Тэму праўды пра мiнулую вайну адноўленая «НН» распачала з першага свайго нумару ў 1991 годзе. За гэты час надрукавана нямала невядомых дакумэнтаў i фактаў, найперш пра партызанку на нашай акупаванай тэрыторыi, пра тое, што партызаны часам правакавалi немцаў на расправы зь мiрнымi жыхарамi, а часам i самi распраўлялiся — жорстка i злачынна.

Мiж тым, нельга сказаць што праўды пра вайну ў нашым грамадзтве за гэтыя сем гадоў стала болей. Савецкая партызанка, кiраваная з Масквы, дагэтуль застаецца сьвятарнай каровай iдэалёгii i практыкi малых i вялiкiх кiраўнiкоў цяперашняга рэжыму, як зрэшты i большасьцi насельнiцтва. Сказаўшы ўсю праўду пра савецкiх партызанаў, давялося б «мяняць абразы», а значыць, i ўвесь стагнацыйны ўклад жыцьця Беларусi, што не ўваходзiць у мэты анi кiраўнiкоў, анi падначаленых. Таму i зачыняюцца наглуха архiвы, а пракуратура i КГБ пiльна адсочваюць публiкацыю любога «нестаноўчага» факту з жыцьця герояў рэйкавых баталiяў. Таму i займаюцца рэальнай гiсторыяй вайны толькi незалежныя i пераважна маладыя навукоўцы, якiм iсьцiна даражэйшая за стэрэатыпы, пасады i званьнi. Сёньняшняя публiкацыя ў «НН» — з шэрагу такiх працаў.

С.П.


«Я, партызан Парынаў...»

 

Прапаную ўвазе чытачоў дакумэнт, якi я выявiў у фондзе Беларускага штабу партызанскага руху (фонд 3500) Нацыянальнага архiву Рэспублiкi Беларусi. Фактычна дакумэнт гэты ўяўляе сабою «неафiцыйную» гiсторыю адной з партызанскiх брыгадаў, прычым напiсаны ён чалавекам, якi бачыў гэтую гiсторыю «знутры», i па «гарачых сьлядох» апiсаных падзеяў. Для даведкi: артыкулы пра Чаркасава i Харына можна знайсьцi ў кожнай беларускай энцыкляпэдыi, напрыклад, «БелСЭ» цi «Беларусь у гады В.А.В.»

Iгар Лялькоў

 

Тав. Калiнiну

18.06.44, гор. Менск

Рапарт

Я, партызан Парынаў, не магу стрымлiваць сваё сэрца i мiрыць яго з такiм бяздушным i нечалавечным стаўленьнем з боку камандаваньня нашай брыгады i атраду, як да партызанаў, таксама i да мiрнага насельнiцтва – сялянаў. [...]

У 1942 годзе прыбыла група партызанаў з усходу ад брыгады тав. Дзiмы ў Вялейскую вобл., пад камандаваньнем тав. Чаркасава прыблiзна ў колькасьцi 15 чал. Знаходзячыся ў Вялейскай вобласьцi, спачатку яны сябе паводзiлi як савецкiя партызаны, але калi т. Чаркасаў займеў сябе адзiнаначальнiкам у вобл. з прычыны аддаленасьцi ад брыгады тав. Дзiмы i пусьцiўся ў п’янку, у распусту. Пачаў ён падбiраць сабе такiх «хлопцаў», якiя яму садзейнiчалi ў правядзеньнi яго распуснага жыцьця i непартызанскiх паводзiнаў. Астатнiх, хто па ягоным шляху ня йшоў, ён зь iмi вельмi лёгка распраўляўся цiшком, моўчкi. А астатнiя сыходзiлi ў брыгаду Дзiмы, каб пазбавiцца Чаркасава i не вырабляць такiх брыдкасьцяў, што рабiў Чаркасаў. [...]

Чаркасаву спатрэбiўся ў атрад лекар. Чаркасаў прыняў лекара-габрая Каварскага, у якога была жонка, дачка, сын. I тут Чаркасаў прыняў сваё рашэньне, — узяў у атрад дачку Раю, сына Барыса, а жонку пакiнуў у вёсцы Чарэмшыцы Мядзельскага раёну Вялейскай вобласьцi. I каб жонцы лекара Каварскага не дапамагаць у харчы, Чаркасаў пераапрануў у палiцэйскую вопратку 2-х сваiх спадручных партызанаў Iльiна Аляксандра i Янюка Аляксея, якiя прыйшлi ноччу на кватэру жонкi Каварскага i зарэзалi яе.

