Павал Севярынец

Рыхтуйся

 

Ахвярую Вячаславу Сiўчыку

Прачнуўся ад чуйнага шчоўку: перасяклiся стрэлкi. I праз iмгненьне — запiбiкаў буднiк, захлiстваючы пульсамi сэрца. Прызыўна, трывожна, нясьцерпна. Уставаць.

Ён няўцям вылузваўся з чэрава сну, выблытваў ногi зь цёплай пучыны коўдры. Успамiнаеш штоўдых. З кожным глухiм крывяным штуршком пампуе парожнi чэрап. Так, час ёсьць. Уф. На працу. Паесьцi. Ага, сьцямiў. Учора... Сьненьнi яшчэ дагнiвалi ў кутках вачэй. Павыцкоўваў пальцам.

Стоп. Страшнае.

Сьнiлася змрочна... Пагружаецца i ўсплывае. Я забiваю таго хлопца. У пад’езьдзе, пры дзьвярох. Цьмяна i цяжка. Божа, як жа я высiляўся грохнуць яго насьмерць...

Прабач. Гэта было днямi. Малады, з Нацыянальнага Вызваленьня. Прабач, як жа яго... Родны ты мой. Яго забiлi. Так, заўчора перадавалi па радыё. Вяртаўся дамоў, праламiлi чэрап, велiзарная гематома пад вокам. Божа, што ж гэта такое. Iх будуць забiваць. Падонкi. Чаму ж так змрочна правальваецца скрозьсоньня, так страшна...

Ну, цiха, цiха. Iх забiваюць, а табе яшчэ жыць. Табе яшчэ ў прыбiральню й ванную, потым пасьнедаць, сабрацца i стрэлцы тваёй на ўсё пра ўсё адкроiць яшчэ паўгадзiнкi.

Шторух, з шумным спускам бачка, з рокатам у гарлавiне чарупiны, з рыпам дзьверцы лядоўнi, ён заводзiў, раскручваў той наладжаны ранiшнi рытм, зь якiм учора ператвараецца ў сёньня. Сьняданак: як заўжды, яйкi, кансэрва... Не, кансэрвiна будзе на вечар. Хлеб падчарсьцьвеў. Госпадзе, яшчэ ж паўгады таму быў хлеб-хлебам — каравай табе, бохан, папека круглага, нарачанскi... Пахкiя, з кменам... Прапаў. Прадаецца толькi такi. Квадратовы, шэры й сухi, як калiсь за саўком.

З падваконьня выбраў газэтную лусту, сеў есьцi. Што тут... крухмалiстых клубняў... Прэзыдэнт, iзноў прэзыдэнт, i вось яшчэ адно пэ зь вялiкае лiтары... Прыступiлi да распрацоўкi... Так i прапячатана, чорным па белым, усё чорным па белым. Усё чорным па белым, адно каламутна-шэрыя фотаздымкi. Ён перажоўваў прэсны шыфт, заядаў хлебнай сухамяцьцю з пустой яечняй, i з кожным каўтком жыцьцё ўсё цяплей напаўнялася зьместам. Сытна i нудна, няма дзе са смакам прыцмокнуць. Кормаўборачная краiна. Калёнка замежжа, iзноў тэрарысты, як жа бязь iх. Не, у нас такiя насякомыя ня водзяцца, тут жа такая глыбокая восень.

Холадна на вулiцы. Трэба, канечне, швэдар, батарэi яшчэ не ўключылi, то ж i на працы, бадай, прахалодна... А сядзець да пяцi, усё ж нiякавата, а пасьля дамоў, цяплей, пад настольную лямпу, перабраць штосьцi з часопiсаў, сагрэцца за чаем зь печывам i нанач плiтку паставiць, вось будзе горача, вось яно! I так хораша перад сном дачытаць, выключыць сьвятло, а сьпiраль яшчэ будзе жарка iрдзець у цемры, цiха патрэскваць i гаснуць паволi, i засынаць...

Так — час, чаёк, хутчэй. Сьпехам дасёрбаў тое, што заставалася — i на выхад.

На лесьвiчным пралёце разышлiся дзьве суседкi; адна абмiнула яго, падымаючыся, трымаючыся за парэнчы, другая падымалася на свой паверх i зьнiзу кiнула ў завяршэньне размовы:

— Перажывем...

Гэта прайшло празь яго, праняло зыбкiм дрыжэньнем парэнчаў, i стала так зябка, i так неспакойна ад таго нячутага, што трэба было перажыць...

Вось i шэраг паштовых шчытоў. У дзiрачкi спэцназаўскiх скрыняў прасьвячаюць улёткi. Адна на падлозе, зь пячаткай бота, хтось ужо прачытаў. Колькi дзён таму закiдалi такое: «Рыхтуйся да вайны». Без заўвагаў. I ў двары, на гаражах, фарбай раскроiлi тое ж. Ярка-чырвоным. Што ж цяпер...

«Нас забiваюць. Усё! Сёньня».

Эх, хлопцы... Толькi слоўцы на беленькiм тонкiм лiсточку. Усё, што ў нас з вамi засталося. I так шчымлiва, з такой нясьцерпнай восеньскай сьвежасьцю пахне вогнiшчам на двары, такiм спаленым жалем пранiзвае звонкая ранiца, што чамусьцi ўспомнiш школу й хочацца плакаць.

Зморшчыўся сам, скамячыў паперку. Трэба выкiнуць. Туды, пад iржавы памыйны бак ля гаража, вунь туды, дзе сцуць падлеткi, дзе чырвона, невыносна чырвона фанiць: PARA BELLUM. Не зацiраюць жа, дурнi — думаюць, нейкi мэтал цi рок. Так, нейкi рок. Выкiнуў у сьмецьце, у попел з россыпам недапалкаў, мядзяных, быццам страляныя гiльзы.

