Дэмаграфiчны погляд

з нагоды выхаду кнiгi

 

20 сьнежня 1997 году прэзыдэнт РБ Аляксандар Лукашэнка з нагоды 80-х угодкаў утварэньня бальшавiцкай карнай сыстэмы зьвярнуўся зь вiншаваньнем да яе вэтэранаў i да КГБ Беларусi. Усе фразы гэтага дакумэнта настолькi характарыстычныя, што мы рызыкнем прывесьцi даўгую цытату:

«За восем дзесяцiгодзьдзяў зьмянiлася не адно пакаленьне нашых суачыньнiкаў, якiя прысьвяцiлi сябе нялёгкай службе ў органах бясьпекi. Сваiм беззаветным служэньнем Айчыне як у мiрны час, так i ў гады ваенных выпрабаваньняў яны ўпiсалi яркiя старонкi ў гераiчную гiсторыю нашай дзяржавы. Ня раз мянялiся назва i структура органаў дзяржаўнае бясьпекi, але на ўсiх этапах сваёй дзейнасьцi яны заставалiся важнейшым дзяржаўным iнструмэнтам, якi забясьпечвае бясьпеку краiны.

Былi ў гiсторыi органаў бясьпекi былога СССР i вядомыя трагiчныя старонкi, зьвязаныя з рэпрэсiямi. Гэта выклiкае горыч i боль у нашых сэрцах. Аднак у Беларусi яны ня мелi такi масавы характар i спэкуляцыi на гэтым пэўных палiтычных сiлаў, а таксама спробы ачарнiць i дыскрэдытаваць цяперашняе пакаленьне супрацоўнiкаў органаў дзяржбясьпекi беспэрспэктыўныя й нiколi ня знойдуць падтрымкi ў беларускага народа».

Апошнiя сем гадоў я не перастаю зьдзiўляцца, чаму КГБ РБ так упарта чапляецца за сваю крывавую спадчыну й зусiм не спрабуе нават вонкава распачаць сваю новую традыцыю ад абвяшчэньня незалежнасьцi Рэспублiкi Беларусi, ад сымбалiчнай цырымонii прысягi ў пераднавагоднiя днi 1992 году, якую правёў тагачасны галава дзяржавы Станiслаў Шушкевiч. Ну ды гэта iхны выбар. Мы ж у любым выпадку вымушаныя канстатаваць, што сутнасьцi не зьмяняюцца. Яшчэ так мала вядома грамадзкасьцi пра ролю КГБ у прэзыдэнцкiх выбарах 1994 году, яшчэ амаль нiчога не абнародавана пра «партнэрства» з ФСБ. Навiдавоку толькi сучасны перасьлед з боку КГБ беларускiх лiтаратараў, праваабаронцаў i прафсаюзных дзеячоў. Запамiнальная старонка гiсторыi сучаснасьцi — леташняя кампанiя КГБ па ўшанаваньню памяцi Фэлiкса Дзяржынскага. Але ў звароце Аляксандра Лукашэнкi заяўлена iншае — новае iдэалягiчнае апраўданьне масавых рэпрэсiяў праз штучнае зьмяншэньне iх маштабаў; перанясеньне тэмы рэпрэсiяў у сучасны палiтычны кантэкст i спроба будаваць на гэтым новую савецкую апалягетыку.

Аналiзуючы тэму масавых рэпрэсiяў пэрыяду 1917-1953 гадоў, часам прыходзiцца задавацца пытаньнем — чаму тэрор быў такiм усеахопным, чаму ахвярамi камунiстычнага рэжыму станавiлiся ня толькi ягоныя яўныя ворагi, але й ляяльныя да ўладаў грамадзяне. Сапраўдныя маштабы карнай дзейнасьцi бальшавiкоў ня высьветленыя да канца i дакладная лiчба ахвяраў не вядомая ў тым лiку й таму, што колькасьць гэтых ахвяраў велiзарная. Паводле «мiнiмальных ацэнак, якiя патрабуюць далейшага ўдакладненьня», як сказана ў апошнiм эўрапейскiм бэстсэлеры «Чорная кнiга камунiзму. Злачынствы, тэрор, рэпрэсii», у СССР непасрэднымi ахвярамi сталiся 20 мiльёнаў чалавек. У такiм разе, пра тэму масавых рэпрэсiяў варта разважаць у дэмаграфiчных катэгорыях, бо мы маем справу з грандыёзным прымусовым рухам народанасельнiцтва.

Можна сьцьвярджаць, што ў Беларусi тэрор скiроўваўся супраць канкрэтных сацыяльных альбо нацыянальных групаў насельнiцтва. Большасьць гэтых групаў ва ўмовах Беларусi адначасова былi i нацыянальнымi, i сацыяльнымi групамi. Менавiта такiмi былi сяляне (у абсалютнай большасьцi сваёй — беларусы) i беларуская iнтэлiгенцыя. Рэпрэсаваныя пасьля 1939 году асаднiкi былi пераважна палякамi. Паводле нацыянальных прыкметаў падпадалi пад рэпрэсii палякi i латышы. Паводле сацыяльнай ролi i значнасьцi лiквiдоўвалiся цэлыя сацыяльныя страты — прадпрымальнiкi, сьвятарства, лясьнiчыя. Арышты паводле нацыянальных i сацыяльных прыкметаў праводзiлiся лiнейна, доказам вiны была толькi прыналежнасьць да той цi iншай групы.

