Рэспублiка Радзiма

 

Некалькi нумароў запар у «Нашай Нiве» друкуюцца лiсты беларусяборцаў. Маўляў, кепскае iмя нашай краiны фатальна навiсла над ейным лёсам i не дае ёй вылузацца, стаць самастойнай i самавiтай. Адзiн чытач прапануе называцца Крывiяй, другi Лiтвой. Абодва падтрымваюць адзiн аднога ў крытыцы iмя Беларусь, але ў выбары альтэрнатывы разыходзяцца. Маўляў, Крывiя сымбалiзуе толькi паганскую веру, а Лiтва — хрысьцiянскую. Трэцi чытач, якому таксама недаспадобы Беларусь, адмаўляе Крывiю, бо ён гомельскi, г.зн. радзiмiч i ганарыцца ўласнай рода-племянной традыцыяй. Я думаю, прыгожая магла б атрымацца назва — Рэспублiка Радзiма...


 

Днямi на вiтрыне газэтнага шапiка я выпадкова прачытаў iмя прадавачкi — Бэнэдыкта. У Менску адразу сказалi б — заходнiца. А ў Вiльнi гэта справа звычайная. Тут, дзе жывуць некалькi народаў рознае веры, нiхто не задзiвiцца твайму iмю. Бо самiх iмёнаў, прычым пашпартных, безьлiч. Нашыя Сашы з Машамi гучаць тут, наадварот, як рэдкая трывiяльнасьць. А паспрабуйце ўявiць сабе беларускага чалавека, якi б у пашпарце зваўся Саша або Маша, або Вова. Нерэальна. Не паложана. I гэтак толькi ў нас. У iншых народаў (апрача хiба расейцаў) такiх жорсткiх усенародных дамоўленасьцяў не iснуе. I гэта, на маю думку, характарызуе ня столькi наш мэнталiтэт, колькi сытуацыю, у якой апынулася Беларусь.

Падбiраючы для гэтае сытуацыi характарыстыку, я выйшаў на ключавое слова — кругагляд. Iменьнiк, якiм паслугоўваецца народ, сьведчыць пра кругагляд гэтага народу. Кругагляд —вось слова, якое вытлумачвае цi ня ўсе нашыя цывiлiзацыйныя пралёты апошнiх гадоў i найлепшым чынам характарызуе ўладу, якая пануе ў краiне i электарат таксама. Усё б нiчога, а вось кругагляд — вузкi.

У любым iншым месцы сьвету могуць назваць дзiця Сонейкам цi нават Ялiнай, нiхто ня зьдзiвiцца, а вакол быццам сьвятлей стане i адкрыюцца невядомыя энэргетычныя шлюзы. Iмя маёй знаёмай лiтоўкi Айрыi перакладаецца як Iрляндыя. Ёсьць у iх сямейнае паданьне, пра тое, як далёкага продка Айрыi з затанулага карабля выратаваў нейкi iрляндзец. У бацькоў iншай Айрыi паданьня не было, проста спадабалася iмя.

Адзiн пiцерскi знаёмец некалi распавядаў мне, што для расейскага вуха Вячаслаў Францавiч Кебiч гучыць ня йначай як Беата Тышкевiч, гэта значыць, не па-свойску. У тыя часы людзi ў Расеi магчыма ўпершыню адчулi, што брацiшка-беларус жыве ў iншай краiне. Прычым адчулi на самым жорсткiм, знакавым узроўнi — на ўзроўнi ўласных iмёнаў. Тады ж, спрабуючы вярнуць братэрскае единообразие, сёй-той з палiтыкаў тлумачыў, што ў Беларусi ўладу захапiлi палякi. А мясцовыя нацыяналы наадварот вышуквалi ва ўласных iмёнах глыбокiя эўрапейскiя повязi. I калi Кебiч сустракаўся з Колем, яны задаволена адзначалi, што сустракаюцца дзьве капусты: Кебiч па-ангельску i Коль па-нямецку.

Выбар iмя — надзвычай iстотны жыцьцёвы акт, у якiм сыходзяцца i агульныя традыцыi, i прыватныя густы, i энэргiя Космасу. Калi ж над народам пануе абмежаваны загсаўскi сьпiс, для выбару амаль не застаецца месца. На гэтай абмежаванай прасторы мы поўнiмся крытыцызмам да iмёнаў сваiх суайчыньнiкаў i да iмя самое нашае краiны Беларусi. I гэта таксама вылучае нас у шэрагу iншых народаў. На маю думку, вольны выбар iмя для дзiцяцi ў Беларусi варта залiчыць у фундамэнтальныя правы чалавека, якiя яшчэ трэба будзе ўсталяваць.