Хлопчыкi-хлопчыкi, так не бывае. Сёньня на вулiцы зноў мерны ход мiнакоў, той самы, што ўчора i пазаўчора, вечны. Кучы людзей на прыпынку, якiя чакаюць ня волi, а тралейбуса нумар сорак чатыры, i спадзяюцца пасьпець, дай бог, без кантралёра, на сваю важную працу, дзе, мабыць, удасца перахапiць да аўторка й па дарозе дахаты нарэшце купiць маргарын. На выхадныя, пад сьвята вывесяць на бальконах сьцягi бялiзны i гулка закалоцяць па дварох выбiваныя дываны. А ўвечары, у агнiстае цемры, будуць мiгцець агменьчыкi вокнаў, уладкоўвацца, тлець зь нейкiм таемным значэньнем, з парадкам, нiкому ня ведамым, i цьмяныя водсьветы тэлевiзараў у доме насупраць будуць суладна падтакваць таму гарадзкому сямейнаму шчасьцю, якое вось гэтак мiгцела ў савецкiх часоў кiнафiльмах. I табе будзе так добра дома аднаму, ты будзеш трошачкi стомлены й мудры, i гэта правiльна.

Дрэва на рагу, прыхiлiўшыся да сьцяны, абыякава й шумна пражоўвала нешта ў лiстоце i сплёўвала семачкi проста яму пад ногi.

Выйшаў. Праспэкт зьвяргаўся ў дымную пройму наперадзе. Дружны маторны шум задрыжэў скрозь яго, i ён узбуджана ўспомнiў той пераможны рокат калёнаў.

Крылы сьцягоў трапечуцца, лопаюць за сьпiнай. Якая эфiрная лёгкасьць, апоена не адчуваеш сябе. Якая сьвежасьць, сьвятая сьцягоў сьвежанiна... Свабода паброджвае ў грудзях, пампуе да горла: «Жыве!!!» Тады жыло... Ён ня бачыць людзкога краю, увесь час захоплена азiраецца, падскоквае паглядзець, колькi народу, а там, i далей, незьлiчона бурлiць чалавечына — страшна, тысячагалова бруiць патокамi ходнiкаў, пенiцца на перакатах бардзюраў i валам рушыць кудысьцi наперад — куды трасэрам цэлiць дарога, куды мкнуць лiнii паверхаў i дахаў, дзе сьцiнаюцца зыкi струннага дроту. На грэбнях тралейбусаў, затопленых рухам, кучамi тоўпяцца рэпарцёры — i блiшчаць па-над галовамi кадры заўтрашнiх газэтаў, успыхвае на iмгненьне гiсторыя. I шырокая вулiца рыне такiм роспачна-грозным ровам, такой вырашальнаю сiлай, што рэхам згасаюць будынкi, асядаюць фасады i ўдалечынi, у гарачым марыве, у лунаньнi сьцягоў зыбаецца й дрыжыць уся велiзарная неруш гораду.

Потым усе разыходзiлiся, пусьцела ў душы, i ты сам сыходзiў кудысьцi, i так доўга не хацелася вяртацца дамоў.

А потым мiтынгi разганялi. Ты, помнiш, таiўся ў натоўпе пад змрочнаю аркай, i струменiла вулiца праз прывiдную пару дыханьня, верашчалi сьвiсткi й адчайна рэзаў паўсюль, востра ўспорваў, да вiску, да крывi, там i сям, бязьлiтасны бляск палiцэйскага снадзiва. А як жа табе хацелася, каб палiцыю бiлi, мясiлi, каб далi пад дых, аж дыханьне зацiскваў у кулаках. Вулiца ледзянела нялюдзкiмi крыкамi, а ў вашае нiшы, помнiш, шыўся такi чалавечы, цёпленькi шапаточак, такi чуйны, што не пачуеш словаў, i гэтак гiдзенька было, хоць вешайся. Тыя, за кiм ганяўся амун, нават ня кiнулiся сюды: тут стаялi.

Пасьля начныя росьпiсы сьценаў, якiя ж малойцы гэтыя падлеткi. Ашалелы сьцяг над унiвэрсамам i разарваны той, з палоскай колеру хакi. Падпольшчыцкiя ўлёткi прапячатвалi так кашчава й так ненавiсна-чорна: «Нацыянальнае Вызваленьне». Хлопцы ведалi, на што йдуць. Iх лавiлi й саджалi, камянелi ў тваiх зьвiлiнах iхныя камэры й калiдоры. I калi моцна хацелася есьцi, ты ўспамiнаў пра iхныя галадоўкi, i зь недаедзеным у буфэце разжоўваў сам сабе, якая ўсё такi смачная гэтая штука — свабода. Хтосьцi быў супраць, хтось заклiкаў грамадзкасьць, але ўсё iшло нармалёва, учора, сёньня i заўтра, усё было ў парадку i ўсе былi чымсьцi занятыя.

Потым газэты. Iх сьцiскалi, «мы спрабавалi заўжды аб’ектыўна», з пакутлiвасьцю папяровага трэску, «але ўладам ня ўдасца», а як жа, «выражае пратэст», да поўнага пшыку.