Гэтага факту тав. Чаркасаву мала было. Чаркасаў, як камандзiр атрада, прымусiў дачку Каварскага ўступiць зь iм у сужыцьцё пад страхам зброi. Раi не было куды падзецца, трэба было альбо жыць, альбо памерцi. Але Раю не мiнула яе сьмерць, якая была ў руках Чаркасава. Рая ад Чаркасава зацяжарала. Чаркасаву гэта не спадабалася. Ён пасылае Раю з групай на баявое заданьне i загадаў сваiм блiзкiм «хлопцам» Зацiрахiну, Ясаковец, Пятроўскаму i iнш. расстраляць Раю, i на базу не прыводзiць яе. Сьмелая й рашучая Рая з радасьцю iшла на б/заданьне, але ня ведала, што ўжо сьмерць ад Чаркасава за ёю iшла. I калi толькi яны зайшлi ў лес пусты, i там сьмелая Рая была расстраляная бандыцкай куляй у сьпiну. А грамадзкасьцi атраду пазьней празь сьценгазэту было сказана, што Рая трапiла ў нямецкую засаду i загiнула сьмерцю храбрых. «Хай будзе зямля пухам тябе, наша Рая», — так пiсала газэта.

I выхаванцы Чаркасава, якiя толькi бралi зь яго прыклад: яго партызан Трусаў, што праз моц зброi задумаў скарыстаць у маёнтку Холм Крывiцкага раёну дзяўчыну Надзю, так ужываў непасрэдна зброю, страляючы каля ног. Трусаў займаўся таксама сыстэматычнай п’янкай i зьдзяйсьняў непартызанскiя ўчынкi.

Партызан Вiнаградаў таксама дзейнiчаў вышэйзгаданым чынам: у вёсцы Уткi Iжанскага с/с Ломацевай Любы бацьку пад пагрозай зброi выгнаў з хаты, а сам пачаў зьдзеквацца над дзяўчынай. Займаўся сыстэматычна марадзёрствам i п’янкай.

Партызан Судзьдзiн неаднаразова гвалтаваў дзяўчын пад пагрозай зброi. Прыклад: у вёсцы Крыжаноўка Мядзельскага раёну ён, вынуўшы з кабуры наган, хацеў прымусiць дзяўчын, каб яны пайшлi да яго ў поўнае падпарадкаваньне, але дзяўчыны ад гэтага адмовiлiся. Судзьдзiн пачаў стральбу ў памяшканьнi. Дзяўчыны вымушаныя былi распранутыя выбегчы на двор, а была зiма. За гэта камандаваньне дало Судзьдзiну 7 сутак строгага арышту.

Партызан Дубровiн Ул. згвалтаваў жанчыну, якая выйшла ў лес зьбiраць ягады. Ён яе затрымаў i пад пагрозаю зброi згвалтаваў. У м. Кабыльнiк зьбiў сьвятара. Дубровiн прапiў шмат партызанскай маёмасьцi, якая была ўзятая ў сялянаў для ўтрыманьня атраду i займаўся марадзёрствам, вёў распуснае жыцьцё, за што камандаваньне атраду загадам зьняла яго з пасады старшыны. Вышэйпамянёныя партызаны тварылi агiднасьцi, п’янку, i вялi распуснае жыцьцё. [...] Партызаны, якiя шчыра, добрасумленна, па-бальшавiцку ставiлi пытаньне i не хацелi рабiць брыдкасьцяў, гэтым партызанам вельмi цяжка было знаходзiцца ў атрадзе. [...]

Партызан Мельнiкаў быў расстраляны ў траўнi месяцы 1943 году памагатымi Чаркасава Iльiным i Зацiрахiным. Т. Мельнiкаў быў сьмелы, рашучы, як камандзiр групы, паводзiў сябе шчыра, добрасумленна, змагаўся па-бальшавiцку за праўду, якi меў на сваiм лiку больш за 15 узарваных варожых эшалёнаў i рад iншых дывэрсiяў. Гэта быў неацэнны чалавек, якi ўвесь час Чаркасаву рабiў заўвагi пра яго нетактоўныя паводзiны i выхаваньне партызанаў. Пасьля расстрэлу Мельнiкава ўсе партызаны былi ў жаху. Чаркасаў бачыць хваляваньне партызанаў, пастроiў iх i перад строем заявiў: «Каб пра т. Мельнiкава анi слова, абсалютная цiшыня!» «Хто будзе пытацца, адказваць, што пайшоў на Ўсход. У выпадку, калi пачую, захады да вас мае ўжо вядомыя, вы ведаеце iх».

