«Нам Масква прыслала падкрапленьне»

Уладзiмер Арлоў

 

Герой адной з навэляў знакамiтага iтальянца Джузэпэ Тамазi ды Лямпэдузы аднойчы сказаў свайму сябру-журналiсту: «Ты павiнен быў заўважыць, што, бясконца сплёўваючы, я не адкашлiваюся. Бо плюю не таму, што хворы, а таму, што здаровы. Я плюю ад агiды да прачытанае лухты».

Сьлiнавыя залозы аўтара гэтых радкоў занепакоiлiся ў менскай кнiгарнi, дзе ён зьняў з палiцы шыкоўны фалiянт таго самага, што i трэцяя частка прэзыдэнцкага сьцяга, колеру. Колер тут, што праўда, нi пры чым, ён нават недзе супакойваў. Затое сам гiстарычны раман А.Мiхайлава «Суворов», выдадзены нейкiм «ИПП «Янтарный сказ» з нашай братняй краiны, нараджаў эмоцыi трохi iншае гамы.

Справу сваю «сказители», трэба адзначыць, ведаюць i ад недахопу сродкаў, у адрозьненьне ад некаторых айчынных выдавецтваў, па ўсiм вiдаць, не пакутуюць. Раскошны пераплёт зь цiснутым золатам двухгаловым падстаўнiком расейскае крылатае фаўны. Выдатная папера. Альбомны фармат. Каляровая iлюстрацыя амаль на кожнай старонцы. На форзацы — зноў жа каляровая «Карта походовъ А.В.Суворова».

Жыў бы аўтар гэтых радкоў дзе-небудзь у Сызранi цi Тамбове — душа б цешылася, як кацяня на печы. Але ў чалавека тутэйшага, якi, апрача таго, яшчэ штосьцi, на сваю бяду, з роднай гiсторыi памятае, узьнiк нейкi лёгенькi дыскамфорцiк. Як быццам тая расейская птушка з адной учэпiстай лапы дзяржаўны скiпэтар выпусьцiла i гэтак далiкатна кiпцiкамi тваю душу прыгалубiла.

Вось, напрыклад, згаданая ўжо карта. Маштаб. Геаграфiчныя шырата i даўгата. Зь любасьцю захаваная паўсюль лiтара «ъ». «Саратовъ, Камышинъ, Симбирскъ...» Ну, тут усё ясна — душыў незабыўны Аляксандар Васiльевiч паўстаньне Пугачова. Клопат, можна сказаць, сямейны. Гэта на правым фланзе. А на левым — «Туринъ, Миланъ, Мюнхенъ, Верона»... Напэўна, хадзiў туды са сваiмi арламi вызваляць кагосьцi ад цяжкага прыгнёту. Альбо падарожнiчаў па мясцiнах Рамэо i Джульеты. Але вока чалавека тутэйшага спыняецца перадусiм на назвах зь дзяцiнства знаёмых — Вiцебск, Менск, Наваградак, Слонiм, Пiнск, Берасьце... I карцiць яму, гэтаму чалавеку, даведацца: што там за стрэлачкi такiя намаляваныя? Якiя гэта побач зь iмi бiтвы шабелькамi скрыжаванымi пазначаныя? Зь якiмi такiмi супастатамi там сувораўскiя палкi дужалiся?

Адказ цiкаўнаму тубыльцу дае разьдзел са сьцiпленькiм назовам «От Смоленска до Вильны».

Уступныя абзацы хвалююць розум i сэрца як высокiм лiтаратурным стылем i бездакорнай пунктуацыяй, так i бяздоннай глыбiнёю гiстарычных ведаў. «Объединившиеся в XVI веке в одно государство Речь Посполитая, Польша и Литва (дык колькi ўсё ж краiн i куды аб’ядналiся?) распространили было свое господство на огромные территории к востоку от Днепра и Западной Двины. К XVIII веку, однако, все переменилось. Как отмечает советский историк, «политическая жизнь Польши являла собой картину полнейшей анархии. Бесконечные интриги, борьба за престол, плохо организованная и вооруженная армия, лишенная твердой дисциплины»...

