«Я Бацькаўшчыны не перажыву...»

 

Калi б меў Твой супакой у душы i Тваю ўладу ў краiне, павесiў бы сто чалавек, вызвалiў бы шэсьць мiльёнаў.

Зь лiста Якуба Ясiнскага да Тадэвуша Касьцюшкi

 

 

... Маю гонар упэўнiць Вас, што безь бiблiятэкi, мэблi i экiпажаў можна быць вельмi шчасьлiвым, ня будучы рабом...

Зь лiста Якуба Ясiнскага да кiраўнiка расейскае акупацыйнае адмiнiстрацыi Вiльнi

 

1794 год, лiстапад. Прага ў агнi. На вачах зьмярцьвелае ад жаху Варшавы войскi фэльдмаршала Суворава высякаюць прадмесьце. Вiсла падзяляе гледачоў на адным беразе й гiнучых на другiм. Адзiны мост, якi iх зьвязвае, ня можа прапусьцiць усiх уцекачоў ад сьмерцi, i няшчасныя тонуць тысячамi. На наступны дзень рака будзе чырвонаю ад крывi i выйдзе зь берагоў. Мабыць тым, што ўтанулi пры пераправе, больш пашанцавала, чым тым, каго п’яная ад крывi салдатня палiла жыўцом, секла шаблямi, дзiдамi, гвалцiла, зьдзеквалася. Ды няўжо жаўнеры-хрысьцiяне, падданыя iмпэратрыцы, што сябравала зь Дзiдро i Вальтэрам, рабiлi такое? Шматлiкiя сьведкi гавораць пра адно: як немаўлят адрывалi ад матчыных грудзей i насаджвалi на дзiды, як законьнiц зачынiлi ў Бэрнардынскiм кляштары, згвалцiлi i засеклi, як 19 законьнiкаў i старцаў-калек закатавалi да сьмерцi, як 25 тысячамi скрываўленых, пасечаных цел старых, жанчын i дзяцей было ўсеяна ўсё прадмесьце. Сярод распранутых трупаў жаўнераў i мiрных жыхароў уперамешку валялiся забiтыя конi, сабакi, каты, нават сьвiньнi, — бязьлiтасна зьнiшчалася ўсё жывое.

Сярод гэтага пекла, калi сэрцы многiх мужных дагэтуль людзей страсянулiся, знайшлiся тыя, хто быў ня ў стане перажыць Бацькаўшчыну, хто жадаў загiнуць са зброяй у руках. За палiсадамi Зьвярынца (раён Прагi) стрымлiвалi ворага рэшткi двух лiтоўскiх рэгiмэнтаў i полк габрайскае лёгкае кавалерыi Бэрэка Ясялевiча — усе пад камандай маладога генэрал-лейтэнанта войскаў ВКЛ Якуба Ясiнскага. Неўзабаве ўсё было скончана... Гарматныя стрэлы раздавалiся пахавальным салютам Рэчы Паспалiтай.

***

Як гэта часта бывае, пра першыя крокi гiстарычнае асобы нiчога, цi амаль нiчога невядома. Калi нарадзiўся i дзе? Бiёграф Ясiнскага Генрык Масьцiцкi, а за iм i шэраг польскiх дасьледчыкаў называюць Вэнглеў каля Пыздраў, што на Куявах. Але ж ня менш i нязгодных, тых, хто лiчыць Бацькаўшчынай героя Вялiкае княства Лiтоўскае, да чаго схiляюць ускосныя зьвесткi. У прыватнасьцi, пасада камэнданта iнжынэрнага корпусу ў Вiльнi, якую ён займаў у пачатку 90-х гадоў, як i ўсе вышэйшыя дзяржаўныя i вайсковыя пасады ў Вялiкiм Княстве, надавалася ўраджэнцам цi жыхарам Лiтвы. Нарадзiўся Ясiнскi 24 лiпеня ў 1759 годзе, цi на два гады пазьней.

