БЕЛАЯ РАЗЬВЕДКА

 

Апошнi нумар «НН» у 1997-м годзе па лiку 97-мы. Першы ў 1998-м будзе 98-мы. Натуральна, гэта яшчэ нi пра што ня сьведчыць, але адчуваньне зьлiцьця з часам ёсьць.

Мiнулы год пасьля крывавага 96-га выглядаў на шпiталь у прыфрантавой паласе, дзе мы залечвалi свае раны i ня больш. Мы яшчэ ня марылi пра тое, што будзем рабiць ПАСЬЛЯ ВАЙНЫ. Мы толькi ўнурлiва прыводзiлi ў парадак сябе. Мы толькi ўслухоўвалiся ў блiзкiя выбухi. Нас не пакiдала татальнае гiпнатычнае прадчуваньне канца. Але вось праграма году вычарпаная. Мы зрабiлi ўсе заплянаваныя нумары газэты, мы выдалi некалькi кнiг, правялi некалькi культурных акцыяў, больш-менш выбралiся з даўгавое ямы i досыць прагматычна ставiмся да начнога стуку ў дзьверы i да роскатаў недалёкае кананады.

На наступны год рэжым абяцае нам усё, што ён можа абяцаць — рэпрэсii, шмат рэпрэсiяў. Супраць незалежнасьцi нашага прадпрыемства, супраць адноўленага намi несавецкага правапiсу, супраць нашых дарагiх чытачоў. Але мы ўжо, на жаль, да гэтага ўсяго прызвычаiлiся i пачуваемся абстралянымi ваякамi. А папраўленае за мiнулы год здароўе схiляе да мараў пра будучыню. Альбо, больш дакладна, — пра iнакшаўшчыну. Пра тое, што мы можам зрабiць па-за нашай, занятай iмi, краiнай i па-за створаным iмi цэнзурным карцэрам — у вольнай iнфармацыйнай прасторы.

У 1997 годзе Славамiр Адамовiч ВЫЙШАЎ З ТУРМЫ. «Наша Нiва» пачала рэгулярна i даступна зьяўляцца ў Iнтэрнэце. Нашыя кантакты i магчымасьцi ўжо дазваляюць нам iснаваць незалежна ад Лукашэнкi. Шкада толькi часу i сiлаў, патрачаных на стварэньне гэтае iнакшаўшчыны. Замест сапраўднае культурнае iндустрыi, пра якую мы марылi, мы ствараем штосьцi накшталт агентурнае сеткi. Але гэта БЕЛАЯ РАЗЬВЕДКА. I нашае галоўнае адрозьненьне ад улады ў тым, што ў нас нiколi i нi ад каго не было й няма сакрэтаў. Калi ўлады ўжываюць рэпрэсii да такiх, гэта значыць, што ў краiне пануюць вычварныя законы. Але няхай гэта будзе iхная праблема — як даць сабе рады. Мы ж множым пляны i адкрытыя да кантакту з нашымi чытачамi.

Мы гатовыя да салiдарнасьцi i любых прапановаў, якiя спрыяюць пашырэньню i прафэсiяналiзацыi беларушчыны. Апошняя задача чырвонай нiткаю праходзiць праз усе 97 нумароў «НН» i будзе для нас найпершаю задачай заўсёды. Зашмат мы спазналi халтуры, усялякага псэўдаiнтэлектуалiзму i дэструктыўшчыны, каб спакушацца гэтым надалей.

Думаецца, што менавiта 1998 год стане цi пачне ставаць для Беларусi годам непазьбежнага грамадзкага падзелу на тых, хто за Беларусь i тых, для каго ёсьць больш важныя арыенцiры. Мы ня будзем спрыяць гэтаму падзелу, але будзем сачыць за iм. Гiсторыя суседнiх з намi краiнаў паказвае, што, не перайшоўшы гэты Рубiкон, якi падзяляе дабро i зло, нацыя ня можа вырвацца зь лiпучых абдымкаў саўдэпаўскае мiнуўшчыны. Так было ў Балтыi, так было ў Польшчы i нават у Расеi. Не абмiне гэтая чара i нашую старану. У такiя часы нам усiм трэба шчыльней быць разам.

Заставайцеся з намi, тады «НН», незалежна нi ад чаго, будзе прыходзiць у Ваш дом.

З пашанай,

Рэдактар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0