Пад час камунiстычнай дыктатуры (у пэрыяд да 1953 году) было рэпрэсавана 238 беларускiх лiтаратараў, жывымi зь лягераў вярнулiся толькi 20 чалавек. Толькi на травень 1930 году ў БССР было раскулачана 15.626 сялянскiх гаспадарак — каля паловы iх агульнай колькасьцi (ацэнкi Тацяны Процькi). Паводле ацэначных зьвестак у Беларусi ў 20-40-я гады было раскулачана ня менш за 350 тысячаў чалавек, а за контаррэвалюцыйныя злачынствы ў 1935-1940 было прыцягнута да крымiнальнай адказнасьцi больш за 300 тысячаў чалавек (зьвесткi Iгара Кузьняцова).

Выразная прыкмета рэпрэсiяў — гэта iхная плянавасьць i скаардынаванасьць. У толькi што выдадзеным Архiвам Найноўшае Гiсторыi i «Нашай Нiвай» зборнiку дакумэнтаў «Канвэер сьмерцi», падрыхтаваным Iгарам Кузьняцовым, прыводзiцца ўнiкальны дакумэнт — Апэратыўны загад народнага камiсара ўнутраных справаў СССР №00447 «Аб апэрацыi па рэпрэсаваньнi былых кулакоў, крымiнальнiкаў i iнш. антысавецкiх элемэнтаў» ад 30 лiпеня 1937 году (дакумэнт у зборнiку №16). Гэтым загадам была зацьверджаная колькасьць тых, хто падлягае рэпрэсiям. Па БССР пад першую катэгорыю рэпрэсiяў падпадала 2.000 чалавек, пад другую катэгорыю — 10.000 чалавек. Лёс гэтых людзей быў ужо вызначаны: «Да першай катэгорыi належаць усе найбольш варожыя зь пералiчаных вышэй элемэнты. Яны падпадаюць неадкладнаму арышту i, пасьля разгляду справы на тройках — РАССТРЭЛУ... Да другой катэгорыi належаць усе астатнiя менш актыўныя, але ж варожыя элемэнты. Яны падпадаюць арышту i заключэньню ў лягеры на тэрмiн ад 8 да 10 гадоў... Зьмяншэньне лiчбаў... не дазваляецца». Нават колькасьць расстрэльных справаў вызначалася на канкрэтны пэрыяд загадзя.

Ствараючы свой зборнiк, Iгар Кузьняцоў засяродзiўся на iнструмэнтальным аспэкце тэмы, на прыладах сыстэмы тэрору. Але «Канвэер сьмерцi» стаўся першай беларускай кнiгай у гэтай тэме, якая зь Беларусi разглядае глябальную пэрспэктыву, бо дае ўяўленьне пра асноўныя прынцыпы функцыянаваньня машыны рэпрэсiяў па ўсiм СССР. Гэтая кнiга таксама зьяўляецца iлюстрацыяй да калянiяльнай палiтыкi супраць Беларусi, паказваючы, як загады пра карныя акцыi сыходзiлi з мэтраполii.

Мы можам назваць яшчэ адзiн спосаб плянаваньня рэпрэсiяў —гэта сыстэматычныя палiтычныя кампанii. У Беларусi яркiя прыклады такiх кампанiяў зьвязаныя з пастановай ЦК ВКП(б) «Аб рабоце ЦК КП(б)Беларусi» (студзень 1947), пасьля якой рэпрэсii зноў скiравалiся супраць беларускiх лiтаратараў, а таксама разгляд бюро ЦК КП(б)Б пытаньня «Аб мерапрыемствах па ўкараненьню мiчурынскай аграбiялёгii ў БССР» (14 верасьня 1948), пасьля чаго пачаўся разгром навукi ў Беларусi.

Калi зьвесьцi прыклады масавых рэпрэсiяў да вiдаў практыкi, то пад час аналiзу мы будзем мець справу зь дзейнасьцю, накiраванай на зьнiшчэньне цалкам альбо часткова якой-небудзь нацыянальнай, сацыяльнай альбо рэлiгiйнай групы, у тым лiку забойства прадстаўнiкоў такой групы; нанясеньне iм цяжкiх цялесных пашкоджаньняў; наўмыснае стварэньне невыносных для жыцьця ўмоваў, разьлiчанае на поўнае альбо частковае зьнiшчэньне; прымусовую перадачу дзяцей з адной чалавечай групы ў iншую (дзiцячыя дамы, высяленьнi ў Сiбiр); эксплюатацыя працы прадстаўнiкоў групы, выкарыстаньне iх прымусовай працы; перасьлед арганiзацыяў i асобаў за выступы супраць дыскрымiнацыйнай палiтыкi. У сфэры нацыянальнай i культурнай мы бачым дзеяньнi, накiраваныя на зьнiшчэньне мовы (i — моваў), рэлiгii, культуры нацыянальных i рэлiгiйных групаў, у тым лiку абмежаваньнi карыстацца роднаю мовай у сыстэме адукацыi i ў сфэры друку; зьнiшчэньне помнiкаў, бiблiятэкаў, музэяў, культавых аб’ектаў.

Сыстэма названых дзеяньняў трапляе пад характарыстыкi мiжнароднай Канвэнцыi 1948 году «Пра прадухiленьне злачынства генацыду i пакараньнi за яго», дзе юрыдычна вызначаецца як генацыд. Такiм чынам, у агульнай тэорыi народанасельнiцтва той прымусовы рух народанасельнiцтва, а гэта значыць, зьмена тых цi iншых колькасных i якасных характарыстыкаў народанасельнiцтва, якi адбываўся ў пэрыяд камунiстычнага панаваньня ў Беларусi, вызначаецца як ГЕНАЦЫД.

Уся гэтая палiтыка была накiраваная супраць полiмоўнага i полiэтнiчнага грамадзтва Беларусi, найперш — супраць беларускай нацыi, у адносiнах да якой уладамi СССР праводзiлася палiтыка ЭТНАЦЫДУ.

Алег Дзярновiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0