Партызан Жаркоў ў в. Лужы Мядзельскага раёну зарэзаў жанчыну, якая выйшла ў лес па грыбы.

Па Вялейскай вобласьцi разьнесьлiся чуткi, i атмасфэра да партызанаў была вельмi кепскай, i [казалi] нiбыта партызаны займаюцца не баявымi i не палiтычнымi справамi, а толькi вышэйпамянёнымi рэчамi. [...]

Могуць пацьвердзiць вышэйзгаданае наступныя таварышы: камандзiр Жагат А.А., Запявалаў (ад атрада Кутузава брыгады Варашылава), камандзiр атрада «Истребитель» брыгады Варашылава Падольны, Гордан Грыгоры, Гордан Толiк, камбрыг Маркаў, герой Савекага Саюза i шэраг iншых байцоў (кам-р Мiхайлюк, Жыла Н., Шырынскi). [...]

Чаркасаў пасылае групу партызанаў на баявое заданьне ў колькасьцi 7 чал., кам-р групы старшына атраду Сiманенка. Сiманенка быў самы блiзкi да Чаркасава. Сiманенка таксама п’янстваваў, марадзёрнiчаў, некалькi разоў зьбiваў жонку партызана Чарняўскага Аляксандра, каб тая забясьпечвала яго гарэлкай i бiў iншых людзей. Сiманенка згвалтаваў дзяўчыну пад пагрозай зброi ў в. Моргi Крывiцкага раёну i пасьля, убачыўшы, што будзе адказваць, расстраляў дзяўчыну Фросю i ўсiх яе бацькоў — старых бацьку i мацi.

Старшына Сiманенка ў кастрычнiку месяцы 1943 г. з групай партызанаў Хамякоў, Рудась, Парынаў А., Тарноўскi, Лях, Парынава Еўд. былi на заданьнi ў р-не Крывiчы-Княгiнiна, дзе прабылi 19 сутак i ня выканалi баявое заданьне камандаваньня атраду, а займаўся камандзiр групы п’янкай, распусным жыцьцём i марадзёрствам. А пра заданьне нават i ня думаў, а iмкнуўся кам-р Сiманенка ўзарваць варожы эшалён чужымi рукамi. За гэта плацiў ён сьвiньнямi сваiм «сувязным». «Сувязныя» сьвiньней пазабiралi, а эшалён не ўзарвалi.

Калi Парынаў Ал. пачаў гаварыць, што ўсе групы нашага атрада падарвалi варожы эшалён, а мы заданьнi пры такiх складаных умовах ня можам выканаць, тады кам-р Сiманенка хацеў Парынава абяззброiць i праводзiць на базу. Парынаў зброi ня здаў, але кам-р Сiманенка бачыць, што Парынаў перашкаджае праводзiць i зьдзяйсьняць бясчынствы сярод мiрнага насельнiцтва, i накiраваў Парынава на базу. [...]

Камандзiр Чаркасаў i камiсар Харын, каб прыняць сыгналы ад партызана Парынава А. i iх ухiлiць, Парынава А. абяззброiлi i паслалi на тэрор, як за непадпарадкаваньне кам-ру Сiманенку. Тэрор быў прызначаны — кiнуць у вакно гранату ў нямецкi гарнiзон Нарач. Парынаў хоць i бачыць гэта за незаконнае пакараньне, але ўсё ж такi пайшоў на выкананьне. На гэтым жа заданьнi кам-р Сiманенка ў п’яным стане задумаў згвалтаваць партызанку сваёй жа групы Парынаву Еўдакiю, ён п’яны ўсю ноч не даваў ёй пакою пад усялякiмi пагрозамi. Парынава на такiя глупствы не рашылася. [...]

Кам-р Сiманенка прыбыў з заданьня, перамовiўся з кам-рам Чаркасавым i без анiякiх прычынаў партызанку Парынаву з атраду выгналi на хутар Гаць. [...]

