БІБЛІЯТЭКА


 

Iван Антановiч — аб цывiлiзацыi

 

Антонович И. После современности: Очерк цивилизации модернизма и постмодернизма.- Менск: Беларуская навука, 1997. - 446 с.

 

Неяк здарылася так, што прыкладна адначасна (з iнтэрвалам у якi месяц) на нашым кнiжным рынку зьявiлiся дзьве кнiжкi, вельмi тэматычна блiзкiя, бо абедзьве прысьвечаныя лёсу эўрапейскай цывiлiзацыi. Першая — упершыню перакладзеная на замежную (на беларускую!) мову праца вядомага швэдзкага сацыёляга Ёрана Тэрнбарна «Эўропа сёньня i заўтра (Эўрапейская мадэрнасьць i далейшасьць: траекторыi эўрапейскiх грамадзтваў 1945-2000)». Другая — аўтара — у нас, прынамсi — значна лепш вядомага, цяперашняга мiнiстра замежных справаў Iвана Антановiча «После современности: Очерк цивилизации модернизма и постмодернизма». Так што можна лiчыць, беларускаму чытачу пашэнцiла: ён атрымаў магчымасць азнаёмiцца зь дзьвюма незалежнымi поглядамi на цывiлiзацыю мадэрнiзму i яе магчымую будучыню. Але ў вачах гэтага самага зацiкаўленага чытача другая кнiга магла б, напэўна, мець пэўныя перавагi — ня кожны дзень ён мае магчымасьць знаёмiцца з тэарэтычнымi поглядамi буйнога палiтыка i дыплямата, якi, вiдавочна, ня толькi зьдзяйсьняе, але й багата ў чым вызначае зьнешнюю палiтыку нашай дзяржавы. Таму засяродзiм увагу на гэтай апошняй i паспрабуем высьветлiць, цi спраўджвае яна спадзевы беларускага чытача i, наогул, цi яму яна адрасаваная?

Ужо на другой старонцы працы аўтар авансуе ўвагу нечаканай (у кантэксьце ўсёй працы) заявай: «Горько сознавать, но Восточная Европа, в недавнем прошлом представленная Советским Союзом, а ныне государствами, родившимися на его территории, из цивилизационной системы модернизма и постмодернизма выпала» (с. 4). На жаль, гэтае «горкае ўсьведамленьне» мела для аўтара толькi адно наступства — традыцыйнае падазронае i гiпэркрытычнае стаўленьне да ўсяго эўрапейскага. Прычым аўтар старанна i дыпляматычна хавае сваю зыходную пазыцыю, з гледзiшча якой ён i падыходзiць да аналiзу сучаснай цывiлiзацыi. Па прачытаньнi ж становiцца ясна адно —ня з гледзiшча незалежнай краiны Беларусi, якая шукала б сваiх шляхоў самавызначэньня ў сучасным сьвеце. Для нашага аўтара Беларусь як суб’ект сучаснай гiсторыi па вялiкiм рахунку не iснуе. Ва ўсёй кнiжцы яна прыгадваецца ўсяго адзiн раз у даволi факультатыўным кантэксьце, але ў вельмi паказальным шэрагу: Таiлянд, Гандурас, Беларусь i Фiлiпiны (с. 275). На месцы Беларусi ў гэтым шэрагу магла б стаяць якая заўгодна краiна «трэцяга сьвету». Ды што там маленькая i нягеглая Беларусь, калi гаворка ў кнiзе iдзе нават не пра лёс адной канкрэтнай цывiлiзацыi, а пра лёс усяго чалавецтва ў цэлым, пра што аўтар выказваецца недвухсэнсова («... наша задача — изучить социально-экономическое и историческое движение лидеров современного мира, определить контуры создаваемого ими будущего, предсказать судьбу человечества на основании основных направлений развития») i неаднаразова. Лёс гэты бачыцца I.Антановiчу драматычным i небестурботным. Пасьля зьнiкненьня бiпалярнага сьвету асноўныя лiнii канфрантацыяў будуць, на думку аўтара, праходзiць памiж разьвiтымi краiнамi Захаду i скiраванымi на мадэрнiзацыю, але не заўсёды да яе гатовымi, краiнамi «трэцяга сьвету», а таксама памiж багатай меншасьцю i беднай большасьцю насельнiцтва зямнога клубу. Зразумела ў сувязi з гэтым, што здань сёньняшняй Беларусi ня можа не паўставаць па-за радкамi разгляданай працы, бо гэта адна з краiнаў, дзе задэкляраваныя контраксiдэнталiзацыя i курс на пабудову «грамадзтва сацыяльнай справядлiвасьцi» — два кiты актуальнай сьвядомай дзяржаўнай палiтыкi. Натуральна, гэткiя праявы сувэрэннасьцi можна было б вiтаць, калi б не шматлiкiя iншыя зданi, што сям-там зьяўляюцца ў розных месцах разгляданай кнiгi.