У 12 гадоў Якуба аддаюць ў Кадэцкi корпус у Варшаве (цi, як ён яшчэ называўся, у Рыцарскую школу). Да гэтага часу хлопчык ужо ведаў лацiну, нямецкую i францускую мовы.

Стан армii быў такiм жа, як стан дзяржавы. Гусарскiя харугвы, напрыклад, гонар Рэчы Паспалiтай, яе элiтарная цяжкая кавалерыя, што наводзiла жах на ворагаў, ужо ня несьлi вайсковае службы, а толькi ўдзельнiчалi ў парадах, урачыстасьцях ды пахавальных працэсiях — «пахавальныя жаўнеры», як звалi iх сучасьнiкi. Перад Станiславам-Аўгустам востра стаяла пытаньне аб стварэньнi новага войска. Афiцэраў было зашмат, а сэнсу нiякага. Новыя вайсковыя кадры — фундамэнт пры будаўнiцтве новае Рэчы Паспалiтай. У 1765 г., нягледзячы на стагнацыю i розныя перашкоды, кароль адкрывае Рыцарскую школу. Празь некаторы час Станiслаў-Аўгуст з гонарам казаў, што лепшае вайсковае ўстановы больш нiдзе не iснуе.

Рапарты сьведчаць аб здольнасьцях Ясiнскага. Ня маючы схiльнасьцi да сыстэматычнае працы, ён больш спадзяваўся на сваю памяць, а калi i браўся за пяро, дык для таго, каб пiсаць вершы. Якая там вучоба! За сьценамi Корпуса кiпела жыцьцё! Людзi цягнулiся ў Варшаву ня толькi з краю, але i з-за мяжы. Правiнцыя глядзела на сталiцу Кароны з захапленьнем i абурэньнем адначасова. А гядзець было на што: мноства крамаў, тракцiры адчыненыя далёка за поўнач.

У 1783 г. Якуб прыняты ў лiк афiцэраў Корпуса ў званьнi падбрыгадзiра. Нарэшце, можна з галавой акунуцца ў сьвецкае жыцьцё! Пасьля Вялiкага Паста цэлы год быў адным суцэльным карнавалам — званыя абеды, асамблеi, пiкнiкi, вячэры, вiно, дамы, карты... Ясiнскi стаў гульцом вышэйшае клясы i садзiўся за зялёны столiк з самымi вялiкiмi шулерамi свайго часу.

Перакананьнi маладога чалавека фармуюцца пад уплывам Русо. Iдэi гэтага фiлёзафа эпохi Асьветы аказвалi моцнае ўзьдзеяньне на чалавека зь няпэўнымi поглядамi, Русо быў вельмi папулярны сярод эўрапейскае моладзi. Пройдзе дзесяць гадоў, i вучнi Жан-Жака ўсталююць у Францыi крывавую дыктатуру ў iмя высокiх iдэалаў Свабоды, Роўнасьцi i Братэрства. На фармаваньне поглядаў Ясiнскага аказаў уплыў i шчэжэцкi стараста Пётра Патоцкi — патрыёт i працiўнiк Расеi. Праз Патоцкага Якуб уваходзiць у патрыятычныя сфэры Варшавы.

Кар’ера iдзе ўгору. Па пратэкцыi генэрала артылерыi ВКЛ кн. Сапегi Станiслаў-Аўгуст прызначае Ясiнскага, у той час ужо падпалкоўнiка, i капiтана iнжынэрыi Мiхала Сакальнiцкага ў кiраўнiцтва створанага ў 1780 г. у Вiльнi Корпуса артылерыi i ваеннае iнжынэрыi, а ў пачатку 1789 г. iм жа даручае арганiзацыю Корпуса iнжынэраў ВКЛ. Пад’ём вайсковае справы праходзiў у рэчышчы пастановаў 4-гадовага Сойму 1788-1792 г., склiканага з iнiцыятывы патрыятычнае партыi на чале з Гуга Калантаем, Станiславам Сташыцам ды iншымi.

