Падарожжа па кантрасты

 

29 i 30 студзеня 1998 году «Наша Нiва» мела вельмi напружаны графiк. Дваццаць дзявятага ўвечары на Рок-каранацыi мы ўручылi нашыя адмысловыя прызы Касi Камоцкай «За трываласьць» i гурту N.R.M. «За ўклад у разьвiцьцё партызанскага руху ў Беларусi». А ўжо наранiцы мусiлi выяжджаць у Гомель, дзе тамтэйшая асацыяцыя «Яравiт» ладзiла сустрэчу чытачоў з «НН» i «Эўрафорумам».

На дзiва, нашае падарожжа апынулася вельмi складаным. Па чарзе зламiлiся дзьве машыны. У вынiку мы спазьнiлiся на дзьве гадзiны, але ў залi яшчэ было каля 50-цi чалавек, што сталася для нас прыемнаю нечаканасьцю, бо мы ўжо былi гатовыя прызнаць поўны правал працоўнага дня. Такое цяжкае падарожжа было ў пэўным сэнсе знакам нашага неапраўдана доўгага шляху да Гомеля. Акцыi «НН» ужо адбывалiся ў Вiцебску, Магiлёве, Вiльнi, Варшаве, Гданьску. Прыезд у Гомель плянаваўся даўна, быў нават выдадзены адмысловы гомельскi нумар газэты.

Падобна, што нашая кампанiя выглядала вельмi разнастайна — Славамiр Адамовiч у партупэi й галiфэ, Сяргей Харэўскi — са зламанай у паездцы нагой, Зьмiцер Бартосiк у традыцыйным бардаўскiм iмiджы 80-х... Пачыналi вечарыну прадстаўнiкi «Эўрафоруму», дырэктар якога Iгар Бабкоў нарадзiўся ў Гомелi. Мiхась Баярын у старагрэцкай манеры чытаў свае вершы, напiсаныя неклясычным гекзамэтрам; Валерка Булгакаў рабiў стаўку на абсурдысцкую рэпавую стылiстыку.

Рэдка мне даводзiлася бачыць такую ўдзячную аўдыторыю. Стомленыя чаканьнем, гамельчукi здольныя былi ўважлiва слухаць i задаваць такiя пытаньнi, на якiя не заўжды мелiся адэкватныя адказы. Трэба дадаць, што нашая выправа дала ўнiкальныя матэрыялы й для Архiву Найноўшае Гiсторыi. Гэтыя дакумэнты чытачы пабачаць на старонках «Шуфляды».

У параўнаньнi з аўдыторыяй Гомель на наступную ранiцу зрабiў на мяне новае ўражаньне, бо падаўся цiхiм горадам. Ведаючы яго маштабы ды iндустрыю — нават занадта цiхiм. Iгар Бабкоў акрэсьлiў гэткую сацыя-культурную сытуацыю наступным чынам: Гомель яшчэ не сфармуляваў свае ўласныя амбiцыi, якiя даўно цi ўжо ёсьць у iншых значных гарадоў Беларусi — Гораднi, Вiцебска, Магiлёва, Полацка.

Апроч iншага, Гомель падарыў мне й прыватныя ўражаньнi — амаль iдэальны парк; сустрэча з пажылым гомельскiм таксоўшчыкам, якi з ахвотаю па-беларуску распавядаў гарадзкi фальклёр яшчэ з часоў 40-50-х гадоў. Нечакана велiзарныя аб’ёмы касьцёлу, якi тут будуецца. Сучасная гарадзкая субкультура ў Гомелi толькi паўстае, i гэты горад рыхтуе для нас яшчэ шмат сюрпрызаў.

Алег Дзярновiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0