Першая здань — здань iдэалёгii. Хоць аўтар дэкляруе i манiцца рэалiзаваць бесстаронны i ўзважаны (навуковы) аналiз сучаснага капiталiстычнага грамадзтва («В данном исследовании не будет ни чрезмерных восторгов от этого типа цивилизации, ни острой и едкой критики»), пазьбегнуць транспанаваньня старых савецкiх iдэалягiчных падыходаў, якiя акцэнтавалi ўвагу на праблемах i нэгатыўных баках жыцьця разьвiтых краiнаў Захаду, яму яўна не ўдаецца. Думаецца, адна з прычынаў гэтага палягае ў тым, што ладная частка працы была напiсаная яшчэ гадоў колькi таму i пры падрыхтоўцы да друку не была прыведзеная ў адпаведнасьць з рэалiямi сёньняшняга дня. Таму ў кнiзе мы можам спаткаць формы прэзэнсу там, дзе чакалiся бы iмпэрфэктныя формы: «... в советских социологических и философских исследованиях эпоха Возрождения р а с с м а т р и в а е т с я [разрадка мая. — С.С.] несколько зауженно...» (с. 51). Толькi месца старой галоўнай супярэчнасцi эпохi памiж капiталiзмам i сацыялiзмам займае (з прычыны гiстарычнай няздатнасьцi эўрапейскага сацыялiзму да дынамiчнага разьвiцьця) супярэчнасьць памiж цывiлiзацыяй мадэрнiзму i ўсiм астатнiм сьветам. Таму праглядаецца i яшчэ адна здань — здань марксiзму. Аўтар, што праўда, ужо на першых старонках iмкнецца пацьвердзiць свой адыход ад традыцыйнага для марксiзму фармацыйнага падыходу на карысьць больш сучаснага i шырока прызнанага цывiлiзацыйнага падыходу. Спрэс у кнiзе мы знойдзем шматлiкiя крытычныя пасажы, што да тэорыi Маркса i яго пасьлядоўнiкаў. I тым ня менш, цывiлiзацыйны аналiз сучасных грамадзтваў пераважна праводзiцца ў фармацыйных тэрмiнах: прадукцыйныя сiлы, вытворчыя адносiны, клясавая структура грамадзтва, канфрантацыя бедных i багатых i г.д., акцэнтуючы, такiм чынам, эканамiчныя i палiтычныя вымярэньнi цывiлiзацыi. Мэтапалiтычнае вымярэнне, рэлевантнае ў той або iншай меры цывiлiзацыйным падыходам, маргiналiзуецца, i чытачу адно застаецца здагадвацца, якiмi iншымi матывамi можа быць абумоўлены той або iншы пасаж у разгляданай працы. I, як вынiк, — зусiм не нечаканае ў кантэксьце ўсёй працы прызнаньне: «... Марксова теория прогресса, предполагавшая переход к социализму большинства высокоразвитых капиталистических стран, отнюдь не исчерпала себя. Главный вывод Маркса верный. Рано или поздно цивилизация модернизма воспроизведет социализм, но не как бесклассовое, а гуманное и справедливое общество. Социализм сегодня «рассеян» по разным странам в виде элементов социального страхования, социальной поддержки бедных, нетрудоспособных и безработных, в виде социальных законов, охраняющих права человека труда. И сегодня эксперимент реального социализма развивается в Китае, Вьетнаме, на Кубе и в других странах» (с. 172). Пад iншымi краiнамi тут, трэба думаць, маецца на ўвазе i Беларусь. Аднак неабходна зацемiць, што сацыялiзм — катэгорыя фармацыйная, калi, канечне, не разумець яго толькi як утопiю, якая ўзрушае маргiналаў на рэвалюцыйнае пераўладкаваньне грамадзтва, як гэта здарылася ў позьняй Рымскай iмпэрыi ў вынiку асымiляцыi люмпэнскай масай утапiчнай iдэi «царства боскага».

Наступная здань — здань Расеi. Са шматлiкiх пасажаў у кнiзе чытач разумее, што сымпатыi аўтара цалкам на баку апошняй. Яна, а не прадстаўляная iм на мiжнароднай арэне Беларусь, зьяўляецца сапраўдным суб’ектам сусьветнай гiсторыi. I тут аўтар часам зьмяняе сваёй устаноўцы на бесстароннасьць i ўзважанасьць, як, напрыклад, калi ён параўноўвае рабаўладальнiцтва ў Амэрыцы з прыгонам у Расеi, натуральна, на карысьць апошняй (с. 138). I тым ня менш, Расея ўвесь час знаходзiцца нiбы за кадрам, як той фон, на якiм больш кантрасна, паводле задумы аўтара, адцяняюцца хiбы цывiлiзацыi мадэрнiзму i постмадэрнiзму. Зьвяртае ўвагу, што ў кнiзе Расея зьяўляецца толькi на сотых старонках i адразу як актыўны суб’ект эўрапейскай гiсторыi, усе высiлкi якога былi скiраваныя на ўсталяваньне сыстэмы стабiльнасьцi i ўзаемабясьпекi. У чытача можа ўзьнiкнуць пытаньне: як гэтак здарылася, што на працягу сотнi старонак гаворка iшла пра тое, як заходнеэўрапейскiя краiны сваiмi ўласнымi высiлкамi закладвалi падвалiны цывiлiзацыi мадэрнiзму, i раптам, калi ўсё было ўжо гатова, у ХIХ ст., Расея апынаецца ў самай гушчынi эўрапейскiх i сусьветных падзеяў? Думаецца, гэткi прыём быў скарыстаны аўтарам наўмысна, каб пераканаць чытача ў тым, што да складваньня цывiлiзацыi мадэрнiзму Расея i наогул Усходняя Эўропа непасрэднага дачыненьня ня мелi, разьвiвалiся аўтэнтычна i вытварылi самастойны цывiлiзацыйны тып, якi адразу заявiў сябе як рэальная альтэрнатыва атлянтычнаму мандыялiзму, якой, што праўда, была нанесеная вялiкая шкода бальшавiцкiм экспэрымэнтам.

А тады становiцца бачнай апошняя здань у гэтай кнiзе — здань будучынi. Нягледзячы на абяцаньне аўтара прадказаць, прынамсi, блiжэйшы лёс чалавецтва, якраз будучыня сталася ахутанай туманам. У чым аўтару ўдаецца пераканаць чытача, гэта ў непазьбежнасьцi канфрантацыi беднай большасьцi i багатай меншасьцi (якая, вiдавочна, прыходзiць на зьмену клясавай барацьбе ў клясычнай фармацыйнай парадыгме), якая пагражае самымi нечаканымi катаклiзмамi, параўнальнымi хiба з пагрозай экалягiчнай i энэргетычнай катастроф. Але з другога боку, аўтар шматкроць падкрэсьлiвае, што iншага шляху, як шлях мадэрнiзацыi i дэмакратызацыi, незаходнiя грамадзтвы ня маюць. Няма альтэрнатывы, на думку аўтара, i працэсам глябалiзацыi i мандыялiзацыi сусьветнай супольнасьцi, а значыць постмадэрнiзм i ёсьць блiжэйшая пэрспэктыва для ўсяго чалавецтва. Вось толькi аўтар супраць таго, каб моцныя «крыўдзiлi» слабых, а багатыя — бедных, i каб Новы сусьветны парадак усталёўваўся без удзелу гэтых апошнiх. Так што сацыялiстычны эгалiтарызм распаўсюджваецца i на сфэру сусьветнай палiтыкi. Пазыцыi, зь якiх сёньняшнiя маргiналы маглi б на роўных уваходзiць у дыялёг з Захадам, пазначаюцца ў лепшым выпадку пункцiрна. А абяцанае абмеркаваньне эвалюцыйна-касмацэнтрычнай альтэрнатывы антрапацэнтрызму сучаснай заходняй цывiлiзацыi таксама па сутнасьцi застаецца па-за асадамi гэтай працы.