Кам-р Сiманенка, калi на заданьнi, у п’яным выглядзе адкрыў стральбу ў в. Хацiмаўка ў доме i паранiў 2-х партызан iншай брыгады, то тут Чаркасаў i Харын бачаць, што ўмяшаецца цэнтар П.Р., i iх па галоўцы не пагладзяць за зьдзекваньне над нявiннай партызанкай Парынавай, узялi яе назад у атрад.

Кам-р Чаркасаў i Харын задумалi схаваць i апраўдаць кам-ра Сiманенку, абвiнавацiлi невiнаватага партызана Рабава Вас., якi быў незаконна расстраляны, i на гэтым жа заданьнi кам-р Сiманенка прап’янстваваў 20 сутак, ня выканаўшы баявога заданьня. [...]

Камандаваньне атраду i бр-ды для лепшай зручнасьцi i рэгулярнай дастаўкi самагонкi ў штабы для правядзеньня забаваў, выкарыстаньня вольнага часу, таму што на заданьнi яны не хадзiлi альбо рэдка хадзiлi, арганiзавалi некалькi самагоначных пунктаў на в. Гацi, Крыжаноўка, Альсевiчы, Заазер’е i т.д., дзе на гэтыя пункты рэгулярна дастаўлялася мука, а адтуль забiралася бачуркамi самагонка. Па загаду камандаваньня ў лiстападзе месяцы 1943 году п-зану Белякову i Давыдаву было загадана ўзяць у сялянаў на 7 пудоў парсюка i завесьцi ў в. Альсевiчы Шаранговiчу Ўл. за гарэлку за 25 л. Загад быў выкананы. Парсюка ўзялi ў беднай сям’i, якая мела 5 дзяцей.

Старшыной Мардасавым вельмi шмат было нароблена брыдкасьцяў, марадзёрства сярод мiрнага насельнiцтва. Забiраў ён кароў, нягледзячы на гаспадарку — бядняк ён, сувязны альбо хто iншы. Былi такiя выпадкi, браў карову ў бедняка, якi меў 4 дзяцей, i пад пагрозай зброi, нягледзячы на сьлёзы малых дзяцей, кароў забiраў. Гэта вёска Кiржына. У гэты час было ўзята ў в. Кiржына 14 кароў, а на базу аддаў усяго 9. Астатнiя 5 кароў па дарозе прапiў. Могуць пацьвердзiць Бараўскоў, Костачка Мiх., Парынаў А.

Старш. Мардасаў займаўся перапродажам кароў. У адной вёсцы забiрае, а ў другую прадае за самагонку. Тав. Мардасаў абескаровiў вёскi Кiржына, Янушава, Капусьцiчы, Папоўкi, Ельнiцы, Зане, Копчань, Бадзенi, Малiнаўка, Каранiшча, Задубеньне, Няверы i iнш. Частка гэтых кароў, якiя былi забраныя, пайшлi не на агульнае харчаваньне партызанаў, а для асабiстых iнтарэсаў камандаваньня атраду i старшыны.

Партызан Чарняўскi Аляксандар быў агент па забесьпячэньнi гарэлкай, дзе яго i празвалi «бутэлечкай». Ён больш за 30 коней са збруяй прадаў за самагонку, якiя мусiлi быць вярнутымi тым сялянам, у якiх бралi. Камандаваньне пра гэта ведала i нават садзейнiчала яму ў правядзеньнi гэтай кампанii. [...]

Камандаваньне атрада з кастр. 1943 г. схадзiла на баявое заданьне ўсяго 3 разы на рэйкавую вайну, i тут вынiкi атрымалiся наступныя: трэба было ўзарваць 120 рэйкаў, а ўзарвалi 50. Аднойчы ўсёй брыгадай пайшлi на рэйкавую вайну. Камандаваў камбрыг Чаркасаў, камiсар атр. Грышаеў. I тут усiх партызанаў па дарозе пагублялi. Са 150 чал. засталося пры камандаваньнi ўсяго 27 чал., а астатнiя былi немаведама дзе. З астатнiх частка партызанаў на гэтым баявым заданьнi дзейнiчала самастойна. Вось Вам бачна, якiм было кiраўнiцтва камандаваньня. А да гэтага камандаваньне нашае сядзела ў штабах i нi на адно баявое заданьне не хадзiла. А толькi пiла самагонку, якая дастаўлялася з вышэйпазначанага самагонаперагоначнага пункту. [...]