Вось i прыйшлi. Прыступкамi ён пагружаўся ў мэтро. Тхнула каменна ў змрочным сырым пераходзе. Ты, чалавеча, нямееш —пры iх страшэнна дзяржаўная сiла. Цяжкае шкло забойна шугнула ля скронi. Так, гэта дзяржава, тупая грувасткая сталь агароджаў. Уставiў жэтончык i ў цеснае пройме на мiг падцяўся, крадком баючыся, што клацне, зашчэмiць... Халодным жалезьзем у гэтай краiне сашчэплена ўсё аграмаднiстае варушэньне. Няўмольна гуў эскалятар, ляскат зубцоў наблiжаючы: страшна патрапiць, зацiсьне. У гулкiм шуме падземнага сховiшча глушыць, стушоўвае шарканьнем галасы ў неразборлiвае кiшэньне. Нiякаваты пах, дух агульнага карыстаньня. Нарэшце, гахнулi бразгатам дзьверы вагона — зьнiшчальна, намёртва. Цемра за вокнамi мкне, набiрае разгон, цягне, штурхае цябе назад. Ты адчуваеш сталёвы закон халадку, што пiльнуе зябкае наша цяпло — вунь як на поручнi гэтулькi рук камякамi, пяцернямi, моцна ўхапiўшыся, да мэталёвай трубы падлучаныя рычагамi.

Ён, заварожаны, у манатонным вагонавым гудзе, усё глядзеў перад сабой у рэклямовыя глыбi плякату. «Концерн РБ —российские банки», аж льсьнiцца ад глянцу, як сьнiцца. Ды што там дзяржава, а па-над усiм — легендарная ўлада Iмпэрыi. Гэта яна, залацiста-дубовая мэбля са смольным адлiвам, ляк крамлёвых паркетаў, галерэi алейных партрэтаў. Слава калёнаў i трубаў пералiваецца тлуста, васкова i зачароўвае вока. Як глыбока, бяздонна яе невымерная велiч праглядвае навакол прыцягальнымi гладкiмi проблiскамi гiпнатычнае млосьцi...

Плошча Незалежная.

Бухнулi дзьверы, людзi вывальвалi ў гулкiя аграмады мармуровае палiроўкi, у зашарканыя плоскасьцi лоску — i ў велiзарных сьценах тускна люстравалася, пераломвалася на плiтах шэрае калываньне натоўпу.

Не, толькi сам сабе ты незалежны. Толькi ўдома, калi зачынiўся, ты цiхi й пэўны, i ўсё жыцьцё — у табе адзiным, i гэта ёсьць iсьцiна. Усе астатнiя — як сабе хочуць, самы час паглядзець на гадзiньнiк, канечне, ужо час, што ж, ня буду вам перашкаджаць. Так, ты вельмi заняты. Ты займаесься тым, каб перахаваць усё тое добрае i сьвятое, што толькi ёсьць на гэтай зямлi. Зьберагчы, перажыць, перабыць, каб потым, калi прамiне — выйсьцi, прымружыўшы вочы да яркага сьвятла, зь вiнавата шчасьлiвай усьмешкай, i вынесьцi...

Выбраўся. Удыхнуў неахопнае плошчы. Дом Кiраўнiцтва, калiдорная кубатура, стромы гмах Пэду i перафарбаваны ў бледна-ружовы Касьцёл — уся пiрамiдавая грандыёза замерла па-над чарадой чалавечкаў, i штокрок падымалася ўсё вышэй i грамадней, грэблiва й безуважна пазiраючы ў смутныя панарамы.

Ну што, зараз ты колькi гадзiнаў будзеш сядзець за сталом, навiдавоку ў астатнiх, зробiш выгляд, што гэта насамрэч вельмi важна — зарабiць на хлеб ды аплату кватэры, а потым усяго добрага, i нарэшце дадому. Цяжэнныя дзьверы бахнулi пячаткай у патылiцу. Праца.

Нешта беспакойна было яму сёньня. Можа быць, з-за пустога й непастаяннага надвор’я з парывамi ветру, а можа таму, што холадна й трошкi скразiла ў памяшканьнi, так што ўвесь час хацелася цi то ўключыць сьвятло, цi пайсьцi пагрэцца. Урэшце, вырашыў ён, хутчэй за ўсё гэта тэмпэратура, такое, ведаеш, бывае перад хваробай, непрыемнае прадчуваньне. Трэба будзе вось што, падумаў ён, апрануўшыся й руплiва зашпiлiўшы ўсе гузiкi, асаблiва верхнi, дастаць лiмону ды з чаем гарачанькiм.

Ён распахнуўся на вулiцу. Горад скрозь працiнаў тонкi трывожны дождж. Цёмныя будынiны правальвалiся ў прадоньнi плошчы каламутнымi адлюстраваньнямi. Па-над прывiднай глыбiнёю, квэцаючы па плеўцы вады, ён перайшоў да прыпынку. Дзе ж патрулi, куды прапалi, анiводнага. Няпэўныя дрыжыкi дажджу ўсё мацней знабiлi спалоханым прадчуваньнем. Сярод ледзь сагрэтае купкi ўспучаных парасонаў, ашчаперыўшы сьпiцы, моўчкi чакалi — i, здалося яму, насьцярожана пераглядвалiся.

Кахнула нешта далёка ў горадзе... I згасла, пасьпешлiва стушанае дробненькiм шапаценьнем. Ён дрогка пацепнуў плячыма й прыслухаўся. У нецярплiвым пляскаце кропляў цiкаў-цокаў таропкi, узбуджаны час.

Калi блiзка заляскаў тралейбус, золкi дожджык ужо ачышчаў далячынi — там, за гранёнай смугою гораду, падземна варушылася штосьцi ледзь чутнае, але пагрознае, несумненна пагрознае.

Нешта творыцца ў горадзе.

Ён забраўся, цясьней прыладзiўся да вакна, усiм дрыжучым целам прыняўшы стоены рокат рухавiка. Разгойдваны корпус з натужным ровам рынуў наперад, перамкнуў скрыжаваньне дроту й перавалiў у гарлавiну праспэкта.

Стоп-стоп, а ну-ка, зрок адразу прасеў ў нiшу паштамту: што гэта... закаркавана гурмой вайскоўцаў, iх падпiрае, тлумiцца тупа натоўп, прапiхваючы галовы...