Разгляданая кнiга спараджае цэлую гайму пытаньняў, падобных да тых, што былi мiмаходзь закранутыя вышэй. Аўтар жа прапанаваў чытачу свайго роду тэзаўрус некаторых ключавых словаў, паводле якiх трэба iнтэрпрэтаваць тое, што засталося па-за тэкстам. Як бачым, ня будучы адрасаваная непасрэдна беларускаму чытачу, кнiга I.Антановiча, тым ня менш, закранае яго сутнасна i ўжо дзеля гэтага яна, безумоўна, вартая прачытаньня. Да таго ж, вылучаецца яна i сваiм стылем, i цiкавай фактурай, i, як я паспрабаваў паказаць, своеасаблiвай унутранай iнтрыгай.

Сяргей Санько


 

Бэстсэлеры Беларусi

Мастацкая лiтаратура:

 

1. Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн. Авантурнiк Сiмплiцысiмус / Перакл. Васiль Сёмуха. — Менск: Мастацкая лiтаратура, 1997. — (Скарбы сусьветнай лiтаратуры) — 3.000 ас.

2. Максiм Гарэцкi. Вiленскiя камунары: Раман-кронiка. Камароўская кронiка: Аповесьць. — Менск: Мастацкая лiтаратура, 1997. — (Школьная бiблiятэка) — 12.500 ас.

3. Максiм Багдановiч. Выбраныя творы. — Менск: Беларускi кнiгазбор, 1996. — 6.000 ас.

4. Янка Купала. Поўны збор твораў: У 9 т. Т. 3: Вершы, пераклады 1911-1914. — Менск: Мастацкая лiтаратура, 1997. —6.000 ас.

5. Якуб Колас. Ранiца ў нядзельку. Казкi жыцьця. — Менск: «Лазурак», 1997. — 10.500 ас.

Лiтаратура факту:

1. Беларуская энцыкляпэдыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкi — Гальфстрым. — Менск: БелЭн, 1997. — 10.000 ас.

2. Энцыкляпэдыя гiсторыi Беларусi: У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — Менск: БелЭн, 1997. — 10.000 ас.

3. Беларуская мова: сьцiсла i даступна: Дапаможнiк для старшаклясьнiкаў i абiтурыентаў / Ул.Будай, А.Калюта, А.Лаўрэненка, I.Шкраба. — Менск: Элайда, 1997. — 3.000 ас.

4. Гарт. З успамiнаў пра Саюз Беларускiх Патрыётаў (Глыбокае, Паставы. 1945-1947). — Менск: Наша Нiва, 1997. (Архiў Найноўшае Гiсторыi). — 1.000 ас.

5. Уладзiмер Арлоў. Адкуль наш род. Апавяданьнi па гiсторыi Беларусi: Для малодшых школьнiкаў. — Менск: ВЦ «Бацькаўшчына», 1996. — 5 000 ас.

6. Янка Запруднiк. Беларусь на гiстарычных скрыжаваньнях. — Менск: Беларускi Фонд Сораса — ВЦ «Бацькаўшчына», 1996. — 5.000 ас.

7. Сыны i пасынкi Беларусi. — Менск: Полымя, 1996. — 4.200 ас.

8. Тацяна Процька. Пакутнiк за Веру i Бацькаўшчыну: Мiтрапалiт Мельхiсэдэк. — Менск: Тэхналёгiя, 1996. — (Нашыя славутыя землякi).

9. Леанiд Аляксееў. Гродна i помнiкi Панямоньня. — Менск: Беларуская навука, 1996. — 1.400 ас.

10. Наша Нiва. Першая беларуская газэта з рысункамi / Выпуск 2: 1909 г. Факсымiльнае выданьне. — Менск: Беларуская навука, 1996. — 1.000 ас.


 

1997 год: да гiсторыi беларускай кнiгi

 

Рэйтынг беларускiх кнiг складаецца паводле iнфармацыi найбуйнейшых менскiх кнiгарняў, якiя па-ранейшаму альбо недасканала зьбiраюць iнфармацыю, альбо вельмi неахвотна ёй дзеляцца. Гэтая сытуацыя яшчэ раз iлюструе рынкавыя свабоды ў Беларусi. Пад час складаньня рэйтынгу мы таксама ўлiчваем грамадзкае гучаньне той цi iншай кнiгi, якое, безумоўна, уплывае на цiкавасьць да выданьня.

Найменш мабiльны сэгмэнт кнiжнага рынку ў Беларусi — гэта мастацкая лiтаратура. Характэрная рыса тут — адсутнасьць у сьпiсе бэстсэлераў кнiг незалежных выдавецтваў. Хоць можна назваць некалькi такiх кнiжных пазыцыяў, якiя маглi б прэтэндаваць на ролю бэстсэлера ў мастацкай лiтаратуры. Але яны, як «Койданава» Адама Глёбуса, выдадзеныя зусiм малымi накладамi. Цiкавасьць беларускiх пакупнiкоў шмат у чым вызначае школьная праграма. Хоць творы, рэпрэзэнтаваныя ў гэтым сьпiсе — сапраўды клясычныя для беларускай лiтаратуры. Прарыў 97 году — «Авантурнiк Сiмплiцысiмус» у перакладзе Васiля Сёмухi. Сымпатыю беларускiх крытыкаў i чытачоў адразу прыцягнула моўная адэкватнасьць перакладу ўлюбёнай эпосе беларусаў — барока. Старабеларуская лексыка XVI-XVII ст. ды наблiжаны да баракальнага сынтаксыс стварылы адпаведную тканiну тэксту.

Лiтаратура факту карыстаецца ў Беларусi вялiкiм посьпехам i тут на ролю лiдэраў могуць прэтэндаваць ужо 10 выданьняў. Але й гэты сэгмэнт кнiжнага рынку збольшага прадказальны: на посьпех у Беларусi могуць разьлiчваць энцыкляпэдыi й даведнiкi, падручнiкi беларускай мовы (асаблiва калi гэта «сьцiсла й даступна»), гiстарычная лiтаратура з сыстэматызаваным выкладам матэрыялу. Традыцыйна беларуская пазыцыя кнiжных бэстсэлераў — гэта факсымiле. «Наша Нiва» за 1909 год — прыклад гэтаму. Па-ранейшаму першыя пазыцыi ў сьпiсе бэстсэлераў займаюць энцыкляпэдыi, але ў 1997 годзе стала заўважнаю новая тэндэнцыя — падзеньне цiкавасьцi да прадукцыi выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя» пасьля таго, як там цалкам зьмянiлася кiраўнiцтва. Чытачы па-свойму рэагуюць на новую палiтыку выдавецтва зь яе iдэалягiчным уцiскам i цэнзураю — пачынаюць менш купляць прадукцыi гэтага выдавецтва. Пра тое, што апошнiя тамы энцыкляпэдыяў карыстаюцца меншым посьпехам, чым папярэднiя, Вам скажуць у любой кнiгарнi.

