Сто твораў XX стагодзьдзя

Ян Булгак.

Выгляд з Зарэчча

 

«Вартасьць фотаапарату ня толькi ў тым, што ён можа пераўтварыць фатографа ў мастака, але i ў тым, што ён падштурхоўвае яго глядзець i глядзець на сьвет...»

Брукс Андэрсан, «Аднойчы вакол сонца»

 

... Беларусь не была радзiмаю фатаграфii, але беларусы аднымi зь першых падхапiлi гэтае вынаходнiцтва — рабiць iмгненьне вечным. Яшчэ ў першай палове мiнулага стагодзьдзя выбiтны беларускi вучоны Наркевiч-Ёдка вырабiў першую ў сьвеце электраграфiю — выяву на мэтале, зробленую пры дапамозе электрычных разрадаў. У 1883 годзе вiцебскi фатограф Юркоўскi вынайшаў шторна-шчыльны затвор, прыстасаваны для кароткiх вытрымак, што дазволiла фатаграфаваць рухомыя аб’екты. Яшчэ напрыканцы мiнулага стагодзьдзя слава беларускiх фатографаў набыла такiя памеры, што для здымкаў iмпэратарскае сям’i ў Пецярбург быў запрошаны фатограф з Магiлёва Карл Була. Калi ў 1912 годзе з iнiцыятывы Фэрдынанда Рушчыца Археалягiчная камiсiя гарадзкое Ўправы Вiльнi вырашыла стварыць вiленскi фотаальбом, альтэрнатывы не было — зь вёскi Перасека з-пад Менску быў запрошаны майстар Ян Булгак...

... Цi ня першым фатографам-мастаком у Беларусi быў Юзаф Чаховiч. Менавiта ён, фатограф i малявальшчык, сябра гэткiх славутых мастакоў як Андрыёлi, Сьляндзiнскi, Ромер, першы пакiнуў сьцены атэлье i выйшаў пад бясконцы купал неба. Выхад у натуру, дзе кожная сэкунда мяняе ў несупынным бегу стан сьвятла i настрою, запатрабаваў ад фатографа значна большае рупнасьцi i ўвагi. Урэшце, да фатаграфii сталi ўжывацца крытэры жорсткага адбору, вылушчваньня зь лiшняга самага iстотнага. Гэта й ёсьць мастацкi працэс... Менавiта Чаховiча Булгак уважаў за свайго iдэйнага настаўнiка. Яму ён прысьвяцiў пазьней нямала ўдзячных старонак у сваiх артыкулах i кнiгах. Дарэчы, пералiк сяброў Чаховiча невыпадковы — усе яны мелi непасрэднае дачыненьне да паўстаньня 1863 году, як i сам Юзаф Чаховiч, якi пакiнуў па сабе i галерэю партрэтаў паўстанцаў. Тое, што Булгак шанаваў яго вышэй за астатнiх фатографаў, узводзячы ў ранг мастака — сьведчыць i пра ягонае ўласнае крэда, якому ён застаўся верным да канца дзён — «вобразы мiлыя роднага краю», настальгiчныя элегii па старасьвеччыне, нацыянальны рамантызм кошту пралiтае крывi...

... Ян Булгак нарадзiўся ў Асташыне... Асташын — невялiкае, некалi вельмi рамантычнае, мястэчка пад Навагарадкам, слыннае найперш унiкальным гатычным кальвiнскiм зборам. Гэты калясальны збор-крэпасьць на старым замчышчы, у атачэньнi пiрамiдальных стромкiх таполяў, дайшоў да нас выключна дзякуючы здымкам Яна Булгака. Магутны дах у дробнай лусцы дахоўкi, каржкаватая вежа, якая нагадвае дойлiдзтва Эгiпту, i тонкi мур зь пекнаю барочнаю брамкаю... Нязвыклая архiтэктура, незвычайнае месца. Бадай, ад гэтага мястэчка, выспы цывiлiзацыi сярод стромых пагоркаў, абкружаных гушчарамi лясоў, у Булгака i засталося ў крывi ўменьне бачыць нечаканае ў трывiяльным, таямнiчае ў паўсядзённым, цанiць кожны аскепак цывiлiзаванасьцi ў забраным краi. Радзiма ягоная — незвычайнае месца, калi, вядома, у Беларусi былi недзе i мясьцiны звычайныя....

... Доўгi час Булгак жыў пад Менскам, арэндуючы зямлю ў вёсцы Перасека. Тут ён спасьцiг цi ня самае для сябе галоўнае — падмуркам любое цывiлiзаванасьцi ёсьць зямля й тыя, хто яе ўрабляе. Адсюль, зь нетраў беларускага абшару, у сталiцу краю, у Вiльню струменiла ягоная думка... Нястомная прага самавыяўленьня празь беларускi космас падштурхоўвала яго, самавука, вынаходзiць, адзначаць, улоўлiваць усё жывое навокал. Аб’езьдзiўшы паў-Беларусi, ён стаў аўтарытэтам сярод этнографаў, фатографаў, мастакоў — шараговы арандар, адзiн з сотняў тысячаў гэткiх жа шляхцiцаў-земляробаў... Ягоныя здымкi, у кожным зь якiх было памкненьне неяк выламiць стэрэатып, паглыбiць пэрспэктыву, даць яшчэ, яшчэ i яшчэ болей паветра, акрайца бясконцага космасу, сустракалi гледачоў са старонак розных часопiсаў — «Ziemia», «Kwartalnik Litewski», «Wies ilustrowana» ды розных iншых. Сярод «iншых» i тагачасная «Наша Нiва»...

