ПОШТА


 

Вiншую

Пiша вам студэнтка фiлялягiчнага факультэту БДУ, якая вельмi любiць вашую газэту i пастаянна яе чытае. Нават зараз, знаходзячыся на стажыроўцы ў Нямеччыне.

Вiншую вас з сотым нумарам i жадаю, каб гэта была не апошняя сотня ў жыцьцi «Нашай Нiвы». Працуйце, жывiце добра, трымайце высока галовы i сьцягi над iмi. А я буду крочыць далей па вулках далёкай краiны i расказваць пра маю Радзiму, лепш за якую няма, нягледзячы нi на што.

Жыве Беларусь!

Вальжына Крывiч


На маскоўскi лад

Я, канечне, цалкам за тарашкевiцу, бо гэта тое, што створанае беларусамi, а не бээсэсэраўцамi, але, на мой погляд, сучаснаму беларускаму альфабэту не хапае маленькай дробязi, каб цалкам адпавядаць той самай тарашкевiцы ды слушнаму беларускаму вымаўленьню. Дробязь гэтая вось у чым: я разумею тых саўкоў, якiя, пабачыўшы тарашкевiчны правапiс, раздражняюцца, злуюцца або падсьмiхваюцца са словаў «Лёндан», «парлямэнт» цi «фiлялёгiя». Вядома, для iх гэта нешта нязвыклае й незвычайнае, бо не па-савецку й не па-расейску. Але й па-беларуску, я думаю, таксама трэба пiсаць ТРОХI ня так, бо словы «Лондан», «калонiя», «калос» або «салон» вымаўляюцца крыху ня так, як «клён», «лён» альбо «плён». Тое самае i зь «ля» ў словах «каля», «пляма», «пляшка» — ня тое, што ў «парлямэнт». Таму не зашкодзiла б, а было б на карысьць — для найбольш слушнага вымаўленьня — мець у альфабэце крыху iншую лiтару «л»; бо «калёсы» — яны ж зусiм невялiкiя, накшталт возу, цi мажары (на iх яшчэ «калхозьнiкi» сена возяць), а гуркi «салёныя» не ў «салонах» прадаюцца, а ў звычайнай краме цi на базары. Дый чаму гэта ва ўсiх народаў (акрамя, мабыць, ангельцаў, цi яшчэ каго), што карыстаюцца лацiнкай, у альфабэтах, ДЗЕЛЯ ЛЕПШАГА ВЫМАЎЛЕНЬНЯ, iснуе мноства ўсялякiх дыякрытыкаў, а ў наш кiрылiчны альфабэт такiя-сякiя ўдасканаленьнi хiба нельга ўнесьцi? Цi мо РПЦ з ППРБ не дазваляюць? А хiба «i» ды «ў» ужо ня ёсьць адхiленьнем ад «кЛасычнай» кiрылiцы? Дый для вымаўленьня гэтыя лiтары практычна нiякай ролi не iграюць, бо «i» ўсё роўна што «и» (маск.), а «ў» — на 96% як «в». Для тых, хто ведае, як трэба вымаўляць «ў», дык няхай бы яно й было.

А вось «нашыя» дыктары РБ, пэўней сказаць, тэле- й радыёпрастытуткi (таму што на мове гамоняць толькi ў эфiры за грошы), мабыць ня ведаюць, што гэта за «ў» такое, таму i атрымлiваецца ў iх: «дэпутатоу, градусоу, мiльёноу долороу», а iншым разам дык i ўвогуле: «прадпрыемствуув, пытаннюу...». Можа, каб напiсаў iм замест «ў» ды «в»: «дыктарав, прадпрыемствав», дык i лiтару «а» яны б вымаўлялi дакладна. Але пераскочыў я ўжо нешта на «дыктароу», пра iх пазьней, хацелася б яшчэ колькi словаў пра альфабэт выказаць. Мабыць, вы i так ужо мяне ў якiя-небудзь вар’яты залiчылi, але выкажу сваю думку да канца.

На мой погляд, для таго, каб напiсаньне цалкам адпавядала вымаўленьню, трэба, каб у альфабэце былi яшчэ дзьве лiтары: для гукаў [дз] i [дж], бо гэтыя гукi калi, да прыкладу, параўноўваць з [ў], дык значна больш адрозьнiваюцца ад асобна вымаўленых [д] i [з], [д] i [ж] («дзень», «дождж»), чым [ў] адрозьнiваецца ад [в], асаблiва пры пераносе з радка на радок: «адрад-жэньне». Таму, калi ёсьць у альфабэце «ў», то няхай бы й гэныя лiтары былi. Тады б кожны, хто вырашыў прачытаць што-небудзь па-беларуску, быў бы проста вымушаны даведацца, што гэта за лiтары такiя, i як правiльна вымаўляць гукi, якiя гэтыя лiтары абазначаюць. Ня так ужо й цяжка ўсё гэта i зрабiць, калi мы хочам, каб мова была паўнавартаснай i пашыралася сярод насельнiцтва.

