Прыстойнасьць i хамства

 

17-27 студзеня 1998 году ў санаторыi-прафiлякторыi «Сьвiтанак», што ў в. Траскоўшчына Менскага раёну, працавала Зiмовая палiталягiчная школа для журналiстаў. Арганiзатарамi выступiлi «Фонд iмя Льва Сапегi» i фонд «Эўразiя». Заняткi праходзiлi ў форме лекцыяў i дыскусiяў, слухачы адказвалi на пытаньнi тэстаў i анкетаў. Асаблiва часта гучалi словы «дэмакратыя», «лiбэралiзм». Дырэктар службы iнфармацыi радыё «Бi-Эй» А.Караблiкаў распавядаў мiлыя жыдоўскiя анэкдоты...

Маладыя беларускiя патрыёты Лабковiч, Кабанчук i Шыдлоўскi разьмянялi шосты месяц турэмнай адсiдкi.

 

Адстаўны пралетар Варанецкi

19 студзеня. Панядзелак. Да абеду прайшла дыскусiя пра «Хартыю-97». Спрабавалi вызначыць мэту акцыi. Па абедзе пайшоў я на агледзiны ваколiцаў. Перабраўшыся праз ручай, якi называецца Iслач, трапiў у аднайменную вёску. Язык давёў да вiшнёвага колеру летняга дамка Сьвятланы Алексiевiч. Весьнiчкi аказалiся замкнёныя, навясны замок старанна ўпакаваны ў полiэтыленавы пакет. Сталы мужчына, якi калупаўся каля хаты насупраць, кiнуў прыладу працы i ступiў на тэрыторыю вулiцы, каб паназiраць за незнаёмцам у капелюшы i доўгiм палiтоне. Я спытаў пра яго суседзяў. Чалавек адказаў. Пачалася размова.

Аказалася, што спадарыня Алексiевiч дзелiць свой загарадны падстрэшак з другой пiсьменьнiцай, спадарыняй Марынай Вайцяшонак. Жанчыны, надоўга зьяжджаючы ў горад, сваю пасьцельную бялiзну, каб ня прэла ў бязьлюднай хаце, адносяць суседу, якi, мiж iншым, прыходзiцца старэйшым родным братам актору Фаму Варанецкаму. Старэйшы працаваў некалi станочнiкам на радыёзаводзе, належаў да так званай рабочай арыстакратыi. Зарабляў добра, за кожную дэталь плацiлi рубель. Сем гадоў аддаў савецкаму ВМФ, дзе атрымаў навуку, дастатковую для таго, каб не зважаць на аўтарытэт i адукаванасьць малодшага Фамы, якi прыхiльна ставiцца да БНФ. Старэйшы, наадварот, ня любiць Пазьняка i недзяржаўную прэсу, але за Лукашэнку. Праўда, з агiдаю ўспамiнае, як мусiў хадзiць на мiтынгi ў абарону Анжэлы Дэвiс i яшчэ нейкага «сябра» Савецкага Саюзу. I гэта, кажа, у той час, калi мiльёны сваiх грамадзянаў загiнулi пры Сталiне ў турмах i лягерах.

Пра Сталiна Варанецкi разумее, пра Лукашэнку — ня хоча. Праўда, нi ППРБ, нi Пазьняк, па вялiкiм рахунку, не павiнны яго цiкавiць. Адстаўны савецкi рабочы мае чым займаца: разводзiць пчол ды розную садавiну-гароднiну, прымае частых гасьцей з гораду, дзе ў яго жывуць дзьве дачкi ды яшчэ, акрамя Фамы, два браты, абое пры немалых пасадах. Зяцi займаюцца прадпрымальнiцтвам, адзiн зь iх купiў нядаўна краму i кватэру...

