Сяргей Астравец

СЛАВА АКЦЯБРУ

Сьвяточнае апавяданьне

 

Чарга ў падземную зеўру больш нагадвае паходную калёну. Яна нагэтулькi даўжэзная, што не параўнаць нават з маўзалейнай. Канчатку хваста не вiдно. Але гэта не грамадзкая прыбiральня. У сутарэньнi публiка займае ўсе тры рухомыя лесьвiцы i старчма спускаецца ў самы дол, разгортвае транспаранты, сьцягi i рушыць пад духавы аркестар. Лёзунгi са старамоднай лiтарай яць заклiкаюць: Уласьць — саўдзепам, фабрыкi — фабрыкантам, рабочым — работу, патроны — салдатам i матросам, зямлю — камбедам, камбiкармы — крэсьцьянам, сьмерць памешчыкам i капiталiстам, хлеб — галодным, убiўцам Аркадзiча — вышку.

У вагоне цягнiка, перапоўненым целаахоўнiкамi, гаворыць у мiкрафон надзвычай паважны вусаты чалавек у пiнжаку з двума шэрагамi гузiкаў:

— Мы цiпер адны у Абэвэгэдэ строiм мятро. Пачаму? — спросiце вы мiне. I я атвечу пачаму. Патаму што таварыш Жалезны, настаяшчая фамiлья Шалiкашвiлi, у цэлях безапаснасьцi езьдзiў да сябе на дачу у мятро, каторае спэцальна пракапаў туды з саблюдзеньнем мер сакрэтнасьцi i прэдастарожнасьцi гераiчаскi рабочы клас i лучшыя прэдставiцелi калхознага крэсьцьянства. У этат самы дзень, очэнь многа лет назад, када орды i полчышча стаялi на расстаяньнi пушачнава выстрала, ён правёў пад зямлёй празьнiчны парцiйна-хазяйствены акцiў, а патом узашоў на саркафаг i прыняў парад войск iлi наабарот. Сначала прыняў, а патом у мятры правёў сабраньне i паехаў на дачу, незаметна для ўрага.

Калёна не затрымлiваецца, удзельнiкi, як заўжды здараецца на дэманстрацыях, чуюць толькi ўрыўкi прамовы, усё адно як прачытаўшы адзiн выдзерты з кнiжкi аркушык. Праз адное вуха заляцела, праз другое вылецела вонкi i зьнiкла. Нiхто чамусьцi не падбаў, каб кожны запомнiў па слову з гаварыльнi. Для гiсторыi. Даклад потым будзе абавязкова размножаны, але ў стэрылiзаваным выглядзе. Як страва бяз солi i пернасьцяў. Узьняўшыся на паверхню, дэманстранты скручваюць наглядную агiтацыю, разгортваюць парасоны i сумнай чарадой працягваюць рух, ужо зусiм несьвяточна, як ваеннапалонныя, паступова зьнiкаючы у шэрым мроiве. Ёдкi восеньскi дождж ня мае лiтасьцi. Цягнуцца гадзiны. Але дэманстрацыя не спыняецца.

— Мы капалi, капаем i будзем капаць, штоб карыдор прамiком вывеў нас пад самы саркафаг, ежалi па воздуху не палучаецца з-за атрыцацельных мецеа-условiй i вечна нялётнай пагоды. Увялiчым пасажырапаток, як эцi пад морам. Слава народу-тружанiку! Палучанай зямлёй мы ў два шчота засыплем усе балоты i радыяцыю, як це закапалi мора i прэспакойна вырошчваюць сабе цюльпаны i картоплю. Зямля — наша багацтва! Людзi — нашы рэсурсы. Заводу «Ударнiк» — ура!

Над галовамi вагаюцца, чырванеюць шрыфтам заклiкi. Дзепутатаў, сабатажнiкаў i энтузiястаў — за рашотку. Альтруiстаў i пацыфiстаў — пад ружжо. Пэнсii — пэнсiянэрам! Вучэньне — сьвет, а невучэньне — цьма. Ураг ня дрэмле. Кнiга — лучшы падарак. Жалезнава — назад у саркафаг. Экспрапрыяцыю — экспрапрыянтам. Бульбу — бульбашам. Пшонку — пшэкам. Кесару — кесарава. Сярпы — молатам! Чэсьць — па труду.