Пасьля травеньскiх урачыстасьцяў 1791 г. Ясiнскага накiроўваюць для рэвiзii работ на будаўнiцтва канала Мухавец-Пiна, цi т.зв. Каралеўскага канала. 13 студзеня 1792 г. Станiслаў-Аўгуст прысуджае яму званьне палкоўнiка iнжынэрыi ВКЛ. Пакуль Якуб мiрна працуе на канале, абстаноўка ў краiне накаляецца з кожным днём. Частка шляхты, убачыўшы ў рэформах наступ на свае правы, стварае ў 1792 г. у Тарговiцы Канфэдэрацыю. Расея пiльна сочыць за тым, што адбываецца ў Рэчы Паспалiтай i ўвесь час умешаваецца ў яе ўнутраныя справы. Праз год пасьля прыняцьця Канстытуцыi 3 траўня правадыры Тарговiцы прыяжджаюць у С.-Пецярбург i дамаўляюцца аб падтрымцы расейскiх войскаў. Расейскi генэрал Мiхаiл Крачэтнiкаў выкарыстоўвае штучны повад («Расея доўга цярпела крыўды ад Сойму») i 22 траўня 1792 г. на чале 32-х тысячнае армii парушае межы Вялiкага Княства. Агрэсарам супрацьстаяла каля 15 тысячаў лiтоўскага войска, патрыятычных, але недасьведчаных i дрэнна забясьпечаных жаўнераў. Пачалася вайна.

Расейцы бяруць адзiн горад за адным, да iх далучаецца Прусiя, — краiна ў коле ворагаў. Вакол здрада i анархiя, — на працягу месяца наша войска знаходзiцца пад кiраўнiцтвам камандзiраў, якiя зьмяняюць адзiн аднога. Ясiнскi з горыччу вымушаны прызнаць, што бяда ня ў тым, што iнжынэрны корпус, на чале якога ён стаiць, разам з артылерыяй можа выставiць толькi каля тысячы байцоў, а ў тым, што бракуе часу, каб зрабiць з гэтае тысячы добрых афiцэраў, кожны зь якiх павёў бы ў бой дзясяткi, сотнi жаўнераў.

Праз тры тыднi з пачатку агрэсii Якуб удзельнiчае ў бiтве пад Мiрам. Як сьведчыць Сулкоўскi, ён са сваiмi пехацiнцамi паказваў цуды гераiзму, вытрымлiваючы на працягу 45 хвiлiнаў шквальны агонь варожае артылерыi, у той час, як лiтоўскiя 3-фунтовыя снарады не даляталi i да паўшляху. Бiтву прайгралi. Ясiнскi з Сакальнiцкiм яшчэ вераць, што нешта можна зрабiць, i праводзяць вялiкую працу па ўмацаваньнi важнага стратэгiчнага аб’екта — Нясьвiжа. Войска ВКЛ магло ганарыцца такiмi афiцэрамi, але... Расейскi генэрал Ферзэн бярэ Нясьвiж без адзiнага стрэлу. Сакальнiцкi ўспамiнаў: «З таго ўсяго, што зрабiў, нiчога не было выкарыстана; i толькi маскалi скарысталiся маёй працай [...]. Гэта вобраз нашае вайны».

Пасьля Нясьвiжу Ясiнскi ўмацоўвае Берасьце, пад якiм пасьля мiрскай бiтвы стаяла войска. 23 чэрвеня каля гэтага гораду адбылася бiтва — самая значная за ўсю кампанiю 1792 г. Плян ваенных дзеяньняў, распрацаваны Ясiнскiм, зьявiўся новым этапам у разьвiцьцi ваеннага мастацтва ў Рэчы Паспалiтай. У iм прапаноўвалася пасьлядоўнае правядзеньне баёў дзеля стрымліваньня, з выкарыстаньнем мясцовых забудоваў i стараннае артпадрыхтоўкi. Генэрал Мiхал Забела пiсаў, што Якуб злучаў у сабе веды ваеннага мастацтва з адвагаю i руплiвасьцю. За бiтву пад Берасьцем Ясiнскi быў узнагароджаны Залатым крыжом «Вiртуцi Мiлiтары».