У Расеi, трэба меркаваць, усё тым часам было ў ажуры. Не заўважалася нi iнтрыгаў, нi барацьбы за трон. Калi прыхiльнiкi Кацярыны зьвялi са сьвету Пятра III, народу «высочайше» паведамiлi, што «бывший император волею Божьей внезапно скончался от геморроидального припадка». (Гэта цытатка, як чытач здагадаўся, ужо зь iншага фалiянту.) Сумнявацца ў афiцыйным тлумачэньнi сьмерцi не рэкамэндавалася, бо ў адваротным выпадку вырывалi язык i навекi адпраўлялi ў Сiбiр. Карацей, з дысцыплiнай быў поўны парадак.

Што адсюль вынiкала? А тое, што Расея, як няраз ужо здаралася дагэтуль i будзе працягвацца пазьней, вырашала «оказать соседям братскую помощь». «Речь шла, — тлумачыць чытачу раманiст, — о положении разномыслящих в вере, большей частью православных — белорусов и украинцев, притесняемых католической церковью». Ведае аўтар рамана, што праваслаўных у Беларусi налiчвалася тады ўсяго крыху болей за шэсьць адсоткаў (а блiзу 80 адсоткаў складалi «нехорошие» грэка-католiкi, альбо ўнiяты, якiх новая ўлада потым перагонiць у «истинную» веру) цi ня ведае, неiстотна. Няхай гэтых праваслаўных было б у «Польше», дапусьцiм, ня шэсьць адсоткаў, а ўсяго шэсьць чалавек — галоўнае, каб яны накаталi ў суседнюю дзяржаву скаргу. Далей усё проста: «Князь Репнин, опираясь на десять тысяч русских штыков, предложил польскому сейму обеспечить свободу вероисповедания и гражданские права иноверцам. (Забясьпечваць гэтыя правы сваiм iншаверцам у тагачаснай Расеi ўжо навучылiся: стараабрадцаў палiлi, а тых, хто пасьпеў памерцi ўласнай сьмерцю, выкопвалi з магiлаў i кiдалi сабакам.) Встретив сопротивление шляхты, Репнин приказал ночью арестовать четырех влиятельных вожаков и отправить их под конвоем в Россию. Недовольные депутаты примолкли»...

Аднак маўчалi ня ўсе. У 1768 годзе ў мястэчку Бар было абвешчана аб стварэньнi патрыятычнай канфэдэрацыi, удзельнiкi якой прысягнулi баранiць незалежнасьць Айчыны са зброяй у руках. Вось тут на арэне i зьяўляецца камандзiр брыгады Сувораў, якi «посадил свою пехоту на реквизированные у обывателей подводы и в двенадцать суток прошел более шестисот верст, не потеряв ни одного человека и рассеяв попутно скопление конфедератов под Пинском». Далей у духу прымiтыўнага вэстэрна апавядаецца пра бясконцыя перамогi зухаватага камбрыга над непряцелямi. Калi апошнiм i ўдаецца выйграць нейкую баталiю, дык не таму, што яны бароняць ад акупантаў родныя гарады i мястэчкi, а выключна дзякуючы «предательскому нападению» або «вероломному удару». Малюючы трагiчную для патрыётаў бiтву пад Сталавiчамi, раманiст, не змаргнуўшы вокам, паведамляе даверлiваму чытачу, што «поляки потеряли более четырехсот убитыми и трехсот пленными, у русских же погибло лишь восемь нижних чинов». Вядома ж, нашы продкi, якiмi камандаваў вялiкi гетман Мiхал Казiмiр Агiнскi, ня ведалi, адкуль стрэльба страляе i, наогул, рукi ў iх расьлi не з таго месца. (Гэтаксама спрытна «нашы» пяцiклясьнiкi з сацрэалiстычных твораў пачкамi бралi мацёрых агентаў ЦРУ.)