Ну ды годзе ўжо пра «высокие материи», бо для вас ўсё роўна гэта пакуль што БСК (брэд сiвой кабылы). Я вось пра што хацеў запытацца: мо, вы ў Менску жывяце, дык ведаеце — па якiм гэта прынцыпе «ў нас» (у РБ) дыктараў адбiраюць? Яны ж нават тое, што надрукавалi iм на бээсэсэраўскай «мове», дык i то дакладна прачытаць ня могуць, толькi знакi прыпынку вельмi добра «соблюдают» ды галасы ўсе маюць надта мiлагучныя! Але ж брыдка слухаць усе гэтыя «тепер, шыноўнiкi, вушнi, зезюля, бiроза, бiзмен, вiселле, вiсёлка (гэта, мабыць, тое, што вiсiць-боўтаецца)...» Словы каверкаюць «от и до», дзе трэба «я», кажуць «i» дый наадварот («гэтыя пытання»). Самы час аб’яўляць конкурс сярод «дыктароу»: «Хто лепш над мовай пазьдзекуецца». А найлепш гэта робiць, на мой погляд, вядучы тэлепраграмы «Вiдзьмо-нявiдзьмо» Фiлiмоноу: «Амерiка, перекладаюць, выкарiстоўваюць, маўляй» ды iнш. Нават тыя словы, дзе па-маскоўску пiшацца «е», але чытаецца «э» (бо правiлы ў iх такiя), дык ён «па-беларуску» вымаўляе празь «е» («Перес де Куэльяр» i г.д.). Чым такая «беларуская» мова, то хай бы ён, Фiлiмонаў гэты, лепш браў прыклад з адэскага Фiлiмонава, што вядзе перадачу «Джэнтльмэн-шоў», ды паказваў сваё «Видима-невидима» на «чистом «русском» языке». Мабыць, у нашых «дыктароу», як я думаю, недзе ў душы захаваўся ГЕНЭТЫЧНЫ страх з тых часоў, калi ўсялякiя маскоўскiя энкавэдэшнiкi й гэбэшнiкi пакрыквалi на беларусаў пад час допытаў: «Ещё поВЯкай мне тут!», што яны й зараз баяцца дакладна вымавiць словы: «ВЯлiкi», «ВЯсёлка»,»БЯрэмя», «ЗЯзюля», «МЯдзьведзь», «магчымасьЦЯў» цi iншыя зь «я». А мо iм там спэцыяльна загадваюць перабрэхваць словы НА МАСКОЎСКI ЛАД цi ПАДБIРАЮЦЬ НЕБЕЛАРУСАЎ?

Калi ў 1991 годзе Вярхоўны Савет застаўся САВЕТАМ, абвясьцiўшы незалежнасьць i прыняўшы дзяржаўнымi гiстарычныя сымбалi беларусаў, але не дабiўся таго, каб Менск ды астатнiя гарады й вёскi называлiся па-беларуску (афiцыйна), дык у мяне зьявiлася пачуцьцё, што ўсё гэта нетрывалае й не незваротнае, так яно й здарылася. Адсюль выснова, што ва ўсiм трэба йсьцi да канца: як былi мы рускiмi славянамi-русiнамi, русiчамi-крывiчамi, дрыгавiчамi, радзiмiчамi, то трэба й заставацца, дый словы вымаўляць трэба дакладна, а ня так, як нашы «д...».

Казакоў Iгар, Салiгорск


Што рабiць

Шаноўнае спадарства!

Праз вашую рэдакцыю хацеў бы давесьцi да паважаных чытачоў «НН», нацыянальна сьвядомых беларусаў некалькi разважаньняў пра шляхi далейшай барацьбы за Беларусь.

Акрамя адсутнасьцi моцнага лiдэра i зарганiзаванага руху супрацiву рэжыму, вакол якiх маглi б згуртавацца патрыёты Бацькаўшчыны, дагэтуль нiкiм не былi зробленыя спробы распрацаваць доўгатэрмiновую праграму, сыстэму змаганьня за ўладу i ўтрыманьня яе. Асабiста я не гатовы да ролi лiдэра, каб узяць на сябе адказнасьць за словы i сказаць: рабiць трэба гэта, гэта, а потым гэта. Але некаторыя парады i крытыку дазволю сабе выказаць.