На жаль, вынiк ужо нiчога не вырашаў. Станiслаў-Аўгуст пакорлiва далучаецца да т.зв. Генэральнае Канфэдэрацыi, створанае пад пратэктаратам Кацярыны II, i 26 лiпеня аддае загад абодвум войскам Кароны i Княства скласьцi зброю. Кропку паставiў ганебны Сойм у Гораднi, якi ўхвалiў у пачатку 1793 г. II падзел Рэчы Паспалiтай. На караля балюча глядзець — мiжволi бачыцца падабенства зь Людовiкам XVI. У такiх умовах афiцэрства, «не жадаючы бачыць сваёй ганьбы», выходзiць з армii. Выйшлi ўсе лепшыя афiцэры. Як пiсаў Сулкоўскi: «Засталiся адны абмежаваныя абываталi». Але сярод тых, хто падаў у адстаўку, мы ня бачым палкоўнiка Ясiнскага. Якуб лiчыў, што дзеля будучынi, дзеля падтрыманьня баяздольнасьцi войска лепш застацца. Маральную падтрымку аказаў яму ў гэтым Тадэвуш Касьцюшка. У студзенi 1793 г. Ясiнскi вяртаецца ў Вiльню i працуе над узнаўленьнем корпуса iнжынэраў.

Захоплены прыкладам французаў, ён становiцца самым радыкальным сярод патрыётаў i ўпэўнены, што ганьбу, якую столькi гадоў зносiць Бацькаўшчына, змые толькi кроў. Патрэбная рашучасьць i бязьлiтаснасьць. Аднойчы Якуб нават выказаў думку, што краiну нельга выратаваць, калi ня высекчы ўсю шляхту. На такi змрочны жарт яго штурхала скрайняе раздражненьне, бо ён добра бачыў, да чаго давяла краiну шляхта ў сваёй упартасьцi i вузкасьцi поглядаў.

З восенi пачынае адчувацца неспакойнае бражэньне. Уся Рэч Паспалiтая паступова пакрываецца сеткай кансьпiратыўных арганiзацыяў. Многiя разумелi, што выбух непазьбежны. Касьцюшка едзе ў Парыж, дзе беспасьпяхова iмкнецца атрымаць дапамогу французаў. Ясiнскi становiцца душой кансьпiрацыi ў Вiльнi. Каб не было падазрэньняў, ён прымае маску чалавека, ляяльнага да акупантаў, i водзiць знаёмства зь людзьмi, якiя прадалi Бацькаўшчыну. За лепшае месца для падпольнага штабу Ясiнскi палiчыў картачны салён свайго ад’ютанта i злога генiя Iгнацiя Хадкевiча. (Дарэчы, гульня ў карты iстотна дапамагала ў папаўненьнi касы. Вось, напрыклад, дзеячы руху Дуклан Ахоцкi i капiтан Качаноўскi ўзялi са сьцiплай касы каля 2-х тыс. злотых, а празь некаторы час, паезьдзiўшы па краiне, пагуляўшы, папiўшы, вярнулi назад 15 тыс. дукатаў, а гэта 53 кг золата!)

Калi выдавалася вольная хвiлiна, Ясiнскi пiша вершы. Праўда, ён цьвяроза ацэньвае свае здольнасьцi: «Пiшу тое, што хачу, i аб тым, што мяне цiкавiць, пахвалы не шукаю...»