 

Радыкальная лiбэралка

Так акрэсьлiвае ўласную грамадзка-палiтычную пазыцыю палiтоляг i пэдагог, кандыдат фiлязофскiх навук Сьвятлана Навумава. У нашай палiталягiчнай школе яна чытае лекцыi пра тэорыю палiтыкi, палiтычныя сыстэмы, сучасную дэмакратыю ды iншую сухамятку. Мне, аднак, цiкава заглыбiцца ў сутнасьць рэчаў, прызямлiцца, так бы мовiць, на квяцiстае поле практыкi. Я прашу спадарыню Сьвятлану расказаць крыху пра сябе, пра тое, цi праглядаецца на ейным даляглядзе дзяржава Беларусь.

Спадарыня Навумава нарадзiлася й вырасла ў Коўне. Скончыла гiстфак МДУ, вярнулася ў Лiтву, выкладала навуковы камунiзм. Асьпiрантуру заканчвала ў Менску. Муж, расеец зь Пензы, пасьля маскоўскага дзяржунiвэрсытэту працаваў выкладчыкам у БДУ. У 1987 годзе яны канчаткова перабралiся ў Беларусь.

Кандыдат фiлязофii Навумава жыве ў нас адзiнаццаты год, але сёньня, адказваючы на пытаньнi журналiста, яна прызнаецца, што ня можа лiчыць сябе патрыёткай Беларусi ў вельмi вялiкай ступенi, што ня мае на гэта права, бо ня ведае нi мовы, нi лiтаратуры, нi гiсторыi нашага народу.

Тым ня меней, няведаньне не перашкаджае ёй выдаваць кнiгi, разьлiчаныя якраз на беларускага чытача. Адзiн з апошнiх рэалiзаваных праектаў былой выкладчыцы навуковага камунiзму называецца «Что надо знать о политике». Гэта дапаможнiк для навучэнцаў сярэднiх школ, рэкамэндаваны Навукова-мэтадычным цэнтрам навучальнай кнiгi i сродкаў навучаньня Мiнiстэрства адукацыi, а выдадзены пры дапамозе Беларускага Фонду Сораса ў рамках праграмы «Абнаўленьне гуманiтарнай адукацыi ў Беларусi». Iстотны для нас i той момант, што дапаможнiк уяўляе сабой аўтарскую работу, якая ўвайшла ў лiк пераможцаў на адкрытым конкурсе, якi быў праведзены згаданай ужо Праграмай. Рэцэнзавалi 350 старонак кнiжнага тэксту кандыдат фiлязофскiх навук Валеўскi (Нацыянальны iнстытут стратэгiчных дасьледаваньняў, Масква) i кандыдат пэдагагiчных навук Васкрасенская (Iнстытут тэорыi адукацыi i пэдагогiкi Расейскай Акадэмii адукацыi).

Прачытаўшы «дапаможнiк» (возьмем цяпер гэтае слова ў двукосьсе), можна зрабiць дзьве высновы: альбо аўтарку цiкавiў толькi ганарар, альбо яна мела на ўвазе нешта iншае. Напрыклад, закласьцi ў падсьвядомасьць школьнiкаў контарпрадуктыўную думку пра тое, што яго «Отечество» — Расея. Хацелася б думаць iнакш, але што рабiць з пастаяннымi адсылкамi ў гiсторыю Расейскай iмпэрыi i СССР?

«Известно, — пiша Навумава для беларускiх школьнiкаў, — что полководец и политик Александр Васильевич Суворов (1730-1800), будучи в детстве хилым и болезненным ребенком, сознательно преодолевал слабость». А цi «известно» шаноўнай аўтарцы, што гэты «болезненный ребенок» безь нiякага жалю зьнiшчаў касiнераў Касьцюшкi, якiя ў 1794 годзе змагалiся за незалежнасьць Польшчы, Лiтвы й Беларусi. Трэба думаць, кандыдат фiлязофii Навумава пра такiя факты чула.

Пра Суворава мы прачыталi на стар. 266 «дапаможнiка». А вось прыклад са старонкi 214, прыклад таго, як без асаблiвых хiтрыкаў з дапамогаю расейскага Iнстытуту стратэгiчных дасьледаваньняў новаму пакаленьню беларусаў закiдваецца ў сьвядомасьць чужая, няхай сабе й вельмi блiзкага суседа гiсторыя: «Видимо, поэтому наша история почти не знала массовых движений за те или иные конкретные права. Тот, кто добивался прав, должен был подниматься против самой власти. Так поступали и Пугачёв, и декабристы, и народовольцы». I нi гуку пра паўстаньне Калiноўскага, напрыклад, 135-ю гадавiну якога мы сёлета адзначаем.