... Сяброўства Булгака зь беларушчынай пачалося ледзь ня зь першых крокаў ва ўласную творчасьць. Улетку i позьняй восеньню, як ужо з палёў сабраныя былi апошнiя зямныя плады, фатограф наяжджаў у Вiльню. Сярод тых, з кiм ён ладзiў свае першыя шпацыры па горадзе — Iван Луцкевiч i Фэрдынанд Рушчыц. Разам з Луцкевiчам па панядзелках яны хадзiлi ў дом на Зарэччы, над стромым берагам хуткацечнае порсткае Вялейкi, якая нясьцiхана вуркацiць нават на Пiлiпаўку. Тут, у кватэры Рушчыца зьбiраўся незвычайны салён — квецень вiленскае культуры, жорстка адабраная самiм гаспадаром. Адзiн са сталых гасьцей Рушчыца, публiцыст Чэслаў Янкоўскi гэтак апiсваў тыя «салёны»: «Кожны тыдзень, па панядзелках, вечарамi, зьбiралася ў Рушчыца мастацка-лiтаратурная кампанiя. Нiякiх «захожых» гасьцей не бывала, зразумела, пад час «сымпозыюмаў». Нiколi нiхто не гаварыў па-расейску. Падсiлкаваўшыся, падпiўшы, пачыналi — хтосьцi ўжо дэклямуе, хтосьцi грае, хтосьцi сьпявае... калi не, то перашкаджаюць, падымаючы сур’ёзныя тэмы пра лёс краю»...

... Падчас аднае з тых вечарынаў на Зарэччы Ян Булгак атрымаў замову ад гарадзкога галавы Вiльнi спадара Мiхала Вэнслаўскага — стварыць поўны «гарадзкi фотаархiў». Рушчыц на ранiцу ня толькi нагадаў Вэнслаўскаму аб прапазыцыi, але й здолеў упэўнiць урад Вiльнi ў пiльнай неабходнасьцi салiдна фундаваць унiкальны праект. Булгак, якi, дзякуючы гэткаму зьбегу абставiнаў, здолеў перабрацца ў Вiльню з-пад Менску, напiсаў пра гэта: «... Гарадзкая Ўправа, нягледзячы на расейскiя строi, была наогул чыста тутэйшаю... Той самы задуманы ёю «Городской фотографический архив» быў складзены ўручную. Я мусiў з кансультацыямi Рушчыца iнвэнтарызаваць усе помнiкi вiленскае архiтэктуры пры дапамозе шэрагаў здымкаў агульных i фрагмэнтарных, i ствараць зь iх альбомы... Як пазьней сьцьвярджаў першы мастак-жывапiсец, якi не iгнараваў фатаграфii, не адмаўляў ёй у праве йснаваць у мастацтве, я мусiў арыгiнальна распавесьцi пра дэталi мiнулага выбiтнага разьвiцьця Вiльнi...» Задача перад Булгакам паўстала куды шырэй, чым «iнвэнтарызацыя». «... Хараство Вiльнi склалася з таго, што дае прырода й стварыў чалавек», — гэтыя словы Фэрдынанда Рушчыца сталi дэвiзам унiкальнага праекту...

З 1912 да 1919 году Булгак выканаў некалькi тысячаў здымкаў сакральнае архiтэктуры, палацаў, могiлак, вулiц i завулкаў Вiльнi. Ягоную ўнурлiвую й натхнёную працу не перапынiлi нi нямецкая, нi бальшавiцкая, нi лiтоўская акупацыi... Чароўны вобраз Вiльнi па-над часамi i ладамi, якi Булгак утрывалiў навечна, паўстае перад намi бясконцаю чарадою сюжэтаў i настрояў, сьвятла й ценю. Для сваiх мастацкiх выправаў ён наўмысна абiраў сонечныя днi, гадзiны першых звонкiх прамянёў й мядовага сьвятла папалуднi. Пазьней, у сваёй кнiзе «Эстэтыка сьвятла», у 1936 годзе Булгак пiсаў: «Архiтэктура бяз сонца — мёртвая й пляскатая... У той жа час, як па-iншаму выглядае кожны гмах у сонечным бляску, калi бакавое сьвятло выяўляе плястыку брылёў сьценаў i дахаў, падкрэсьлiвае сакавiтасьць арнамэнтыкi, паглыбленьняў вокнаў i парталяў, рытм аркадаў, узносiць стральчатасьць вежак, хвалiстую акругласьць купалоў i шаломаў! У сонцы белыя муры ясьнеюць нерухомай бельлю, выпраменьваюць зь сябе сьвятло й радасьць. А ўжо нашыя будынкi — белы касьцёл, белы палац, белы дом, можна палюбiць толькi ў сонцы, спасьцiгнуць i раскрыць вымоўна... Архiтэктура ёсьць творам чалавека, а чалавек — дзiцём зямлi i неба. Чалавек ня здолеў жыць бяз сонца — як бы бяз сонца магла абысьцiся архiтэктура?» Сапраўды, нягледзячы нi на што, уся нiзка вiленскiх здымкаў Булгака поўная сонечнага сьвятла, як успамiн пра дзяцiнства...