Ясiнскi iрвецца ў бой, i хоча пачаць выступленьне ў дзень 19 лiстапада — гадавiну, калi Францыя вырашыла дапамагаць усiм прыгнечаным нацыям. Не хапала вытрымкi, верх брала жаданьне пакрасавацца перад усiмi ў парадным мундзiры на белым канi з шабляй нагала. Ён быццам не заўважае непадрыхтаванасьцi i дрэннае забясьпечанасьцi войскаў. Але хада падзеяў падштурхоўвалася i зь iншага боку. У пачатку 1794 г. да акупантаў пачалi даходзiць зьвесткi пра кансьпiрацыю. Людзей сталi падвяргаць рэпрэсiям толькi праз адно падазрэньне. З пачаткам арыштаў у Лiтве ўлады даведалiся i пра Ясiнскага. Гетман Касакоўскi i камандзiр вiленскай залогi генэрал Арсеньнеў, мабыць, нямала зьдзiвiлiся, калi зразумелi, з кiм пiлi каву i рэзалiся ў карты. Якуба своечасова папярэджваюць, i ён хаваецца на Антокалi, адкуль едзе пад Вiльню ў Вiлькамiрскi павет, дзе стаяць верныя яму рэгiмэнты. Каб ня кiдацца ў вочы расейцам, Ясiнскi вымушаны зьмянiць блiскучы мундзiр на сялянскую вопратку.

Нарэшце кансьпiратары вырашаюць, што час больш не працуе на iх. Пачынаць, вядома, трэба было зь Вiльнi. Кiтовiч ва «Ўспамiнах» сьведчыць, што ў Ясiнскага было 240 жаўнераў супраць 900 расейскiх, а паводле Карзона 380 жаўнераў ўзялi ў палон 1012 расейцаў — у любым выпадку бачная перавага ворага.

Вiльня. Ноч з 22 на 23 сакавiка 1794 г., цiшыню парушае гарматны стрэл — сыгнал да паўстаньня. Перамагчы ў адкрытым баi ворага, якi толькi ў людзях меў васьмiразовую перавагу, мог толькi Напалеон цi гетман Хадкевiч, таму Якуб спадзяецца на раптоўнасьць i рашучасьць. Залога, узятая зьнянацку, амаль не аказала супрацiву. Былi чутныя толькi рэдкiя стрэлы... Ясiнскi на сiвым канi паказаўся перад расейцамi. Сваiм выглядам ён нагадваў Сьв. Юрыя. Нi ў каго не паднялася рука стрэлiць у яго... Ранiцай Вiльня сустрэла Волю.

На другi дзень законная ўлада на чале зь Ясiнскiм абвясьцiла «Унiвэрсал да ваяводзтваў i паветаў ВКЛ», у якiм паведамлялася аб выкананьнi доўгу мужнымi войскамi палкоўнiка Ясiнскага i вызваленьнi краiны ад ворагаў. У Кароне бачылi адрозьненьнi «Унiвэрсалу» ад свайго «Акту паўстаньня». Асяродзьдзе Касьцюшкi асьцерагаецца лiтоўскага сэпаратызму. Падазронасьць палякаў, жаданьне цалкам падпарадкаваць нашыя абшары i безразьдзельна дамiнаваць у лiтоўскiх справах прынесла шмат шкоды патрыятычнаму руху. У сваю чаргу Вялiкае Княства нiколi не адмаўлялася дзейнiчаць з Каронай рука ў руку дзеля ўсеагульнае волi, ды яшчэ i прызнала вярхоўнае кiраўнiцтва паўстаньнем у асобе Касьцюшкi.

25 красавiка ў Вiльнi адбываецца пакараньне сьмерцю гетмана Касакоўскага за нацыянальную здраду. Галоўным iнiцыятарам пакараньня быў Ясiнскi. Гэтая падзея не спрыяла росту ягонага аўтарытэту ў вачах шляхты; для шляхты Якуб заставаўся занадта радыкальным. Па прыкладу францускiх рэвалюцыянэраў, наш палкоўнiк быў прыхiльнiкам усiх саслоўяў.