Ёсьць у рабоце i проста непiсьменныя сказы, як, прыкладам, гэты: «Как вы считаете, можно ли утверждать, что современное государство в Республике Беларусь образовалось в результате общественного договора?» Шаноўнай спадарынi Сьвятлане мушу заўважыць, што «Рэспублiка Беларусь» — гэта i ёсьць новая сучасная дзяржава.

Дзеля справядлiвасьцi заўважу, што аднойчы факт з гiсторыi ўласна беларускага народу згадваецца — на старонцы 232: «Первой политической партией в Беларуси стала возникшая в начале ХХ в. Белорусская Социалистическая Громада. Она была создана в 1903 г. Среди её организаторов были А.И.Луцкевич, И.И.Луцкевич, В.Ю.Ластовский, К.Кастровицкий. Партия объединяла представителей различных слоёв белорусского народа: выходцев из шляхты, зажиточных слоёв крестьянства, интеллигенции и чиновничества». I гэта ўсё пра нашу гiсторыю, што вычытаюць нашы дзецi ў кнiзе Навумавай «Что надо знать о политике».

 

«Улiчваючы дырэктывы кiраўнiцтва краiны, «Нашу Нiву» не прапагандаваць»

Такiм быў сэнс адказу Тамары Пашкевiч на маё пытаньне, чаму Траскоўшчынская малакамплектная сярэдняя школа не выпiсвае хоць бы адну недзяржаўную газэту.

Але ўсё па парадку.

Тамара Iванаўна вярнулася на радзiму ўсяго пяць гадоў таму, якраз у часы парлямэнцкага лiбэралiзму часоў С.Шушкевiча, i стала працаваць намесьнiкам дырэктара школы па выхаваўчай рабоце. А да той шчасьлiвай пары вяртаньня прыйшлося ёй разам з мужам-вайскоўцам пакалясiць па прасторах эсэсэрыi i таго замежжа, якое афiцэрскiя жонкi параўноўвалi з «курыцай», якая «ня пцiца».

Спадарыня Тамара скончыла Беларускi полiтэхнiчны iнстытут i пэдiнстытут iмя Чарнышэўскага ў Чыце (Забайкальле). Доўгi час жыла ў Вугоршчыне, дзе муж служыў у Паўднёвай групе войск. Потым у Львове, адкуль прыйшлося выбiрацца ў Беларусь, дзе спадарыня Тамара нарэшце знайшла сябе. Цяпер яна зьяўляецца актыўным праваднiком палiтыкi Лукашэнкi ў галiне адукацыi. I дарма, што ў малакамплектнай Траскоўшчынскай школе вялiкая цякучасьць кадраў, а з шасьцi вёсак (Лукашы, Рудакi, Зьвiнячы, Вялiкае Сяло, Аксакаўшчына i Траскоўшчына) набiраецца ўсяго 117 вучняў. Затое можна рапартаваць, што ў вотчыне спадарынi Тамары створаная самая вялiкая ў раёне пiянэрская арганiзацыя, члены якой носяць зялёна-чырвоныя гальштучкi. Хацелася б, аднак, даведацца, якiм чынам адказная за выхаваўчую работу грамадзянка Пашкевiч тлумачыць сваiм выхаванцам, чаму ў гераiчнай Траскоўшчыне, дзе некалi разьмяшчаўся штаб партызанскай брыгады iмя Шчорса, людзi дагэтуль жывуць у старых пасьляваенных бараках i вось ужо другi год перажываюць энэргетычны крызыс (з-за перападаў электраэнэргii гараць электрапрыборы)?

Разьвiтваючыся з Тамарай Iванаўнай, я паабяцаў, што прыйду ў школу на другi дзень, каб сустрэцца i ўзяць iнтэрвiю ў дырэктара школы.

