СТО ТВОРАЎ МАСТАЦТВА ХХ СТАГОДЗЬДЗЯ

Аркадзь Астаповiч. Дворык

 

Менск, якi доўгiя стагодзьдзi быў цэнтрам самага вялiкага ваяводзтва ў Вялiкiм Княстве, празь нейкi няясны зьбег абставiнаў ня быў тым местам, дзе б нараджалiся выдатныя асобы. Здавалася, нiшто таму не замiнала... Тым часам Вiльня, Полацак, Наваградак, нават далёкi Мсьцiслаў бясконца выпраўлялi ў людзкi сьвет рыцараў духу, мяча i пяра. Менск, нiбы прадбачыўшы сваё прызначэньне, зьберагаў у сабе тыя зярняты, што прарасьлi толькi напрыканцы мiнулага стагодзьдзя. Колькi ў Менску нарадзiлася мастакоў? Хiба Ваньковiч, ды паўлегендарныя Шэмеш, Герасiмовiч, Баркоўскi, сьведчаньнi творчасьцi якiх дайшлi да нас пераважна ў дакумэнтах...

... Сярод тых, хто нарадзiўся ў Менску напрадвесьнi ягонага сапраўднага прызначэньня, быў Аркадзь Астаповiч. Ён — сын тыповай шляхецкай беларускай сям’i, калi можна казаць пра нейкую тыповасьць у дачыненьнi да чалавечых лёсаў. Ягоны бацька быў калескiм асэсарам, а пазьней нават тытулярным дарадцам, выкладаў у Менскай гарадзкой вучэльнi. Калi Аркадзю было чатыры гады, бацькi пераехалi ў Рэчыцу, якая тады ўваходзiла ў склад неабсяжнае Менскае губэрнi. Тут ягоны бацька атрымаў больш спакойную пасаду iнспэктара Рэчыцкае гiмназii...

... Пра гэтыя першыя гады мастака ягоная пляменьнiца, сп. Сьмiрнова ў прадмове да каталёгу выставы Астаповiча i ягонае сястры, Астаповiч-Бачаровай, пiша наступнае: «Сям’я Астаповiчаў жыла (у Менску. — С.Х.) на рагу Магазiннай (Кiрава) i Каломенскай (Сьвярдлова), а пасьля на Захараўскай (пр. Скарыны)... У 1900 годзе сям’я назаўсёды пакiдае Менск... але працягвае жыць спачатку ў невялiкiм, надта жывапiсным мястэчку Рэчыца, пазьней — у Гораднi, куды Антон Астаповiч, чалавек вельмi суворага i строгага нораву, пераяжджае з жонкаю i падрослымi дзецьмi, на тое, каб даць iм грунтаўнейшую адукацыю. У 1906-1914 гадах сям’я Астаповiчаў жыве (праўда, некалькi замкнёна) у дастаткова прасторнай i сьветлай пяцiпакаёвай казённай кватэры ў цэнтры Гораднi. У кола iх дачыненьняў уваходзiць галоўным чынам мясцовая iнтэлiгенцыя — лекары, настаўнiкi, сьвятары. Гарадзенскi пэрыяд — адзiн з самых дабратворных у жыцьцi брата й сястры. Менавiта тут яны пачынаюць маляваць». Ад тых iдылiчных часоў застаўся гiмназiчны альбом Аркадзя Астаповiча, якi зьберагаецца ў архiве-музэi лiтаратуры й мастацтва ў Менску. Гiмназiю ў Гораднi, дарэчы, Астаповiч скончыў з залатым мэдалём. З таго часу яны зь сястрою прыстойна валодалi нямецкай i францускай мовамi.