Некаторы час Ясiнскi валодае ў Княстве дыктатарскiмi паўнамоцтвамi. 4 траўня абываталi Лiтвы ўбачылi адозву: «Зьнiшчайце здраднiкаў i забойцаў i не чакайце нiякага правасудзьдзя, якое часта спазьняецца. Цi мы, цi яны». Эгацэнтрызм Ясiнскага пашыраў шыхты неспрыяльнiкаў. Для многiх ён — «лiтоўскi сэпаратыст i якабiнец».

Касьцюшка ўзводзiць Ясiнскага ў генэрал-лейтэнанты, але не ад шчырага сэрца, а таму, што асьцерагаецца прэтэнзiяў на вярхоўную ўладу. У «Праклямацыi», выпушчанай iм, падкрэсьлiваецца, што генэралы Ясiнскi, Грабоўскi i Хлявiнскi, якiя дзейнiчаюць у Лiтве, — усяго толькi камандзiры аддзелаў ягонага войска.

Супрацiўныя бакi робяць няўдалыя спробы затушыць паўстаньне. 10 траўня прускi генэрал Фафрат на чале 11 тыс. жаўнераў парушыў межы Рэчы Паспалiтай. Фафрат быў служакам старой школы, i яго дзеяньнi зусiм не грунтавалiся на рэальных абставiнах, здавалася, што ён ваяваў не з жывымi людзьмi, а з васковымi постацямi. I ў расейцаў адбылiся перамены. Замест Iгельстрома, якi ўцёк з пачаткам выбуху, вярхоўным галоўнакамандуючым рэскрыптам ад 22 чэрвеня прызначылi 60-гадовага князя Мiкалая Рапнiна, — таксама, у пэўным сэнсе, знаходку для паўстанцаў. Старога князя ўжо не турбавала славалюбства, ён жадаў толькi супакою i цiшынi, але ў сiлу канцылярскiх хiтраспляценьняў выбар паў чамусьцi менавiта на яго. Як i трэба было чакаць, пачатак дзейнасьцi Рапнiна адзначыўся незвычайнай асьцярожнасьцю i адсутнасьцю якога-колечы пляну.

Ясiнскi тым часам пакiдае адмiнiстратыўную працу ў Вiльнi i бярэцца за шаблю. Першая бiтва, у якой ён удзельнiчае — пад Немянчынам, скончылася паразай лiцьвiноў, пад Палянамi —таксама. А тут яшчэ пачынаюцца непаразуменьнi з паплечнiкамi. Старэйшых афiцэраў раздражняла неабходнасьць падпарадкоўвацца маладому выскачку. Хлявiнскi, напрыклад, паказваў яўную несубардынацыю. Касьцюшка паставiў кропку прызначэньнем генэрала Вяльгорскага галоўным камэндантам войскаў ВКЛ. Памяркоўныя былi вельмi задаволеныя — больш шыбенiц ставiць ня будуць.

Якуб засыпае новага кiраўнiка рапартамi, проста ўмольваючы яго ўмацоўваць сталiцу, i ў спазоры такiх абставiнаў высылаць партызанскiя атрады за расейскi кардон. Замест гэтага Вяльгорскi загадаў вывесьцi войскi зь Вiльнi ў Лiдзкi павет, а сам напiсаў расейскаму генэралу Кнорынгу, прапануючы здаць горад. Не падазраваючы, што такое творыцца зусiм побач, Ясiнскi чакае галоўнага камэнданта ў лягеры пад Соламi, куды той i не зьбiраецца ехаць. Прамарнаваўшы шмат часу, Якуб, у якога было каля 4 тыс. жаўнераў, вырашыў атакаваць два расейскiя корпусы — Зубава i Бэнiгсэна (каля 5 тыс. чалавек i 16 гарматаў). Бiтва, што адбылася пад Соламi — адна з найбольш крывапралiтных пад час паўстаньня 1794 г.