Калi ў 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалiтай, галоўны герой рамана атрымаў адпачынак. Бавiў яго Аляксандар Васiльевiч у Вiльнi, сталiцы яшчэ нiбыта незалежнага Вялiкага Княства Лiтоўскага, дзе быў раскватараваны расейскi корпус. Чытач зь цiхiм замiлаваньнем даведаецца, што, наведваючы ў Вiльнi вечарыны й балi, Сувораў «чувствовал себя всякий раз неловко». Няўжо яму ўспамiналiся дзясяткi спаленых вёсак? Няўжо было нiякавата глядзець у вочы сябрам i блiзкiм палеглых у змаганьнi? Раманiст разьвейвае сумневы: генэрал мучыўся, бо бачыў у люстэрках вiленскiх салёнаў сваю «маленькую сутуловатую фигурку». Што да разарванай Расеяй, Аўстрыяй i Прусiяй на часткi радзiмы нашых продкаў, дык на адпачынку Сувораў пiсаў у Пецярбург: «Этой стране я желал делать только добро, по крайней мере всегда о том старался».

Наступная нагода «постараться» выпала ў 1794 годзе, калi Беларусь разам зь Лiтвой i Польшчай паўстала супраць расейскага панаваньня, даручыўшы свой лёс Тадэвушу Касьцюшку. Як вядома, менавiта крывавыя подзьвiгi пад час задушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня прынесьлi Сувораву найбольшую падзяку ад iмпэратрыцы Кацярыны II, што выявiлася i ў атрыманьнi фэльдмаршальскага жэзлу, «которого Александр Васильевич ожидал с суеверным волнением».

Раманiст не стамляецца падкрэсьлiваць генiяльнасьць расейскага палкаводца. Але сваiм жа пяром сее ў душах у чытачоў сумневы, бо генiю вайсковага мастацтва супрацьстаяць суцэльныя няздары, бабнiкi й прыхiльнiкi Бахуса. Апошнi вялiкi князь лiтоўскi i кароль польскi Станiслаў Аўгуст Панятоўскi — «робкий и нерешительный». Пераемнiк Касьцюшкi ў кiраўнiцтве паўстаньнем i таксама наш зямляк генэрал Тамаш Ваўжэцкi — «командующий неумелый и безвольный». Сам Касьцюшка дзейнiчае «поспешно», а калi яму i ўдаецца нейкiм дзiвам разьбiць царскiя войскi, як, напрыклад, аддзел генэрал-маёра А.Тармасава пад Рацлавiцамi, дык таму, што быў аддзел «слабый». (Апрача таго, хоць i перамаглi, але сфармаваная з шляхты паўстанцкая коньнiца «в сражении осрамилась».)

А якое маральнае аблiчча ў абаронцаў Вялiкага Княства! То, падкручваючы шляхецкiя вусы, бязь меры жлукцяць вiно, то ноч навылёт рэжуцца ў карты. Гетман Агiнскi перад бiтвай i ўвогуле «сибаритствует с француженкою».

Зусiм iншы modus vivendi ў Аляксандра Васiлевiча Суворава. Па-першае, ён «почти равнодушный к женскому полу». Па-другое, калi i возьме на грудзi порцыю чаго-небудзь бяз содавай, дык адразу закусiць салдацкiм сухарыкам i кладзецца спаць. А па-трэцяе, штодня, як i адзiн ягоны аднайменьнiк, займаецца спортам. Апiсаньне таго, як гэта адбываецца, трэба аднесьцi да найбольшых творчых удачаў раманiста А.Мiхайлава. «Адъютант Тищенко приготовил и прибрал теплую хату, но не догадался осмотреть в ней запечье, где спала глухая старуха... Суворов по своему обыкновению разделся донага, окатился холодной водой и принялся прыгать по хате, напевая по-турецки разные изречения из Корана. В это время проснулась старуха, выглянула из запечья и, приняв фельдмаршала за черта, закричала что было мочи: «Ратуйте! С нами нечистая сила!». Прибежали адъютант и камердинер Прохор и вывели старуху, полумертвую от ужаса».