Спачатку пагаворым пра царкву. Так склалася, што царква зьяўляецца асновай любой дзяржавы. У нацыянальнай дзяржаве павiнна быць нацыянальная царква. Тым, хто захоча паспрачацца на гэты конт, раю даведацца, для чаго i як утваралiся Англiканская царква, Маскоўскi патрыярхат i iншыя цэрквы. I трэба выбiраць: цi падтрымлiваць Пятра Гушчу ў ягоных намаганьнях стварыць незалежны Беларускi Праваслаўны патрыярхат, роўны сярод роўных, цi надалей назiраць за лабызаньнямi Фiларэта з Лукашэнкам i запрашаць на Дзяды маскоўскiх сьвятароў.

Далей пра правiнцыю. Увага да яе нулявая. А там жа асноўны фронт працы. Што можна зрабiць? У любой вёсачцы (ня кажучы ўжо пра мястэчка) знойдзецца чалавек, якi дапаможа даведацца пра настроi насельнiцтва, расклеiць улёткi, карацей кажучы, працаваць. Але на ўласным досьведзе магу засьведчыць, што такiм людзям (усе мы ўсё ж гома савецiкусы) патрэбная невялiкая кансьпiрацыя. Каб яны маглi пазьбегнуць тыканьняў пальцамi з боку плебсу i ўвагi з боку ўлады. Па-першае, адшукаць такiх людзей, а па-другое, зацiкавiць, падтрымаць ня толькi фiнансава, а можа i ня столькi. А што, калi распрацаваць праграму выхаду мясцовых газэтаў накладам у 40-499 асобнiкаў. Уявiце: вёска мае сваю газэту малога фармату, якая выходзiць раз на тыдзень-два i iнфармуе пра дзяржаўныя й вясковыя навiны. Для Менску гэта неактуальна, а для мясьцiн, дзе глядзяць толькi БТ i слухаюць толькi БР, было б вельмi эфэктыўна i карысна.

Далей пытаньне пра выхад з-пад кантролю спэцслужбаў. Вырашыць яго альбо прапанаваць эфэктыўны спосаб кансьпiрацыi я не магу. Можа, трэба чытаць i вывучаць досьвед барацьбы бальшавiкоў, нацыянал-сацыялiстаў 30-х гадоў Нямеччыны дый савецкiх папольшчыкаў i партызанаў? Чаму б не. Я асабiста прычыны правалаў асноўнай апазыцыйнай арганiзацыi (маю на ўвазе БНФ) бачу ў палiтычнай неадукаванасьцi i ў прадажнасьцi кiраўнiчых органаў. Дзiву даесься, як проста спускаюцца на парах iнiцыятывы зьнiзу, паднятыя на Соймах (сам быў сьведкам), як проста разыгрываюцца спэктаклi: адныя крычаць: «Мы за Беларусь, мы супраць Расеi!», другi: «Я за Беларусь, а яны, ворагi, супраць Расеi i мяне!» Адныя iснуюць, гуляючы цэлымi днямi ў кампутар, другiя — катаючыся як сыр у масьле. Усе задаволеныя: мы апазыцыя. Рэжыму вельмi выгодна мець марыянэтачную апазыцыю i любую карысную для беларускага нацыянальнага руху iнiцыятыву ў скажоным выглядзе прыпiсваць ёй. Я ўпэўнены, што i ўся беларуская эмiграцыя кантралюецца КГБ. Таму i нiякага станоўчага эфэкту няма нi зь мiтынгаў, нi зь пiкетаў, нi з чаго iншага. Умеюць хлопцы працаваць. А мы нават ня маем сувязi. Безь яе ня варта i працаваць. Газэты — гэта адно, а вось пры ўсёй разьвiтасьцi сучаснай тэхнiкi мець рэспублiканскую радыёсувязь — не праблема. Калi Дудаеў у час вайны меў сваю тэлевiзiю, то ня мець сваёй станцыi нам... прабачце. Абы жаданьне. Нават фiнансавых сродкаў гэта не патрабуе вялiкiх. Аднак трэба быць падрыхтаваным да таго, што як толькi зьявiцца моцная незалежная нацыянальная арганiзацыя з сапраўднымi прэтэнзiямi на ўладу, ППРБ «узарвецца», i пачнецца сапраўдная барацьба. Але бяз гэтага, самi разумееце, што нас чакае. У адным я ўпэўнены: звышнатуральнага нiчога няма, i, веру, ёсьць людзi, якiя змогуць гэта даказаць.