Сярод кнiжак лiтаратуры факту заўважныя пазыцыi незалежных выдавецтваў — 4 кнiгi зь 10 (пазыцыi 4, 5, 6, 8). Дзьве зь iх — «Адкуль наш род» Уладзiмера Арлова ды «Беларусь на гiстарычных скрыжаваньнях» Янкi Запруднiка прарывалiся на рынак са скандаламi. Абедзве кнiгi былi першапачаткова практычна забароненыя. I калi вакол кнiгi Ўладзiмера Арлова было створанае шырокае iнфармацыйнае поле, дык з кнiгi Янкi Запруднiка ўлады вымусiлi выкiнуць цэлы разьдзел. Абедзьве названыя кнiгi вышлi ў Выдавецкiм Цэнтры «Бацькаўшчына».

Кнiжка Тацяны Процькi працягвае прыгожую паводле сваёй задумы сэрыю «Нашыя славутыя землякi». Гэтая кнiжная сэрыя паступова пераходзiць у незалежныя выдавецтвы, у гэтым выпадку —«Тэхналёгiя». Кнiга Тацяны Процькi распавядае пра праваслаўную царкву, якая не аддаецца дзяржаве. З гледзiшча сёньняшнiх падзеяў у Беларусi кнiга выглядае амаль сэнсацыйнаю.

Выдавецтва «Наша Нiва» лiчыць «Гарт» самаю важнаю сваёй кнiгаю. Тое, як рукапiс прадзiраўся скрозь перашкоды, таксама iлюструе сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусi. Але як толькі кнiга зьявiлася, яна адразу прыцягнула ўвагу грамадзкасьцi ня толькi ў Беларусi. Укладальнiк кнiгi Герман Кiрылаў атрымаў прэмiю Пэн-Цэнтру. Па вiленскай тэлевiзii на працягу кастрычнiка-лiстапада было паказана дзьве перадачы пра Саюз Беларускiх Патрыётаў. У Архiў Найноўшае Гiсторыi прыйшлi лiсты з маскоўскага «Мэмарыялу» з просьбаю даслаць «Гарт». Адначасова некаторыя менскiя кнiгарнi адмаўлялiся браць «Гарт» на рэалiзацыю. Але кнiга ўсё адно знайшла свайго зацiкаўленага чытача.

Адзiн з фактараў посьпеху кнiгi — удалае аздабленьне. У выдавецтве «Полымя» кнiгу «Сыны i пасынкi Беларусi» аформiлi досыць эфэктна — на пярэдняй вокладцы зьмясьцiлi выявы нацыянальных беларускiх сымбаляў, а на задняй — сымбалi БССР. Такiм чынам вытраманы балянс i тэматычная адпаведнасьць. Але пакупнiку на вочы найперш трапляе бел-чырвона-белы сьцяг.

Леанiд Аляксееў з Масквы напiсаў сваю кнiгу «Гродна i помнiкi Панямоньня» у папулярным жанры — падарожных нататак. Аўтар ня толькi прапанаваў цiкавую фактуру, але не ўтрымаўся ад цёплых заўвагаў адносна Беларусi — яе «асаблiвай гiсторыi, асаблiвага калярыту й асаблiвых помнiкаў мастацтва». Беларускi чытач рэагуе на такое з удзячнасьцю. Кнiга прысьвечаная «Сьветлай памяцi дасьледчыка беларускага мiнулага i яго помнiкаў, натхнёнага змагара за Новую Беларусь Мiхася Аляксандравiча Ткачова».

Аналiзуючы вынiкi кнiжнага году можна зазначыць некалькi праблемаў i тэндэнцыяў:

1. Вельмi востра адчуваецца патрэба абнаўленьня ў мастацкай лiтаратуры. Новыя аўтары так i не прарвалiся на ўласна рынак.

2. 1997 год адзначаны небывалым пасьля 1990 году наступам рэакцыi на вольнае слова, многiя выдавецтвы i выданьнi падпалi пад рэпрэсii й цэнзураваньне. Актыўна выкарыстоўваўся па-за эканамiчны прымус.

3. У дзяржаўных выдавецтвах, дзе новая цэнзура ўводзiцца найбольш апантана (як у выпадку БелЭн) зьнiжаецца камэрцыйны посьпех выданьняў. Iншая рэч, што дзяржаўныя датацыi ў такiх выпадках пакрываюць усе выдаткi.

4. Нягледзячы на цiск, незалежныя выдавецтвы ўсё ж здолелi зазначыць сваё месца на кнiжным рынку. Некаторыя выдавецтвы нават выпрацавалi новую стратэгiю абароны, скарыстоўваючы прынцыпы публiчнасьцi й шырокага iнфармаваньня грамадзтва пра патрабаваньнi да iх iдэолягаў рэжыму.

1998 год абяцае новыя праблемы для недзяржаўных выдавецтваў. Аляксандар Лукашэнка напрыканцы 97-га ужо заявiў, што «кнiгавыданьне й кнiгагандаль павiнна кантраляваць дзяржава... У гэтай сфэры непадзельна павiнна панаваць дзяржава й праводзiць сваю лiнiю ў грамадзтве празь пiсьменьнiкаў, празь iх творы» («Звязда», 17 сьнежня 1997).

Але прэцэдэнт незалежнай кнiгi ў Беларусi ўжо створаны. Такая кнiга, магчыма, будзе зьнiкаць з палiцаў дзяржаўных кнiгарняў, але стане пашырацца з дапамогаю iншых грамадзкiх мэханiзмаў. Ня ведаю, цi чакаюць нас новыя вялiкiя каталёгi самвыдату, але гiсторыя незалежнай выдавецкай дзейнасьцi ў Беларусi ўжо пiшацца.

Алег Дзярновiч


 

Без прышэптваньня

 

БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА. Навучальны дапаможнiк. Пад рэдакцыяй Пятра Брыгадзiна. — Менск: Завiгар, 1997

У кароткiя часы «нацыянальнай адлiгi» пачатку дзевяностых у навучальныя праграмы школаў i ВНУ пасьпелi ўвесьцi курсы «беларусазнаўства» i «гiсторыi беларускай культуры». Але за тыя тры-чатыры гады так i не зьявiлася адпаведнага падручнiка цi навучальнага дапаможнiка. Шмат выданьняў пiсалi пра асобныя аспэкты беларусаведы, праграмкi i брашуркi iнстытуцкiх выкладчыкаў з розных бакоў «прарывалiся» да вырашэньня праблемы, але канцэптуальнага падручнiка (як дарэчы й па гiсторыi Беларусi) стварыць не ўдалося. Прычына (асноўная, напэўна) — гэта брак генэральнай канцэпцыi таго, што такое Беларусь увогуле, канцэпцыi прымальнай i для навукоўцаў, i для беларускай дзяржавы, i для нацыянальнай элiты, i, дарэчы, досыць зразумелай так званаму «народу».