 

Хамства i прыстойнасьць

22 студзеня, чацьвер. Пакiнуўшы палiталягiчную школку, iду ў мясцовую малакамплектную. Iзноў мяне суправаджае чорны сабачка. Каля ног яму цяплей у халодным адзiнокiм сьвеце. Самотна мне, адзiнока зьверу...

Перад кабiнэтам дырэктара школы Мiкалая Чадовiча невялiкая чарга: шэф выдае настаўнiкам грошы. Праз хвiлiну памiж мной i дырэктарам адбываецца наступны дыялёг:

— Скажыце, у вас беларускамоўная школа?

— Беларускамоўная.

— Наколькi вытрымлiваецца моўны рэжым?

— На ўсе сто працэнтаў. Што яшчэ?

— Бачу, Вы сапраўды сьпяшаецеся?..

— Еду атрымлiваць музычныя iнструмэнты для школы.

— Сёньня ваша бiблiятэка працуе?

— Бiблiятэка? Што Вы хацелi? Не магу даручыць, ня маю права...

— Ня маеце права на што?

— Дапусьцiць Вас туды...

З гэтымi словамi Мiкалаевiч выходзiць з кабiнэту. Ужо на калiдоры яго прарывае: ён крычыць, што я тэрарыст i прыйшоў у яго школу закласьцi бомбу, прыплятае да гэтага трызьненьня БНФ i Пазьняка. Я пакiдаю чалавека, якi губляе пачуцьцё меры i рэальнасьцi, i накiроўваюся ў бiблiятэку, дзе знаёмлюся са спадарыняй Вольгай, настаўнiцай геаграфii i выконваючай абавязкi бiблiятэкара. Мы не пасьпяваем перагаварыць у бiблiятэчнай баковачцы, як сьледам за мною прыбягае дырэктар з сваiм намесьнiкам, якiя абхамiлi ўжо ня толькi мяне, але й спадарыню Вольгу.

Мы выйшлi зь ёю ў двор школы, на марозiк, i я спытаў настаўнiцу, якога, на яе думку, пакараньня заслугоўвае вучань, якi пiша на сьцяне нядобрыя словы.

— Перш за ўсё ён павiнен сьцерцi гэтыя словы. I ўсё. У нас хапае сур’ёзных крымiнальных парушэньняў, каб рабiць праблему з надпiсу на сьцяне.

Прыемная, з пачуцьцём уласнай годнасьцi, жанчына i пэдагог адказала як мудры палiтык i мiласэрная хрысьцiянка.

... Нашы героi застаюцца ў засьценках рэжыму.

 

Галя Мiтрафанава

Яна вучыцца ў дзясятым. I вучыцца зарабляць — пасьля школы разносiць пошту па суседнiх вёсках. Гэтая работа вучыць дзяўчынку яшчэ i ўзаемiнам зь людзьмi, зводзiць зь людзьмi цiкавымi, як, напрыклад, з мастачкай Нэляй Шчаснай, пiсьменьнiцай Сьвятланай Алексiевiч.

Галя думае паступаць на журфак БДУ, хоць я, калi мы спаткалiся, сказаў, што лепш выбраць фiлфак. Там паветра сьвяжэйшае.

 

Прыклад аптымiзму

Якi ён усё ж цiкавы, наш свьет (як нi банальна гэтая фраза гучыць). Ёсьць у iм хам на пасадзе дырэктара школы, падпявалы хама ёсьць. I ёсьць беларуская дзяўчына, якая адрозьнiвае хамства ад прыстойнасьцi ды марыць пра гуманiтарны факультэт. Ёсьць беларуска Аня, зь якой мы асьмелiлiся разгаварыцца толькi за суткi да ад’езду з санаторыя. Аня купляе «НН», як, дарэчы, i iншыя недзяржаўныя газэты. А працуе ў адной зь лябараторыяў «Белмэдпрэпаратаў». У свой час закончыла бiблiятэчны факультэт сталiчнага Iнстытуту культуры, потым яе зацiкавiла мiкрабiялёгiя, паступiла ў пэдiнстытут iмя Максiма Танка. Праўда, закончыць не ўдалося, бо трэба было кармiць дачушак, на якiх ёй з мужам пашанцавала. Пасьля першай дачкi, якая ўжо ходзiць у школу, была другая. На жаль, маленькая памерла — дактары пры родах скруцiлi галоўку. Потым Бог даў тройню, таксама дачушак. Дзьве зь iх — блiзьнючкi. Пасьля зьяўленьня трайнятак Аня пакiнула вучобу, стала зарабляць чаўночным бiзнэсам (вазiла шоп-групы ў Расею), прадавала кветкi на вулiцы Маскоўскай у Менску.