Гартае тутэйшы чалавек старонкi i ня можа, як ад восеньскай мухi, абагнацца ад пытаньня: дзе ж усё гэта чынiцца? Дзе, напрыклад, тое мястэчка Дзiвiн, у якiм сувораўцы захапiлi палонных i «с пристрастием» дапытвалi мясцовых жыхароў? Дзе «городок Кобрин», у якiм засела з паўтысячы iнсургентаў? У якiх палесьцiнах прытулiлася вёска Добрын, дзе «скопились беглецы», а каб ня вельмi яны там «скоплялись», «артиллерия открыла огонь; сабли конницы и штыки пехоты довершили дело»?..

Дык на якой жа зямлi непераможныя арлы й сокалы руйнуюць з гарматаў мiрныя вёскi i выганяюць з хатаў недарэчных, зьнямелых ад жаху глухiх бабуляў?

Тут раманiст, як некалi ягоны герой у Вiльнi, «чувствует себя всякий раз неловко», а таму гэтую таямнiцу не адкрывае. Ну а на той выпадак, калi хтосьцi пачне падазраваць, што падзеi разгортваюцца ў Беларусi, адпаведны разьдзел кнiгi азагалоўлены абачлiва й някiдка — «Снова на юге России».

Гэта дзесьцi там, на «юге России», генэрал-фельдмаршал Сувораў атрымаў за карную экспэдыцыю 1794 году Кобрынскую вобласьць з 13 279 душамi прыгонных сялянаў.

I цяпер там, на «юге России», усё спакойна. У Кобрыне — музэй Аляксандра Васiльевiча. У гарадах i мястэчках — болей за пяцьдзясят вулiц ягонага iмя. А дадайце яшчэ два дзясяткi калгасаў. А помнiкi? А сувораўская вучэльня ў сталiцы гэтага самага «юга»? А, урэшце, прагартаны гiстарычны раман?

Скажыце такое паляку цi лiтоўцу — не павераць. Малдова, дзе таксама Аляксандар Васiльевiч крывава насьлядзiў, «дэсуворавiзацыю» даўно правяла. На «юге России» ўсё iначай.

У нас краiна свабодная. Значыцца, i вулiцы з калгасамi ў ёй можна рознымi iмёнамi называць, i кнiжкi могуць прадавацца любыя. Кажуць, неўзабаве зьявiцца перавыданьне «Майн кампф». Тым больш, прынамсi адзiн (затое якi!) прыхiльнiк «известного Адольфа Гитлера» — у наяўнасьцi.

А «Суворава» й перавыдаваць ня трэба. Як у той «беларускай народнай песьнi» сталiнскiх часоў, змайстраванай тагачасным клясыкам Мiхасём Клiмковiчам пяецца — «Нам Масква прыслала падкрапленьне». На «юге России» i радыя. Пакуль гiстарычныя творы сваiх аўтараў рэжуцца цэнзурай ды арыштоўваюцца ў друкарнях, будзем чытаць пра Суворава.

Вы скажаце, ёсьць такое паняцьце — нацыянальная годнасьць? А я вам распавяду, як сустрэў нядаўна ў нас, на «юге России», знаёмага — чалавека, мiж iншым, зь вядомым шляхецкiм прозьвiшчам — якi радасна паведамiў пра нараджэньне сына. «Ну i як ахрысьцiлi?» — пацiкавiўся аўтар гэтых радкоў у нашчадка паўстанцаў 1794-га i 1863-га. «Аляксандрам». — «У гонар прэзыдэнта?» Нашчадак чамусьцi пакрыўдзiўся i пачаў загiнаць пальцы: «Аляксандар Македонскi — раз. Аляксандар Неўскi — два. Аляксандар Сувораў — тры...»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0