«Адлiга» прамiнула, i вось сасьпелыя нарэшце прадукты нацыянальнай культуралёгii пачынаюць зьяўляцца на студэнцкiх сталах. У мiнулым (1996) годзе «Наша Нiва» пiсала пра «Гiсторыю культуры Беларусi» Леанiда Лыча i Ўладзiмера Навiцкага. У 97-м выйшла перавыданьне гэтай ня надта ўдалай кнiгi, якая, на жаль, ня стала нашмат лепшаю. Я асабiста сваiм студэнтам яе ня раю. Зусiм нядаўна ў мае рукi трапiла «Беларусазнаўства» — збор «рознааўтарскiх» матэрыялаў пад рэдакцыя прафэсара Пятра Брыгадзiна. Прызнаюся, я з асьцярогаю разгарнуў i гэтую кнiгу, хоць сьпiс аўтараў дастаткова прадстаўнiчы — Леанiд i Павал Лойкi, Анатоль Грыцкевiч, Язэп Юхо, Алесь Лозка ды iншыя сур’ёзныя навукоўцы.

«Беларусазнаўства» — не дапаможнiк у клясычным сэнсе. Гэта сабраныя пад адной вокладкай «артыкулы-лекцыi», якiя ў большасьцi адпавядаюць асноўным тэмам курса, што даў назву кнiжцы. У дадатак прыкладаюцца навучальныя праграмы па адпаведным прадмеце. Аўтары артыкулаў розныя паводле ўзросту, навуковай мэтадалёгii, палiтычных поглядаў, але ўся кнiга ўспрымаецца досыць цэльна, бо яднае аўтараў адзiная пазыцыя — беларуская, выразна незалежнiцкая. Сёньня, калi гасла маральнага кампрамiсу чарговы раз лунае над шэрагамi «нацыянальнай iнтэлiгенцыi», такая, амаль пазбаўленая кампрамiснага калябаранцкага прышэптваньня, кнiга ўспрымаецца значна паважней, чым гэта магло быць некалькi гадоў таму.

Калi ўсё ж рабiць заўвагi, спынюся толькi на некаторых пунктах. У першым разьдзеле «Этнагенэз Беларусi на фоне гiсторыi i геапалiтыкi» (аўтар Леанiд Лойка) не стае даказальнасьцi ў развагах пра паходжаньне тэрмiну «русь» цi iншых этнiчных назоваў. (Дарэчы, iстотны недахоп усяго дапаможнiка — гэта адсутнасьць спасылак на крынiцы, бiблiяграфii, агульнай цi па тэмах, бо сьпiсы лiтаратуры пры навучальных праграмах вельмi сьцiплыя, а часам i недакладныя.) Варта было б пры размове пра балта-славянскiя дачыненьнi згадаць пра тэорыю этнiчнага субстрату, пра пошукi Уладзiмера Сядова. Вельмi патрэбныя тэмы — мэнтальнасьць i нацыянальны характар беларусаў (Эдуард Дубянецкi), але часам развагi аўтара набываюць маланавуковы характар, нагадваючы «размовы на тэму». Разуменьне беларусаў як супольнасьцi, якая мае свае мэнтальныя асаблiвасьцi, заснаванае да таго ж амаль выключна на тэзе, што беларусы — аднародная сялянская маса. Сацыяльная стратыфiкацыя, iснаваньне на працягу стагодзьдзяў значнага слою шляхты, з сваiмi рысамi сьветаўспрыманьня, тыпамi характару, этасам, розныя канфэсiйныя ўплывы — практычна ня ўлiчваюцца. «Беларуская дыяспара» — тэма, у прынцыпе выдатна асьветленая Тамарай Лойкай. Але — паўстае ў мяне пытаньне —цi слушна працягваць у дачыненьнi да беларускiх палiтычных эмiгрантаў часоў Другой сусьветнай вайны савецкую традыцыю ўжываньня тэрмiну «калябаранты», якi мае — i мы гэта сёньня як нiколi адчуваем — выразную эмацыйную ацэначную афарбоўку. Можа тады пашырыць межы гэтага тэрмiну на усiх, хто супрацоўнiчае зь любым антыбеларускiм рэжымам? У артыкуле «Прыгожае пiсьменства» (аўтар Уладзiмер Навумовiч), на жаль, цалкам не заўважаецца iснаваньне такога фэномэну, як беларуская лiтаратура на польскай мове. Царкоўнаславянскiя творы можна разглядаць як помнiкi беларускага пiсьменства, а польскамоўныя, створаныя беларусамi, на беларускай зямлi, з усiмi рысамi беларускага мэнталiтэту — чамусьцi адкiдаюцца. Мо таму, што яны створаныя шляхтай, альбо каталiкамi?..

Пытаньнi i заўвагi да «Беларусазнаўства» зразумелыя для кожнага падобнага «экспэрымэнтальнага» выданьня. I яны не памяншаюць значэньня гэтае невялiкае кнiжкi. Галоўнае — гэта тое, што ёй сапраўды можна й варта карыстацца.

Вацлаў Арэшка


 

Сцэны з жыцьця катаў

Аляксандар Лукашук. «За кiпучай чэкiсцкай работай». — Менск: Наша Нiва, 1997

 

Гэты год, адзначаны ў Беларусi ня столькi адкрыцьцямi, колькi забаронамi й закрыцьцямi, на прыканцы сваiм нiбы сьпяшаецца ўвайсьцi ў гiсторыю важнымi культурнымi зьявамi. Два тыднi таму ў Лёндане на аўкцыёне былi набытыя невядомыя кнiгi Скарыны. А сьледам адбылася яшчэ адна iстотная для беларускага культурнага кантэксту падзея. У выдавецтве «Наша Нiва» ў архiўнай сэрыi пабачыла сьвет кнiга Аляксандра Лукашука «За кiпучай чэкiсцкай работай». Важнасьць гэтае кнiгi ў тым, што яна стварае прэцэдэнт апазыцыi савецкiм выкрывальнiцкiм кнiгам сталiнскае закваскi i распавядае пра канкрэтных забойцаў — супрацоўнiкаў НКВД.

