Не хапае паветра

 

З такiмi кнiгамi, як «Канвэер сьмерцi» можна хадзiць на дэманстрацыi. На дэманстрацыi сьляпых, глухiх i крыклiвых, што працягваюць адзначаць угодкi «Вялiкага акцябра», ускладаць кветкi да помнiкаў «вечна жывому» i вечна «жалезнаму».

Як у любой дакумэнтальнай кнiзе, галоўнае ў «Канвэеры сьмерцi» — дакумэнты. Пастановы бальшавiцкага ўраду, вытрымкi з крымiнальных кодэксаў, iнструкцыi, лiсты, апэратыўныя загады ЧК-АГПУ-НКВД-КГБ, пратаколы допытаў, тэлеграмы з асабiстага фонду Сталiна, даносы «наседак» — турэмных асьведамляльнiкаў, цытаты з рэзалюцыяў палiтбюро... Многiя тэксты друкуюцца ўпершыню — гэта плён працы Iгара Кузьняцова ў расейскiх архiвах. На цяперашняй стадыi дасьледаваньня камунiстычнага таталiтарызму ўвядзеньне ва ўжытак новых дакумэнтаў безумоўна пераважае магчымыя мiнусы выпадковасьцi. Апроч таго, усьвядомленая фрагмэнтарнасьць можа быць плюсам, пра што сьведчыць i «Канвэер сьмерцi».

Праблемна-храналягiчная арганiзацыя матэрыялу дазволiла кампактна i ёмiста прадставiць палiтыка-прававыя падмуркi рэпрэсiяў, паказаць мэханiзм гвалту ў дзеяньнi. Гэтая частка сканчаецца маленькiм апатэозам подласьцi i цынiзму: старшыня КГБ Семiсчасны ў самым канцы 1962 году зьвяртаецца ў ЦК КПСС з прапановай скарэктаваць парадак, паводле якога КГБ фальсыфiкаваў даты i прычыны сьмерцi сваiх ахвяраў (на працягу 10 гадоў пасьля арышту, звычайна ад унутраных хваробаў). Прычыны — апублiкаваныя ў друку з дазволу ўладаў сапраўдныя даты расстрэлаў некаторых вядомых бальшавiкоў ставяць органы ў няёмкае становiшча; апроч таго, колькасьць запытаў пра лёс ахвяраў усё роўна рэзка скарацiлася. Семiсчасны тактоўна прапануе не бярэдзiць раны i не гаварыць нiчога новага тым, каму раней схлусiлi. Па-ранейшаму iлгаць прапануецца i ў адказах на запыты з-за мяжы...

Лягiчным працягам першых двух разьдзелаў стала архiўна-сьледчая справа ўраджэнца Шчучына Мiрона Глобуса — яе бязьлiтасная канкрэтыка ўражвае драматызмам i безвыходнасьцю. Трынаццаць старонак лягерных успамiнаў магiлеўчанiна Дзьмiтрыя Алiна — цi ня самае эмацыйнае месца кнiгi. Адмаўляесься верыць, што такое можна перажыць. I што можна жыць пасьля такога. I ня ведаеш, як жыць, калi таксама жывуць каты Алiна.

Кнiга «Канвэер сьмерцi» прымушае задумацца над агульнай для сучаснай беларускай гiстарыяграфii праблемай — суадносiнамi i ўзаемадзеяньнем уласна-беларускага i агульнаiмпэрскага матэрыялу. На жаль, мэтадалягiчны досьвед суседзяў (Прыбалтыкi, Украiны) ва ўмовах ненармальнага разьвiцьця айчыннай гiстарычнай навукi малапрыдатны: не хапае паветра, не стае маштабу, не адчуваецца прапорцыяў. Адсюль няроўнасьць тэкстаў, другаснасьць ацэнак, банальнасьць пэрспэктывы. Кожны дасьледчык як бы кожны раз пачынае спачатку. Зь iншага боку, вельмi шмат дзе i трэба пачынаць спачатку.

У гаворцы пра 20-50-я гады ў кнiзе даволi часта ў шырокiм значэньнi ўжываецца паняцьце «сталiнiзм». Гэта прапагандысцкi тэрмiн, якi камунiсты прыдумалi пасьля сьмерцi правадыра для сваёй абароны. Бязь Ленiна не было б Сталiна; ВКП(б) магла завесьцi толькi ў ГУЛАГ, чэкiзм ёсьць вышэйшай ступеньню камунiзму. У гэтай сувязi падаецца некарэктным i сьцьвярджэньне, быццам «Ф.Дзяржынскi быў рашучым працiўнiкам сьмяротнага пакараньня». Сказана — па справах пазнаеце iх, а не па словах. «Рашучыя працiўнiкi» не ўваходзяць у ЦК партыi i ўрад, якiя патапiлi краiну ў крывi. Любы юнак-баптыст, якi адмаўляецца ўзяць зброю ў рукi i iдзе ў турму, куды больш рашучы абаронца жыцьця, чым галоўны ленiнскi карнiк.

Пакуль, вiдаць, не прыйшоў час для вывучэньня такой пэрыфэрыйнай праблемы, як мова таталiтарызму — мы яшчэ не разабралiся з ахвярамi i катамi. Заўважу толькi, што мова сама сталася ахвяраю: архiўныя дакумэнты такога кшталту, як у «Канвэеры сьмерцi», чытаць аднолькава цяжка i па-беларуску, i па-расейску, i па-нямецку, i па-польску. У адрозьненьне ад iншых «прафэсiйных моваў» (вайсковай, навуковай, мэдыцынскай i да т.п.), таталiтарны канцылярыт тупа-невыразны, сынтаксычна грувасткi, фiзыялягiчна прыгнятальны. У пэўным сэнсе, гэта мова-кат — яна б’е па галаве. Зьмярцьвелай мовы, верагодна, вымагае сама задача — сьмерць, якая ёсьць галоўным прадуктам таталiтарызму.

Кнiгу завяршае мартыралёг — больш за 1500 прозьвiшчаў ахвяраў зь Беларусi, рэпрэсаваных у Сiбiры. Першы падобны сьпiс беларускiх ахвяраў, больш за 1600 жыхароў Вялейшчыны, асуджаных перад самай вайной, быў надрукаваны ў 1992 годзе. (Адамушка, Iванова. «Памiлуйце...», выданьне Дзяржкамархiву). Зараз падобныя рэгiянальныя сьпiсы пацiху друкуюцца ў кнiгах сэрыi «Памяць». Аднак нi лякальныя выданьнi, нi выпадковыя газэтныя публiкацыi ня ў стане замянiць агульна-нацыянальны мартыралёг.

Ягоная адсутнасьць — як iрваная рана народнай памяцi. Магчыма, пабачыўшы ў сьпiсе ахвяраў прозьвiшча сваяка цi знаёмага, аднавяскоўца, удзельнiкi нялюдзкiх дэманстрацыяў i самагубных рэфэрэндумаў хоць на хвiлiну задумаюцца, што яны рыхтуюць сваiм дзецям.

Аляксандар Лукашук

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0