Тэлефон тэлеграф блякаваны кропка працяжнiк думкi пульсуюць што гэта робiцца, Госпадзе!

Ляскнулi дзьвярныя затворы. Па... пайсьцi паглядзець?.. Праходнi, прамоклыя, моўчкi пёрлi ў салён, аглядвалiся, працiскаючыся да парэнчаў. Ну, хто-небудзь скажа, хаця б паўслова, хаця б напаўголаса... Але ў шоргаце iхных падэшваў варушылася толькi сьцiшанае шушуканьне. Тралейбус страсянуўся да дна й рвануў далей па праспэкце.

Зыбалiся, сьцякаючы прэч у размытым асфальтавым бляску, сьцены будынкаў, ледзь пасьпявалi здрыгнуць па лужах зьнiклыя постацi. У вiтрынах, напоўненых бледным цяплом, збоўтвалася, расплывалася халоднай каламуцьцю нячыстае вулiчнае. Вось ён, змрочны прахон — са збуцьвелага камуфляжу дрэваў, скрозь трапяткое ашмоцьце лiсьця зiрнуў незьмiгутны проблiск чыгуннага чэрапу... I заварожана, пiльным вокам прасачыў за тваiм вакном.

Ох, i дало за дамамi, грухнула! — ён аж зайшоўся ўсiм целам: за квартал разабрала раскатамi рэха! Божа, ды што ж гэта, хiба якая машына, ён перапуджана заазiраўся вакол. Праспэктавы рух быццам перасмыкнула, усё спатыкнулася, бязладана й мiтусьлiва памкнула туды й сюды, а людзi, што трэсьлiся поплеч зь iм у шуме й дрыжы, — замерлi, ашклянелi вачыма, ня глянуць адно ў аднаго! I бягуць наўздагон тралейбусу, падрыгваючы гумовымi палкамi, два задыханыя палiцыянты — раз, сарвалiся ўбок, прапалi.

Спынiўся, расхлопнуўся сьвет. Не, гэта пэўна, трэба выйсьцi, трэба зараз жа паглядзець, што ж гэта такое, выйсьцi, спытаць, вунь жа людзi, i куды-небудзь туды, цi гэта адтуль вунь пабег нехта... Холадна й невядома што. Машыны шарахалiся спалозанымi прошумамi. Прайшоў дождж цi яшчэ iдзе? Разгублены хлопец, аблiплыя пасмы, чагось разглядаючыся па бакох, няўцямна страсваў панiклымi крыламi парасона... Ды так i застаўся.

Тралейбус помсьлiва сьцяў дзьверы й надрыўна зароў прэч. Напруга мацнела, гула, напруга ўжо трэсла жыўцом усё ягонае начыньне, i — вось яны, вось! — успыхнула яшчэ колькi штук колеру хакi!

Галоўны пляц анямеў. Пустэльняй плiткi вымерла бязьлюдная плошча. А супраць яе, справа, клубiлася дрэвахмара парку, i за змрочным ваганьнем ствалоў ледзь бляднелiся сьцены Палацу. Карабач шалёна, штосiлы нёс пад гару, i толькi бясконцы дрот нацята трымцеў, i паўсюдна сьцярог верхнi край акаёму.

... Зьнясiлена квэцнуў наступны прыпынак. Здаецца, тут цiха. Хтосьцi, выходзячы, абшаснуўся ў лужыну й мацерна ёкнуў. Шчасьлiва саплiвыя школьнiкi, захлiпаючыся, дзялiлi нейкую драбязу. А дождж сапраўды перастаў. Усё навакольле ўраз нямком асьвяцiлася, зазiхацела, i ён спачатку няўцям па-дзiцячы ўсьмiхнуўся й прымружыўся, а потым зразумеў, што сонца, што вось людзi, разьмерана цокаюць ды шаркаюць сабе па ходнiках, i машыны засяроджана абганяюць адна адну на блiскучым асфальце.

Ну вось, нiчога страшнага, а ты ўжо быў падумаў. Урэшце, павер, усё будзе добра. Усё гэта скончыцца вось так — цiха i нечакана ўспыхне на Захадзе, праблiсьне ў кожнай кропельцы, i можна будзе проста ўздыхнуць на поўныя грудзi.

Тралейбус супакоiўся, аблегчана загуў басам i пайшоў лагодна ды роўна.

З праезнымi проймамi ў ценi шыбы коратка пыхалi зарнiцамi. Заходняе сонца радасна, з жарам праз халоднае шкло ярыла ў салёне: весела сьляпiла, гулялася ў хованкi з вачыма, коса раскройвала гарачыя пляжы на каленях i зь пякучай пяшчотаю залацiстым пушком апыляла дзявочую шчочку... Глянь ты, якая прыгожая.

Празрыста дрыжэлi, пералiвалiся празь iскрыстыя кропелькi ў шкле спляценьнi бульварных алеяў. У прапаласканым ажуры шыкоўна вытанчанай гушчынi, пад скразнымi скляпеньнямi гольля прамiнула мiлая парачка — як клявiшы з порсткiмi пальчыкамi, перабiралi крок калышыны са стройнымi ножкамi. Заструменiла прэч лiсьце, вось перасыпалiся, абвалiлiся кушчы прахонам, i ахнула ўваччу — аж не хапае ўдыху, на ўвесь далягляд —велiзарная азораная катлавiна. Па-над глыбокiм небам Вiслачы грандыёзнай набярэжнай падковаю разварочвалiся, паблiскваючы гранямi, сталiчныя сьпiчакi й каралеўскiя калянады. Зачаравана, ледзь дыхаючы затуманенай велiччу: якi горад, якi вялiкi мой горад, якi вечны... Але зноў зацерусiла, замiтусiла вакно таропкае лiсьце, i тралейбус зароў трубою, забiраючы на Ордэнскi круг, правабоч ад калясальнае радыёвежы, распасаванай аранжава-белым.

