваюць габэлены Кiшчанкi. Пры iм габэлен стаў часткаю iдэалягiчнага будаўнiцтва ў БССР. Вядома, тое, што габэлены рабiў сам мастак, трэба ўспрымаць умоўна. Яны ткалiся дзясяткамi майстрых на габэленавай фабрыцы. Але якi размах! Габэлены для ЦК КПБ, для тэатраў Менска i Вiцебска, для пасольстваў, для гатэльных холаў, аграмадны габэлен-запавеса для тэатра Музычнае камэдыi... Але асобная старонка ў творчасьцi Кiшчанкi адкрылася зь незалежнасьцю Беларусi. Ягоны габэлен «Чарнобыль» пабачыў Нью-Ёрк. Шкада, Уорхал не дажыў. Яны маглi б сустрэцца. Чужанiца-бунтар, якi сваiм эпатажам скарыў бамонд авангарду, i савецкi прагматык-канфармiст, якi ўсё жыцьцё абслугоўваў дзяржаву. Гэты габэлен i дасёньня вiсiць у ААН.

Самай вялiкай кропкаю (15 на 19 мэтраў) у творчасьцi Кiшчанкi стаў габэлен «Дваццатае стагодзьдзе». У гiганцкай мандорле, як у павелiчальным шкле, сабраныя дзеячы БНР i БССР, беларускiя i ня толькi, дзеячы культуры, навукi, выбiтныя асобы палiтыкi i царквы. Па-над iмi лунае Хрыстос Пантакратар, справа ад якога прымасьцiўся Лукашэнка ў нiмбе... Нашто спатрэбiўся гэты вобраз? Рэч у тым, што працу над габэленам мастак пачаў яшчэ ў 1991 годзе. Гэтак зьявiлiся на iм браты Луцкевiчы, Ластоўскi, Iгнатоўскi... Якi лёс мог напаткаць гэты твор пры новым рэжыме?.. Гэтак i зьявiўся Лукашэнка. У самым версе, дзе яго на вышынi 20 мэтраў разгледзiш хiба што ў бiнокаль.

Натуральна, Кiшчанка разьлiчваў, як i ўсё сваё жыцьцё, на салiдны ганарар. Бо месца для габэлена ўжо было перадвызначана ў будучым Палацы Рэспублiкi. I нават Лукашэнка паглядзеў, «адобрыў». Але ў дзяржавы не знайшлося грошай на выкуп гэтага твора...

Як i Ўорхал, якi памёр зьнянацку ад няўдалае апэрацыi на жоўцевым пухiры, Кiшчанка таксама памёр заўчасна, ад раку.

Прыхiльнiкi Ўорхала засталiся расчараваныя спадчынай, якую пакiнуў iхны кумiр: цынiчныя скандальныя «Дзёньнiкi Ўорхала» i куча хлуду, якiм быў завалены ягоны дом (Уорхал штодня рабiў шматлiкiя i часам абсурдныя пакупкi). Паказны нонканфармiзм апынуўся генiяльным камэрцыйным трукам. Яшчэ празь дзесяцiгодзьдзе ягоную бiяграфiю, бадай, можна будзе хутчэй прачытаць у даведнiках шоў-бiзнэсу.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Кiшчанка, якi ў свой час быў адным з самых заможных людзей краiны, памёр, ледзь зводзячы канцы з канцамi. Сёньня дзяржаўны бюджэт не прадугледжвае расходаў на дзяржаўных мастакоў. Шчыры канфармiзм стаўся пасткаю.

У вёсачцы Мiкова, на радзiме бацькоў Уорхала, дзе яго абагаўляюць, створаны калясальны музэй яго iмя, у былым Палацы культуры, перад якiм стаяць двухмэтровыя бэтонныя кансароўкi супу «Кэмпбэл’з». У Нью-Ёрку ж пра «Папу попу» сёньня згадваюць толькi знаўцы.

У райцэнтры Багучар, на радзiме Кiшчанкi, у музэi баявое i працоўнае славы, засталася распiсаная iм заля i габэлен «Мой родны край»...

А ў Менску «Габэлен стагодзьдзя» ўжо два гады ляжыць у спусьцелай майстэрнi. Унiкальны твор, найбуйнейшы ў сьвеце ў сваiм жанры, разам з выяваю Лукашэнкi, пакрысе жарэ моль. Што чакае гэты твор, варты кнiгi Гiнэса, заўтра, альбо празь якiх пятнаццаць гадоў?..

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0