Сярод гэтага вiру сьвятла й ценю ёсьць адзiн здымак... Адзiны зь вiленскiх здымкаў Булгака, дзе няма зыркiх прамянёў, а толькi бясконцасьць шарае гадзiны, паўзмрок, што праз хвiлiну абрынецца навальнiцай на сыходзе дня, ахутае вусьцiшным жалем па нечым, чаго ўжо нiхто нiколi не адчуе. Гэта здымак «Выгляд з Зарэчча». Цi Булгак здрадзiў сабе?.. Гэты ж здымак адзiны, якi застаўся непазначаны пэўным годам. Выцяты зь нiзкi, выцяты з часу, выцяты з мэлёдыi сонца. Аднойчы Ядвiгiн Ш. напiсаў пра сваё ўражаньне ад Вiльнi, калi зiрнуў на яе з Зарэчча: «... Мiлае места. Калi на якi з пагоркаў узыдзеш, праз iмглу аблокаў iмкнуцца ўгару вежы, вежачкi, на якiх калi званы зазвоняць, невядома, цi скардзяцца, цi пра ласку просяць, цi жалобны ўзносяць голас». Можа гэта i быў галоўны твор Булгака ў Вiльнi. Мяккi й цiхi, сур’ёзны i ўзьнёслы, як апошнi пацалунак на йлбе.

Рыхлыя, iрваныя хмары ўсё нiжэй, нiжэй бягуць долу, уцiскаюць, уцiскаюць, места — дом людзей... Здымак неба. Неба на дзьве трэцiх здымка. За неба адчайна чапляюцца бажнiцы, драпаюць пульхiны аблокаў. Нiхто ня памятае, калi i хто паставiў iх, сьпiчастых, iкластых, чыста-вострых тут, унiзе, мiж пагоркаў. Здымак бажнiцаў. Бажнiцы ўчарнелi.

Гэты выгляд абсалютна бязь зьменаў можна й сёньня пабачыць у Вiльнi. Толькi неба iншае. Толькi Вiльня iншая.

Маштабы асобы Яна Булгака зь цяжкасьцю ўлазяць у нашыя ўяўленьнi пра тую пару, пра тое фота, пра тое мастацтва. Ён — заснавальнiк i старшыня фотаклюбу Польшчы, вiленскага фотаклюбу, саюзу польскiх мастакоў-фатографаў, польскага фатаграфiчнага таварыства. Ён аўтар дзясяткаў артыкулаў i шматлiкiх кнiг. Ён — пэдагог, бiблiёграф, фальклярыст, гiсторык мастацтваў. Менавiта Булгак — першы беларускi гiсторык фатаграфii. Яму належыць спэцыяльная праца «Пра першых вiленскiх фатографаў з XIX стагодзьдзя», якая выйшла асобнай кнiгай у Вiльнi ў 1939 годзе. Як пiсаў Мiхась Раманюк: «... яна знаёмiць з жыцьцём i творчасьцю фатографаў, якiя акрамя партрэтаў, зробленых у павiльёне, занялiся мастацкай фатаграфiяй краявiдаў, культавай архiтэктуры. На падставе багатай iнфармацыi ад старых вiленчукоў i самых майстроў, што дажывалi свой век, яму ўдалося ўзнавiць праўдзiвыя, маляўнiчыя старонкi мастацтва фатаграфii ў найважнейшым асяродку беларускае культуры мiнулага стагодзьдзя, апiсаць прыёмы i тэхналёгiю i прыёмы работы фатографаў — першапраходцаў, падзьвiжнiкаў». Праўда, усiмi гэтымi ацэнкамi Раманюка ў роўнай ступенi з папярэднiкамi мог быць уляўраваны i сам Ян Булгак...

У 1944 годзе ягоны калясальны архiў i фотатэка (звыш 10 тысячаў адзiнак) былi панiшчаныя полымем савецкае бамбардыроўкi... Сярод таго, што ацалела цудам — першы мастацкi фотакраявiд — цнатлiвы пацалунак на разьвiтаньне...

Сяргей Харэўскi

 

Ян Булгак (1876, в. Асташына Наваградзкага павету — 1950, Варшава) мастак-фатограф, выкладчык, этнограф, фальклярыст. З 1919 па 1939 — кiраўнiк лябараторыi мастацкае фатаграфii пры Вiленскiм унiвэрсытэце. Аўтар кнiг: «Мая зямля» (1919), «Эстэтыка сьвятла» (1936), «Дваццаць шэсьць гадоў з Рушчыцам» (1939).


 

У папярэднiх нумарах прадстаўленыя творы:

 

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0