Усё, выходзiм. Бадзёра вынырнуў. Гух, скаланула грудзi — да таго сьвежа ў горадзе пасьля дажджу. Высыхаюць ценi сонечнага рэха. Малалюдна чамусь. Перайшоў скрыжаваньне, дзе здаўна прымiльгалiся ўсе няхiтрыя звычкi сьветлафора. Ззаду грымнуў крыты вайсковы грузавiк, пераяжджаючы трамвайныя рэйкi.

I пераброхнуў у аддаленых катакомбах гораду глухi выбух, i падсела надтрэснутым рэхам сэрца.

Ён абярнуўся: з дахаў, з вышыняў, з-пад самых пастаўленых рубам рэклямных шчытоў спалоханым россыпам пырхнулi птушкi. З-за нагорных кварталаў, дзе гразiла зайсьцi зыркае сонца, зь перавалаў далёкае забудовы йшло трывожнае, прыглушанае дрыжэньне гукаў. Чуеш?.. Цi то там нешта тахкае, цi гэта тахт крывi ўвушшу.

Вулiца бясконца разьяжджалася з ростаняў ува ўсе бакi. Праехаў яшчэ адзiн цёмна-зялёны «Урал», не зразумеў, што такое. Потым хуткiм i злосным шумам паўтарылi яшчэ адзiн i яшчэ. Значыцца, усё. Значыцца, здарылася, чорт пабiрай. Бялютка, балюча страпянулася ў памяцi ўлётачка. Нас забiваюць. Усё. Сёньня. Ён пераступiў колькi крокаў, падштурхваны цьмянай сiлай кудысьцi туды падбегчы... Застацца... Спрабуючы штосьцi дачуць цi ўгледзець... Цi, можа, камусь патэлефанiць... Нарэшце, падхапiўся. Узвалiўшы няпэўнасьць за плечы, i рынуў дахаты — шпарчэй, амаль подбегам.

З двара выветрываўся пах кастрышча, i сонечны жар тлеў скрозь дрэвы. Там, дзе калоды ствалоў з трэскам расьселiся кронамi, дзе рыштаваньнi гальля пагрозна рыпелi й патрэсквалi, гатовыя зараз жа хрэснуць i рухнуць правалам грукату, агнi працiналi перапаленыя дравiны, зырка палалi ў танчэйшых спляценьнях вецьця, а вышэй, дзе цяжка, галавакружна варочалiся вершалiны, вышэй, дзе гальлё рассыпалася трапятаньнем ссохлага лiсьця, дзе шугала шумлiвым шоргатам — лiсьцiкi iскрамi пырхалi з дрэва, iрдзелiся, пераблясквалiся, успыхвалi ў паветры астатнi раз — i шэрым бязважкiм попелам гасьлi ў цьмянае сырасьцi ценю. Папялiшча апошняе восенi цiха трушчылася пад нагамi.

У пад’езьдзе затоены, з халадком вечны змрок толькi й чакаў дрогкага бразгату ключыкаў, каб тут жа, на лесьвiчнай пляцоўцы, ашчэрыцца ў шахту прахонаў шыпячым страхам.

Радыё маўчала.

Гадзiньнiк чаканiў чаканьне.

Ды ты хоць думаеш, што гэта значыць!.. Гэтага ня можа быць. Божа мой, няўжо там дзесьцi што бахнулi. Няўжо беспарадкi на вулiцах, i зараз аблава, iх ловяць, уломваюцца ў кватэры... Трэба нешта рабiць, не сядзець жа!

Ён еў спохапкам, таропка душыўся ўсухамяць, ажно плячыма дапамагаючы скiвiцам. Дрыготка трэсьлiся рукi, быццам сьпяшалiся рынуцца ў рукавы курткi, хутчэй штосьцi аднекуль дастаць i па iмклiвай хадзе гатоўна сагнуцца ў локцях. Пастарайся стрымацца... Спакойна... Але тут жа прасыпаў соль — i цяжка адсеў ад стала, тупа дажоўваючы, аддыхваючыся, зь перабоем у грудзях.

А можа, чорт пабiрай, гэтага паскуду грохнулi? — у iм аж усё адышло, — калi так, то пачнецца, i ох як пачнецца! Ну што, выйшаў бы ў цэнтры, i куды, скажы мне, куды далей?!

Так, радыё загiнула. Тэлефона нiхто са знаёмых не падымаў. Змучаны бясконцымi гудкамi, узьведзены супраць гадзiньнiкавай стрэлкi, ён, ды што ж такое, шалёна скруцiў нейкi нумар наўсьлеп i здаўлена выгукнуў у чыюсьцi кватэру:

— Скажыце, што творыцца ў горадзе?!

— Вы не туды патрапiлi.

Гудкi.

Шыба бзыкала цiхенька й натужна. Прачынi!.. Застарэла трэснуў прах пылу. Згрудзiлiся бразгатам рамы. У падвойным адлюстраваньнi, у стылых глыбiнях дрэваў, ледзь жыва, задрыжэла ягоная бледная здань. Спалохана шаснуў у твар, аж зайшоўся трапятаньнем, шоргат дваровага вецьця: там, скрозь вецер, снаваў няўмоўчны прыглушаны пошум. Нешта цяжкае разгружалася ў далёкiм горадзе, шэрхла, патрушчвалася — i шалахцелi, несканчона падалi адзiн пры адным падстраляныя шэрыя лiсьцiкi.