Ван Дзiк Матусэвiч


Чакаем выбуху або распаду

«Апазыцыя ва ўласным саку»... Няздольныя людзi. Iх усяго 44. Але яны ня могуць знайсьцi згоду нават па дробным пытаньнi. Цi здольныя яны ўзяць уладу? Не.

Мiнаюць гады. У палiтычным гадзiньнiку ўжо даўно адвалiлася гадзiнавая стрэлка, а хвiлiнавая замерла на даце 24 лiстапада 1996 г.

Усе чакаюць крытычнае вагi, якая пусьцiць гэты гадзiньнiк. А можа трэба чакаць час распаду? I пасьля ўсiм разам зрабiць новы палiтычны гадзiньнiк.

Лiдэры 93-96-х — банкроты. Iх усiх можна цяпер пералiчыць на пальцах аднаго «шэрага» чалавека. Няма нi «калiчаства», нi «качаства».

Палiтык прадбачыць i асэнсоўвае час. Калi ён зрабiў памылку, вынiку ня трэба чакаць, ён наступiць iмгненна. Але жыцьцё не стаiць на месцы, i памылкi трэба выпраўляць. Няздольны гэтага рабiць павiнен сыходзiць. Вельмi добра зрабiў спадар Пазьняк, зьехаўшы на час. Ягоны час прыйдзе. Усе ягоныя словы — гэта словы прадбачаньня...

Шэрасьць, шэрасьць навокал.

Бачу чатырох малых, што перабеглi праз вулiцу каля Камароўскага рынку. Гэта наша Будучыня.

Бачу, як шмат людзей праходзяць з рынку ў мэтро, з мэтро на рынак. Цi трэба iх разумець? Iх хвалююць зусiм iншыя справы i турботы. Што мусiць зьдзейсьнiцца зь iмi, каб яны сталi разам з намi?

Шмат людзей гавораць: «У Беларусi дрэнна жыць! Рабочыя нiчога не палучаюць». А я гэтага ня бачу. Тых, хто стаiць пад сьцягамi сваёй Радзiмы чамусьцi меней, чым «зьбяднелага люду». Чаму?

Мусiм думаць. I чакаць цi выбуху, цi распаду.

Аляксандар Савiцкi


Пра ўласныя iмёны

У нас у нацыянальнай прэсе йснуе вельмi добрая завядзёнка, паводле якой транскрыпцыя шэрагу бальшавiцкiх установаў падаецца без трансфармацыi ў нашую мову — КГБ, НКВД, СССР. Аналягiчна некаторыя бальшавiцкiя слоўныя наватворы ўжываюцца без выкарыстаньня iснуючых у мове адпаведнiкаў. Так, напрыклад, пiшам «Вярхоўны Савет», «за савецкiм часам», але —«Рада Эўропы» й г.д.

Гэтым мы падкрэсьлiваем чужароднасьць тых словаў для нашае мовы, i тых паняткаў, што яны абазначаюць для нашае нацыянальнае культуры. Насамрэч, хiба сталiнскiя рэпрэсii зьдзяйсьнялi нейкiя НКУСы й КДБ? Ужываць для называньня гэтых арганiзацыяў роднае слова — значыць, у пэўным сэнсе, асымiляваць iх у сабе, далучыць да нашага нутранага сьвету. ГУЛАГ i НКВД назаўжды застануццца са сваёй абрэвiятураю i ў нас у Лiтве, i ў Польшчы, i на Ўкраiне.

Дык вось жа, я прапаную працягнуць такую слушную традыцыю й пiсаць iмёны тых дзейных асобаў палiтычнае сцэны нашага краю, якiя зьяўляюцца чужароднымi элемэнтамi на нашай зямлi, у iхнай мове альбо на мове iхных паноў.

Гэтак — не «прэзыдэнт нашае краiны Аляксандар Лукашэнка», а — «прэзыдэнт эрбэ Александр Лукашенко». I адпаведным чынам пiсаць iмёны такiх дзеячоў як «Титенков», «Шейман», «Заметалин», «Малофеев» i г.д.

Лiчу гэта асаблiва актуальным зараз, калi Лукашенко ў хуткiм часе зойме сваё месца на крамлёўскай пасадзе. Такiм спосабам у мове лягiчна адаб’ецца сёньняшняя палiтычная сытуацыя, менавiта — абсалютная немажлiвасьць адаптацыi тов. Лукашенко й атачэньня да нашае Айчыны.

Макс Кiрэйчык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0