Соты нумар

 

Дома мы робiм капiтальны рамонт. Учора я пачаў рыхтаваць свой «дзiцячы» пакой — шкрэбсьцi старыя шпалеры, i натрапiў на першапачатковы «археалягiчны» пласт, якi, сыходзячы з даты пабудовы дому, мой аднагодак. Гэты пласт — абрывак нейкае «праўды», якi паглядаў на мяне скрозь шчыльны слой старога клею ледзь прыкметным тэкстам. Угледзеўшыся, я ўбачыў лiтары: «... РЫЯЛIЗМУ... АМУНIСТЫЧНЫХ... ... СТЫЧНЫХ СIЛ... ць разлажыць iх палiтычна... свой... i рабочыя пар-...» Затым я ўбачыў нiжнi край фотаздымка, i мне закарцела даведацца, хто ж столькi часу жыў у выглядзе фотавыявы ў адным са мною пакоi. Нiбы сапраўдны археоляг, я руплiва шкрэб слаi паперы, але выява згубiлася пад лязом сьцiзорыка назаўсёды...

... «Вецер носiць шматкi старой газэты» — трывалы вобраз заканчэньня, мiнаньня й зьнiкненьня. Няўдзячны лёс журналiста, чый посьпех цi няўдача жыве толькi некалькi дзён, а пасьля плён ягонае працы ператвараецца, у лепшым выпадку, ва ўтылiтарны прадукт, на роўнiцы з папяровымi пакетамi з-пад малака...

Але я памятаю выпадак, калi мацi памылкова загарнула пук купленае на рынку вiльготнае ад зямлi цыбулi ў чытаны-перачытаны нумар «Навiнаў БНФ». Я амаль крыкнуў ад адчаю: я ж ледзь адшукаў гэты (шосты) нумар газэты, прысьвечаны падзеям у Тбiлiсi! У той час кожны нумар самвыдавецкае газэты, якi звычайна зьяўляўся не часьцей, чым праз адзiн-два месяцы, быў для мяне ня толькi гукам беларускага вольнага слова. Гэта былi абяцаньнi каардынатаў, паўнамёкi на магчымы кантэкст прасторы, у якой я прагнуў жыць. Кожнае выданьне, кожны нумар — нiбы невялiкая дэталь, нюанс чагосьцi Вялiкага, што па калiву выпроствалася з туману.

Апошняе, што я паклаў у сваю немалую тэчку «падпольных» выданьняў, быў нейкi нумар «Свабоды». Газэты, якая, бадай, адзiная з самвыданьняў ператварылася ў прафэсiйны арганiзм. Тым часам мая падборка выданьняў ператварылася ў калекцыю i з часам патрапiла ў Архiў Найноўшае Гiсторыi. Бо ў Беларусi замацавалiся яшчэ адныя з жаданых каардынатаў...

... Пасьля выхаду першага нумару адноўленае «Нашай Нiвы» ў траўнi 1991 году адзiн з сталых аўтараў газэты «сурочыў» ёй пяць-шэсьць выпускаў. Пераемнiца газэты пачатку стагодзьдзя як «люстра дзён i жаданьняў» беларусаў, у канцы 1995 году «Наша Нiва» азначылася як «сэрыя асобных творчых актаў». Тады ж, пры пераезьдзе зь Вiльнi ў Менск, газэта абвясьцiла, што час «чыстага экспэрымэнту» скончаны, «бо ўрэшце тое, што ўсе мы робiм — ... ваша й наша адзiнае жыцьцё».

Нумары «Нашай Нiвы», што адзiн у адзiн стаяць на маёй кнiжнай палiцы, не ператварылiся ў калекцыю. Як амаль кожны чалавек, я маю iмкненьне да калекцыянаваньня, да «супыненьня iмгненьняў». Але рэч у тым, што «Наша Нiва» не «супыняе iмгненьне», не фiксуе яго, а стварае. Гэта хутчэй Кнiга. Дакладней, старонкi, якiя паступова выпростваюцца зь нетраў Часу i нашых памкненьняў. Паўстаюць як перадчуваньне чагосьцi цэлага. Магчыма, Хараства?..

... Робячы рамонт у сваiм пакоi, я ня стаў счышчаць з цэмэнту «археалягiчныя шпалеры». Няхай тое, што iх спарадзiла, i што паводле ўсiх адносных i безадносных законаў ня можа зьнiкнуць бясьсьледна, iснуе адно памiж цэмэнтам i тлустым слоем клею.

У розных газэтаў розныя лёсы.

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0