З дапамогай архiўных матэрыялаў аўтар распавядае пра людзей, якiя працавалi ў НКВД Беларусi ў самыя крывавыя гады сталiнскага тэрору, пра чэкiстаў, якiя ставiлi рэкорды — хто болей сфабрыкуе расстрэльных справаў...

Начальнiк Старобiнскага НКВД Макар Гарбачэўскi за адзiн толькi суботнi дзень 18 верасьня 1937 году выпiсаў ордэры на арышт сямiдзесяцi чалавек. Польскiя шпiёны, удзельнiкi антысавецкага супрацiву — усе гэтыя «ворагi народа» напавер аказвалiся звычайнымi сялянамi. Яны яшчэ спрабавалi выбрацца з Магiлёўскай турмы i зь Сiбiрскiх лягераў, пiсалi апэляцыi. Некаторых нават i вызвалялi. Але на шляху гэтых перапiсак стаяў усё той жа Макар Гарбачэўскi, якi на той час ужо перабраўся ў Менск i стаў намесьнiкам Цанавы.

Гарбачэўскi — толькi адзiн зь дзясяткаў энкавэдыстаў-курапатчыкаў, справы якiх аўтару ўдалося пабачыць у архiвах за час кароткае адлiгi ў пачатку 90-х. Нагадаю, што за часамi Лукашэнкi архiвы КГБ зноў былi наглуха зачыненыя ад дасьледчыкаў.

Таксама нямала месца адвёў Аляксандар Лукашук цэнзурнаму ведамству, якое даводзiла да абсурду сваю барацьбу з iншадумствам. Забаранялiся кнiгi... Забаранялася мова...

Шукаючы кантэксту, у якi трапляе кнiга «За кiпучай чэкiсцкай работай», я раптам згадаў колiшнюю кнiгу Яўгена Раманоўскага «Саўдзельнiкi ў злачынствах». Там маюцца на ўвазе паслугачы гiтлераўскiх акупантаў, беларускiя нацыяналiсты. Сярод антыгерояў, дарэчы, ёсьць Янка Фiлiстовiч, якi ў папярэдняй кнiзе Лукашука паўстаў як герой. Новая кнiга пра чэкiстаў ўступае ў апазыцыю да кнiгi Раманоўскага. З гэтага моманту пачынаецца двубой. Антыгероi Раманоўскага становяцца героямi ў iнтэрпрэтацыi беларускiх незалежных гiсторыкаў. Антыгероi Лукашука дагэтуль ушаноўваюцца ў сваiх вэтэранскiх арганiзацыях. Абедзьве кнiгi напiсаныя ў жанры выкрыцьця. Абедзьве спасылаюцца на факты. Гэтак кнiга «За кiпучай чэкiсцкай работай» разбурае аднамернасьць гiсторыi i сьцьвярджае палярнае разуменьне нашай мiнуўшчыны гiсторыкамi савецкае школы i тымi, якiя працуюць дзеля будучынi.

Разглядаючы колiшняе амаль юрыдычнае паняцьце «вораг народа», мы мусiм зьвяраць яго зь сёньняшнямi ўяўленьнямi i тэрмiнамi. Калi мера злачынства «ворага народа» Фiлiстовiча — чыста iдэалягiчная — маўляў, нацыяналiст i антысаветчык — адмерла разам з бальшавiцкай iдэалёгiяй, то мера злачынства чэкiста Грабачэўскага — канкрэтныя забойствы невiнаватых людзей, актуальная i сёньня. Яна называецца злачынствам супраць чалавечнасьцi.

Крыт.


 

Унiя: погляд з Усходу

 

Брестская уния 1569 г. и общественно-политическая борьба на Украине и в Белоруссии в конце XVI — начале XVII в. Часть 1. Брестская уния 1569 г. Исторические причины события. — Москва: «Индрик», 1976. ISBN 5-85759-045-0

Гэтая невялiкая, але ёмiстая кнiга анансаваная як «першае спэцыяльнае дасьледаваньне пытаньня ў расейскай гiстарыяграфii апошнiх гадоў». З такiм сьцьвярджэньнем можна было б i паспрачацца (цiкава, якую кнiгу аўтары лiчаць перадапошняй?), але бясспрэчна, што гэтая праца — сур’ёзнае навуковае дасьледаваньне. Аўтары нарысаў (М.Дзьмiтрыеў, Б.Флора, С.Якавенка) ахапiлi вялiкi матэрыял, закранулi шмат якiя праблемы i на многiя пытаньнi здолелi даць пераканаўчыя адказы. Балазе пра царкоўную унiю матэрыял назьбiраны багаты й няма недахопаў у яго самых розных iнтэрпрэтацыях. Дарэчы, аўтары адкрыта паказваюць на тых, чыю лiнiю яны працягваюць — украiнскiх гiсторыкаў Арэста Лявiцкага i Мiхала Грушэўскага. Такую адкрытасьць застаецца вiтаць. На разважаньнi наводзiць сьцьвярджэньне аўтараў, што магчымасьцi для прафэсiйнага навуковага вывучэньня унii сталi зьяўляцца зь сярэдзiны XIX стагодзьдзя, бо ў расейскiх выданьнях пачынаючы з 40-50-х гадоў стагодзьдзя быў уведзены ў зварот цэлы комплекс дакумэнтальных матэрыялаў з архiву ўнiяцкiх мiтрапалiтаў. Iншымi словамi, толькi пасьля скасаваньня ўнiяцкай царквы ў Расейскай iмпэрыi на Полацкiм саборы 1839 г. узьнiкла навуковая гiсторыя унii? I распрацоўвалi яе, трэба думаць, праваслаўныя гiсторыкi? Пакiнем гэта на сумленьнi аўтараў.