... Думаючы пра тыя гады, што юны Астаповiч правёў у Гораднi, мiжволi прыгадваецца лёс Максiма Багдановiча. Багдановiч таксама ўбачыў сьвет у тым, яшчэ зацiшным Менску, якi, паводле Шпiлеўскага, у цэнтры нагадваў гарады польскiя, а на ўскрайках — ужо расейскiя. Яны былi амаль раўналеткамi, выхадцы з аднаго стану, з радоў некалi каталiцкiх, з настаўнiцкiх чынавенскiх сем’яў. Спачатку Менск, пасьля Горадня. Суплёт звычайных абставiнаў. Але менавiта такiм чынам нараджалася новая беларуская культура. I Багдановiч i Астаповiч — прадстаўнiкi першае плеяды ўласна беларускай гарадзкой культуры. Непазьбежны працяг гэтае тыпалёгii — шлях на Ўсход, у мэтраполiю...

... Па сьмерцi бацькi, у 1914 годзе, сям’я Астаповiчаў зьяжджае ў Пецярбург. Тут Аркадзь у 1915 годзе паступiў у ... Полiтэхнiчны Iнстытут на караблебудаўнiчае аддзяленьне. Бадай, гэтая акалiчнасьць была невыпадковаю. Усё далейшае жыцьцё тэма тэхнiкi, яе дасканалых, разумных формаў неадчэпна выяўлялася ў ягоных творах. Вось «Драпежнiк» — зграбная вастрадзюбая птушка, што назiрае за палётам аэраплянаў-казурак, альбо «бяскрыл» — велiзарныя новазэляндзкiя птушкi-кiвi не пужаюцца паравоза, што iмчыць па фэрмах стальнога маста, альбо мэханiзмы заводаў, што жывуць сваiм, апрычоным жыцьцём бязь людзкае прысутнасьцi...

... Недзе ў той жа час Астаповiч са сваёю сястрою паступiлi ў Малявальную школу пры Iмпэратарскiм Таварыстве Заахвочаньня Мастацтваў. Пазьней сястра Зiнаiда згадвала: «Асаблiва прыцягвалi выставы «Мира искусства». Там выстаўлялiся цiкавыя мастакi Мiтрохiн, Лансерэ, Бiлiбiн, Нарбут, Сомаў. Вастравумава-Лебедзева... Брат быў вельмi эрудыраваным чалавекам у галiне выяўленчага мастацтва i ў галiне музыкi, лiтаратуры, паэзii. Зь iм было вельмi цiкава...»

... 1916 год. Вайна. Колькi нi пiшу пра беларускае мастацтва, гэтае слова непазьбежна ўсплывае там, дзе пiсаць яго няма жаданьня. Лёс зьвёў Астаповiча з войскам, дзе ён мусiў прайсьцi паскораны курс iнжынэрна-сапёрнае вучэльнi, а пасьля дакончыць службу ўжо ў шэрагах бальшавiцкага войска ў 1922 годзе. Праўда, выпала яму два гады павучыцца ў Малявальнай школе ў сталiцы УССР, у Харкаве, дзе ён, на думку дасьледчыкаў, захапiўся супрэматызмам...

... Нарэшце ён вяртаецца на Бацькаўшчыну. Але не ў разьбiтыя, галодныя гарады, а ў радавое гняздо Астаповiчаў, у вёску Навасёлкi на Меншчыне. Яшчэ нестарая сядзiба, якую бацька, Антон Антонавiч, пабудаваў для сваiх старых бацькоў, стала яму ўтульным домам. У гэтай сядзiбе ўжо жыла ягоная любая сястра, Зiнаiда. Тут, у Навасёлках, ён пабраўся шлюбам са сваёю кузiнай, дачкой тутэйшага сьвятара, Нiнай Рафаловiч, якая працавала тут настаўнiцай. Праз колькi гадоў тут нарадзiўся i ягоны першы сын Арсень. У лiсьце да сястры пра сваё новае, вясковае жыцьцё мастак пiсаў: «... мой жыцьцёвы шлях канчаткова вызначыўся i далейшыя зьмены ў iм могуць адбыцца толькi пад уплывам стыхiйных сiлаў...» Дасьледчыца Надзея Вусава невыпадкова называе гэты пэрыяд «навасёлкаўскiм рэнэсансам» Астаповiчаў. За гэтыя сем гадоў Аркадзь Астаповiч стварыў больш за 200 графiчных твораў, i, напэўна, гэта было лепшае з таго, што яму наканавана было зрабiць. Сярод гэтых работаў i «Дворык»...

