Падзеленыя думкi

 

У сярэдзiне лютага газэты паведамiлi пра тое, што дзяржаўныя iнстанцыi РБ наважылiся перавезьцi парэшткі паэта Максiма Багдановiча зь Ялты, дзе ён памёр i быў пахаваны ў 1917 годзе, у Менск. Упершыню iдэя такога перапахаваньня шырока абмяркоўвалася ў Беларусi ў пачатку 90-х. Тады, памятаецца, думкi рэзка падзялiлiся. Падзеленыя яны i сёньня. Толькi вось сёньня нiхто ня будзе праводзiць абмеркаваньня. Бо слухаць апанэнтаў сёньняшнiя ўлады ня лiчаць патрэбным. Хутчэй за ўсё, Багдановiч будзе перавезены ў загадным парадку, пра што грамадзкасьць даведаецца пасьля.

Зрэшты, сама праблема ад гэтага нiкуды не дзяецца.

 

У краiне сьветлай, дзе я ўмiраю

У белым доме ля сiняй бухты

Я не самотны, я кнiгу маю

З друкарнi пана Марцiна Кухты, —

пiсаў перад сьмерцю хворы на сухоты паэт, якога сябры адправiлi зь Менску на лекаваньне ў Ялту. Што думаюць пра вяртаньне цела Багдановiча ў Менск сучасныя беларускiя культурнiкi?

Сяргей Харэўскi падказаў, бадай, першую важную для нашае размовы думку: пра тое, што само па сабе перанясеньне костак, калi яно нiчым не адухоўленае — гэта ўсяго толькi фэтыш. Сапраўды, калi духоўны чын i сумоўе з памерлым генiем ператвараюцца ў дачыненьнi з косткамi, — гэта не адраджэньне, а руцiна. Нездарма да iдэi перапахаваньня расейскае царскае сям’i ў гэтыя днi падключаная ўся калясальная махiна РПЦ.

Аднак вернемся да Максiма Багдановiча.

 

Ала Сямёнава, лiтаратурны крытык i рэдактар:

Цяжка ў беларускай лiтаратуры, у беларускай культуры, у беларускай паэзii знайсьцi такую сутнасную аналёгiю беларускаму духу, як творчасьць Максiма Багдановiча. Гэта асобая духоўная энэргiя, асобы духоўны склад, асобае лiтаратурнае быцьцё. Гэта эстэтычная бясконцасьць. Гэта мова душы, выслаўленая ў паэзii, прозе, крытыцы, мова, якую чуюць i разумеюць людзi розных пакаленьняў, розных поглядаў, рознага ўспрыманьня рэчаiснасьцi, мастацтва, лiтаратуры. Лёс наканаваў яму жыцьцё па-за межамi Беларусi, але была найвышэйшая iсьцiна ў тым, каб чалавек, што гадаваўся ў Нiжнiм Ноўгарадзе i Яраслаўлi, адчуў душу свайго, беларускага народа, пачуў голас свайго народа, выявiў у слове думкi i пачуцьцi зноў-такi свайго народа, перш-наперш. I зрабiў iх каштоўнасьцю сусьветнай. I будзе справядлiва, калi мы, беларусы, травеньскiм днём цi сьнежаньскiм цi проста ў хвiлiну смутку цi радасьцi зможам пакланiцца яму, адчуць яго высокi дух, яшчэ раз прачытаць ягоны верш.

 

Сяржук Сокалаў-Воюш, паэт:

У краiне сьветлай паэт самотны,

Безь Беларусi у доле стыла,

Ля сiняй бухты, ля хваль грымотных

Ўмiрае цiха яго магiла.

Мне не ўсё роўна, дзе быць па сьмерцi,

Дзе жыць па сьмерцi — як лёс напiша,

На Беларусi мой дол адмерце,

Дзе за бацькамi пустуе нiша.

Данчык, сьпявак:

Гэта быў бы выпадак, якi б амэрыканцы назвалi poetic justice — паэтычная справядлiвасьць. Бо чалавек, якi пры жыцьцi ня меў магчымасьцi жыць у Беларусi, краiне, якую любiў i праслаўляў у сваёй паэзii, хоць пасьля сьмерцi апынецца ў ёй. Можа гэта сэнтымэнтальна, але парэшткi чалавека павiнны знаходзiцца там, дзе ягоная душа пры жыцьцi знаходзiла прытулак. А для Багдановiча гэта была Беларусь. Я думаю, што сам паэт так i захацеў бы. I больш таго, знаходжаньне магiлы Багдановiча ў Беларусi дало б магчымасьць наведаць яе часьцей, прынесьцi паклон. Стоячы над магiлай Багдановiча на беларускай зямлi, чалавек мог бы адчуць гонар ня толькi за свайго выдатнага продка, але й за свой народ, менавiта за сваю беларускасьць. Таму я думаю, што гэта якасная iдэя.

