Вечар абаяльнага хулiгана

 

Тое, што пачынаецца з хаосу, не заўсёды павiнна хаосам i сконцыцца. Iншым разам здараюцца выключэньнi, экспромты. Сустрэчы, поцiскi рук, размовы праносяць больш радасьцi й надаўжэй застаюцца ў памяцi, калi яны не былi заплянаваныя.

Сыйшоўшы аднаго памятнага разу з Купалаўскага музэю ў дом-музэй Анатоля Сыса, я нiяк ня мог прадбачыць, што далей мая дарожка дацягнецца да Коласавай «хаты». На разьвiтаньне Сыс аднекуль выцягнуў вялiзны фалiянцiшча, якi аказаўся акуратным нотным сшыткам нейкага выдатнiка 1907 году зь Нясьвiскай сэмiнарыi, i абавязаў мяне аднесьцi гэтую грунтоўную працу нiкому невядомага сэмiнарыста ў дом бесьсьмяротнага вучня той самай установы.

«Вы сябры Сыса?» — асьцярожна запытала дырэктарка, з хваляваньнем прымаючы з нашых рук фалiянт i аглядаючы мяне й Славамiра Адамовiча, якi склаў мне кампанiю. Нам прапанавалi застацца, паабяцаўшы неўзабаве вельмi цiкавую сустрэчу. I пакуль Славамiр вывучаў улёткi часоў другой сусьветнай, знаходзячы ў коласаўскiх радках на тэму «Бi фашыста» сугучнасьць сёньняшняму дню, я добрасумленна экскурсаваўся па былым асабняку ў дарэмным намаганьнi адчуць прысутнасьць таго, хто пражыў тут свае апошнiя гады. Цi не адзiнага вялiкага «нашанiўца», якi пайшоў з жыцьця сваёй сьмерцю, у сваiм доме. Але цi ў сваёй краiне?..

У адрозьненьне ад Купалавага Дому, гэтыя сьцены памяталi голас свайго гаспадара. Што прыўносiць, асаблiва калi ты блукаеш па дому адзiн, пачуцьцё няёмкасьцi няклiканага госьця. Вялiзныя пакоi ў заўсёдным паўзмроку шэрых фiранак, перакрытыя забароннымi стужкамi; ампiрныя гадзiньнiкi, якiя дзесяцiгодзьдзi нiхто не заводзiў; шыкоўныя фатэлi, да якiх нельга дакрануцца. Даўно ўжо няма таго, хто меў адзiнае права запрапанаваць увайсьцi ў тыя пакоi. Але, увайдзi туды, усё роўна й блiзка не наблiзiсься да той, безумоўна, трагiчнай атмасфэры, якая панавала ў душы ягонага Жыхара.

А дом патроху запаўняўся галасамi новых гасьцей. Паважныя навукоўцы, журналiсты, бестурботнае студэнцтва. У гушчы публiкi я пазнаў Сакрата Яновiча. Пiсьменьнiка, якога можна сьмела чытаць i нясьмела перачытваць. Аказалася, зусiм нечакана для сябе, мы са Славамiрам трапiлi на прэзэнтацыю ягонай новай кнiжкi, што выйшла ў «Мастацкай лiтаратуры». «Сцяна» — прачытаў я на вокладцы, «Сьцяна» — за вокладкаю.

Няма больш iмпрэзы тужлiвейшае на сьвеце, чым сустрэча зь беларускiм пiсьменьнiкам. Упэўнены, менавiта й толькi такiя думкi маглi валодаць студэнцкай (што прыемна, найбольш шматлiкай) часткай нашае аўдыторыi. Ва ўсялякiм выпадку, шаноўныя лiтаратуразнаўцы прафэсары Адам Мальдзiс i Ўладзiмер Гнiламёдаў хвiлiнаў з сорак намагалiся давесьцi менавiта гэтую гiпотэзу, распавядаючы пра ролю Яновiчава слова. Мне ўзгадалася неўмiручае шалкевiцкае «I пры паваленым Яновiчавым плоце мы станем цiханька i будзем гаварыць».

Стамiўшыся чакаць выступу героя дня, я вырашыў зазiрнуць у ягоную кнiгу. Сама назва якой правакавала на пэўныя пытаньнi. Але дата напiсаньня, 1977 год, iх плаўна здымала. Прачытаўшы наўздагад выбраны абзац, я трохi зьбянтэжыўся. Не ад колькасьцi супадзеньняў. Мне трапiлася наступнае: «Усё прышылi яму. Уляпiлi Сумленевiчу дзiўна нямнога, гадоў нешта паўтара. Нечуванае: без грашовай рэкампэнсацыi пацярпеламу!»

Нарэшце мы дачакалiся слова спадара Сакрата. Першае, чым ён парадаваў чытачоў — сказаў прыкладна наступнае: «Калi вы будзеце чытаць мною напiсанае й вам нешта не спадабаецца, то ведайце — мне ўсё роўна. Мяне гэта мала цiкавiць, паколькi я пiшу не для вас, а для сябе. Аднак калi мая лябараторыя цiкавая й яшчэ некаму, мне безумоўна прыемна». Пасьля доўгiх развагаў аб ролi i г.д. такое пяшчотнае стаўленьне да чытача многiх разьвесялiла. I прымусiла прагна чакаць новых шчыраваньняў.

Ён не казаў нечага новага. Але ўсiм хацелася слухаць. Настолькi гэта артыстычна, раскаванаю несавецкаю моваю, рабiў былы пажарнiк, баксёр, электрык. Сёньняшнi першы аўтарытэт польскай беларушчыны. Ён казаў пра тое, што ў цяперашнiм становiшчы Беларусi нiчога дзiўнага няма, таму што беларускi народ бедны. А ў беднага народа (беднага ў прамым, грашовым сенсе) ня можа быць багатай культуры. Пра тое, што талент —гэта ўсяго толькi здольнасьць да працы. Безь якое нават нельга таленавiта сьпiцца. Пра тое, што надзеленасьць мiсiяй дае неверагодную здольнасьць выжываньня ў самых змрочных умовах. I шмат яшчэ вядомых iсьцiнаў, якiя iншым разам карысна паслухаць «выпадкам ад Сакрата». Лепш даходзяць. А некаторыя ягоныя пасажы абяззбройвалi сваёю мудрасьцю й трапнасьцю. Напрыклад, я цалкам згодны з маэстра, што паэт павiнен мець агнёвыя вочы й падабацца бабам, а графаманаў трэба расстрэльваць...

Пасьля былi яшчэ гарбата, печыва, цукеркi. Усе, хто хацеў, атрымалi аўтографы. Цудоўны вечар абаяльнага шасьцiдзесяцiдвухгадовага хулiгана сканчаўся прыязнымi ўсьмешкамi й чарговы раз абвергнутаю думкай, што «беларускае» — сынонiм «беднага» й «сумнага». Але за вокнамi шыкоўнага, падкрэсьлена багатага асабняка безнадзейна цямнела. Якая ўсё ж мiлая штука — экспромт, думаў я, пакiдаючы музэй. Калi-б не...

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0