Аднойчы цывiльная частка калёны сканчаецца i яе зьмяняе шэрая салдацкая плынь з 201-ай сухапутнай дывiзii iмя туркестанскага рэўваенсавету, пераапранутая ў рабоча-сялянскiя аддзелы з чырвонымi бантамi на грудзёх. Салдаты спускаюць у мэтро коней i разборныя тачанкi, бутафорскi браневiчок. Днявальныя падбiраюць у мяхi конскiя яблыкi. У санiтарных двуколках мужна трымаюцца рэвалюцыйна настроеныя матросы з рукамi i нагамi ў гiпсе. Паўз цягнiк з аратарам праплываюць чарадою макет гарматы з крэйсэра, электраплугi, серп i молат, барадаты бюст.

— Слава капээсэс. Пяцiлетка качэства. Эканомiка даўжна быць эканомнай. Перагонiм сэшэ-а ў праiзводстве малака. Кожнаму па патрэбнасьцi. Жывее ўсiх жывых мёртвыя. Сiводня он iграiт джаз, а заўтра родзiну прадасьць. Загнiваюшчы iмпэрыялiзм. Рэвалюцыя прадаўжаецца. Шпiёнаў, дывэрсантаў i правакатараў — к сьценке! Антыкамунiстаў i антысавеччыкаў усiх масьцей — к чорту! Лягер мiру i сацыялiзму. Усё прагрэсiўнае чалавечаства. Мая хата з краю. Першы блiн комам. Кiсельныя рэкi — малочныя берагi. Дарэнаму каню ў рот не смотрат! Трудзяшчымся — труд! Праступнiкам — наручнiкi! Прадажным газэтчыкам — наморднiкi! Школьнiкам — чарнiла! Амонаўцам — хвала i чэсьць! Дзiцям — марожанае, бабам — цвiты! Жулью — учот i кантроль! Не плюй у калодзец, не рубi сук, сiла ёсьць ума нi нада, бязумству храбрых пяём мы песьнi.

Часова гасьне сьвятло, пражэктары жоўта i палахлiва абмацваюць скляпеньнi. Гукавое аздабленьне: жудасныя сiрэны, злавесны гуд бамбавiкоў, глухiя хлапкi гарматных стрэлаў, дэцыбэльны сьвiст бомбаў з iмклiвым павелiчэньнем, выбухi. Радыёголас дыдактычна папярэджвае, заклiкае, пагражае: родзiна маць завёць, нi шагу назад, панiкёрам i распрастранiцелям слухаў, а такжэ правакатарам расстрэл на месьце. Усем немедлена запiсацца у дабравольным парадку. Сьмерць урагу не за гарамi.

У шэрых кепках iдуць апалчэнцы. Лыжнiкi у белых зiмовых апратках. Партызаны, сярэднеазiяцкiя стралкi, мангольская кавалерыя на дробных конях Пржэвальскага.

— Хрэн за рэдзьку не слашчэ, палка а двух канцах, прытча ва языцэх, прошчэ паранай рэпы, как два пальца абмачыць, с камунiсьцiчаскiм прыветам, усякаму овашчу сваё ўрэмя, у цеснаце ды не ў абiдзе, у цiхiм омуце чэрцi водзяцца, голад не цётка, у сям’i не без урода, ваўкоў баяцца ў лес не хадзiць, дарага лыжка к абеду, дуракам закон не пiсан, меньшэ народу большэ кiслароду, у начале было слова. Я участвую ў хару, как гаварыцца, усе аруць i я ару. Быў бы хлеб а зубы сышчуцца — не ў свае санi не садзiсь — не ўсё золата што блiшчыць — нашла каса на камень — рускiя прыдумалi раяль — не была пячалi так чэрцi накачалi — што ў лоб што по лбу — чыя бы карова мычала — труба дзела — хвост пiсталетам — дуба даць — брэд сiвой кабылы — ва ўсю iванаўскую — мiрны атам —браць за жабры — работа не воўк — мора па калена — з ваўкамi жыць — з бухты-барахты — дзяржы карман шырэ...

Ансамбаль песьнi i пляскi рушыць, выконваючы сваю звычайную справу. Паходныя кухнi пахнуць грэчневай кашай i ўкраiнскiм баршчом.