Ён дранцьвеў. Штосьцi дзёрзкае й адчайнае, зусiм невялiчкае, перабiралася толькi ў пальцах. Яны, маленькiя, нэрвiчна мiтусiлiся, нецярплiва й патрабавальна сьцiскалi тлустыя складкi вопраткi, да болю закусвалi пазногцi, роспачна расьцiралi тут i там пуды пахаладнелага цела, змаршчыны, скронi...

Ён з жахам глядзеў на рукi: пальцы дрыжэлi, i яму стала старшна. Штосьцi... Кудысьцi ж трэба iсьцi...

Нечакана, як барабанная перапонка, ажыла сьцяна, напятая тэлевiзарнымi пазыўнымi. Канечне! — да Сашы, там жа павiнны...

Суседавы дзьверы рванулiся насьцеж так рэзка, што ён убачыў свой сполах у Сашавым твары.

— Што там такое?!

Ён пабачыў задымленую панараму, аднекуль з вышынi, i ўсё правалiлася.

... Паўстанцы занялi Дом Афiцэраў. Здалёк вiдаць, як трапечацца там iхны падняты сьцяг. Паводле зьвестак, вось ужо паўтары гадзiны працягваецца штурм прэзыдэнцкага Палацу. Дзьве атакi, здаецца, адбiтыя. Вiдавочна, рыхтуецца трэцяя. Дзе сам прэзыдэнт, ня ведае нiхто — сувязь перарвалася яшчэ ўдзень. Бязладныя жорсткiя перастрэлкi. Агонь вядзецца бесьперастанку з абодвух бакоў. Да месца бою нельга наблiзiцца за некалькi соцень мэтраў. Дрэнная бачнасьць, усё задымленае. Сорак хвiлiнаў таму паступiлi зьвесткi, што разгарэўся бой на нiжнiх паверхах будынку КРБ i ва ўнутраным двары. Грузавiк пратаранiў масіўную браму. Тэлерадыёцэнтар заняты невядомым падразьдзяленьнем, людзi ў камуфляжы ды масках нiкога не падпускаюць. Калёна бронетэхнiкi, што ўвайшла ў горад з паўночнага ўсходу яшчэ чатыры гадзiны таму, была абстраляная й спыненая ў раёне Ўрэчча...

Перадавала Расея. А БТ?..

На экране шалела мяшаным шумам чорна-белая лiхаманка. Гэта вайна. I пакуль ён зьнямела дапяў, узбуджаныя бела-чорныя дрыжыкi пранялi яго дарэшты.

У разнасьцежаным пакоi стыла зьмярканьне. Заваконнае лiсьце ткалася шэрасьцю, змрок патрохi сьцiнаў непрыбранае на стале... Стухала, сьцiшвалася навакольле, але тым кашчавей азначаўся ўдалечынi цяпер ужо чутны траскучы пошчак.

Там iдзе бой. Зараз ва ўсiм велiзарным горадзе няма пастаяннага вечаровага шуму, няма паўсюднай пульсацыi. Усё пагасла, развалена, страшна. I ты са сваiм уключаным у пакоi сьвятлом нiчога ня значыш.

Штурмуюць Палац. Давайце, хлопчыкi... Дзе ж ён сам, гэтая падла... Можа, ужо зьнiшчаны! Можа, ужо колькi гадзiнаў яго шарахнула. Гранатамётны выбух, ашмёткi целаахоўнiкаў. Гiганцкай сьвяточнай пэтардай. I ўся ўлада пайшла спустошаным рэхам, вось яна — хочаш, прыгаршчамi падбiрай — рассыпаная ў ашкелках на асфальце, i толькi дымiцца наўкола. Можа быць, i ўся герархiя ўзброенай камуфляжнае чэлядзi, у мiг жудасьцi пазбаўленая валадара, паражаная страшным шокам — разам выбухнула ўсiм кашмарным, што толькi можа таiцца ў казармах!.. I зараз хто засеў ў зьдзiчэлым зацятым ражы, адстрэльваецца насьмерць, хто таропка пераапранаецца й зрывае пагоны, хто беспардонна разьбягаецца па горадзе, лiхаманкава громiць i гробiць усiх i ўся, каб ашалелыя чэргi па вiтрынах глушылi страшэннае пачуцьцё: заўтра ўжо будзе позна. Заўтра для iх усё будзе скончана.

I нашы. Вызваленцы. Сiвыя й бязвусыя. У куртках, у ношаных строях, у якiх хадзiлi на працу, зь вязанымi каптуркамi на галаве. Падпярэзаныя белым на локцi. Перабягаюць... Групамi...

Госпадзе, там жа зараз усе, усе твае! Сяргей — што, няўжо ведаў учора, ён жа заўсёды ў курсе такiх справаў... На перакуры з-пад броваў так выпрабоўна прымружыўся на цябе, i не сказаў, не сказаў анi слова... Алег, маўчыць тэлефон, канечне ж, ён там, канечне, пабег, Алежка! Тыя студэнты... Ён памятае, гаркавы прысмак ад палай лiстоты, пiлi пiва ля кулiнарыi, заўважыў значкi. Ну што, хлопцы, — як, жыве? Вядома, жыве, куды ж яно дзенецца. Мы Маладзёвага Вызваленьня. Хлопцы, трымайцеся, я з вамi. Я ўсё гэта ненавiджу. Дай нам Бог перажыць. Пацiснуў кволую й танклявую далонь, здавалася, хрусьне — пальцы, быццам празрыстыя, чуйна ўздрыгнулi. Даўгавалосы, здаецца, Вiталь. Усё выстукваў рытмы на столiку. Рок. Гэта страшна, калi такiя суглобы ашчаперваюць зараджаны калаш. Так, нас пачнуць адстрэльваць, казаў Чэсь, як курапатак. Кудлаты грэблiвы Чэсь з падпаленым шчацiнаю падбародзьдзем. На грудзях калекцыя значкаў, бы ордэнскiя планкi. Вэтэран мiтынговы. Даводзiў пра псыхатропную зброю, скачкi з парашутам, пра рыжых iрляндцаў. Рыхтуйся. Канечне, будзем. Нас, можа, ня хопiць, але мы будзем усё роўна.

