Вiктар Шнiп

 

З ЦЫКЛЮ «БАГЕМА»

 

 

 

***

 

Я б купiў сабе горныя лыжы

I паехаў бы ў Альпы гуляць.

На лыжах я б ляцеў над Парыжам,

Як вароны над Менскам ляцяць.

 

Я б у Альпах знайшоў сабе кралю

I сваю б падарыў ёй любоў,

Як багемскую вазу з крышталю,

Як анёльскую песьню бяз слоў.

 

Я б купiў сабе горныя лыжы,

Я купiў бы сабе пiсталет,

Калi б я быў, як Азiя, рыжы,

Каб ня быў я тутэйшы паэт.

 

 

***

 

Сяджу з табой у бары

I каву моўчкi п’ю.

Ты любiш тары-бары,

А я — цябе люблю.

Як неба, дым над намi

Ад польскiх цыгарэт.

Ты райскiмi нагамi

Мой растаптала сьвет,

Дзе я быў нежанаты,

Дзе я вiно любiў,

Дзе я пляваў на Штаты,

I дурням морды бiў...

Няма даўно былога,

З табою каву п’ю.

Ты любiш вершы Блока,

А я iх — не люблю.

 

***

 

Сумная, нiбыта грэх, паненка,

Быццам бы туман, на ёй сукенка.

Ты за ёй iдзеш, нiбы сабака,

Прад табой, як рай, паненкi срака.

Думаеш сабачымi мазгамi:

Завалiць паненку б пад кустамi.

А яна iдзе, нiбы сьмяецца,

Нiбы ў келiх ром кубiнскi льецца.

 

 

ЖОРСТКI РАМАНС

 

З залатой, як пiва, габрэйкай

Ад цябе ён зьляцеў на Канары,

Хоць бы мог са сваёй канарэйкай

Загрымець, як казёл, пад фанфары.

 

I цяпер ты адна, як дурнiца,

Будзеш дзетак малых гадаваць.

I на вулiцах цёмных сталiцы

Белым целам сваiм гандляваць.

 

А ён будзе гуляць на Канарах

I габрэйку, як крыж, цалаваць.

А яму падыхаць бы на нарах

I свой век малады праклiнаць.

 

Сабярэш ты вялiкiя грошы

I заплацiш патрэбным хлапцам,

Каб яны, як магiльныя вошы,

Дапаўзьлi да твайго малайца.

 

I зарэжуць яго тыя хлопцы

I габрэйку iм не шкадаваць.

I прышлюць табе ў чорнай каробцы,

Што папросiш на памяць прыслаць.

 

Будзеш плакаць i будзеш сьмяяцца...

А пакуль што ты сёньня адна

Ледзь iдзеш, як пабiтая, з працы,

Не ўдава, але ўжо не жана.

 

 

БАЛЯДА СЭКСУ

 

У бялюткiм, як туман гатэлi,

Бы ў сьнягах, валяесься ў пасьцелi.

I наколькi ты шчэ маладая

I настолькi ты яшчэ дурная.

 

Хоць ты любiш сэкс i апэльсiны,

Толькi больш у Лёндан i Афiны

Хочацца табе, такой салодкай,

Як цукерка з залатой абгорткай.

 

Ты ляжыш, як кошка, уздыхаеш,

I сабе страхоцьця наганяеш —

Вось памыецца твой Джон у душы,

Выйдзе мокры i цябе задушыць...

 

Толькi Джон твой, камсамолец быўшы,

Зьбег даўно, за сэкс не заплацiўшы.

 

 

***

 

Я сёньня маю грошы,

Я сёньня менскi пан,

Харошы i прыгожы,

Як новенькi наган.

Гуляйце, прыгажунi,

Няхай шанцуе вам.

Не распускайце нюнi —

Нiчога вам ня дам.

 

Я сёньня кралю маю,

Я сёньня каву п’ю.

Мяне дурыць — ня раю,

А то, як вош, прыб’ю.

 

Я сёньня маю грошы,

Я сёньня менскi пан,

Харошы i прыгожы,

Як новенькi наган.

 

 

МАЯ ЗАМЕЖНIЦА

 

Я паднёс табе чорную ружу

У крыштальным бакале зь вiном.

Я ня стаў тваiм сябрам нi мужам,

Я застаўся нязбытачным сном.

 

Я з табою нiколi ня буду

Па парыскiх салёнах хадзiць.

Я гляджу на цябе, як атруту,

Не магу я атруту любiць.

 

Дык вазьмi гэту чорную ружу —

У мяне больш нiчога няма.

Я пайду i схаваюся ў сьцюжу,

Бо па мне сёньня плача турма.

 

Не пытайся, чаму турма плача,

Я нiчога табе не скажу.

Сёньня жыць не магу я iначай,

I ня клiч ты мяне за мяжу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0