 

Алесь Бяляцкi, дырэктар Музэя Максiма Багдановiча ў Менску:

Iдэя гэтая ня новая. Яна даўно ўжо абмяркоўваецца, прынамсi з пачатку 90-х гадоў. Маё стаўленьне да яе зь цягам часу мяняецца. Усе гэтыя гады я адсочваю матэрыялы — што ў такiх выпадках робiцца зь iншымi славутымi людзьмi ў iншых народаў, i прыходжу да высновы, што паўсюль, вобразна кажучы, сьцягваюць косткi сваiх вядомых людзей на сваю родную зямлю. Лiтаральна сёньня мне даводзiлася чытаць Стары Запавет — той момант пра Язэпа, якi жыў у Эгiпце, якi фактычна выратаваў жыдоў ад голаду i якi перад сьмерцю загадаў сваiм братам, каб яны, вяртаючыся ў зямлю Ханаан, узялi ягоныя косткi. У нас у Беларусi можна згадаць перапахаваньне Эўфрасiньнi Полацкай. Палякi — таксама звозяць сваiх вядомых людзей з усяго сьвету ў Польшчу. Таму сама iдэя не здаецца мне кепскай. Улiчваючы таксама, што ў Крым езьдзiць усё меней беларусаў. I на жаль, месца пахаваньня Максiма становiцца ўжо не такiм наведвальным, як раней. Таму перавозiць яго можна. Але самае вялiкае пытаньне — маральнае: хто мусiць яго перавозiць? Цi маюць права яго перавозiць тыя людзi, якiя зьнiшчылi Пагоню, апетую Багдановiчам, якiя нiшчаць беларускую мову, якую Багдановiч фанатычна любiў? Гэтае пытаньне на сёньняшнi дзень ня вырашана.

 

Алег Мiнкiн, паэт:

Я лiчу, што пераносiць магiлу Максiма Багдановiча з Чорнага мора ў Беларусь нельга. Галоўная прычына ў тым, што Беларусь, беларускi народ i беларуская паэзiя, лiтаратура, гiсторыя згубяць яшчэ адну прыгожую легенду. Мне здаецца, што мiнiстэрства нашай беларускай культуры павiнна клапацiцца не пра тое, каб перанесьцi гэтую магiлу, а пра тое, каб яна захоўвалася там, дзе яна зараз.

 

Сяргей Шупа:

Я супраць перавозу магiлы Максiма Багдановiча ў Менск. Па-першае, ня будучы ў душы матэрыялiстам, я ня веру, што сам гэты акт — нешта простае i звычайнае — узяць, выкапаць тое, што засталося ад паэта, скласьцi гэта i некуды зьвезьцi. Я адчуваю, што ўсё роўна чалавек пераходзiць нейкую забароненую мяжу, робячы гэткiя ўчынкi. Па-другое, магiла Багдановiча — не адзiная беларуская магiла ў сьвеце, i вельмi важна адчуваць, што беларускi сьвет значна шырэйшы, чым толькi межы сёньняшняй Рэспублiкi Беларусь. Тое, што сёньня цяжэй дабрацца да Ялты, каб дагледзець гэтую магiлу — гэта проста ўскладае на беларусаў цяжэйшыя абавязкi. Iнакш было б вельмi проста — узяць, пазвозiць усiх нашых дзеячоў у Менск, супакоiцца, пайсьцi шляхам найменшага супрацiву. Але я ня думаю, што догляд гэтых магiлаў быў бы больш пiльны, што пачуцьцё кантакту з душой памерлага паэта будзе вастрэйшае. Не, гэта будзе нешта больш звычайнае, будзённае. Цяпер, будучы ў Празе, беларус адчувае сябе вельмi спакойна, бо навокал дух тых памерлых славутых продкаў нашых, што пахаваныя ў тутэйшай зямлi. Недзе тут ляжыць Скарына, у Празе пахаваныя два прэзыдэнты Беларускай Народнай Рэспублiкi. Мне, шчыра кажучы, у галаву ня прыйдзе, што iх таксама можна ўзяць, запакаваць у скрынi i завезьцi ў Менск. Яны, зрэшты, Менску i не належаць. Мне здаецца, няхай нашыя магiлы застаюцца раскiданыя па ўсiм сьвеце. Няхай мы будзем адчуваць, што нашая радзiма — гэта цэлы сьвет, толькi што цэнтар гэтага сьвету — Беларусь. У гэтым таксама ёсьць элемэнт нашай экспансii.

Не прэтэндуючы на падсумаваньне, скажу, што мне найблiжэй думка, якую выказаў Алесь Бяляцкi. Уся справа, па-мойму, у адпаведнасьцi. I для таго, каб зьдзейсьнiць акт перапахаваньня Багдановiча, каб наблiзiць, а не забiць легенду, пра якую казаў Алег Мiнкiн, каб зноў адкрыць Паэта, а не «закрыць вапрос», для гэтага самая Беларусь павiнна дасягнуць такога мэтафiзычнага гучаньня, такога ўсеагульнага нацыянальнага ўздыму, такога апатэозу ўсенароднае любовi да роднага слова i родных сьвятыняў... Словам, стаць Беларусяй Багдановiча. На жаль, сёньня дзяржава зусiм не iмкнецца да гэткага стану. I перазахваньне парэшткаў любiмага паэта нацыi стане хiба што яшчэ адным антыподзьвiгам антыбеларускага рэжыму. У адрозьненьне ад Зьмiцера Бартосiка, мне думаецца якраз пра брудныя рукi, якiмi ня робяцца сьвятыя справы.

Сяргей Паўлоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0