Гiсторыю заключэньня царкоўнай унii ў Рэчы Паспалiтай аўтары падалi на шырокiм гiстарычным фоне, на тле тых рэлiгiйных рухаў, якiя ў XVI стагодзьдзi ахапiлi ўсю Эўропу. Асьветленая Рэфармацыя, так званая Рэформа ўнутры самога каталiцтва, дзейнасьць праваслаўных брацтваў, узаемадачыненьнi з усходнiмi патрыярхамi, дзейнасьць езуiтаў, адмiнiстратыўны крызыс унутры праваслаўнай царквы Рэчы Паспалiтай. Яго аўтары лiчаць асноўнай прычынай заключэньня унii. Сапраўды, у другой палове XVI стагодзьдзя кiраваньне праваслаўнай царквой сутыкнулася зь вельмi вялiкiмi цяжкасьцямi. Квiтнелi парадкi самага звычайнага фэадалiзму, калi мясцовы пан будаваў царкву (цi атрымлiваў яе ў спадчыну), прызначаў папа i забiраў сабе ягоныя прыбыткi. А калi пан быў вялiкi, як князь Канстанцiн Астроскi, якi валадарыў ледзь не на палове Ўкраiны? Сам ён лiчыў сябе вялiкiм абаронцам праваслаўя, але якраз iснаваньне падобных лятыфундыяў у рэшце рэшт перашкаджалi праваслаўю. Япiскапы заставалiся зусiм у баку ад кiраваньня царквой, i цалкам зразумелае iхняе жаданьне абаперцiся на цэнтральную дзяржаўную ўладу, каб змагацца з тым сваеасаблiвым «фэадальна-царкоўным» сэпаратызмам. Але паказваючы адмiнiстрацыйны крызыс праваслаўя ў Рэчы Паспалiтай, аўтары не прадэманстравалi застою ў iншых вобласьцях царкоўнага жыцьця. Мiмаходзь прыгаданая думка М.Грушэўскага, што да сярэдзiны XVI стагодзьдзя ўкраiнская культура была бясплённай, не атрымала ў кнiзе разгляду, а безь яго аўтары надзвычай лёгка маглi сьцьвярджаць, што ў прычынах унii не было анiякай цягi праваслаўных да заходнеэўрапейскай культуры. Дарэчы, не атрымала ў кнiзе працягу i тэма пратэстантству ў праваслаўнай царкве, хоць, пэўна, аўтары й згодныя, што гэта была важная прычына унii.

Адзiн аспэкт «унiйнай праблемы» займае асобае месца ў беларускiх i ўкраiнскiх дасьледчыкаў, а менавiта ўзаемадачыненьнi з Масквой. Гэтая праблема была сфармуляваная даўно, у некаторых гiсторыкаў яна набыла такi выгляд: да заключэньня царкоўнай унii прывяла боязь праваслаўных Рэчы Паспалiтай апынуцца ў падначаленьнi маскоўскiх патрыярхаў. Сапраўды, маскоўскi патрыярхат утвораны ў 1589 годзе, а ўкраiнска-беларускiя герархi пачалi весьцi размовы-перамовы пра унiю ў 1590 годзе. Цi няма тут прамой сувязi? Аўтары кнiгi гэта рашуча адмаўляюць, нават абвяшчаюць гэта «ненавуковымi домысламi, якiя ўзьнiклi ў атмасфэры «халоднай вайны». А мiж тым у беларускай гiстарыяграфii дасюль навукоўцы намацваюць сувязi памiж гэтымi дзьвюма датамi. На некаторыя дэталi праблемы зьвяртаюць увагу i аўтары кнiгi. Канстанцiн Астроскi ў 1593 годзе прапаноўваў праваслаўным япiскапам адправiць пасольства ў Маскву, шукаючы падтрымкi ў барацьбе з каталiкамi. Як вядома, япiскапы накiравалi пасольства ў зусiм iншы бок — у Рым. Увогуле гэтая тэма яшчэ застаецца недасьледаванай i неасэнсаванай.

Мала ўвагi надалi маскоўскiя аўтары i ролi канцлера ВКЛ Льва Сапегi ва ўсiх унiйных падзеях. Першы варыянт унii, распрацаваны праваслаўнымi япiскапамi, кароль Жыгiмонт Ваза даручыў разгледзець асобам, якiм, пэўна, давяраў. Гэта былi луцкi бiскуп Б.Мацяёўскi, львоўскi арцыбiскуп Я.Салiкоўскi i Л.Сапега. Зьяўленьне апошняга ў камiсii выглядае досыць нечаканым. Б.Флора паспрабаваў растлумачыць гэта тым, што ў той час (1595 г.) Сапега быў сярод магнатэрыi чалавекам новым, абавязаным сваiм узвышэньнем каралю i цалкам паслухмяным. Вiдавочна, гэта ня так. Прыгадаем, што ў 1588 годзе Л.Сапега дамогся зацьвярджэньня новага Статуту, якi значна адасобiў ВКЛ ад Польскага каралеўства. Тэма «Леў Сапега i унiя» таксама чакае свайго беларускага дасьледчыка.

Сярод вартасьцяў кнiгi чытач знойдзе выкарыстаньне найноўшага дакумэнтальнага матэрыялу i навуковых дасьледаваньняў, павагу да працы папярэднiкаў, сьвежасьць думак i назiраньняў. Сярод хiбаў заўважныя прыкрыя тэрмiны, як «Ватыкан» (як палiтычная зьява ён народжаны ў ХХ стагодзьдзi) i, што зусiм нечакана, спатыкаем Францыска (Георгiя) Скарыну. Застаецца разьвесьцi рукамi i чакаць абяцанай другой часткi дасьледаваньня.

Валеры Пазьнякоў


 

Новая герархiя

СТО БЕЛАРУСКIХ КНIГ ХХ СТАГОДЗЬДЗЯ

 

Напярэдаднi 1998 году мы падводзiм чарговыя вынiкi кнiжнага рэйтынгу «НН». Нагадаю, што мэта праекту, якi мы распачалi ўлетку 96-га i назвалi «Новай Герархiяй», — выявiць разам з нашымi чытачамi 100 найлепшых беларускiх кнiг ХХ стагодзьдзя. Усе дасланыя вамi прапановы заносяцца ў зводны рэдакцыйны сьпiс. Сёньня ў гэтым сьпiсе ўжо 620 назваў, шмат якiя зь iх згадваюцца нашымi чытачамi па 10, 20 i болей разоў. Гэтак фармуецца рэйтынг, верхнюю частку якога мы пэрыядычна публiкуем у «НН». Увесь праект разьлiчаны да 2000 году. Вынiкам яго стане электронная вэрсiя — 100 кнiг у Iнтэрнэце i на кампакт-дыску. Няма сумневу, што яшчэ праз год-два такiя сродкi iнфармацыi будуць даступныя прынамсi кожнай бiблiятэцы.

Вось некалькi цытатаў зь лiстоў, якiя прыйшлi да нас пасьля апошняй публiкацыi рэйтынгу. Уладзiслаў Iваноў зь Менску пiша: «Дужа зьдзiўляе тое, што ў рэйтынгу няма Галiны Булыкi. Няўжо чытачы забылiся пра яе? Каб было магчыма, дык я зрабiў бы яе лiдэрам. Яе вершы паўны энэргii, яны задужа мiстычныя. Здаецца, наша паэзiя мае жаночы твар, бо яны (жанчыны? — Рэд.) пiшуць неяк жахлiва i прыемна адначасова».