Праблемы не сапсавалi жанчыну. Яна радуецца жыцьцю, цешыцца сваiмi чатырма дачкамi, знаходзiць час на газэты, любiць опэру i не прымае таго, што робiць ППРБ. Шкадуе толькi, што не змагла завяршыць вучобу.

 

Апошняя iнстанцыя

26 студзеня, панядзелак. БТ працягвае разьвiваць тэму 32 мiльёнаў, якiя Захад нiбыта перадаў беларускай апазыцыi для барацьбы супраць ППРБ. Думаю, у вёсцы Траскоўшчына гэтым бяздарным анэкдотам, сфабрыкаваным у канторы Шэймана, заслухоўваюцца хiба што спадарыня Тамара i дырэктар Мiкалаевiч, бо астатнiх турбуюць зусiм iншыя i рэальныя праблемы.

Шаснаццаць жыхароў старой беларускай вёскi, якая разьмешчаная ўсяго ў сарака кiлямэтрах ад Менску, падпiсалiся пад адкрытым лiстом, якi я быў рады дапамагчы перакласьцi гэтым людзям.

 

Паважаная Рэдакцыя!

Зь вялiкай надзеяй зьвяртаюцца да Вас жыхары вёскi Траскоўшчына Менскага раёну. Справа такая, што ўжо другi год мы церпiм ад перабояў у падачы ў нашыя хаты электраэнэргii. З-за гэтага ў нашых дамах гараць i выходзяць са строю электрапрыборы, асаблiва халадзiльнiкi i тэлевiзары. А ў нас жа няма лiшнiх грошай на iх рамонт, цi каб купляць новыя. Званiлi мы ў Менск, у «Энэрганагляд», але там сказалi зьвярнуцца ў мясцовыя «Энэргасеткi». Пазванiлi ў гэтыя «сеткi» — там сказалi зьвяртацца ў «Энэрганагляд». Так мы i ня можам дабiцца нiдзе толку, i мусiм на ноч адключаць халадзiльнiкi, каб не пагарэлi. Праўда, адзiн раз прыяжджала да нас жанчына зь Менску. Пахадзiла, паглядзела, нейкi час з энэргiяй было ўсё добра, а потым iзноў пайшло па-старому.

Жывем мы i так не ў раскошы, капейку зарабляем працай, а ня бокам-скокам. Некаторыя з нас жывуць у бараках, якiх некалькi на невялiкую вёску. За 40 км ад сталiцы, робiцца такая бесталкоўшчына, што псуе нам i нэрвы, i адбiрае час на рамонт, i, галоўнае, — грошы, якiя дастаюцца нялёгкай працай.

Вельмi спадзяемся, што наш лiст будзе надрукаваны i дойдзе да тых чыноўнiкаў, ад якiх залежыць вырашэньне нашай праблемы.

Мы хочам, каб у нашыя хаты электраэнэргiя паступала так роўна i бесьперабойна, як яна паступае ў кабiнэт прэзыдэнта.

Жыхары в. Траскоўшчына, у якой у гады вайны разьмяшчаўся штаб партызанскай брыгады iмя Шчорса, —

Жана Бадылевiч, Надзея Белая, Галiна Дзем’яновiч, Ана Юркевiч, Шчасная Галiна, Анiскавец Л.Г., Аўсяньнiкава, Гудзь А.В., Богук, Налецкая С.В., Сухадольская В.I.