Некалькi нумароў запар у «Нашай Нiве» друкуюцца лiсты беларусяборцаў. Маўляў, кепскае iмя нашай краiны фатальна навiсла над ейным лёсам i не дае ёй вылузацца, стаць самастойнай i самавiтай. Адзiн чытач прапануе называцца Крывiяй, другi Лiтвой. Абодва падтрымваюць адзiн аднога ў крытыцы iмя Беларусь, але ў выбары альтэрнатывы разыходзяцца. Маўляў, Крывiя сымбалiзуе толькi паганскую веру, а Лiтва —хрысьцiянскую. Трэцi чытач, якому таксама недаспадобы Беларусь, адмаўляе Крывiю, бо ён гомельскi, г.зн. радзiмiч i ганарыцца ўласнай рода-племянной традыцыяй. Я думаю, прыгожая магла б атрымацца назва — Рэспублiка Радзiма...

Чацьверты прапануе, каб ня блытацца зь Лiтвой-Летувой, называцца Вялiкалiтвой. Пяты чытач ужо ня пiша, а тэлефануе мне ў рэдакцыю i кажа, што пасьля ўсiх гэтых прапановаў у яго ня толькi ўсё пераблыталася ў галаве, але й паплыла трывалая глеба пад нагамi. Маўляў, справа, дзеля якой жывеш i выстойваеш у супрацьстаяньнi з антыбеларускiмi ўладамi, пачынае рассыпацца на мноства часьцiнак. I калi ўжо на тое пайшло, яму зручней называцца як ягоная вясковая бабка — тутэйшым, самым мудрым i па-фiлязофску глыбокiм сялянскiм iмем, ад канкрэтнага месца на зямлi — тут. Вось толькi ў горадзе гэтага «тут» няма, не намацваецца...

Парадокс у тым, што ўсе нашыя чытачы маюць рацыю. I наконт Беларусi, i наконт Крывii зь Лiтвой, i наконт Тут. Усе iхныя прапановы сто разоў гiстарычна апраўданыя i вартыя ўвагi. Адно, што выбар гэтых людзей, якiя сыходзяцца ў справядлiвай крытыцы iмя Беларусь, разводзiць iх у розныя бакi. Ён iх не злучае, а разьядноўвае. Бо крывiч нiколi не захоча звацца лiцьвiном або тутэйшым i наадварот. I чым далей будзе працягвацца дыскусiя, тым больш непераадольны будзе вырастаць памiж iмi бар’ер. Досьвед у гэтым сэнсе ў нас ёсьць. Гэта расколатая беларуская эмiграцыя, якая паглыбiла свае разыходжаньнi ў выбары назвы краiны на раскол канфэсiйны, партыйны i ўсялякi iншы. Прымiрэньне ў большасьцi выпадкаў аказалася немагчымым.

А мiж тым якраз беларушчына сёньня — адзiнае, што дазваляе iдэнтыфiкаваць i аб’яднаць супраць русiфiкацыi i крывiчоў, i лiцьвiноў, i радзiмiчаў, i тутэйшых. Уявiм сабе «НН» як лiтоўскую або лiцьвiнскую газэту, цi напiсаў бы ў яе крывiч або якi-небудзь яцьвяг — як у сваю, прычым адначасова сваю для ўсiх? Сумнеўна. Таму выбар у гэтай справе пралягае не памiж альтэрнатыўнымi назвамi, а памiж яднаньнем i расколам.

Назва краiны можа быць зьмененая ў часы ўсенароднага ўздыму i прыходу да ўлады нацыянальных сiлаў або ў часы, калi нармальная ўлада стабiлiзуе сытуацыю ў краiне. Скажам, крывiцкая партыя пераможа на выбарах лiцьвiнскую, i Беларусь стане называцца Крывiяй. Але гэта ня здарыцца сёньня. Сёньня антыбеларускi i антыдэмакратычны рэжым, якi заняў пасад краiны, будзе назiраць за спрэчкаю крывiчоў зь лiцьвiнамi, i цешыцца тым, што iхны адзiны сьцяг разьдзёрты на дробныя кавалкi няiсных краiнаў.

Як нi круцi, а зьмена назвы не выглядае сёньня панацэяй для Беларусi. Можа быць, у нашае агульнае маткi i сапраўды НЯ ТОЕ iмя. Але на iншае яна нам не адгукнецца.

Сяргей Паўлоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0