— Глаўнае дысцыплiна i парадак. Парадак i дысцыплiна. Парадак, парадак i ешчо раз парадак. I дысцыплiна тожэ. За апазданьне на работу к пазорнаму стаўпу. Я вам гавару нет злабаднеўнее вапроса. Як вучыў вождзь i вучыцель. Дысцыплiну i парадак паставiм ва главу вугла. Паўтараю на парадке дня. Усё ўрэмя нада помнiць. Нiкагда не забываць. Днём i ноччу. Дысцыплiнiраваны значыць парадачны. Дысцыплiна эта глаўнае. Нет важней задачы чэм. Слушайце ўнiмацельна парадак краевугольны камень дысцыплiны i ў абратным прадку. Анi ўкралi нашу пабеду.

Вязуць драўляную клетку, у якой раздражнёная мужчынская публiка, вандроўная рэвалюцыйная трупа цi агiтбрыгада, выгукае ва ўсе бакi:

— Ачэрэдная групавая правакацыя!

— Спланiравана i аплачана з-за рубяжа!

— Нацыянал-экстрымiсты, рафiнiраваная iнцелiгенцыя! Эта з iх учасьцiем была развалена наша вялiкая родзiна-маць-перамаць-Ёкэлэмэнэ!

— Усячэскi парочат наш абшчэствены i гасударствены строй, дыскрэдзiцiруюць нашага горача любiмага Усенароднаабранага! Пошласьць i парнаграфiя!

Хорам:

— Мы, нiжэпадпiсаўшыеся, кляймiм пазорам перавёртышэй, правакатараў i прыспасабленцаў i прызываем усех чэсных граждан пасьледаваць нашаму прымеру.

Гучаць рэдкiя, але апантаныя воплескi, клетка пляскае сама сабе i зьнiкае.

— Раз на канi раз пад канём ад сумы i ад цюрмы нiхто з вас не застрахован качэства пераходзiць у калiчэства i наабарот зьвярыны аскал iмпэрыялiзму саобшчнiкi i пасобнiкi есьлi ўраг не здаёцца яго iзьнiчтажаюць хто не з намi той процiў нас лес рубяць шчэпкi ляцяць сацыялiзм з чалавечаскiм лiцом хто не работае той не ест што ў лоб што по лбу нi к селу нi к гораду нi слухам нi духам нi туды нi сюды нi ў красную армiю гусары дзенег не беруц-с нечыва ўзяць кроме аналiзаў сыт па горла сам бог вялеў бог яго знае слава богу бог любiць тройцу беражонава бог беражэ аднаму богу iзвесна опiюм для народу богаўгоднае завядзеньне эта па-божаску яй-богу бога за бараду ухапiць як у бога за пазухай бог цярпеў i нам вялеў бог ня роўна дзелiць здзелаў дзела гуляй сьмела цiшэ едзеш дальшэ будзеш старасьць не радасьць салдат сьпiць служба iдзёць там харашо гдзе нас нет вутра вечара мудранее фядот ды ня тот фiлькiна грамата два сапага пара хлеб усяму галава не лыкам шыты цыплят па восенi шчытаюць чужая душа пацёмкi што хачу то i варачу яблака ад яблака падае язык мой ураг мой павiдла джэм палезна ўсем народ i парцiя ядзiны ўсё для народнага фронту ўдрызг i ўтрэск не трогай дзярмо трус не iграе ў хакей трэзвасьць норма жызьнi. Як гаварыцца, не богi гаршчкi апякаюць.

— Благадару за ўнiманьне. З празьнiчкам. Зашчыта чэсьцi i дастоiнства — лашадзiная доза — вучыцца вучыцца i ешчо раз вучыцца — сапагi ўсьмятку — дзьве галавы харашо а адна лучшэ — у каго што балiць — як мёртваму прыпаркi — ты паможаш тут каню як хваробе кашаль — i мацер’яльныя блага пальюцца як iзрогаiзабiльля — гранiцанакрэпкiмзамку!

Калi апошнi кiрзавы бот пакiдае эскалятар, цягнiк са словаахвочым прамоўцам зьнiкае у невядомым накiрунку, у сутарэньне з прыглушаным сьпевам «есьць у рэвалюцыi начала, нет у рэвалюцыi канца» спускаюцца рабочыя з рыдлёўкамi на плячы, каб капаць далей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0