МЭМАРАНДУМ

аб грамадзянстве Беларускай Народнай Рэспублiкi

Мiнула шэсьць гадоў, як няўмольная хада гiсторыi зьнiшчыла старыя дзяржаўныя арганiзмы, даўшы месца новым незалежным краiнам. Новыя дзяржавы — нашы суседзi Латвiя, Лiтва, Польшча, Расея i Ўкраiна — ужо зьведалi смак свабоды, прыкметы новай эканамiчнай стабiлiзацыi i адчуваньне пэрспэктывы. Зазнаючы пэўныя цяжкасьцi, яны адбудоўваюць свае нацыянальныя дамы.

Тым часам беларускае грамадзтва, ня маючы пэўных дзяржаватворчых арыентыраў, ужо сёмы год стаiць на месцы або спрабуе насуперак гiстарычнай лёгiцы вярнуцца ў мiнулы час. Гэта прывяло да ўмацаваньня аўтарытарызму, эканамiчнага застою, зьбядненьня насельнiцтва.

У адрозьненьне ад суседзяў, Рэспублiка Беларусь сама пазбавiла сябе дзяржаўнае пераемнасьцi i апынулася па-за гiстарычнай пэрспэктывай.

У такой сытуацыi мы зноў зьвяртаемся да iдэi пераемнасьцi i шукаем таго палiтычнага, маральнага i культурна-цывiлiзацыйнага апiрышча, якое б акумулявала ў сабе пазытыўны патэнцыял грамадзтва i мацавала надзею на лепшую будучыню. Разам з тым яно мусiла б выклiкаць чым найменш сумневаў i супярэчнасьцяў — партыйных, сацыяльных, этнiчных, рэлiгiйных, пабытовых.

Такiм апiрышчам нам бачыцца iдэя Беларускае Народнае Рэспублiкi — нашага натуральнага дзяржаўнага iдэалу.

Наш Дом — БНР — нам калiсьцi так i не далi дабудаваць, прымушаючы жыць у псэўдадзяржаўных утварэньнях. Але ўсе гэтыя фальшывыя «дамы» рассыпалiся пад ветрам гiсторыi — ССРБ, ЛiтБел, БССР пакiнулi сьвет, не пакiнуўшы нашчадкаў. Не выглядае трывалаю й сёньняшняя дзяржава — Рэспублiка Беларусь — неаднаразова дэкляравалiся пляны ўлiць яе то ў Расею, то ў рэанiмаваны СССР. Гэткая нетрываласьць РБ пазбаўляе яе грамадзянаў пэрспэктывы разьвiцьця.

Беларуская Народная Рэспублiка, абвешчаная 25 сакавiка 1918 году, засталася жыць як iдэя натуральнага дому для ўсiх, хто жыве на нашай зямлi. За iдэю гэтую яе прыхiльнiкi памiралi на франтох i ў турмах розных дзяржаваў, яе хавалi ў сэрцах у самой Беларусi i дбайна захоўвалi на выгнаньнi. Рада Беларускай Народнай Рэспублiкi працягвае сваю дзейнасьць, захоўваючы пераемнасьць незалежнай беларускай дзяржаўнасьцi. На сёньняшнi дзень гэта адзiнае сярод усiх эўрапейскiх краiнаў эмiграцыйнае дзяржаўнае прадстаўнiцтва, якое не перадало сваiх паўнамоцтваў ураду на Бацькаўшчыне — ня маючы гарантыяў захаваньня РБ як незалежнай дзяржавы.

БНР — адзiная дзяржаўная iдэя, якая й дагэтуль ня страцiла сваёй жыцьцёвай сiлы ды мае сваiх рэальных i патэнцыяльных прыхiльнiкаў, змагароў i спадкаемцаў.

Iдэя БНР — вышэйшая за партыйныя, сацыяльныя, этнiчныя й рэлiгiйныя супярэчнасьцi. Яна ня ёсьць iнiцыятывай або манаполiяй нiякай паасобнай палiтычнай, сацыяльнай, этнiчнай групы. Яна належыць усiм, хто падзяляе яе iдэалы.

Яе iдэалы, абвешчаныя ў трох Устаўных Граматах 1918 году, гэткiя:

— дэмакратыя;

— нацыянальная дзяржаўнасьць (кожны народ найлепей i найкарысьней для сябе разьвiваецца ў рамках сваёй нацыянальнай дзяржавы);

— натуральнасьць беларускай культуры (Беларусь — адзiная ў сьвеце мэтраполiя гэтай культуры, абавязак любога народу — захоўваць унiкальнасьць сваёй культуры й мовы дзеля захаваньня цэльнасьцi сусьветнай цывiлiзацыi);

— прыярытэтнасьць беларускай мовы (у сiлу гiстарычных абставiнаў, беларуская мова патрабуе дадатковай падтрымкi, iншыя мовы, маючы поўную свабоду функцыянаваньня ў грамадзтве, не павiнны замяняць яе ў пэўных ключавых функцыях — найперш у галiне культуры, асьветы i ўрадаваньня);

— далучанасьць да рэгiянальнай, эўрапейскай i сусьветнай цывiлiзацыi (Беларусь — Эўропа — сусьвет);

— нутраная й вонкавая цярпiмасьць i прыязнасьць (мы адна з рэдкiх краiнаў, якая дагэтуль не зазнала нi этнiчных, нi рэлiгiйных канфлiктаў).

Iдэя БНР несумяшчальная з гэткiмi зьявамi, як таталiтарызм (задушэньне дэмакратыi, правоў i свабодаў чалавека); ксэнафобiя i расiзм (этнiчная нецярпiмасьць, супрацьпастаўленьне людзей паводле расавай i этнiчнай прыналежнасьцi, напр., прапаганда «славянскага адзiнства»); калянiяльнае мысьленьне (вера ў тое, што ратунак грамадзтву й iндывiду можа прынесьцi нейкi правадыр або замежная дзяржава; адмова самастойна вырашаць свой лёс i браць на сябе грамадзянскую адказнасьць); самазьнявага (прынiжэньне нацыянальнай годнасьцi беларусаў, адмаўленьне iхнага права на сваю дзяржаву; зьнявага культуры i мовы).

Грамадзяне БНР выбiраюць сваёю будучыняй незалежную й дэмакратычную Беларускую Дзяржаву.

Кожны, хто з асэнсаваньнем уласнай адказнасьцi й абавязку гатовы адкрыта выявiць сваю далучанасьць да iдэалаў БНР, мае права стацца ГРАМАДЗЯНIНАМ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛIКI.

Грамадзянства БНР — акрэсьленае, адказнае, надпартыйнае i ўнiвэрсальнае. Цяперашнiя лiнii падзелу грамадзтва —частковыя й прыватныя.

Акцыя пашырэньня грамадзянства БНР — гэта не гульня ў фантомы i ня вузкае прынагоднае палiтычнае мерапрыемства. Гэта вызначэньне трывалых арыентыраў дзяржаўнага разьвiцьця Беларусi i магчымасьць для ўсiх яе жыхароў зрабiць свой маральны й грамадзянскi выбар.

 

Вiнцук Вячорка,

Сяргей Дубавец,

Сяржук Сокалаў-Воюш,

Сяргей Шупа,

— грамадзяне БНР на моцы пiсьмовых заяваў, пададзеных у лiпенi 1997 году ў Раду БНР, i зацьверджаных ёю.

Вiльня-Прага-Менск

6 лiпеня 1997 — 1 сакавiка 1998

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0