Кнiжак Галiны Булыкi сапраўды яшчэ не было ў нашым сьпiсе. Але на тое i ўся гэтая задума з рэйтынгам, каб чытачы самi прапаноўвалi сваiх любiмых паэтаў. Што да нас, то мы толькi зьбiраем iнфармацыю, робiм падлiкi i гарантуем, што нiводная прапанова чытачоў не выпадае з гэтага сьпiсу.

А Ўладзя Жаўняк з Мар’iнай Горкi спахапiўся: «Ня ведаю, цi можна мне яшчэ раз прапанаваць сьпiс кнiг, якiя я не назваў у мiнулы раз. Справа ў тым, што ХХ ст. яшчэ ня скончылася, выдаюцца новыя цiкавыя кнiгi, ды i на кнiжных палiцах можна адшукаць тое, што яшчэ не прачытаў».

Вядома, можна. Бо стагодзьдзе сапраўды яшчэ доўжыцца i зьяўляюцца новыя творы. Праўда, з тых кнiг, якiя Ўладзю трапiлi ў рукi, у нашым сьпiсе не было толькi дзьвюх: паэтычнага зборнiка В.Таўлая «Пiлую вершам краты» i зборнiка перакладаў Н.Гiлевiча «Роднасьць».

Было б несправядлiва не прывесьцi тут i прыпiску, якую Ўладзя зрабiў да свайго лiста:

«Восень прынесла новыя знаёмствы. Ня так даўно я стаў сябрам лiтаб’яднаньня «Лiтаратар», створанага пры часопiсе маладых лiтаратараў «Першацьвет». Мой новы сябра Янка Лайкаў абяцаў прыслаць у «Нашу Нiву» свае вершы, яму таксама падабаецца правапiс «зь мяккiмi знакамi». Апошнiм часам я стаў заўважаць, што «НН» больш папулярная сярод моладзi — школьнiкаў, студэнтаў. Часта даводзiцца бачыць прывабных дзяўчын, якiя трымаюць у руках маю любiмую газэту, часта бачу значкi «Наша Нiва» на грудзях у юнакоў i дзяўчат. Прыемна, настрой адразу паляпшаецца ад пачуваньня, што ты не адзiн, што ёсьць тыя, каму не абыякавая будучыня нашай лiтаратуры i краiны».

Сяргей Конан з Жодзiна: «Выбiраць з мноства аказалася вельмi няпростай справай. Я прадумваў розныя шляхi i спынiўся на двух. 1. Эмацыйны, тое што легла на душу лёгкiм сьвятлом i дае асалоду ад успамiну пра гэтыя кнiгатворы. Пачаць вырашыў, магчыма, зь незвычайнай кнiгi. У галаву сьпiсу я стаўлю зборнiк беларускiх казак «Ня сiлай, а розумам». 2. Шлях больш рацыянальны». У кнiгах, адабраных паводле другога шляху, мы не знайшлi нiчога, што б ня згадвалася раней.

Нашы чытачы часта пiшуць пра цяжкасьцi i крытэры адбору. Варта паўтарыць тое, што мы ўжо казалi ня раз: называйце СВАЕ кнiгi, блiзкiя i патрэбныя асабiста вам. Няхай гэта будуць зусiм суб’ектыўныя падыходы, зь якiх урэшце i складзецца сукупная Вялiкая Аб’ектыўнасьць.

Напрыканцы 1997 году кнiжны рэйтынг «НН» выглядае наступным чынам (кнiгi, якiя набралi 10 i болей галасоў. Колькасьць галасоў — у дужках):

 

Абдзiраловiч. Адвечным шляхам (11)

Адамовiч, Брыль, Калесьнiк. Я з вогненнай вёскi (11)

Аляхновiч. У кiпцюрох ГПУ (17)

Арлоў. Таямнiцы полацкай гiсторыi (14)

Арсеньнева. Пад сiнiм небам (18)

Архiтэктура Беларусi. Энцыкляпэдыя (10)

Багдановiч. Вянок (27)

Беларусь. Энцыкляпэдычны даведнiк (12)

Быкаў. Знак бяды (21)

Быкаў. Сотнiкаў (15)

Вiцьбiч. Плыве з-пад сьвятое гары Нёман (15)

Гарун. Матчын дар (11)

Гарэцкi. Гiсторыя беларускай лiтаратуры (13)

Гарэцкi. Дзьве душы (12)

Гарэцкi. Рунь (16)

Генiюш. Ад родных нiў (11)

Генiюш. Споведзь (24)

Дайнека. Сьлед ваўкалака (10)

Доўнар-Запольскi. Гiсторыя Беларусi (11)

Ермаловiч. Па сьлядах аднаго мiта (16)

Ермаловiч. Старажытная Беларусь (21)

Iгнатоўскi. Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi (17)

Караткевiч. Дзiкае паляваньне караля Стаха (22)

Караткевiч. Зямля пад белымi крыламi (13)

Караткевiч. Каласы пад сярпом тваiм (19)

Караткевiч. Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi (14)

Караткевiч. Чорны замак Альшанскi (18)

Кiпель. Беларусы ў ЗША (10)

Колас. На ростанях (15)

Колас. Новая Зямля (21)

Колас. Сымон-музыка (10)

Купала. Жалейка (16)

Купала. Спадчына (18)

Ластоўскi. Гiсторыя беларускай (крыўскай) кнiгi (11)

Ластоўскi. Кароткая гiсторыя Беларусi (18)

Ластоўскi. Падручны расейска-крыўскi (беларускi) слоўнiк (13)

Маўр. Палескiя рабiнзоны (14)

Мележ. Людзi на балоце (17)

Разанаў. Вастрыё стралы (11)

Сагановiч. Невядомая вайна (21)

Смолiч. Геаграфiя Беларусi (20)

Сямашка. Армiя Краёва на Беларусi (10)

Тарасаў. Памяць пра легенды (17)

Тарашкевiч. Беларуская граматыка для школаў (23)

Ткачоў. Замкi Беларусi (12)

Туронак. Беларусь пад нямецкай акупацыяй (17)

Цётка. Хрэст на свабоду (11)

Чаропка. Iмя ў летапiсе (14)

Энцыкляпэдыя гiсторыi Беларусi I i II т. (14)

Чакаем вашых допiсаў.

Крыт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0