Дрыжыш. Што, не гатовы.... У цябе анiчога няма, адно тоўстыя кнiжкi й расьпяты сьцяг на сьцяне. Кухонны нож, сталовы, тупы, што там яшчэ... Ды малаток недзе ў шафе, ня помнiш, калi й цьвiкi забiваў. Зараз жа выходзь на вулiцу, чуеш.

А там вайна. Такая, што вырве ўласным крыкам, ты ўявi. Паўзком, жыватом i каленямi. Закасана да локця. Натужна зашнураванае жыламi. Вулiца ператвараецца ў непадступную шахту з адвеснымi сьценамi. Прыцэльная пiльнасьць зрэнкаў... Трохi вышэй за мушку, i бахай хутчэй. Ператрымаеш — расплываецца зрок... Колькi там жыхароў шэпчуцца ў павыключаных кватэрах, на карачках перапаўзаюць на кухню. Дзеткi перад экранамi вокнаў, захоплена дрыжучы ля пякучае батарэi, цокаюць з кожнай чаргой, а мама роспачна молiць — толькi б ня вышыбла шкло.

Успышка! Сыпецца тынк... Прыгнiся. Гэта твая вайна. Ты столькi разоў сам сабе ўяўляў, як гэта будзе. Ты ж страшэнна хацеў. Ты цiшком, задыхана мроiў, ты ваяваў пад грозны музычны роў, пад транспартны грукат. Выходзь, ну, давай жа!

Вось ён, сёньняшнi вечар, перад табой. Вечнасьць успыхвае й гасьне, азарае правулкi, цьмяныя помнiкi постацяў. Увесь сьвет, часта дышучы, дрыжыць i вагаецца ў траскае тэлекамэры. Там заходзяцца ад ярасьцi, шалу й моцнага бегу.

Усё, там вайна. У здаўна знаёмых дамах i вулачках. У горадзе, дзе ты столькi выхадзiў, такое выношваў... Там, дзе тваiмi сьлядамi спрэс брукаваныя ходнiкi, дзе вокны й вiтрыны глядзяцца тваiмi адлюстраваньнямi, дзе табою надыханы дух...

Прабiрайся ў кварталах. У застаялай цямрэчы гарышчаў, у падчарэўях каналiзацыяў. Зь цёхканьнем гiльзаў, са струшчаным шклом ашкелкаў. Са здушаным кхеканьнем, гэй, цiшэй, каб не пачулi. Трэба пралезьцi вунь там, хтосьцi свой за сьпiнаю, вунь, за домам, i грохнуць той БТР. I ўсё, i там апошняя плошча, апошняе поле газону, так шчыра выстрыжанае для цябе.

Ты жывеш у зыках i шолахах, якiя злавесна пашэптваюць, ператрэскваюцца ў лiстападавым шоргаце, сьцiшваюцца... I тут жа выбухаюць страшэннай чаргой! — i — вось ужо рраз-ра-джа-ец-ца! — на-ва-кол! — а-глу-шаль-ны! — ррро-кат! — з асколкавым вiскам разлушчвае па завугольлях гучныя пошчакi!..

Крывава-яркая бiтая цэгла. Балюча глядзець.

Вулiчны бой. I цябе разам з болем, з успыхнутым зухам праймае ўпэўнена й гэтак пранiзьлiва ўся тая сiла i велiч, якую глушылi й вытоптвалi ў нас столькi вякоў. Чуцьцё свайго гораду. Адчуваньне свайго. Цяпер, ва ўзбуджанай калатнечы, ты цiсьнесься да каменнага цела, да тонных плiтаў табою абжытага гораду, тулiсься да збудаваных сьвятыняў памяцi, усё цяплей i цясьней, шэпчаш, шэпчаш штось пра сябе, увесь поўны грамаднай цягай, уладна апоены вулiчным пахам — i зь перабежкай, упаўшы, зьлiўшыся з гэтай зямлёй, стоена дыхаючы ёю, грэеш у пальцах пяшчотны асфальтавы пыл, перабiраеш казыткае дробнае сьмецьце й чуеш, чуеш прываленым тулавам, як бухае гулка, прызыўна падземнае сэрца — i толькi тады, у апошняй, да сутаргаў зьведзенай гарачынi, спазнаеш невымерную роднасьць краiны, спрадвечна тваёй, за якую ты зараз б’есься.

Нясьцерпныя позвы. Туды.

Холадна, як ён дрыжыць. Туды. Ператварыцца ў цьмяную постаць. Прабiрацца, згасаючы ў цемрадзi. Успыхваць страхам у водсьветах лiхтароў, ценем сьцiнацца ля сьценаў. I туды, хуценька, як мага хутчэй туды, да цёплага, да агнёў, да сваiх... Баiсься.

Што ж там, хто каго... Дажыць да ранiцы, да сьвiтаньня, а потым, што будзе потым? Пагромы, выкiдваньне з вокнаў, падлеткi са зброяй у патрулях... Цi арышты, i пасты на кожным рагу, i БТР ля кiнатэатру?..

Пад вакном рэхкнула. На ўвесь двор загiрчэла рацыя. Прыдавiўшы ашалелае сэрца, ён успоўз на падваконьне. Унiзе, ля пад’езда, трохi асьветлены зь першых паверхаў, варушыўся заплямаваны амунавец. Так, амун. Адзiн, гадзiна. Што, хаваесься, сцыкун... Зашыўся...