Пазьней Ясiнскага будуць называць афiцэрам-тэарэтыкам, якi ня меў войска. На жаль, збольшага так i адбывалася, але перад намi не кабiнэтны стратэг пруска-аўстрыйскага ўзору. Празь пяць гадзiн бою усё, як казаў Напалеон, вырашыў «сьвежы» батальён, ды не батальён, а некалькi палкоў, што падыходзiлi да расейцаў. Жаўнеры Ясiнскага адступiлi з годнасьцю i ў баявым парадку. Пад час адступленьня загiнуў брат Якуба Юзаф, капiтан стралкоў.

Прайграныя бiтвы, сьмерць брата, непаразуменьнi з кiраўнiцтвам руху заганяюць Ясiнскага ў дэпрэсiю. Пэсымiзм робiць зь яго чалавека, абыякавага да свайго i чужога жыцьця. Касьцюшка, мабыць, адчуваючы, што не заўсёды быў справядлiвы зь «лiтоўскiм сэпаратыстам», пасьля доўгiх угавораў схiляе яго да прыняцьця камандаваньня на жмудзкай мяжы й наднарвянскага фронту. Дзейнiчаць прыходзiлася ў вельмi цяжкiх умовах. Вораг напiраў з усiх бакоў, да таго ж Якуб дрэнна ведаў мясцовасьць. Для папаўненьня сваiх шыхтоў ён едзе ў Берасьце, адкуль накiроўваецца да Бельску, каб сабраць рэшткi лiтоўскае армii i ўдарыць па Прусii. Па дарозе, у другой палове жнiўня, да яго даходзiць вестка, якая канчаткова перакрэсьлiла ўсялякiя надзеi на перамогу. Пала Вiльня.

Якуб Ясiнскi пiша лiст да расейскага камэнданта гораду. «Даведаўся, што пан камэндант загадаў разрабаваць мой дом. Няхай ён запытае сваiх афiцэраў, цi абыходзiлiся ў нас зь iмi такiм чынам? Маю гонар упэўнiць Вас, што безь бiблiятэкi, мэблi i экiпажаў можна быць вельмi шчасьлiвымi, ня будучы рабом...» У тыя ж днi, убачыўшы проста фатальную сытуацыю ў Гораднi, Якуб гаворыць ад’ютантам: «Я Бацькаўшчыны не перажыву, калi лёс ня дасьць мне загiнуць у бiтве, зьвярнуся да гэтых прыяцеляў», — i паказаў на пiсталеты. Пагарда да сьмерцi кiдала яго ў самыя гушчары бiтваў, а Якуб быў нiбыта замоўлены ад куляў. Касьцюшка, каб неяк узьняць настрой Ясiнскага, сэпаратызму якога цяперака асьцерагацца не было сэнсу, па прыбыцьцi ў Горадню ўзнагароджвае генэрала пярсьцёнкам з надпiсам: «Бацькаўшчына свайму абаронцу» i прызначае камандзiрам адной зь лiтоўскiх дывiзiяў, даручыўшы наднарвянскую дывiзiю Юрыю Грабоўскаму.

Расея, нарэшце атрымаўшы гарантыi захаваньня мiру з боку Турэччыны, вырашае адным моцным ударам пакончыць з Рэччу Паспалiтай. Выклiкалi графа Суворава-Рымнiцкага, адно iмя якога, як казаў Румянцаў, запужае многiя тысячы. Сувораў рухаўся паскораным маршам; у верасьнi-кастрычнiку ён наносiць першыя паразы нашым войскам пры Крупчыцах, пад Берасьцем, Кабылкай... Касьцюшка разумеў, што, змагаючыся з Фэрзэнам i Суворавым па-адным, у яго больш шанцаў. 10 кастрычнiка ён сутыкаецца з Фэрзэнам пад Мацяёвiцамi. Вораг меў падвойную перавагу ў людзях i патройную ў артылерыi. Пад час бiтвы цяжка паранены Начальнiк трапляе ў палон...

Якуб прыбыў у Варшаву празь дзесяць дзён пасьля мацяёвiцкае трагедыi i папрасiў Тамаша Ваўжэцкага, абранага на месца Касьцюшкi, аб пасадзе ў Празе. Ён спалiў масты. Мяркуюць, што нiбыта ў гэты момант Ясiнскi прапанаваў зьнiшчыць караля i ўсiх палонных, каб спалiць масты i для астатнiх.