«Дворык» датаваны пачаткам 20-х гадоў. Напэўна, гэта ня вельмi дакладна. Гэтая работа падпiсаная па-беларуску. Прынамсi, гэта не магло быць раней за 1922 год, калi мастак вярнуўся дамоў. Надзея Вусава трапна адцемiла, што сапраўднае нацыянальнае ўсьведамленьне прыйшло да мастака ў дарослым веку, у 20-я гады, калi ён пачаў падпiсваць свае творы па-беларуску. Няцяжка здагадацца, што ўсьведамленьне сваёй ролi, як стваральнiка новага беларускага мастацтва, адбывалася ў Астаповiча пад уплывам Вацлава Ластоўскага, зь якiм ён пасябраваў. Ластоўскi прыехаў у БССР у 1927 годзе... На пасадзе дырэктара Беларускага дзяржаўнага музэю ён прыкладае шмат намаганьняў для кансалiдацыi маладых творчых сiлаў нацыi. Захавалiся сьведчаньнi таго, што сястра Астаповiча, Зiнаiда, выконвала замовы Ластоўскага для музэю. У каталёзе Трэцяй Усебеларускай мастацкай выставы за 1929 год Астаповiч сам паведамляе, што дзьве ягоныя працы набытыя Беларускiм дзяржаўным музэем, а дзьве — Якубам Коласам. У 1930 годзе акадэмiк Вацлаў Ластоўскi быў арыштаваны...

Цi быў знаёмы Астаповiч з мастацтвам Японii? Беручы пад увагу ягоную эрудыцыю й прагу ведаў, гэта выглядае натуральным. Краявiды Хакусая цi Андо Хiросiгэ, захапленьне якiмi перажыла кнiжная графiка Эўропы канца мiнулага стагодзьдзя, мiжволi прыходзяць у галаву, чым пiльней углядаесься ў гэты невялiкi малюнак — «Дворык»... Магутны згустак эмоцыяў у статычнай кампазыцыi, калаварот мараў, сноў, спадзеваў. Беларускi сон... Можна ўзгадаць ангельскую графiку канца мiнулага стагодзьдзя, творы Дабужынскага цi Вастравумавай-Лебедзевай... Аднак Астаповiч быў барбарам — эстэтам, якi не атрымаў сыстэматычнае мастакоўскае адукацыi i не падпаў пад чужыя ўплывы. Ён зьдзейсьнiў тое ў графiцы, што па сваiм маштабе i сiле зьдзейсьнiў Багдановiч у паэзii — прачынiў дзьверы туды, куды не пайшла нашая культура — у сьвет чыстае красы. Дворык дзедавае хаты — нямы крык тугi па тым, што ня збудзецца нiколi — парадак, чысьцiня i пэўнасьць... Недасяжная гармонiя таго, што iншым народам дадзена ўжо толькi па праву нараджэньня.

Сяргей Харэўскi


Аркадзь Астаповiч (1896, Менск — 1941, в. Рухава-Буды, Арлоўская вобл., Расея) графiк, жывапiсец, пэдагог. Скончыў у 1914 годзе Гарадзенскую мужчынскую гiмназiю. Вучыўся ў Полiтэхнiчным iнстытуце ў Пецярбургу i ў Малявальнай школе Iмпэратарскага таварыства Заахвочаньня Мастацтваў. У 1920-1922 гадах займаўся ў малявальнай школе ў Харкаве.


 

У папярэднiх нумарах прадстаўленыя творы:

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

18. Ян Булгак. Выгляд з Зарэчча

19. Iосiф Лянгбард. Менская Опэра

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0