Слухай, дастаць малаток, а... I крадочкам на лесьвiцу. Сабрацца ў камяк да пульсу, пальчыкi — ледзь за парэнчы, нябачныя ў цемры парэнчы. Цiхусенечка, не скрышыць i пясчынкi. У змроку, амаль без дыханьня, незваротным кружэньнем спускацца, цiха спускацца, круг за кругам сыходзiць... Ступаць усё глыбей, усё цямней... I на самым дне намацаць нагою парог. Шыбануць дзьверы, ён тут! Гахнуць у голаў! — абвалiцца, друзла асядзе... I дабiваць, надсiлу, бо цяжка праломваць чэрап, дарубацца да поўнага хрушчу...

Альбо разам з Сашам, нармальны жа хлопец.

Ты што...

У начным горадзе стаялi дрыготкiя вагнi. Так далёка, можа, здавалася, успыхвалi водсьветы. I чуваць, як прыглушана строчыць, спрачаецца стралянiна.

Той, унiзе, сьцiшана кхекнуў. Пстрыкнуў у двор недапалак. Зьнiчкай.

Гэта, мабыць, Саша так дзiка трызвонiў у дзьверы. Ну, што там, iзноў перадавалi, што?! — кiнуўся адчыняць.

Двое ў вайсковым прайшлi паўзь яго ў кватэру так засяроджана i ўпэўнена, што ён i ня змог спужацца як сьлед. Толькi калi пад ботам першага, бугая, балесна ўскрыкнула родненькая падлога — ён жахнута, да вiску сьцяў ручку дзьвераў.

Другi азiрнуўся — з сабачай зубастай усьмешкай, з такiм ашчэрам шчырае жорсткасьцi — усё перабягаў, абнюхваў блiшчастымi чорнымi вачыма, i задыхана, перарывiста згаўкваў:

— Там, гэты, бля, засеў... Во, хазяiн, якраз супраць цябе... Ну, зараз мы, мамэнтам з вакна яго, с-суку...

Грукатнула мэбля — здоровы ўжо ссоўваў стол. Пёс у запэцканым камуфляжы аддыхваўся ля падваконьня, чагосьцi высочваў, выцкоўваў — оп! Нарэшце цопнуў таго за руку:

— Пасi — ён!

— Э, ты, выключы сьвет.

Ён ледзьве патрапiў выключыць... Пальцы дрыжэлi ў шчаўчку, i лямпа двойчы ўзблiснула маланкай. Зь цямрэчы растрыбушанага пакою, у шэрым дваровым трымценьнi, ён анямела ўглядаўся, вышукваў... Вунь, вунь праз двор, у прыцэле вачэй, на даху суседняга дома, варушыцца... У прыцэле вачэй перабiраецца цьмяны згусак... Паўстанец. Прыгнуўшыся, нешта трымае й асьцярожна пераступае мiж укрыжаваных антэнаў. У крок яму глуха тукае бляха. Тук. Тук.

Тыя, чорныя, сьцiснулi цi ня ўвесь прасьвет. Прыладжвалiся, прыцiралiся, як не пацмоквалi. Iх навальнiчныя ценi зь лiстападавым шумам хадзiлi ходырам, абшарвалi столь i сьцены, курылiся ў вулiчных водсьветах, у белых палосах сьцягу, i ён сам адчуваў, як цьмянела ў ягоным збляднелым твары.

Скiнуць iх зараз.

Аж ашпарылi дрыжыкi — у iм узьнялася чалавечая сiла, ён здужае! Прачуў, як дыханьне на старце прымервае мiг —iрвануць, заграбаючы, волатам зрынуць цяжэнныя целы ў прадоньне... Зараз жа... Зараз...

А ў жахлiвым шолаху лiсьця кешкаўся шэпт ашчэранага:

— Ззабiвай... Ну, цэль у галаву... Мачы, загасi гэтага пiдара ўмаць...

Бахнула громам! — шарахнула рэха душою ў пяткi.

Боўдзiла ляскнуў калашнiкавым, засiпеў сьлiной скрозь зубы — «хер яго знае...» Павярнуў цьмяны твар, няўцямна агледзеўся...

А ён, насьмерць сьцяты нянавiсьцю, ужо ведаў: усё! Гэтыя сволачы выйдуць — хутчэй! — ён схопiць ды хаця б малаток, сунецца ў куртку — i на вайну! Хут...

Божа, якi боль!!

Твар раскулешаны ўкроў... Лоб ледзяна саднiць, з хрэскам, балюча... Усёй бэтоннай сьцяной гудзе патылiца. Бiў бугай. Гэта бугай ашалела рве сьцяг са сьцяны, аж пстрыкаюць зашчапкi па ўсiм пакоi:

— Ёп тваю, колькi ж вас тут, сукаўё!..

Другi з аглушальным грохам бурыць палiцу — гэтыя кнiжкi табе падбiраць ужо ня трэба.

Яны шчасьлiва саплi, ботаброхалi па прыступках, зводзiлi яго, заламанага ў суставах, круг за кругам у змрочныя прахоны. Падпiхваючы, здрыгаючы парэнчамi. Ён пераступаў як мог асьцярожна, яго, ванiтоўна п’янага млосьцю, вяло... На падбародзьдзi, на вуснах зьдзеклiва казыталi кроплi, цяжкiя ртутныя кроплi... Ён трусiў галавой, каб скапвала, капала хутчэй i, прымружаны болем, усё ж такi бачыў, як на белай сарочцы распаўзаецца, лiпне да сэрца гарачая чорная паласа.

— Стоп, — задыхана прытрымаў за плячо здаровы. — Слухай, на хер куды яго перцi. Тут i пагрузiм, прама ў пад’езьдзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0