Прага атрымлiвала ўдар першай, бо павiнна была служыць шчытом, што прыкрывае Варшаву з поўдня, адкуль iшоў Сувораў. А за сьпiнаю — Вiсла, i адзiны мост, што злучае прадмесьце з горадам. Умацаваньнi рабiлi палонныя, бо народ ужо нi ў што ня верыў. Генэрал Юзаф Заёнчак, адказны за абарону Прагi, таксама ня меў нiякiх надзеяў. Ён лiчыў, што каб паспрабаваць выстаяць, патрэбна хаця б 45 тыс. жаўнераў, а ў наяўнасьцi толькi 15 тыс. Войска Суворава, разам з прусакамi — 38 тыс. i 86 гарматаў. Прусакi сьцьвярджалi, што войскi Рэчы Паспалiтай налiчвалi 35 тыс. Паводле Заёнчака, усё войска РП налiчвала тады 22 тыс. жаўнераў.

Ясiнскаму даручылi абараняць левае крыло — Таргувэк. У ягоным распараджэньнi толькi 4 тыс. жаўнераў 5-га i 7-га лiтоўскiх рэгiмэнтаў, ды яшчэ пара-другая соцень габрайскае лёгкае кавалерыi Ясялевiча.

3 лiстапада расейцы праводзяць артпадрыхтоўку. Наступнай ранiцай а 5-й гадзiне пачаўся штурм. На пазыцыi Ясiнскага быў абрынуты ўдар 4-х з 7-мi калёнаў сувораўскага войска. Прыкладна праз палову гадзiны вораг зламаў лiнiю абароны i хлынуў за ўмацаваньнi Таргуўка. Пачалася панiка. Цывiльныя i войскi кiнулiся да маста. Улады не было, — Заёнчака паранiла ў жывот у самым пачатку штурма. Толькi вакол Ясiнскага згрудзiлiся рэшткi жаўнераў, якiм заставалася прыгожа загiнуць, засланяючы сваiмi целамi адыход апошнiх абаронцаў Бацькаўшчыны.

Якуб не палохаўся сьмерцi, а нiбыта забаўляўся зь ёю. Стоячы на ўвесь рост у прамозглай вiльгацi восеньскае ранiцы i блакiтных клубах парахавога дыму, ён рабiў зь сябе жывую мiшэнь, але кулi ня бралi яго да таго моманту, пакуль з карабiна, што падаваў яму ад’ютант, не было пакладзена некалькi дзясяткаў ворагаў.

Потым настала Вечнасьць...

Аляксандар Сувораў пад час крывавае оргii ў прадмесьцi цынiчна заяўляе прускаму генэралу Швэрыну: «Я тут з маiм войскам, увенчаны ляўрамi перамогi». У С.-Пецярбургу таксама ўзрадавалiся гэтай ганебнай перамозе, амытай крывёю многiх тысячаў бязьвiнных людзей. Жаўнеры атрымалi срэбныя i бронзавыя мэдалi з манаграмай Кацярыны II i надпiсам: «За труды и храбрость при взятии Праги 24 октября 1794 г.», для афiцэраў — пазалочаныя i бронзавыя крыжы з тым жа надпiсам. Хацелi i ўласна для Суворава адлiць мэдаль, але ўсяму бывае мера. Цэсарэвiч Павал Пятровiч рашуча запрацiвiўся, кажучы, што гэта было ня «действие военное, а единственно заклание жидов».

Праз два гады Павал Пятровiч, стаўшы Паўлам I, i робячы ўсё насуперак сваёй ненавiснай мацi, адпускае на волю Касьцюшку i 17 тысячаў палонных — ацалелых удзельнiкаў апошняга акту трагедыi Рэчы Паспалiтай.

Андрэй Шпунт

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0