Партызан Хiльман Вiктар 18 год зь вёскi Стахоўцы Мядз. р-ну быў па-зьверску зарэзаны ў р-не в. Лужы на загад Чаркасава за тое, што Вiця прыхварэў трохi на заданьнi. Т. Хiльман да ўступленьня ў атрад быў сувязным i забясьпечваў многiя атрады снарадамi зь мiнулай вайны як ВВ.

Па прыбыцьцi Чырв. Армii здавалася, што «партызанка» сярод насельнiцтва скончаная, але ў атрадзе iм. Будзёнага яшчэ працягвалася. Немцы пакiнулi ў м. Будслаў 500 л. збожжа. Партызаны бр-ды Будзёнага групай «Орёл»: кам-р Рудзянкоў, палiтрук Бондараў са сваiмi партызанамi Леўчанка, Крапачоў, Вiнаградаў, Панамарчук, Ананьеў распрапiлi сярод мiрнага насельнiцтва, дзе п’яныя неаднаразова адкрывалi аўтаматна-вiнт. стральбу сярод ночы. Гэтай жа групай 19.07.44. а 3 гадзiне ночы зламалi замок у касьцёле м. Будслаў i набралi рэчаў 2 клункi па 3 пуды. Куды падзелi — невядома. Забралi маёмасьць зьбеглага ворага 3 мяхi рознага барахла, валiзу 70х50 см, польскiх срэбных грошай па 10 злот. Валiза была поўная, ледзьве ўдваiх зьнесьлi яе. Забрана ў амбуляторыi м. Будслаў 15 шт. коўдраў; сустрэлi ўцекачоў 6 падвод i забралi ў iх шмат рэчаў. [У гэтым] Удзел браў нач. штаба брыгады — Немаў.

Маёмасьць растранжырылi дзеля сваiх прыватных iнтарэсаў. З гэтай жа групы партызанам Крапачовым А. адабрана на дарозе ў жанчыны карова, якую вялi на злучку да быка ў наст. вёску. 25.07.44. партызан Крапачоў павёў карову ў в. Табы i там разам з партызанамi Бондаравым, Вiнаградавым прапiлi яе сялянам.

Могуць пацьвердзiць гэты факт Сандрыгас I., Казлоў Вас., Пузанкоў Гр. i мiрнае насельнiцтва.

Камандаваньне нашага атрада i таксама бр-ды [вырашылi] схаваць утвораныя бясчынствы, каб не ўмяшаўся Цэнтар партыз. руху i скiнуць зь сябе адказнасьць i прыхаваць сьляды гэтых фактаў, неаднаразова былi вымушаныя перапiсваць сьпiсы i кнiгi па ўлiку баявых справаў i вядзеньня ўлiку партызан шараговых i каманднага складу.

Гэтае перапiсваньне давала iм магчымасьць прыпiсваць сабе баявыя справы. У нач. штаба Рыжова было 4 узрывы варож. эшалёнаў, а зараз болей за 8. У камiсара Харына было 3 узрывы эшалёнаў, зараз болей за 5. Парэзалi падземны кабэль на 1 м, а запiсана на 5 м i да т.п.

Прыпiсваньне баявых справаў iшло за лiк Мельнiкавых ўзрываў, Лапянковых узрываў, Сумаковых узрываў, якiя пайшлi i не атрымалi нiякiх дакумэнтаў пра зробленую iмi баявую работу.

Блiзкiя да кам-ра Чаркасава партызаны, якiя разам рабiлi бясчынствы пры зьняцьцi Чаркасава з кам-ра атраду зьбеглi ў розныя месцы (Iльiн, Рыжоў, Сiманенка, Немаў), а як толькi аднавiлi Чаркасава кам-рам атраду, то яны зараз жа вярнулiся да кам-ра Чаркасава i працягвалi садзейнiчаць тварэньню розных сваiх ранейшых брыдкасьцяў i не адчувалi за падзеi адказнасьцi. Усiм вышэйпамянёным партызанам i камандзiрам, якiя рабiлi бясчынствы, у iхнай баявой характарыстыцы нiчога не адзначана у кепскi бок, а запiсаныя ў баявую характарыстыку як шчырыя, дысцыплiнаваныя таварышы-партызаны.