Тэлефон Г.Дзем’яновiч: 9-2-953-531 (пасьля 15.00).

Прайсьцi праз могiлкi

Калi любiш жыцьцё — мусiш паважаць клады. Прамiнаючы магiлы продкаў, рызыкуеш прамiнуць сваё жыцьцё. Задай сабе пытаньне: чаму я шукаю ачышчэньня душы ў касьцёле, малельным доме, тэатры, а могiлкi мяне бянтэжаць?

Беларускiя райцэнтры могуць быць падобныя будынкамi сваiх райкамаў, сталовак, гiпсавымi ленiнамi й дзяржынскiмi. Могiлкi кожнай вёскi, мястэчка, гораду — свае, непадобныя.

Гэтак я вяртаюся да завяршальнага акорду ў нашым рэпартажы пра палiталягiчныя штудыi i сацыяльна-палiтычныя практыкi ў ваколiцах санаторыя «Сьвiтанак».

Так супала, што якраз у нядзелю, 25 студзеня, я пайшоў на мясцовыя могiлкi. Пырхаў сьняжок, цiснуў марозiк. Дзесьцi на занятках цёзка з Барысава даказваў выкладчыку i калегам правiльнасьць палiтыкi БНФ. А мяне прывяло сюды, да магiлаў. Мне было ўтульна ў прасторным палiтоне, якi я дазволiў сабе купiць першы раз за 36 гадоў нашэньня вопраткi (пераважна ватовак, картовых штаноў i кірзавых ботаў). Мне было сыта ў жываце (дзякуй «таварышу Сапезе» i заходняму падаткаплацельшчыку). Мне было добра, што я жывы, што цiск, як заўсёды, стабiльны, а сэрца цiха, але ўпэўнена разганяе па целе кроў. Тым ня меней, я быў на могiлках, ясна ўсьведамляючы адно: калi я павiнен быць усюды, то павiнен быць i тут, i нехта ўва мне патрабуе гэтага.

Першы момант катарсысу я перажыў, калi заўважыў на драўляным крыжы, пафарбаваным у сiняе, словы па-беларуску. На папярэчыне было выразана: «Нарадзiўся 1897. Пагiб ад фашыскай рукi 1944. Пражыў 47. Кухарчык К.М.». Калi б распытаць старых Траскоўшчыны, магчыма, нехта i ўспомнiў бы, хто паставiў крыж i зрабiў на iм надпiс: сваяк, таварыш па зброi цi нехта з колiшнiх беларускiх нацыяналiстаў...

Два помнiкi паваеннай пары з надпiсамi па-беларуску дзецi паставiлi бацькам: Ляху Iвану i Лях Эмiлi.

Трэцяя знаходка была ня менш цiкавай. На абчасаным каменi, якi за век часу напалавiну ўрос у кладовы грунт, добра праглядалiся абрысы праваслаўнага крыжа i словы: «Раба Божая Татяна Ляхава».

Чатыры знакi памяцi. Чатыры душы, якiя пайшлi на неба як беларускiя. Значыць, ёсьць каму перапрашаць за нас, жывых, хто пакуль яшчэ тут.

Адшукаўшы гэтыя беларускiя крыжы на вясковых i выключна праваслаўных могiлках, я, бадай, адшукаў нешта сваё, прыналежнае i мне, зьвязанае i са мною. Сама меней дзьвесьце гадоў ляжаць на Траскоўшчынскiх могiлках нашыя продкi. Яны — наш самы iстотны аргумэнт. Ляжаць Тарайковiчы, Грынькевiчы, Буткевiчы, Жаўткi, Ляўковiчы, Паневiчы, Палюховiчы... Прачытваючы ўголас гэтыя прозьвiшчы, прапiсваючы iх цяпер на паперы, я вытлумачваю, нарэшце, галоўнае: ты прыйшоў сюды, каб пераняць дух неўнiкнёнасьцi i моц грунту.

Галоўны ўрок, якi даюць могiлкi: мы — вечныя (калi i на нашых крыжах напiшуць па-беларуску).

Славамiр Адамовiч

5 лютага 1998 году

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0