Кам-р Чаркасаў паставiў перад усiмi сваiмi блiзкiмi партызанамi, якiя разам зь iм заадно рабiлi бясчынствы, задачу: як заўгодна, пры любой магчымасьцi, хто б зь iх яго нi сустрэў, зьнiшчыць лекара Каварскага i ягонага сына Барыса, каб iх не было жывымi.

Чаркасаў гэта ведаў, што прыйдзе Чырвоная Армiя i лекар Каварскi запатрабуе ў яго зь незаконнага расстрэлу дачкi i зарэзанай жонкi. Доля зьнiшчыць апошнiх з фамiлii Каварскiх —бацьку i сына й пазбавiць ад гэтага Чаркасава i прымiрыць ягоныя бясчынствы выпала камандзiру Рабку.

Рабка скарыстаў для гэтага блякаду, што была на той момант у 1943, увосенi. Безабароннага сына Барыса паслаў у выведку бяз зброi, а бацьку пакiнуў бяз зброi яго чакаць, а сам з узброенымi партызанамi пайшоў у невядомым напрамку. I так застаўся на гiбель Каварскi са сваiм сынам. Больш Каварскага партызаны ня бачылi. I на гэтым скончылася патомства Каварскага.

Кам-р Рабка пасьля са сьмехам распавядаў, што, (маўляў), я пакiнуў у абароне Каварскага й сына, праз гэта я вывеў зь цяжкiх абставiнаў свой атрад бяз стратаў. [...]

Звычайна нашыя скаргi ў Цэнтар не даходзiлi, калi мы падавалi iх па камандзе — камандаваньню атраду. Гэтыя скаргi зьнiшчалiся ў штабе атраду, а нас за гэта пасылалi на тэрор i па ўсякаму перасьледавалi. Мы вымушаныя былi скаргi падаваць проста ў Цэнтар. Камандаваньне атр. iм. Будзёнага настолькi прызвычаiлася займацца бясчынствамi i падробкай дакумэнтаў. [...]

Наша брыгада прыйшла на разьбiўку ў БШПР i прывяла з сабой 4 каровы. Брыгадай было выкарыстана ўсяго 1,5 каровы, якiя пайшлi ў агульны кацёл, а 0,5 каровы засталося на кватэры штаба.

Згодна загаду БШПР астатнiх 2-х кароў трэба было здаць на карысьць дзяржавы. Але гэта нашым камандаваньнем не было выканана. Нягледзячы на тое, што штаб бр-ды ўтрымлiваецца на забесьпячэньнi ў БШПР i атрымлiвае рэгулярна прадукты харчаваньня i ўсё ж яны працягваюць зьнiшчаць дзяржаўную жывёлу, рэжуць гэтых кароў i растранжырваюць на ўсе бакi.

Iм ня мяса патрэбнае, а сьпiртусовыя напоi i асабiстае задавальненьне. Яшчэ не здадзена iмi ў БШПР 5 коней.

Вышэйпазначаныя незаконныя парушэньнi, што адбылiся сярод партызанаў i мiрнага насельнiцтва, могуць пацьвердзiць наст. т.т. партызаны: Хамякоў (партарганiзатар бр-ды iм.Будзёнага), Тарноўскi, Бараўскоў Н., Давыдаў, Гордан, Кашын, Шырынскi, Рамяняк Васiль, Жыла Мiк., Парынаў А., i можна нават зьвярнуцца да ўсiх шараговых партызанаў атраду iм. Будзёнага i iншых атрадаў нашай брыгады.

Я, партызан Парынаў А. падаю гэты рапарт вышэйстаячым арганiзацыям i цалкам ўсе пункты з пазначанымi таварышамi пацьвярджаю i прашу БШПР i асабiста Вас, тав. Калiнiн, паставiцца да майго матэрыялу з усёй сур’ёзнасьцю. [...]

22.8.44. партызан ... /Парынаў/

На дакумэнце наступныя рэзалюцыi:

т. Бруханаў. Праверыць дэталёва i матэрыял дакласьцi. Калiнiн 24-VIII-44

т. Анiсiмаву. Правядзiце расьсьледаваньне. Калiнiн.

Дадзена указаньне НШ. Бруханаў 26.8.44

 

Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь, фонд 3500, вопiс 2, справа 110, аркушы 422-440. Рукапiс, арыгiнал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0